Сертыфікацыя FSC: як кожны можа паклапаціцца пра лес

  • Тэма: Лясы
  • Аўтар: Багна
  • Час публікацыі: 16.12.2019, 03:41

Абараняць лясы могуць не толькі эколагі, але і кожны з нас. Для гэтага можна, набываючы любыя рэчы з драўніны, нават той жа нататнік, упэўніцца, што там намаляваны значок FSC (Forest Stewardship Council — Ляснога апякунскага савета). Гэта будзе азначаць, што вырубка лесу праводзілася ў месцы, дзе няма чырвонакніжнікаў, па ўсіх правілах. Падрабязней пра тое, як тры літары сертыфікацыі FSC абараняюць нашу прыроду, расказаў Леў Федаровіч, нацыянальны прадстаўнік і каардынатар праектаў FSC у Беларусі, на лекцыі, арганізаванай «Аховай птушак Бацькаўшчыны».

Што такое лясная сертыфікацыя?

У свеце ёсць некалькі сістэм лясной сертыфікацыі: FSC, PEFC, SFI, ATFS, CSA і іншыя. Усе яны так ці інакш накіраваныя на тое, каб берагчы лясное багацце і рацыянальна яго выкарыстоўваць. Сертыфікат павінен задавальняць не толькі прадаўца і пакупніка, але і трэціх асоб. У некаторых краінах сертыфікацыя настолькі важна для грамадзян, што крамы зачыняюцца, калі яны не могуць пацвердзіць легальнасць паходжання таго ці іншага прадукту. Вядома ж, гэта больш характэрна для высокаразвітых краін. Але ў цэлым ёсць сусветная тэндэнцыя да таго, каб быць больш адказным у сваіх пакупках.

Першапачаткова FSC ствараўся, каб зберагчы трапічныя лясы. Але, на жаль, гэтую частку лесу працягваюць секчы, і там менш за ўсё сертыфікатаў. Лясны апякунскі савет у асноўным падтрымліваюць буйныя перапрацоўшчыкі, экалагічныя арганізацыі, прафсаюзы. Зачастую яны базіруюцца ў Еўропе. Хоць першапачатковая мэта не дасягнута, але для еўрапейскіх краін гэта добрая практыка. Леў Федаровіч кажа, што бачыць канкрэтныя змены за час сваёй працы ў лясной гаспадарцы.

Лес у Беларусі

У Беларусі крыху больш за 8 мільёнаў гектар пакрыты лесам. Шмат гэта ці не? Калі параўнаць з пасляваенным перыядам, калі лясістасць складала толькі 20 %, цяперашнія 39,8 % выглядаюць даволі самавіта. Але калі паглядзець на іншыя краіны, дзе лясістасць больш за 70 %, напрыклад, у Японіі, то адчуваеш, што можна было б нашым лясам даць больш прасторы.

Летась у Беларусі было нарыхтавана 28,6 мільёнаў кубаметраў (гэта перавыкананне плану прыкладна на траціну). Каля 70 % драўніны і прадуктаў з драўніны з Беларусі экспартуюцца. Калі пілаваць і сячы такімі тэмпамі, у будучыні ў нас будуць праблемы з лесам. Ён паспее вырасці, але ўзроставая структура памяняецца. Гэта як дэмаграфічная праблема ў грамадстве — калі людзей, якія адносяцца да розных пакаленняў, няроўная колькасць.

У нашай краіне існуе практыка невычэрпнага лесакіраўніцтва: калі за дзесяць гадоў не павінна быць высечана больш, чым прырасце за гэты ж тэрмін. Звычайна высякаюць каля 80 % ад таго, што вырастае. Па сутнасці, колькасць драўніны пастаянна павялічваецца.

