На Палессі могуць з’явіцца новыя асабліва ахоўваемыя тэрыторыі
- Тэма: ААПТ
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 27.09.2019, 05:56
Вялікі міжнародны праект распачаўся сёлета на Палессі. На працягу пяці гадоў навукоўцы пад эгідай «Ахова птушак Бацькаўшчыны» будуць працаваць над тым, каб захаваць біяразнастайнасць, узмацніць ахову тэрыторыі і развіць мясцовую эканоміку. На прэзентацыю праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: абарона аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў у Еўропе» сабраліся ўсе зацікаўленыя ведамствы мясцовага і рэспубліканскага ўзроўню, а таксама эксперты з іншых краін.
Гэта ініцыятыва прадугледжвае актыўны план дзеянняў як для беларускай, так і для ўкраінскай частцы Палесся. Праект выйграў фінансаванне на конкурсе: на восем месцаў было 48 заявак. Цяпер ён з’яўляецца часткай Праграмы захавання пагражальных ландшафтаў і фінансуецца дабрачынным фондам «Аркадзія». Бюджэт беларускай частцы складае амаль 1,5 мільёны долараў ЗША, рэалізоўваць праект будзе ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» i «Франкфурцкае заалагічнае таварыства».
Аўтары ініцыятывы хочуць да 2023 года стварыць сетку трансгранічных ахоўваемых тэрыторый, актывізаваць “дзікія” натуральныя працэсы, а таксама дапамагчы мясцовым жыхарам у развіцці экатурызму. Усё гэта патрабуе не толькі актыўнасці ад навукоўцаў, але і пэўных змен заканадаўства і ўцягнення месцічаў.
Госці прэзентацыі адзначылі галоўныя пагрозы для Палесся — гэта рэканструкцыя воднага шляху Е40 і будаўніцтва дарог на Альманах. Яны раздзяляюць адзіную прыродную тэрыторыю, з-за чаго яна гіне па кавалках. З гэтым поўнасцю згодны кіраўнік камісіі Праграмы захоўвання пагражальных ландшафтаў Прыродаахоўнай ініцыятывы Кембрыджа, віцэ-прэзідэнт Брытанскага Каралеўскага таварыства аховы птушак, прэзідэнт Йоркшырскага прыродаахоўнага траста сэр Джон Лоўтан. «Калі ўзяць тэрыторыю, якая добра падыходзіць для дзікай прыроды, і раздзяліць яе дарогамі, інфраструктурай або сельскай гаспадаркай, яна будзе прадстаўляць ізаляваныя зоны, якія ўсё менш і менш падыходзяць для месца жыхарства, — кажа прафесар. — Для натуральнага асяроддзя гэта пагроза, бо з-за гэтага дзікія віды знікнуць з ландшафту. Чым больш тэрыторыя, чым лепш яе даглядаюць, тым больш дзікага жыцця там будзе. Мы спрабуем аднавіць ландшафты, якія апынуліся пад пагрозай, і вярнуць туды прыроду».
Сэр Джон Лоўтан малюе ў блакноце просты графік, дзе колькасць відаў прама прапарцыянальна залежыць ад плошчы тэрыторыі. Таму Палессе зараз трэба аб’ядноўваць. Для гэтага ў планах праекта стварыць новыя асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі — «Пойма Львы», «Васілевічы», «Лельчыцы». У суме гэта дадасць 29 000 гектараў пад ахову. А таксама трэба аптымізаваць рэжымы аховы і выкарыстання нацыянальнага парку «Прыпяцкі» і іншых ААПТ.
Прафесар падзяліўся вопытам аховы прыроды на яго радзіме — у Вялікабрытаніі: «Чалавецтва ў цэлым змяншае месцы жыхарства па ўсяму свету. У Вялікабрытаніі праз праграму па пагражальных ландшафтах мы спрабуем вярнуць натуральнае асяроддзе. Даць задні ход цяперашнім працэсам. У нас ёсць некалькі відаў аховы. Прыродныя запаведнікі ахоўваюцца законам. Месцы спецыяльнага навуковага інтарэсу, якія больш лакальныя, але важныя, таксама. Калі вы набудзеце іх, вы не можаце іх знішчыць. Інакш атрымаеце вялікі штраф.
Па-другое, шмат важных запаведнікаў знаходзяцца ва ўласнасці добраахвотных прыродаахоўных арганізацыях, як Каралеўскае таварыства аховы птушак. Многія з гэтых запаведнікаў таксама прадстаўляюць навуковы інтарэс.
Акрамя таго, ёсць ахова сістэмай планавання. Калі кіраўніцтва горада хоча пабудаваць у пэўным месце дом, планіроўшчыкі могуць ім не дазволіць, калі гэта важны кавалачак дзікай прыроды.
Да таго ж у нас ёсць нацыянальныя паркі. Напрыклад, нацыянальны парк «Лэйк-Дыстрыкт» — каля 2 000 квадратных кіламетраў, па плошчы амаль як зона адчужэння на Палессі. З большага тэрыторыя прыватызаваная, але яна ўсё яшчэ абараняецца сістэмай планавання. Акрамя таго, у Вялікабрытаніі на сёння ёсць ахова на еўрапейскім узроўні.
