Вынікі года: што было зроблена летась і з чым «Багна» прыйшла ў 2020
- Тэма: Багна
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 14.01.2020, 06:21
Мінулы год быў цікавым і, як заўсёды, няпростым для дзікай прыроды. Яна змагалася з пажарамі на Альманах, выжывала пасля будаўніцтва новых дарог і чакала новых законаў. Вольга Каскевіч, інжынер-эколаг і каардынатарка прыродаахоўных праектаў «Багны», падвяла вынікі: што мы рабілі ў 2019-м і з чым працягваем працаваць сёлета.
Ахоўваем чырвонакніжнікаў
У мінулым годзе былі спробы змяніць тэхнічны кодэкс і знізіць узровень абароны для барсука, мядзведзя, зубра, а рысь увогуле выкінуць з Чырвонай кнігі. Плюс былі прапановы скараціць у некалькі разоў радыус аховы месцаў гнездавання рэдкіх птушак. Для некаторых чуллівых відаў, як, напрыклад, арлан-белахвост, гэта сапраўды крытычна. Новыя правілы не давалі б магчымасці стварыць для птушак зоны пакою. Прыродаахоўныя арганізацыя разам з навукоўцамі змагаліся супраць гэтых ідэй і пакуль што перамаглі.
«Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» працягваюць штогод прасіць пераглядзець правілы вясновага палявання. Але летась у чарговы раз у гэтым адмовілі.
Адным з важных пунктаў у 2019-м стала абмеркаванне новага палажэння па імабілізацыі жывёл. Зараз, калі звер зайшоў у населены пункт, ніхто не пытае, чырвонакніжнік ён ці не, і не чакае, пакуль ён нападзе: спробы адлову часцей за ўсё няўдалыя, а дзе-нідзе зусім страляюць дачасна. Шмат жывёл гіне такім чынам. Больш гуманна было б часова ўсыпіць звера і перанесці назад на месца жыхарства ў лес. Але тут праблема з тым, што ўсе медыцынскія прэпараты, якія выкарыстоўваюцца з гэтай нагоды, падпадаюць пад забарону аб абароце наркатычных сродкаў. То бок ні адна дзяржаўная ўстанова не хоча дадаткова займацца гэтай справай.
Практыка прымянення такога падыходу — гэта вельмі складаны працэс, які патрабуе змяненняў у законах і новых даследаванняў медыкаментаў. Зараз ёсць адзін дазволены прэпарат, але ім можна страляць у жывёлу на адлегласці толькі 70-90 метраў. Гэта вельмі блізка і можа быць небяспечна для чалавека. Летась быў прарыў у гэтым пытанні: было ўведзенае палажэнне з апісаннем новых метадаў, якія магчыма прымяняць з 2020 года.
Яшчэ адна тэма, звязаная з бяспекай людзей і жывёл, — будаўніцтва экадукаў. Разам з Русланам Навіцкім, супрацоўнікам НПЦ па біярэсурсах, прыродаахоўнікі разглядалі, як зроблены пераходы для жывёл і амфібій на трасах М1 і М6. Калідоры, на жаль, спраектаваныя такім чынам, што звер будзе баяцца туды захадзіць: звычайна гэта падземныя тунэлі, у якіх узмацняецца гул дарогі. У свеце ж, наадварот, імкнуцца зрабіць гэтыя пераходы больш натуральнымі: з зелянінай на мосце. Другі момант, што ў нас сетка ўздоўж дарогі перарываецца. Жывёла можа забегчы і не знайсці выйсце. Так было летась з мядзведзем, які мітусіўся па трасе паміж машынамі. Гэта было страшна і для яго, і для людзей.
Сцеражом Альманы
Адзін з самых гучных кейсаў года — Альманскія балоты. Увесну яны моцна гарэлі. І патухлі, толькі калі агонь дабраўся да некранутай частцы балота. У тым ліку з-за гэтага важна захаваць іх у натуральным стане і не дазволіць будаўніцтва дарог. Адна з іх усё ж такі з’явілася, астатнія пакуль што засталіся толькі на мапе. Мінлясгас тлумачыць, што іх з’яўлення накіраванае на супрацьдзеянне пажару. Але, насамрэч, менавіта дарогі парушаюць гідралагічны рэжым і робяць балота больш даступным. З’яўленне 10 кіламетраў гравійкі — гэта ўдар па адной з самых важных тэрыторый, якая прэтэндавала на статус запаведніка. За нашы Альманы ўступалася Міжнародная рабочая група па захаванню балот: яна пісала рэзалюцыю, у якой адзначала, што гэта вялікае натуральнае балота нельга кранаць і перарываць дарогамі. Ужо праз некалькі месяцаў пасля будаўніцтва стала бачна, як у адной частцы збіраецца вада, а ў іншай балота ўсыхае.
