Што адбываецца з малымі рэкамі ў Беларусі? Частка першая

У Беларусі хапае рэк. Воднае багацце вялікіх складаецца са шматлікіх малых — тысяч прытокаў, рачулак ды ручаёў. Але меліярацыя, неашчадная сельскагаспадарчая дзейнасць, змены клімату і адносіны выключна як да рэсурсу ставяць пад пагрозу само існаванне паверхневых водных крыніц. Мы паспрабавалі разабрацца, што не так з малымі рэкамі і як гэта можна выправіць.

Сапраўды Сінявокая

У нашай краіне налічваецца звыш 20 800 вадацёкаў рознай велічыні агульнай даўжынёй 90 600 км. З іх вылучаюцца 7 вялікіх, якія цягнуцца больш за 500 км: Заходняя Дзвіна, Нёман, Вілія, Днепр, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Але менавіта малыя рэкі складаюць аснову рачной сеткі Беларусі.

Малыя рэкі — гэта вадацёкі, што знаходзяцца ў адной геаграфічнай зоне і маюць даўжыню не больш за 100 км і плошчу басейна ў межах 1000-2000 км2.

У Сінявокай толькі рэк працягласцю ад 10 да 100 км налічваецца 1441, іх сумарная даўжыня — 31 000 км.

Найбольш густымі рачнымі раёнамі з’яўляюцца паўночны захад і паўночны ўсход Беларусі, якія належаць у першым выпадку — да басейна Нёмана, а ў другім — да басейна Дняпра і Прыпяці. Большая частка рачнога сцёку (59%) фармуецца ў межах краіны (мясцовы сцёк). Прыток вады з тэрыторый суседніх дзяржаў складае 41%.

Актыўна змянялася рачная сістэма ў Беларусі для сельскагаспадарчых мэтаў. У выніку сёння працягласць каналаў і водапрыёмнікаў складае больш за 165 000 км.

Але стан шматлікіх малых вадацёкаў і вадаёмаў выклікае сур’ёзную занепакоенасць экспертаў: узровень вады падае, рэкі высыхаюць, а каналы зарастаюць.

Якасны маніторынг негатыўных пераменаў не праводзіцца, а ініцыятывам, якія спрабуюць нешта змяніць, часта ствараецца больш перашкодаў у іх дзейнасці, чым дапамогі. Забруджванне навакольнага асяроддзя і глабальныя змены клімату толькі пагаршаюць сітуацыю.

Самыя чыстыя і самыя брудныя

Спецыялісты лічаць, што акрамя кропкавых прадпрыемстваў адной з асноўных прычын забруджвання малых рэк у Беларусі з’яўляюцца сцёкі з палёў у выглядзе парэшткаў угнаенняў ды хімічных рэчываў.

Найгоршая сітуацыя назіраецца ў байсейнах Заходняга Буга, Дняпра і Прыпяці.

Паводле звестак Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, самымі чыстымі рэкамі ў Беларусі, як вялікімі, так і малымі, з’яўляюцца:

  • Нёман вышэй Стоўбцаў (прыкладна ў 20 км, арыенцір — Мірскі замак);
  • Свіслач (ля вёсцы Сухая Даліна за 30 км ад Гродна);
  • Бесядзь каля Свяцілавічаў (за Бялынічамі, Магілёўская вобласць);
  • Іпуць (прыток Сожа, Магілёўская і Гомельская вобласці);
  • Прыпяць ніжэй Пінска;
  • Случ (прыток Прыпяці прыкладна там жа).

Найбольш забруджаныя рэкі:

  • Ясельда ніжэй і вышэй за Бярозу (Брэсцкая вобласць);
  • Свіслач (на паўднёвым усходзе Мінска, каля Каралішчавічаў);
  • Лошыца ў межах Мінска;
  • Пліса ў раёне Жодзіна (басейн Дняпра);
  • Вуша ніжэй Маладзечна (басейн Нёмана);
  • Морач каля Яськовічаў (прыток чыстай Случы, паўднёвей Салігорска);
  • Мухавец у раёне Кобрына;
  • Заходні Буг каля Рэчыцы, Навасёлак і Тамашоўкі;
  • Лясная Правая ля Камянюкоў (недалёка ад Белавежскай пушчы, цячэ таксама праз Польшчу);
  • Рудаўка (басейн Заходняга Буга, пару дзясяткаў кіламетраў ад польскай мяжы);
  • Гарынь (басейн Прыпяці, цячэ па Беларусі і Украіне).

