Замах на Палессе — што вядома пра водны шлях Е40?
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 14.05.2019, 03:04
Маштабны план — пусціць буйнатанажныя караблі па Вісле, Прыпяці і Дняпры ад мора да мора — пагражае знішчыць дзікую прыроду Палесся. Пра тое, як спрабуюць рэалізаваць E40 і як мы гэтаму супрацьстаім, распавядае Вольга Каскевіч, каардынатар кампаніі «Стоп Е40».
Што такое праект воднага шляху Е40?
Е40 — праект будаўніцтва суднаходнай трасы даўжынёй больш за 2000 км, які хочуць пракласці па Вісле, Прыпяці і Дняпры, каб злучыць Балтыйскае і Чорнае мора. Ініцыятары праекту кажуць «аднаўленне», паколькі магістральны водны шлях Е40 (па маршруце Гданьск-Варшава-Брэст-Пінск-Мазыр-Кіеў-Херсон) існуе на паперы з 1996 года. Вось толькі ад Варшавы да Брэста ён не суднаходны, таму планы па «аднаўленні» Е40 мяркуюць будаўніцтва абводнага канала ў Польшчы, шасці-сямі плацін і шлюзаў на Прыпяці, а таксама паглыбляльныя работы па ўсім маршруце для таго, каб па нашых рэках маглі хадзіць шматтанажныя судна класа «рака-мора». Ініцыятарамі будаўніцтва Е40 выступіла кааліцыя арганізацый з трох краін (Беларусі, Польшчы і Украіны) на чале з РУЭСП «Днепра-Бугскі водны шлях», Марскім інстытутам у Гданьску, Міністэрствам транспарту Беларусі і Міністэрствам інфраструктуры Украіны.
Што сёння вядома пра планы па будаўніцтве воднай трасы Е40?
####1. Ініцыятары праекта выбралі для рэалізацыі «тактыку салямі»
Лабісты Е40 спрабуюць атрымаць дазвол на будаўніцтва асобных частак воднай трасы міжнароднага значэння Е40, пазбягаючы такім чынам неабходнасці правядзення Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі. Акрамя таго, лягчэй знайсці фінансаванне для асобных «маленькіх» праектаў, чым аднаго вельмі буйнога.
На сённяшні дзень пачалося праектаванне рачнога хаба ў беларускіх Ніжніх Жарах на Дняпры ля мяжы з Украінай (Рамсарскае водна-балотнае ўгоддзе міжнароднага значэння). У рамках міжурадавага пагаднення запланаваны работы па днопаглыбленню на Дняпры і Прыпяці. З другога канца маршруту ў гэты ж час Польшча будуе суднаходны канал праз Балтыйскую касу ў Віслянскім заліве. Плошча насыпной выспы, што ўжо з’явілася — 181 га — з’яўляецца часткай суднаходнага канала праз касу даўжынёй у 1 км, якая прадугледжвае таксама перамяшчэнне суднаў класа «рака-мора» даўжынёй 100 і шырынёй 20 метраў. Будаўніцтва пачалося ў лістападзе 2018 года, плануецца да завяршэння ў 2022. Кошт праекта — 236 млн даляраў, але ён эканамічна немэтазгодны, бо побач з Эльблонгам ёсць парты Гдыні і Гданьска. Нядаўна стала вядома, што гэтыя планы не ўхваліў Брусэль: Еўракамісія забараніла далейшыя працы па праекце, усумніўшыся ў яго неабходнасці.
2. Будаўніцтва рачнога хаба ў Ніжніх Жарах і работы па днопаглыбленню на Дняпры і Прыпяці праходзяць паводле дакументаў як элементы будаўніцтва воднай трасы Е40. У выглядзе інвестпраектаў яны адпраўленыя ў еўрапейскія інвестыцыйныя банкі
Толькі нядаўна грамадская кампанія «Стоп Е40» атрымала дарожную карту Міністэрства транспарту Беларусі і Міністэрства інфраструктуры Украіны да 2021 гады па паляпшэнні суднаходства на рэках Днепр і Прыпяць у рамках праекта будаўніцтва міжнароднага воднага шляху Е40 і мемарандум аб будаўніцтве воднага шляху Е40 паміж Адміністрацыяй марскіх партоў Украіны (АМПУ) і ЗАТ «Белтопэнерго». Згодна з гэтымі дакументамі, участак рэк Днепр Ніжнія Жары — вусце ракі Прыпяць — г. Кіеў плануецца прывесці да класа суднаходнасці міжнароднага значэння Vb, адпаведна павялічыўшы габарыты рэк для праходу судоў класа рака-мора і пабудаваўшы партовую інфраструктуру.