Лясістасць Беларусі на 2016 год © nn.by
Лясістасць Беларусі на 2016 год © nn.by

Сертыфікацыя FSC на кастрычнік 2019 года

У свеце:

  • 200 249 тыс га ў 82 краінах сертыфікаваныя
  • 39 635 сертыфікатаў ланцуга паставак у 127 краінах
  • 1663 сертыфікатаў лесакіравання

У Беларусі:

  • 8985 тыс га сертыфікаваныя (4-е месца ў свеце)
  • 216 сертыфікатаў ланцуга паставак
  • 68 сертыфікатаў лесакіравання

Экалагічная, эканамічная і сацыяльная палаты FSC

Місія FSC — адказнае кіраванне лясамі. Яна дасягаецца падыходам, дзе аднолькава роўна ўлічваюцца каштоўнасці трох палат: эканамічнай, экалагічнай і сацыяльнай.

Функцыі лесу бываюць розныя. У Белавежскай пушчы, напрыклад, праводзяцца высечкі перафарміравання, калі асноўная мэта не нарыхтоўка драўніны, а фарміраванне іншага дрэвастою. З іншага боку, там ёсць запаведная частка, дзе ўвогуле ніколі нічога не будзе сячыся. Тое ж самае ў Бярэзінскім запаведніку. Сукцэсія — змена біялагічнага згуртавання — там павінна праходзіць натуральна, без умяшання чалавека. Гэтыя тэрыторыі нават закрытыя для наведвання, яны створаны для таго, каб нашы патомкі змаглі ўбачыць сапраўды лес, які расце сам-насам. Такога лесу вельмі мала засталося ў Беларусі. Тым не менш, лясная сістэма здольная аднаўляцца за некалькі пакаленняў. Вось чаго, па ідэі, павінны дабівацца на гэтых тэрыторыях — гэта і мэта FSC, кажа Леў Федаровіч. Адно з патрабаванняў сертыфікацыі датычыцца таксама таго, каб некранутая тэрыторыя была нават у лясах, якія першапачаткова ствараліся для нарыхтоўцы драўніны. Экалагічныя арганізацыі, якія з’яўляюцца членамі FSC, выступаюць за тое, каб паменшыць колькасць рубак і скараціць уцягненне зямель у гаспадарчую дзейнасць. Аднак зусім адмовіцца ад драўніны мы не можам, таму трэба шукаць баланс.

Сацыяльная палата зацікаўлена ў тым, каб выконвалася ахова працы, каб працаўнікі маглі забяспечыць свае сем’і. Плюс гэты кірунак прадугледжвае ўцягненне мясцовых суполак у прыняцце рашэнняў і маніторынг дзейнасці ў лесе. Як кажа нацыянальны прадстаўнік, гэта, мабыць самы цяжкі аспект для краін СНД. На жаль, нашы чыноўнікі і кіраўнікі лясгасаў не прывыклі выносіць прыняцце рашэнняў на грамадскае абмеркаванне. А FSC патрабуе гэтага. Калі ёсць зацікаўленыя бакі, то план лесакіраўніцтва і ключавыя мерапрыемствы павінны абмяркоўвацца з імі.

FSC — некамерцыйная і недзяржаўная арганізацыя. Яе структура кіравання падобна да ААН. Ёсць Генеральная асамблея — вышэйшы орган прыняцця рашэнняў. На ёй усе члены — а іх каля 1500 — збіраюцца разам і прымаюць стратэгічныя рашэнні, куды павінна рухацца арганізацыя. Апошні раз Генеральная асамблея праводзілася ў Ванкуверы ў 2017 годзе. Налета яна будзе збірацца ў Балі.

Любы чалавек ці арганізацыя, акрамя дзяржаўных органаў, можа стаць членам FSC, калі мае матывацыю. Уступаючы ў арганізацыю, трэба абраць палату: эканамічную, экалагічную або сацыяльную. Натуральна, што выбар павінен грунтавацца на вашай дзейнасці. Калі гэта, напрыклад, прадпрыемства накшталт «Пінскдрэва», то яно пойдзе ў эканамічную палату, бо асноўная яго мэта — зарабляць грошы. Калі гэта прафсаюз або дачны кааператыў — яго шлях у сацыяльную палату. Самая вялікая колькасць членаў зараз звязаны з эканомікай, але гэта не дае ім перавагі: кожная палата мае толькі трэць галасоў у прыняцці рашэння.