Хадзіла галота, ды кругом балота

Адным з галоўных фактараў высыхання малых рэк у Беларусі з’яўляецца дзейнасць чалавека. Асабліва па іх стане ўдарыла меліярацыя. Першы вялікі план асушэння балотаў і рэк на тым жа Палессі быў створаны і ажыццёўлены яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя пад кіраўніцтвам адмыслоўцаў, якіх узначальваў генерал ад інфантэрыі, геадэзіст Іосіф Жылінскі. Але асаблівы размах меліярацыя набыла на Брэстчыне і Гомельшчыне ў пасляваеннай БССР, у выніку чаго было асушана звыш 2 мільёнаў гектараў. Гігантаманія і пагоня за рэкордамі пераўтварылі неабходныя ў шматлікіх месцах меры па ўдасканаленні сельскагаспадарчай дзейнасці ці пракладцы транспартных камунікацый у разбуральны наступ на навакольнае асяроддзе. Пры рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў не заўжды рабілася грунтоўнае даследаванне наступстваў, важна было даць вынік тут і цяпер. Але скідванне вады з балотаў глыбокімі канавамі прывяло да зніжэння ўзроўню грунтовых водаў, змены воднага, атмасфернага і цеплавога рэжымаў на асушаных тэрыторыях. У выніку змяніўся і склад фаўны ды флоры. Найбольшы эфект можна было назіраць на рэках і нават у калодзежах жыхароў прылеглых тэрыторый: узровень вады істотна ўпаў і не выпраўляўся ў наступныя гады.

Найлепшы эфект быў для меліяратараў: усе яны няблага зарабілі, бо кампанія фінансавалася з Масквы, а не з рэспубліканскага бюджэту. Пакуль вады хапала, а тарфяны пласт быў тоўсты, усё добра расло. Але з часам торф пад абганяльнымі культурамі скончыўся, і праступіў пясок. Рэкі змялелі, многія фактычна зніклі, частка ператварылася ў сцёкавыя канавы. Праз гэта зніклі рыбы, звяры, птушкі, злучаныя з рэкамі, што казаць пра расліны і бесхрыбтовых… Узровень вады ў студнях таксама абваліўся. А змяненне клімату і пераразмеркаванне ападкаў стала прычынай лакальных засух.

Даць новае жыццё Нараўцы

Часткаю пераўтварэнняў было і выроўніванне і рэгуляванне рэк. Прамы і паглыблены вадацёк хутчэй скідае ваду вясной, лепш асушвае поймавыя палі і лугі. Яго прасцей араць потым, бо вялікія плошчы адкрытыя для апрацоўкі. Менавіта гэтым і кіраваліся аўтары задуманых пераўтварэнняў. Але ў выніку не заўжды прадуманых дзеянняў павялічваўся нахіл новых руслаў і велічыня сцёку, што прыводзіла да паніжэння ўзроўню вады ў іх або ўвогулле да перасыхання. Выроўніванне рэк знізіла тэмп змешвання і ўзбагачэння вады кіслародам, абмежавала растварэнне забруджванняў, зменшыла колькасць біатопаў, раслінную і біялагічную разнастайнасць.

Як гаворыць спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях, які прасіў не згадваць яго імя, пакуль уласнасць на зямлю належыць дзяржаве, аднавіць рэчышчы малых рэк ці некаторыя іх участкі яшчэ магчыма цэнтралізаванымі дзеяннямі.

Так, напрыклад, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» плануе аднавіць частку Нараўкі ў беларускай частцы Белавежскай пушчы. Гэта не першая наша рака, якую вернуць у натуральнае рэчышча, але першая, дзе спатрэбяцца працы вялікага маштабу.

У Белавежскай пушчы ўжо вярнулі ў старое рэчышча малую раку Саломенку, былі і іншыя малыя вадацёкі. Але Нараўка — ужо рака сярэдняга ўзроўню, і дадзены праект мае транспамежнае значэнне. Яго рэалізацыя верне ваду дзікім і штучным экасістэмам, зменіць мясцовы мікраклімат, створыць умовы для пасялення птушак, звяроў і рыб. У святле будучага пагаршэння клімату гэта трэба рабіць тэрмінова.