У 2016 годзе Міністэрства марской гаспадаркі і ўнутраных водных шляхоў Польшчы апублікавала чарнавік «Планы польскіх водных шляхоў на 2016-2020 з перспектывай да 2030» (The Polish inland waterway plans for 2016-2020 with perspective to 2030). План прапануе маштабнае распрацоўванне ўнутраных водных шляхоў Е30, Е40 і Е70 па рэках Одра і Вісла, зрабіўшы іх шляхамі міжнароднага класа для перавозак ад мора да мора.
Што тычыцца польскай часткі, экалагічнае таварыства Koalicja Ratujmy Rzeki разам з іншымі арганізацыямі, навукоўцамі і мясцовымі ўладамі апублікавалі свой зварот да ўрада Польшчы, прэзідэнту Сусветнага банка, Еўрапейскага банка развіцця і прэзідэнту Еўрапейскай Камісіі з просьбай перагледзець свой удзел у гэтым і падобных праектах. Яны прапануюць ўлічыць тое, што належную ацэнку шкоды ад праекта не зрабілі, што заяўленыя эканамічныя эфекты абсалютна нерэалістычныя, выгаду атрымаюць толькі асобныя будаўнічыя і інжынерныя арганізацыі, разбурыўшы пры гэтым рачныя даліны і поймы рэк, нанёсшы велізарную шкоду ахоўным прыродным тэрыторыям і мясцінам пражывання розных відаў жывёл і птушак, а таксама мясцовым жыхарам і ўсёй Польшчы.
Планы нагадваюць, магчыма, ненаўмысна, прапановы СССР па паварочванню сібірскіх рэк. Давер да гэтых прапаноў быў страчаны праз патэнцыйныя экалагічныя і сацыяльныя наступствы.
Рэсурсы на Е40 плануецца браць з еўрапейскіх структур, еўрапейскіх інвестыцыйных банкаў, а таксама любых іншых арганізацый, уключаючы мясцовыя зацікаўленыя камерцыйныя кампаніі або любых іншых партнёраў. Аднак міжнародныя карпарацыі страцілі інтарэс да праекту.
3. Утойванне інфармацыі ад абмеркавання з грамадскасцю насуперак нацыянальнаму заканадаўству і Орхускай канвенцыі
У адным з пунктаў Мемарандума, падпісанага 17 снежня 2018 паміж АМПУ і ЗАТ «Белтопэнерго», была падкрэслена важнасць невыдавання інфармацыі планаванай дзейнасці і яе ўтойванне ад трэціх асоб. Бакі прынялі рашэнне не выдаваць і ніякім чынам не прадастаўляць «трэцім старанам» інфармацыю аб падрыхтаванні будаўніцтва воднага шляху. Такая пазіцыя з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства, акрамя таго, як мы паведамлялі раней, праект з’яўляецца патэнцыйна небяспечным з пункту гледжання аховы прыроды.
Ні адзін вышэйшы орган выканаўчай улады ў Украіне не абмяркоўваў праект з грамадскасцю. У Беларусі праект воднага шляху Е40 згадалі толькі аднойчы ў Нацыянальнай стратэгіі па водных рэсурсаў да 2030 года, якая выносілася на абмеркаванне Мінпрыроды. На шматлікія запыты ў датычныя да праекту ведамства нам не далі адказы аб тым, на якім этапе абмеркавання знаходзіцца праект, спасылаючыся на заканчэнне працы над канцэпцыяй ў 2015 годзе (Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне).
4. Спробы заручыцца падтрымкай для праекта на самым вышэйшым узроўні ў кіраўнікоў дзяржаў і ЕЭК ААН
За апошні год была праведзена серыя пасяджэнняў і круглых сталоў, якія закраналі пытанне Е40: басейнавага савету па Заходнім Бугу, Прыпяці і Дняпры, а таксама абмеркаванне Нацыянальнай стратэгіі па вадзе 2030 са спробай ўключыць будаўніцтва Е40 ў разнастайныя ўрадавыя дакументы.