© Jared Yeh
© Jared Yeh

Прынцыпы дзейнасці FSC

У сваёй дзейнасці FSC кіруецца дзесяццю прынцыпамі:

  • адпаведнасць заканадаўству;
  • правы працаўнікоў і ўмовы працы;
  • правы карэнных народаў;
  • адносіны з мясцовым насельніцтвам;
  • карыснасць лесу;
  • прыродныя каштоўнасці і ўздзеянне на іх;
  • планаванне гаспадаркі;
  • маніторынг і ацэнка;
  • высокія прыродаахоўныя каштоўнасці;
  • ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці.

Да гэтых дзесяці прынцыпаў ёсць 70 крытэрыяў, якіх арганізацыі з сертыфікатам павінны трымацца. Для іх праверкі аўдытары выкарыстоўваюць каля 300 індыкатараў. Усе арганізацыі, якія жадаюць атрымаць сертыфікат, таксама павінны прытрымлівацца гэтых прынцыпаў. Як адзначае Леў Федаровіч, тое, што для нас падаецца натуральным, напрыклад, адпаведнасць заканадаўству, для некаторых краін з’яўляецца праблемным момантам. У такіх выпадках аўдыт FSC як бы выконвае ролю, якую насамрэч павінен граць дзяржкантроль.

Для нашай краіны з гэтых прынцыпаў новай практыкай з’яўляецца ўцягненне мясцовых суполак у дзейнасць лясгасу. Людзі часам не цікавяцца ці не думаюць, што могуць уплываць на рашэнне ўладаў. Хоць для еўрапейскіх краін такі падыход абсалютна нармальны. Быў выпадак, калі на поўдні Францыі збіраліся вырубіць лес. І быў мастак, які штогод маляваў там пейзажы. Ён палічыў, што з’яўляецца зацікаўленым бокам, бо ўжо вельмі доўга там працуе, і не хоча, каб знішчылі гэта месца. Прыйшлося ісці на кампраміс і секчы ўчастак у чатыры прыёмы на працягу 20 гадоў. Такім чынам, каб лес паспеў аднавіцца. У Беларусі таксама ёсць практыка такой вырубкі.

Прыродныя каштоўнасці і ўздзеянне на іх — прынцып, з якім ёсць праблемы ва многіх краінах, у тым ліку і ў нас. Лясгасы хочуць загатаваць як мага больш драўніны, але ім прыходзіцца ўлічваць, дзе жывуць чырвонакніжнікі, дзе ёсць нейкія каштоўныя для мясцовага насельніцтва ландшафты. Напрыклад, у Расіі ёсць Марыйскія свяшчэнныя гаі, якія карэнны народ заўсёды выкарыстоўваў для правядзення рытуалаў. У гэтым выпадку можна патрабаваць ад лясгасу не праводзіць любыя віды гаспадарчай дзейнасці на гэтай тэрыторыі.

© Terry Kearney
© Terry Kearney

Новы нацыянальны стандарт для вядзення лясной гаспадаркі

Зараз у Беларусі распрацоўваецца новы нацыянальны стандарт для вядзення лясной гаспадаркі. Ён ужо амаль на фінішы. Для гэтага была створаная працоўная група, у якую увайшлі прадстаўнікі трох палат. Пасля распрацоўцы былі яшчэ праведзены дзве публічныя кансультацыі са ўсімі зацікаўленымі бакамі, каб кожны мог напісаць сваю прапанову па змяненню стандарту.

У Беларусі амаль усе лясгасы маюць сертыфікат FSC. Але ёсць некалькі выключэнняў. У Палесскім лясгасе будавалася дарога па Альманскіх балотах. У лясгаса не было сертыфіката да будаўніцтва, і прынамсі пакуль што ён яго дакладна не атрымае, бо грамадскія слуханні па гэтаму пытанню не былі праведзены належным чынам. Зацікаўленыя бакі не былі пачуты. Тут эканамічны аспект прэваліраваў над усімі астатнімі — а гэта не адпавядае правілам FSC.