Куды вада цячэ?

За станам водных рэсурсаў у Беларусі назірае Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага карыстання водных рэсурсаў» (ЦНДІККВР). У дадзеных, якія яны публікуюць штогод, можна знайсці інфармацыю аб тым, колькі водных крыніц маецца ў краіне, і азнаёміцца з гэтым можа кожны ахвотны.

  • Нягледзячы на павялічэнне ападкаў у 2017-2018 гг., заўважнае падзенне колькасці даступных водных рэсурсаў. Так, у 2020 годзе яны склалі 38,1 км3. Дадзеныя за 2021 год яшчэ не падведзеныя. За лета 2021-га ў сярэднім па Беларусі выпала 241 мм ападкаў, што складае 104% ад кліматычнай нормы летняга сезона. Адпаведныя дадзеныя за восень — 101%. Але з улікам прагноза метэаролагаў наконт халоднай зімы 2021-2022 гг. з дэфіцытам ападкаў чакаць істотнага павелічэння запасаў водных рэсурсаў у краіне наўрад ці даводзіцца.

ЦНДІККВР у 2017-2019 гг. праводзіў інвентарызацыю водных аб’ектаў краіны. Па яго выніках у кожным раёне былі зафіксаваныя негатыўныя змены. Так, найгоршая сітуацыя з малымі рэчкамі і крыніцамі назіраецца ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Вялікія рэкі таксама карацеюць: нават даўжыня Нёмана зменшылася на 11 км.

«Канешне, стан малых рэк моцна змяніўся. Прычым нават на працягу аднаго чалавечага жыцця. У гады маёй маладосці мы ўявіць сабе не маглі, што будзем набываць бутэляваную пітную ваду! А цяпер шмат для каго гэта — штодзённая рэальнасць», — кажа Наталля Парэчына, спецыялістка па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі, кіраўніца праграмы «Назіранне за рэкамі».

Дзеля выпрацоўкі мэтаў і метадаў паляпшэння сітуацыі з воднымі рэсурсамі была распрацаваная Стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змены клімату на перыяд да 2030 года. Гэта комплексны дакумент, які вызначае напрамкі дзейнасці дзяржавы па ахове і выкарыстанні прэснай вады ў бліжэйшае дзесяцігоддзе. Яго абнаўляе і карэктуе ЦНДІККВР па замове Мінпрыроды кожныя 10 год.

Усе мэты, прадстаўленыя ў ім, падзеленыя на некалькі груп: водныя рэсурсы і ўздзеянне на іх зменаў клімату; эканамічнае асяроддзе; ахова здароўя; маніторынг за станам падземных і паверхневых вод; землекарыстанне і ландшафты; біяразнастайнасць; сацыяльнае асяроддзе і культурная спадчына. Сярод мэтаў — аднаўленне не менш 15% парушаных тарфянікаў і захаванне 7 мільярдаў кубаметраў прэснай вады для ўстойлівага развіцця рэк і азёр. Дасягнуць гэта плануецца шэрагам дзеянняў, сярод якіх — мадэрнізацыя дрэнажнай і арашальнай сістэм у сельскай гаспадарцы. Рэалізоўваць запланаваныя дзеянні мусяць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады.

Але эколагі яшчэ на этапе абмеркавання праекта дакумента выказвалі шмат заўваг і дапаўненняў да яго зместа. Так, прапаноўвалася мадэрнізаваць меліярацыйныя сістэмы з асушальных у водарэгулюючыя, а таксама змяніць метадалогію ўліку водаў, каб разглядаць усе складнікі воднага балансу, а не толькі сярэдні паказчык рачнога сцёку.

Свае заўвагі да дадзенага дакумента і справаздачы па вызначэнні сферы ахопу стратэгічнай экалагічнай ацэнкі ў 2020 годзе прадставіла і экалагічная грамадскасць. Эксперты адзначылі курс перш за ўсё на эксплуатацыю прыродных рэсурсаў у стратэгіі. Амаль не ўлічваўся патэнцыял балотаў і малых рэк, пытанні забруджвання і аховы водных аб’ектаў.

Цяпер дакумент праходзіць працэдуру паўторнага ўзгаднення з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі з мэтай унясення яго для зацвярджэння ўраду.

