Новыя змены ў кодэксе: хто цяпер абароніць чырвонакніжнікаў?
- Тэма: Флора і фаўна
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 16.08.2019, 08:13
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» атрымала інфармацыю пра тое, што ўрад збіраецца значна скараціць ахоўныя тэрыторыі вакол месцаў гнездавання чырвонакніжных відаў. Гэта значыць, што цяпер паляванне, суцэльныя высечкі лесу і іншая дзейнасць будуць дазволеныя бліжэй да гнёздаў рэдкіх птушак. Да таго ж змены датычацца пэўных відаў жывёл, насякомых и раслін.
Новыя правілы могуць прыняць ужо на наступным тыдні. Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі выступае за тое, каб былі праведзены грамадскія абмеркаванні гэтых новаўвядзенняў. Пра гэта ён паведаміў журналістам на тэрміновым брыфінгу.
Змяненні датычацца аднаго дакумента: тэхнічнага кодэкса практыкі, якая ўсталявалася. У ім дакладна прапісана, як трэба ахоўваць той ці іншы від. На яго навукоўцы альбо прыродаахоўнікі спасылаюцца, калі неабходна ўстанавіць пэўны рэжым аховы месца гнездавання, нерасту ці цэлай тэрыторыі жыхарства.
Мінулы кодэкс быў прыняты ў 2014 годзе, і настаў час яго абнавіць. Аляксандр Вінчэўскі адзначае, што некаторыя са змяненняў лагічныя і патрэбныя, але большасць новаўвядзенняў могуць надзвычай негатыўна адлюстравацца на чырвонакніжных відах, прычым самых рэдкіх.
Напрыклад, для многіх відаў поўнасцю прыбіраецца забарона на паляванне ў месцах гнездавання. Замест гэтага з’яўляюцца рэкамендацыі па выдзяленню ўчасткаў пакою. «Гэта як адно з пажаданняў. І я думаю, што ў большасці выпадкаў яно не будзе выконвацца», — лічыць Аляксандр Вінчэўскі.
Паколькі вясновае паляванне ў нас не забаронена, то і чырвонакніжнікі могуць трапіць пад кулю падчас гнездавання, напрыклад, глабальна пагражальны від гусь-піскулька.
Месцы гнездавання такіх птушак як чорны і чырвоны каршуны, малы арлец, арол-карлік, сокал-пустальга, сокал-кабец, чорны бусел пакуль што ахоўваюцца ў радыусе не менш за 300 метраў. Прапануецца скараціць гэту адлегласць да 100 метраў. Для арла-маркута, арлана-белахвоста і вялікага арляца радыус аховы скараціцца таксама амаль у тры разы: з 500 метраў да 200.
Валерый Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук, удзельнічаў у распрацоўцы кодэкса 2014 года. Ён тлумачыць, што зараз 500 метраў — гэта зона пакою ў перыяд гнездавання, і толькі 200 метраў — зона, дзе забаронена секчы круглы год. Таму нельга сказаць, што цяперашнія правілы занадта жорсткія для лесанарыхтоўкі.
Новыя правілы не даюць магчымасць стварыць для птушак зону пакоя, пакуль яны будуць выседжваць малых.
«Калі высечка вядзецца ў гнездавы перыяд, хоць нават 200-300 метраў ад гнязда, птушка яго пакіне. Гэта адназначна, — каменціруе новыя правілы Валерый Дамброўскі. — Многія віды, калі высечка ў 100 метрах ад гнязда, нават узімку зляцяць, бо зменены гнездавы ўчастак. Ён становіцца адкрытым для чалавека, для драпежнікаў». Асабліва гэта датычыцца такіх чуллівых відаў, як вялікі арлец і арлан-белахвост. Навуковец адзначае, што практычна ва ўсіх краінах радыусы аховы гнёздаў не менш за 300 метраў. Прычым у Беларусі, у адрозненні, напрыклад, ад Германіі, Літвы і Украіны, высечкі ўвесну не забаронены.
Аляксандр Вінчэўскі сумняваецца, што новыя правілы дазволяць шмат зарабіць на драўніне і паляванні. Затое чырвонакніжнікам нашкодзяць. У нас толькі адна пара арла-маркута на ўсю краіну, таксама адна пара сіняга сіваграка. Сокал-падарожнік увогуле апошнія 30 гадоў не гняздзіцца. Але ж новыя нормы наўпрост закрануць іх месцы гнездавання.
Што датычыцца рыбы, новыя правілы прапануюць скараціць забарону на прамысловае рыбалоўства толькі да перыяду нерасту для сцерлядзі, сёмгі і кумжы.
Рысь, мядзведзь, зубр і барсук цяпер таксама ў небяспецы. Напрыклад, зараз існуе забарона на ружэйнае паляванне і паляванне з сабакамі побач з мядзведжымі бярлогамі з 1 лістапада па 1 красавіка. Усім вядома, што калі гэты драпежнік прачнецца ўзімку, то ён, верагодна, пойдзе да людзей шукаць ежу, можа напасці. Таму яго сон абаранялі, але цяпер усю ахову ў гэту перыяд прапануюць зняць.
Барсук — від, які масава знішчаецца браканьерамі, таму патрабуе асаблівай аховы. Барсукі будуюць свае гарадкі з норамі. Раней іх абаранялі ў радыусе 250 метраў, зараз знізілі тэрыторыю да 100 метраў. Прычым знімаюць забарону на ўборку буралому, ламачча, хаця ў гэтай драўніне жывуць насякомыя, якімі барсукі харчуюцца. Да таго ж здымаецца забарона на паляванне з капканамі і наземнымі пасткамі, і жывёла можа туды выпадкова трапіць.
Як адзначае Аляксандр Вінчэўскі, каб запрацавалі гэтыя новаўвядзенні, трэба змяніць тысячы рашэнняў выканкамаў: «Гэта такая велізарная і непатрэбная праца. Яна ставіць віды пад пагрозу. І з большага ні паляўнічай, ні лясной гаспадарцы вялікага прыбытку не прынясе». АПБ прапануе да канчатковага прыняцця змяненняў правесці грамадскае абмеркаванне, каб навукоўцы і прыродаахоўнікі маглі ўнесці свае прапановы і абараніць нашых чырвонакніжнікаў.
15 жніўня дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі пабываў на сустрэчы з намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам, які пагадзіўся з некаторымі крытычнымі заўвагамі. Было дамоўлена абмеркаваць іх з ім і іншымі спецыялістамі Мінпрыроды больш падрабязна ў найбліжэйшы час. Акрамя таго, плануецца абмеркаваць змены ў ТКП з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Галоўнае фота © Barrettyman
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».