Падобная сітуацыя з Бараўлянскім лясгасам, які знаходзіцца вакол Мінска. Тут таксама ёсць вельмі шмат зацікаўленых бакоў і пытанняў, на якія зачастую не звяртаюць увагі. Гэта не азначае, што лясгас павінен выконваць усё, што яму кажуць з боку, але дыскусія павінна быць наладжанай.

© acmexp.ru
© acmexp.ru

Ланцуг сертыфікацыі FSC:

1. Сертыфікацыя лесакіраўніцтва — патрабуецца лесанарыхтоўшчыкам. Усталёўвае стандарты адказнага кіравання лесам.

2. Сертыфікацыя ланцуга паставак — патрабуецца для кампаній-лесаперапрацоўшчыкаў. Дапамагае прасачыць паходжанне сыравіны ад лесу да паліцы.

3. Лагатып FSC на гатовай прадукцыі — для спажыўца. Сцвярджае, што ўсе правілы нарыхтоўкі і вытворчасці выкананы.

Ланцуг арганізацый можа змяшчаць дзясятак прадпрыемстваў да канчатковага спажыўца. І ў кожнага павінен быць сертыфікат, інакш прадукцыя значок FSC не атрымае. Пакупнік можа па нумару на лагатыпе прасачыць шлях рэчы да ўчастку лесу, з якога яна зроблена.

Пры гэтым сертыфікацыя FSC не азначае, што прадпрыемства абсалютна экалагічна чыстае. Ён адказвае толькі за легальны шлях драўніны і ахову працы на прадпрыемстве. Напрыклад, сертыфікат маюць магілёўскі «Кранаспан» і Светлагорскі ЦКК, да якіх з боку гараджан ёсць пэўныя пытанні па выкідах. Але на ўзроўні выкідаў FSC нічога не правярае — у нас гэтым займаецца дзяржаўная экспертыза. Адзінае выключэнне, калі быў прэцэдэнт з «Барысаўдрэвам» і там выкінула шмат дрэўнага пылу. Гэта ўжо прадукт драўніны і FSC можа ўмяшацца, разгледзіць гэту сітуацыю, выпісаць прадпісанне, а калі будуць знойдзены яшчэ некаторыя недахопы, прыпыніць сертыфікат. Як і было тут зроблена.

Як паўдзельнічаць у аўдыце?

Кожны грамадзянін можа прыцягваць увагу аўдытараў да праблем у сваім лясгасе. Калі вы заўважылі, што нешта ідзе не так, напішыце зварот у свой лясгас і патрабуйце патлумачыць сітуацыю. Напрыклад, тут высечаны кавалак лесу, і я хачу ўпэўніцца, што высечка праведзеная па ўсіх правілах. Накіраваць ліст можна поштай або праз емэйл. Лясгас павінен адказаць на працягу 30 дзён. Калі гэта не адбываецца і гэта ўжо не першы ваш зварот, вы можаце зайсці на сайт FSC, знайсці там свой лясгас і кантакты аўдытара, які яго правярае. Напішыце яму, што ў вас не атрымліваецца наладзіць кантакт, і падчас наступнай праверкі аўдытар зверне ўвагу на працу з мясцовым насельніцтвам, праверыць часопіс зваротаў. Для перапынку сертыфіката дастаткова атрымаць чатыры неадпаведнасці — парушыць чатыры індыкатара. Гэта дае магчымасць перапыніць сертыфікат ад трох да шасці месяцаў, пакуль усе недахопы не будуць выпраўлены.