25-27 кастрычніка 2018 года. Адбыўся I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, на якім Міністэрства транспарту дзвюх краін і выканаўчыя камітэты Гомельшчыны і Брэстчыны актыўна прадстаўлялі развіццё воднага шляху Е40 як перспектыўны праект перад прэзідэнтамі Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнка. Прысутнасць грамадскасці на абодвух пасяджэннях не дапусцілі.
25-26 кастрычніка 2018 года. У Мазыры прайшоў Круглы стол па пытаннях развіцця рачнога суднаходства паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай пад старшынствам Аляксея Аўраменка. Дэлегацыя Херсоншчыне яшчэ раз акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на праекце пад назвай «Водныя вароты Украіны». Праект прадугледжвае аднаўленне воднага шляху Е40 спосабам правядзення днопаглыбляльных работ кампаніяй «Нибулон» для далейшага ўкаранення кантэйнерных перавозак і транспарціроўкі навалочных грузаў па рацэ Днепр у Рэспубліку Беларусь (патэнцыйны грузаабарот да 25 млн тон у год).
Намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь заявіў аб водным шляху Е40 на апошнім пасяджэнні басейнавага савету па кіраваніцтве ракой Заходні Буг: «Ніякія інфраструктурныя праекты не будуць рэалізоўвацца на шкоду навакольнаму асяроддзю, толькі каб атрымаць фінансаванне. І гэта лагічна, улічваючы, што нават іх эканамічную выгаду цяжка абгрунтаваць, паўнавартаснай навігацыі няма ўжо каторы год з сярэдзіны ліпеня, і днопаглыбленнем праблема не вырашыцца, вада не з’явіцца ў рэках».
5. Водны шлях Е40 не ўвайшоў у сетку TEN-T і не цікавы для далейшага фінансавання
Праект Е40 не падтрымліваецца Еўрапейскай Камісіяй і не стаў часткай праекта транспартнай сеткі TEN-T. Як паведаміла Еўракамісія, тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне «аднаўленьня» ўнутранага воднага шляху Е40 Днепр-Вісла было зроблена ў 2013-2015 гг. Тады яно фінансавалася ЕС па праекце трансгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Беларусі і Украіны. Ніякія далейшыя дзеянні на дадзеным этапе не фінансуюцца і не плануюцца афіцыйнымі структурамі ЕС.
Індыкатыўны план дзеянняў па трансеўрапейскай транспартнай сеткі (TEN-T) для Усходняга партнёрства, апублікаваны нядаўна, таксама не ўключае ўчасткі ўнутранага воднага шляху E40, утворанага вярхоўямі ракі Днепр ва Украіне і ракой Прыпяць у Беларусі. Такое рашэнне было прынята па экалагічных і эканамічных меркаваннях.
Загадзя ясна, што будаўніцтва воднага шляху будзе суправаджацца каласальнымі зменамі гідралагічнага рэжыму ў межах асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага і міжнароднага значэння: тэрыторый Ізумруднай сеткі пад эгідай Бернскай канвенцыі, Рамсарскай угоддзяў і ТВП. Такое будаўніцтва не можа быць ажыццёўлена без страты каштоўнасці гэтых тэрыторый. Польскі кампанент праекта, улічваючы яго характар і маштаб, павінен быць прадметам адпаведнай экалагічнай ацэнкі па крытэрах Natura 2000, а таксама павінен адказваць Воднай рамачнай дырэктыве ЕС (Directive 2000/60 / EC, OJ L 327, 2000/12/22, p. 1-73 ).
Нагадаем, што Мінпрыроды Украіны бачыць пагрозу ў праекце воднага шляху праз рэкі Прыпяць і Дняпро і паказвае на яго яго бесперспектыўнасць, калі працэс будзе працягвацца ў законным полі. Зрэшты, на гэты конт існуюць сур’ёзныя сумневы, бо праект лабіруецца прадстаўнікамі прэзідэнцкай партыі Украіны, а працэс ўзгаднення старанна хаваюць ад украінскай і беларускай грамадскасці.
Ці магчымы Е40 як частка ініцыятывы «Пояс і дарога» (BRI — Belt and Road Initiative) — аднаўленне старажытнага Шаўковага шляху?