У 1990-я Альманскія балоты павінны былі стаць запаведнікам, але гэтыя планы тады не рэалізаваліся. Да гэтай ідэі біёлагі вяртаюцца і зараз, каб надаць ім больш значны ахоўны статус, як унікальнай прыроднай тэрыторыі. Палескі рэгіён мае вялікую біялагічную значнасць. Будаўніцтва дарог стане для яго катастрофай.
Яшчэ аднім парушэннем можа стаць будаўніцтва ЛЭП на 16 км. Прыйдзецца парушыць верхні слой расліннага покрыва, каб усталяваць апоры. Лінія можа ў хуткім часе з’явіцца ў Альманах, калі з гэтым нічога не рабіць. Зараз «Багна» праводзіць незалежную грамадска-экалагічную экспертызу з гэтай нагоды і прапрацоўвае альтэрнатыўныя варыянты атрымання энергіі для пагранічных пунктаў, напрыклад, ад сонечных батарэй.
Летась таксама на балотах пачалі працаваць з уладкаваннем месцаў адпачынку для зборшчыкаў журавіны. Фонд «Заказнікі Брэсцкай вобласці» зноў падымаў пытанне па чатырох месцах адпачынку, абсталяваных драўлянымі канструкцыямі. У трох з іх было запланаванае стварэнне свідравін, устаноўка калонак з пітной вадой. Гэта дробязь, але заказнік зараз церпіць моцную антрапагенную нагрузку. Шмат жыхароў Палесся — і ўкраінцы, і беларусы — прыходзяць збіраць журавіну, у якой, дарэчы, быў зафіксаваны павышаны ўзровень радыяцыі. «Багна» ўжо даўно абмяркоўвае, як знізіць антрапагенную нагрузку на заказнік. З боку Украіны, у адрозненні ад нас, нават няма ўсталяваных тэрмінаў для збору. Балота моцна вытоптваецца і забруджваецца.
Нягледзячы на тое, што гэта тэрыторыя пад аховай, на Альманах кожны год праводзяць гонкі на джыпах. Аматары язды па цяжкадаступных ландшафтах збіраюцца залезці ў балота і сёлета — аб’явы на 2020-ы ўжо вывешаныя. Кожны год прыродаахоўнікам прыходзіцца змагацца за належны догляд гэтай тэрыторыі.
Змагаемся супраць Е40
Нягледзячы на ўсе намаганні, летась быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на развіццё гэтага воднага шляху. У тым ліку з боку прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Пры гэтым эколагі і бізнес-суполка не бачаць ніякага станоўчага эфекту ад праекта — ні эканамічнага, ні экалагічнага. На апошнім абмеркаванні з беларускімі міністэрствамі прадстаўнікі Мінфіна таксама адзначылі, што ўкладваць у будаўніцтва Е40 бюджэтныя сродкі не мэтазгодна.
Тым не менш будоўля ўжо пачынаецца — вось-вось з’явіцца рачны порт у Ніжніх Жарах. Мясцовыя жыхары ўжо звярталіся ў «Багну», бо атрымалі паведамленне, што іх дамы плануюць знесці, а людзей — выселіць з вёсцы.
Планы на працу з гэтым маршрутам вельмі сур’ёзныя, нягледзячы на тое, што ўзровень вады ў Прыпяці не прыдатны для міжнароднага суднаходства. Па рацэ плануецца перавозіць нафтапрадукты і ўгнаенні — а гэта ўжо можа выцечы ў тэхнагеннае забруджванне. А днопаглыбныя работы прывядуць яшчэ і да радыяцыйнай небяспекі. Даследаванне незалежнай французскай лабараторыі, якая спецыялізуецца на радыяцыйным забруджванні, паказала, што гэта можа нанесці вельмі вялікую шкоду 20 мільёнам чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны. Калі кранаць дно, увесь радыеактыўны іл паплыве ў Кіеўскае вадасховішча.
Зараз «Багна» робіць даследаванне па альтэрнатыўнаму сцэнару развіцця Палесся, а таксама разам з калегамі з міжнароднай кааліцыі ацэньвае магчымае радыёактыўнае забруджванне з-за днопаглыбных работ у зоне адчужэння ЧАЭС. Летась гэты рэгіён быў прызнаны з біялагічнага пункту погляду ландшафтам пад пагрозай. Таму грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» атрымала вялікі грант на захаванне і адраджэнне дзікай прыроды Палесся. Вельмі шмат працы вядзецца па падтрыманню біялагічнай разнастайнасці і прыродных экасістэм у добрым статусе і з беларускага, і з украінскага боку. «Багна» хоча, каб праз пяць год Палессе атрымала статус сусветнай спадчыны. І планы па Е40 ідуць у разрыў з захаваннем унікальнасці рэгіёна.