На сайце FSC таксама можна пачытаць справаздачу аўдытара за кожны год. Тут ёсць уся інфармацыя пра лясгасы і неадпаведнасці. Таксама кожны чалавек можа самастойна ўдзельнічаць у праверцы, як незалежны назіральнік. Для гэтага трэба таксама звязацца з аўдытарам або лясгасам прыкладна за месяц да чарговай праверкі, напісаць матывацыйны ліст. Назіральнікі будуць хадзіць з аўдытарамі, бачыць усё, што яны правяраюць, могуць упэўніцца, што ні на што не былі закрыты вочы. Назіральнік можа задаваць пытанні, каменціраваць.

Сертыфікат выдаюць на пяць гадоў са штогадовым пацвярджэннем. Праз пяць год ідзе рэсертыфікацыйная праверка. Да таго ж магчыма правезці пазапланавы аўдыт, калі ёсць скаргі. Нядаўна, напрыклад, па-за планам правяралі Маларыцкі лясгас. Адзін аўдытар не можа назіраць за аднім і тым жа лясгасам больш за тры гады. Плюс аўдытараў таксама правяраюць.

Інэса Балоціна, біёлаг, менеджэр прыродаахоўных праектаў «Багны»:— Мы займаемся сваёй фокуснай групай — і ўдзельнічаем як назіральнікі ў аўдытах лясгасаў, дзе ёсць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, дзе гаспадарчая дзейнасць пагражае ААПТ. Мы выкарыстоўваем механізм сертыфікацыі як адну з магчымасцей захаваць гэтыя тэрыторыі. «Багна» пачала ўдзельнічаць у праверках з 2014 году, калі стала вядома, што нашы нацыянальныя паркі атрымалі ўказанне прайсці лясную сертыфікацыю. Але гэта такая беларуская спецыфіка, бо нацпаркі, як прыродаахоўныя ўстановы, па логіцы не павінны займацца прамысловым гандлем драўнінай, для чаго і патрэбны гэты сертыфікат. Але ў нас нацпаркі маюць складаную структуру і вядуць даволі шырокую гаспадарчую дзейнасць.

Інэса Балоціна, біёлаг, менеджэр прыродаахоўных праектаў «Багны» © Ханна Сцяпанава
Інэса Балоціна, біёлаг, менеджэр прыродаахоўных праектаў «Багны» © Ханна Сцяпанава

Пачалі мы з нацпарка «Прыпяцкі». Гэта была мая фокусная тэрыторыя, бо я жыву побач. Калі мясцовыя жыхары не ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, то мэты з цяжкасцю дасягаюцца. Аўдытар прыязджае раз на год на 3-4 дні. Вядома ж, ён не можа ўсё дакладна паглядзець, выявіць нейкія парушэнні. Вельмі важна, каб гэтым механізмам карысталася грамадскасць і сачыла за сітуацыяй, вяла дыялог з лясгасам у рамках абароны сваіх правоў на карыстанне лесам, на здаровае наваколле і на ўдзел у прыняцці экалагічна важных рашэнняў. А ў нас атрымалася так, што сертыфікацыя ідзе ўжо шмат гадоў, а грамадскасць не часта ўдзельнічае ў гэтым працэсе.

У адносінах да «Прыпяцкага» ў нас была заўвага наконт узаемадзеяння з насельніцтвам. То-бок гэта тэрыторыя адмаўлялася весці нейкі дыялог, і дзякуючы механізму FSC нацпарк вымушаны быў змяніць сваю палітыку і адкрыцца, у тым ліку атрымалася запэўніць кіраўніцтва, што ўдзел грамадскасці — гэта нармальна. І мы там рабілі некаторыя сумесныя мерапрыемствы.

Вельмі шмат заўваг, у прыватнасці да ААПТ, датычацца захавання біяразнастайнасці: ці выяўлены ў лясгасе рэдкія віды, ці захоўваюцца яны. Яшчэ ёсць тэма выдзялення лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці — іх некалькі тыпаў. І таксама шмат пытанняў датычацца таго, ці выконваецца рэжым іх захавання. Ёсць заўвагі па маніторынгу стану чырвонакніжных відаў на тэрыторыі.