«Калі б Палессе было ў Вялікабрытаніі, бясспрэчна, гэты быў бы ці прыродны запаведнік, ці, магчыма, таксама нацыянальны парк з двума ўзроўнямі аховы», — падвёў вынік сэр Джон Лоўтан.
Праект па Палессю адпавядае прыярытэтам нацыянальнай экалагічнай палітыкі, закладзеных у стратэгіях па захаванню і развіццю. Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Корбут адзначыў, што ёсць праблемы ў ахове і абароне прыродных тэрыторый. Ён нагадаў і пра сёлеташні пажар на Альманах. Прадстаўнік міністэрства спадзяецца, што праект дапаможа прыцягнуць дадатковыя сродкі для кіравання тэрыторыяй і атрымаць дадатковае фінансаванне на ААПТ у 2021 – 2025 гадах. Да таго часу Мінпрыроды сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук павінны распрацаваць закон аб балотах, які дапаможа вызначыцца з далейшым развіццём гэтых тэрыторый.
Чаму балоты знаходзяцца ў асаблівым фокусе гэтага праекта, патлумачыў кіраўнік Еўрапейскага аддзела «Франкфуртскага заалагічнага таварыства» Міхаэль Бромбахер: «Агульная плошча Палесся — як палова Германіі. І гэта тэрыторыя амаль поўнасцю мае прыродны статус. Мы тут знаходзім старыя ландшафты, вялікі тарфяны масіў. Альманы маюць памер у 100 000 гектараў. Напрыклад, у Германіі мы працуем па аднаўленні 2-3 гектараў. І гэта і ў еўрапейскім, і ў сусветным маштабе вельмі дзіўна».
«Палессе мае асаблівы статус для Еўропы. Гледзячы на тое, у якім стане зараз знаходзіцца наша біяразнастайнасць у глабальным сэнсе, нам нельга разбураць такія ландшафты. Мы абавязаны іх захоўваць».
Менавіта «Франкфуртскае заалагічнае таварыства» падала заяўку па Палессю на конкурс грантаў ад фонду. Міхаэль Бромбахер чакае, што дзякуючы праекту Палессе захаваецца ў сённяшнім стане і ўзровень аховы ўзмацніцца. Магчыма атрымаецца аднавіць новыя балоты пасля меліярацыі.
Праект прадугледжвае працу непасрэдна “ў полі” беларускіх і ўкраінскіх навукоўцаў, але, як кажа замежны эксперт, на сувязі з імі будуць і нямецкія калегі. Дарэчы, дагэтуль «Франкфуртскае заалагічнае таварыства» ўжо працавала ў нас па праекту ў Белавежскай пушчай, а таксама з украінскай часткай Палесся. Галоўныя крытэрыі, на якія яны звяртаюць увагу пры адборы праектаў — гэта памер тэрыторыі, біяразнастайнасць і дзікасць, каб захаваць найбольш важныя прыродныя масівы Еўропы.
Віктар Фянчук, каардынатар прыродаахоўных праектаў «Франкфуртскага заалагічнага таварыства» ў Беларусі, удакладняе, што захаваць дзікія мясціны ў цэнтры Еўропы дужа складана. Але гэта неабходна рабіць, бо тое ж Палессе — гэта арэал жыхарства для некаторых чырвонакніжных відаў. Напрыклад, для баталёнаў пойма Прыпяці — ключавы міграцыйны калідор. Некранутасць дзікай прыроды робіць месца бяспечным.
Калі туды прыходзіць чалавек і пачынае ладзіць сваю інфраструктуру, праз дарогу ў тыя ж балоты трапляюць віды, якіх там не павінна быць.
Напрыклад, янотападобны сабака. Машыны і дарогі — гэта бар’ер і неспакой для чуллівых відаў. А таксама светлавое і іншае забруджванне. І адразу дзікае месца становіцца надзвычай даступным.
Многія дзеянні, якія плануецца правесці падчас праекту, патрабуюць дапамогі мясцовых жыхароў. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўжо працуе з захавальнікамі — людзьмі, якія жывуць побач з тэрыторыямі, якія ахоўваюцца, і якім неабыякавы іх лёс. Плануецца на Палессі ствараць групы такіх захавальнікаў, якія будуць сустракацца разам і праводзіць мерапрыемствы для мясцовых жыхароў. Таксама яны могуць ладзіць валанцёрскія летнікі, маніторынгі, трэнінгі, каб пашыраць і распаўсюджваць веды аб сваёй мясцовасці. Захавальнікі таксама могуць быць гідамі і праводзіць экскурсіі, каб развіваць эканоміку раёна за кошт экатурызму.
Цікавінкай праекта стане «Аўтобус дзікай прыроды», які будзе ездзіць па населеных пунктах і расказваць, чаму так важна захаваць прыроду, побач з якой мы жывем.
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».