Аднаўляем папуляцыі
Летась вельмі горача ішлі абмеркаванні па дэпапуляцыі дзікага кабана. У 2014 годзе Беларусь фактычна страціла гэты від. Ён застаўся толькі ў ААПТ, бо там было цяжка кантраляваць і знішчаць жывёл. Мінлясгас лабіраваў працяг такога падыходу, але «Багна» лічыць, што знішчэнне дзікага кабана не вырашае праблему з вірусам афрыканскай чумы свінняў, а толькі наносіць шкоду прыродзе і эканоміцы.
У мінулым годзе таксама абмяркоўвалі план кіравання па воўку. Паляўнічыя прапагандуюць, што гэты драпежнік шкодны і небяспечны, таму зараз яго дазволена вельмі жорстка знішчаць любымі спосабамі. «Багна» разам з НПЦ па біярэсурсах прапаноўвае забараніць паляванне на першым кроку ў ААПТ. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзіць праект па сачэнню за воўкам на Палессі. Але нават гэтым пяці ваўкам з GPS-ашыйнікамі не пашчасціла: Васіля застрэлілі яшчэ напачатку 2019-га.
Белавежская пушча шмат гадоў падтрымлівае мараторый на адстрэл воўка. І гэта прыклад кіравання маглі б пераймаць іншыя тэрыторый. У Еўропе воўк знаходзіцца ў Чырвонай кнізе, а ў нас гэты від вельмі моцна прыгнятаецца. У шэрага драпежніка можа быць зусім іншы лёс, за што і змагаецца «Багна», спрабуе распаўсюджваць правільныя падыходы і адносіны да гэтага віду.
Клапоцімся пра правы мясцовага насельніцтва
Яшчэ адны гучны кейс быў звязаны з возерам Чырвонае, якое перадалі ў арэнду нацпарку «Прыпяцкі». Мясцовыя жыхары бароліся за сваё возера, бо баяліся, што пасля перадачы за адпачынак і рыбалку на Чырвоным трэба будзе плаціць грошы. Сітуацыю каменціравала нават тагачасная кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава падчас працоўнай паездкі ў «Прыпяцкі». Нягледзечы на забастоўкі мясцовых жыхароў, возера было аддадзена аднаму гаспадару. І нацпарк не выканаў свае абяцанні: свабодны доступ пакінулі літаральна для жыхароў сямі вёсак, а ўсім іншым цяпер трэба купляць пуцёўку на рыбалку.
Летась «Прыпяцкі» адзначаў сваё 50-годдзе. У 1990-я запаведнік быў паніжаны ў ахоўным статусе да нацпарку і згубіў статус запаведнай зоны. «Багна» сумесна з НПЦ па біярэсурсах і кіраўніцтвам нацпарка праводзіла некалькі абмеркаванняў плана кіравання «Прыпяцкім», а таксама размаўляла пра далейшы лёс тэрыторыі з мясцовай супольнасцю.
Да таго ж ў 2019-м прадстаўнікі «Багна» ўдзельнічалі ў аўдытах FSC і цяпер працуюць над выпускам брашуры, каб растлумачыць, як грамадскасць можа праяўляць сваю актыўнасць і таксама сачыць за гэтымі праверкамі.
Яшчэ адным кейсам, па якому праходзілі летась грамадскія абмеркаванні, стала сітуацыя з заказнікам «Лябяжы». Зноў яго рэарганізавалі і ўрэзалі тэрыторыю. Прыродаахоўныя арганізацыі прапанавалі шэраг рэкамендацый па кіраўніцтву тэрыторыі, але заказнік, на жаль, мы губляем.
Цікавыя змены адбыліся ў мінулым годзе ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Там памякчылі правілы наведвання і адкрылі частку зоны для людзей. Раней туды маглі трапіць толькі даследчыкі-навукоўцы. Зараз гэта тэрыторыя разглядаецца як праблемная. Нягледзячы на радыяцыю, мясцовыя жыхары жадаюць лавіць там рыбу, а лясгасы — вырубаць і прадаваць лес. Дзяржава спрабавала скараціць зону адчужэння, але атрымалася гэта зрабіць нязначна — толькі на 250 га. Біёлагі лічаць, што для чалавека гэта можа прынесці шмат пагроз, калі гэту тэрыторыю пачаць асвойваць. Многія элементы ўжо прайшлі стадыю паўраспаду, але пераўтварыліся ў яшчэ больш небяспечныя, як, напрыклад, амерыцый, які добра змешваецца з грунтавымі водамі — і ланцуг забруджвання толькі павялічваецца. Як бы хто ні жадаў, ачысціць тэрыторыю ад радыяцыі ў бліжэйшыя сотні гадоў не атрымаецца.
Для балот 2019-ы завяршыўся на добрай хвалі: у снежні быў прыняты Закон «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў». Гэта вялікі прарыў. Адзін з яго пунктаў прадугледжвае, што натуральныя балоты не могуць аддаваць пад торфаздабычу. «Багна» будзе працягваць працаваць з гэтым дакументам, але першы крок для больш адказнай аховы балот ужо зроблены.
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».