Яшчэ адзін момант — рэпрэзентатыўныя ўчасткі. Па стандартах FSC, лясгасы павінны не менш за 5 % сваёй тэрыторыі выдзяляць у рэпрэзентатыўныя участкі, якія прапарцыйна адпавядаюць тым тыпам лесу, якія ёсць у лясгасе. Па сутнасці, гэта запаведныя зоны, дзе ўвогуле высечкі павінны быць забароненыя. І вельмі шмат пытанняў узнікаюць да таго, наколькі правільна выдзеленыя гэтыя тэрыторыі і наколькі гэты рэжым выконваецца. Сэнс у тым, каб рэпрэзентатыўныя участкі існавалі шмат гадоў і былі прыкладам для параўнання з зонай, якая пастаянна выкарыстоўваецца. І вельмі часта гэтыя ўчасткі трымаюцца літаральна пару гадоў. То-бок, лясгас пераглядае, назначае іншыя рэпрэзентатыўныя тэрыторыі, а гэтыя вырубае. Ці, напрыклад, прайшоў буралом або адбылося развіццё насякомых-лістагрызаў, караедаў, і тады пастае пытанне: а давайце ўсё вырубім? Зноў жа сэнс выдзялення тады губляецца. І з гэтым часам складана пакуль што працаваць, бо лесагаспадарчыя падыходы ў нас пераважаюць. І вельмі складана пераламаць гэтую сістэму, нягледзячы на тое, што лясная сертыфікацыя ўжо шмат гадоў працуе. Прасоўванні ёсць, але яны не такія істотныя, як нам хацелася б.

Я думаю, у вялікай ступені гэта яшчэ з-за таго, што грамадскасць не працуе ў гэтым напрамку. «Багна» ў стане усачыць за нейкімі асобнымі ААПТ, найбольш каштоўнымі тэрыторыямі. А важна было б, каб людзі на месцах, побач з лясамі, дзе яны жывуць, праяўлялі інтарэс і выкарыстоўвалі гэты механізм лясной сертыфікацыі. І мы ўжо робім крокі ў гэтым напрамку, праводзім семінары, сустрэчы з мясцовым насельніцтвам і растлумачваем ім пра гэты механізм, пра тое, як яны могуць адстойваць свае інтарэсы на захаванне лесу ці нейкія свае правы на карыстанне рэсурсамі.

У рамках лясной сертыфікацыі мясцовае насельніцтва таксама можа звярнуцца ў лясгас і патрабаваць пэўныя ўчасткі лесу не адводзіць у высечку, паколькі там, напрыклад, знаходзяцца запасы ягад, грыбоў, якія для іх важны. І на гэтай аснове гэта ўчастак можа быць выдзелены, як адзін з відаў лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці.

У нас быў такі прэцэдэнт, калі ў Белавежскай пушчы пасля аўдыту сертыфікат быў прыпынены, але там вельмі хутка ўсе заўвагі выправілі. У тым ліку заўвагу наконт таго, што нацпарк адмаўляўся ўводзіць прадстаўніка грамадскасці ў навукова-тэхнічны савет. Гэта ўсё выправілі на працягу двух тыдняў, бо, як толькі сертыфікацыя прыпыняецца, яны абавязаны паведаміць пра гэта тым, хто закупляе драўніну. Пастаўкі тут жа спыняюцца, і ў дадзеным выпадку вагоны з драўнінай у Еўропу проста спыніліся на мяжы, і нацпарк нёс фінансавыя выдаткі. Тут ўжо механізм працуе матэрыяльны. І сістэма вымушае лясгас выконваць патрабаванні сертыфікацыі.


Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

Леў Федаровіч, нацыянальны прадстаўнік і каардынатар праектаў FSC у Беларусі
Леў Федаровіч, нацыянальны прадстаўнік і каардынатар праектаў FSC у Беларусі© Kanstancin Chykalau
Лясная сертыфікацыя
Лясная сертыфікацыя© stolbzyles.by