З аднаго боку, праект воднага шляху Е40 ўкладаецца ў намечаны шлях новага Шаўковых шляху, які злучае Нідэрланды з Турцыяй праз Украіну. З іншага боку, шлях Е40 не з’яўляецца ключавым звяном камунікацыі Нідэрландаў з Турцыяй і можа быць заменены наземнымі перавозкамі па ўжо існым аўтамагістралях і чыгуначным пуцям. Кампанія за адмену распрацавання і будаўніцтва воднага шляху StopE40 і Save Polesia выказвае свае апасенні: калі фінансаванне праекта будзе атрымана ў рамках BRI ад азіяцкага банка AIIB, то з’яўляецца вялікая рызыка таго, што экалагічныя і сацыяльныя наступствы ад рэалізацыі праекта Е40 не атрымаюць належнай увагі і будуць праігнараваныя. У 2015 годзе ЗША выказвалі свае сумненні аб тым, што AIIB ў стане прытрымлівацца высокіх стандартаў у кіраваніцтве пагрозамі для навакольнага асяроддзя:
Based on many discussions, we have concerns about whether the AIIB will meet these high standards, particularly related to governance, and environmental and social safeguards. — The Guardian.
Беларуская экалагічная кааліцыя накіравала скаргу супраць ўнутранага воднага шляху E40 ў Еўрапейскі Саюз у 2018 годзе. Эколагі заклікалі ЕС прызнаць петыцыю, падпісаную больш за 25 000 чалавек, аб спыненні праекта, які злучыць Балтыйскае і Чорнае мора. Апеляцыя была накіравана ад імя 45 няўрадавых арганізацый і шэрагу мясцовых жыхароў з трох краін: Беларусі, Украіны і Польшчы. Анлайн-петыцыі падпісалі таксама 23 371 рэзідэнтаў Польшчы.
Абаронцы Палесся звяртаюць увагу інвестараў на вельмі неспрыяльныя наступствы рэалізацыі праекта E40 і заклікаюць да канчатковай адмовы ад планаў па фінансаванні праекта.
Як я магу дапамагчы?
Вы можаце падпісаць петыцыю, адрасаваную ўрадаў Польшчы, Беларусі і Украіны. Рашэнне па гэтым пытанні яшчэ не прынята, і ваш голас можа на яго паўплываць. Калі вы прадстаўляеце нейкую юрыдычную асобу, вы можаце далучыцца да заявы для арганізацый.
Вы можаце асабіста распавесці пра гэтую праблему сваім родным і блізкім. І, вядома, вы можаце паставіць лайк або зрабіць репост ў сацыяльных сетках — чым больш людзей будзе ведаць пра гэта пытанне, тым больш шанцаў, што лёсавызначальныя рашэнні будуць прымацца не ў кулуарах, а з нашым удзелам.
Чым каштоўная Прыпяць і Палессе?
Прыпяць — адна з найменш сапсаваных чалавекам буйных рэк у Еўропе, і ўсё жыццё Палесся непарыўна звязана з ёй. У пойме Прыпяці штогод 1,5 мільёна птушак набіраюцца сіл падчас міграцыі, а ўсяго на Палессі зарэгістравана больш за 90% ад агульнай колькасці відаў птушак Беларусі. Тут знаходзіцца шмат рэдкіх біятопаў, напрыклад, унікальныя пойменныя дубровы і чорнаальховыя лясы, тут жыве вялікая колькасць ахоўных відаў жывёл і раслін, многія з якіх занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. А яшчэ Палессе — гэта балота, якія паглынаюць ў 20 разоў больш СО2, чым лясы той жа плошчы, і якія могуць моцна пацярпець праз змены гідралагічнага рэжыму ў рэгіёне. Водны шлях Е40 закране адні з самых каштоўных прыродных тэрыторый Беларусі: нацыянальны парк «Прыпяцкі», Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 11 рэспубліканскіх заказнікаў і шэсць мясцовых. З гэтых аб’ектаў 12 маюць міжнароднае значэнне.
Пазнаёміцца дэталёва з экалагічнымі і эканамічнымі наступствамі Е40 (брашура).
Сайты грамадскай кампаніі #Stop_E40 і міжнароднай партнёрскай кааліцыі Save Polesia
Перадрук матэрыялаў Багны магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»