ГЭС — гэта марнаванне грошай

Беларускія ўлады ўсё яшчэ не пакідаюць мараў аб будаўніцтве новых гідраэлектрастанцый. Пры гэтым большасць экспертаў сыходзіцца ў меркаванні, што гідраэнергетыка на раўнінных рэках прыносіць адныя страты.

Як мы ўжо згадвалі, цяпер у Беларусі налічваецца 51 ГЭС. Ці стане іх больш, пакажа час, але запуск Астравецкай АЭС на поўныя магутнасці паставіць пад пытанне існаванне нават дзеючых гідраэлектрастанцый. Ва ўмовах, калі лішкі электраэнэргіі няма куды падзець, будаўніцтва новых такіх аб’ектаў будзе проста марнаваннем грошай.

Акрамя фінансавых страт, ГЭС негатыўна ўплываюць на экасістэму рэк і павялічваюць выпарэнне вады за кошт будаўніцтва вялікіх вадасховішчаў. Міграцыя рыб пры гэтым ускладняецца ў разы.

Вярнуць балтыйскага ласося ў Беларусь

У краіне дзейнічаюць ініцыятывы, якія заклікаюць аднавіць былую біяразнастайнасць на малых вадацёках, згубленую ў выніку будаўніцтва плацін. Так, удзельнікі праекта «Захаванне прахадных балтыйскіх ласосяў у рэках Беларусі» спрабуюць павялічыць папуляцыю гэтага віда рыб у Віліі ды яе прытоках.

«У нашым праекце галоўнае — захаваць рэкі ў тым стане, каб ласосі мелі да іх доступ і маглі заходзіць на нераст. Яны палову жыцця ў моры, а палову — у рэках. Каб іх папуляцыя ў Беларусі не знікла зусім, ім трэба вярнуць страчаную магчымасць», — адзначае Ніна Палуцкая, лідарка праекта па захаванні прахадных балтыйскіх ласосяў у Беларусі.

Дзеля гэтага робяцца канкрэтныя захады: рэчышчы рэк прыводзяцца ў парадак, разбіраюцца бабровыя плаціны, адбываецца патруляванне на наяўнасць браканьераў, здзяйсняецца рэгулярны навуковы маніторынг ласосяў. Гэтыя захады даюць вынік: назіраецца пазітыўны трэнд на павелічэнне колькасці дадзеных рыб на адзначаных рэках.

Пры гэтым беларускія ўлады не займаліся нават пытаннем маніторынгу стану ласосевых у краіне.

«У нас жа Міністэрства РЭСУРСАЎ і аховы навакольнага асяроддзя! Нам жа спачатку патрэбныя рэсурсы, мы будзем накіроўваць грошы туды, адкуль можна нейкі тавар займець. А тут які тавар? Проста захоўванне важнага віда рыб», — канстатуе Ніна Палуцкая.

«Раней на Астравеччыну на нераст заходзіў балтыйскі ласось, але перакрыццё буйных рэк прывяло да таго, што гэты від застаўся толькі ў прытоках Віліі», — распавядае Аляксандр Дарашэвіч, каардынатар ініцыятывы Зялёнага дазора па Астравецкім раёне.

Па яго словах, некалі рыба з Нёмана даходзіла ажно да Мінска, але з пабудовай ГЭС каля Гродна без рыбаходаў рака згубіла сваё багацце.

«Варта адзначыць, што гэтую рыбу таксама ядзяць арлан-белахвост і скапа. А колькі месцаў, куды цяпер арлан не ляціць, таму што рыба туды не дабіраецца?» — пытаецца ён.

Працяг — у другой частцы артыкула…


Галоўнае фота — svt.grodno.by

Перадрук матэрыялаў Bahna магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Рака Уса, правы прыток Нёмана
Рака Уса, правы прыток Нёмана© fotobel.by
Каля вёсцы Слабодка Уса моцна здрабнела за апошнія 10 гадоў, фактычна ператварыўшыся ў ручай
Каля вёсцы Слабодка Уса моцна здрабнела за апошнія 10 гадоў, фактычна ператварыўшыся ў ручай© ru.wikipedia.org
А гэта ўжо рака Уша, правы прыток Бярэзіны
А гэта ўжо рака Уша, правы прыток Бярэзіны© ru.wikipedia.org
Даўжыня Ушы — 89 км
Даўжыня Ушы — 89 км© vadim-i-z.livejournal.com
Рака Пліса, правы прыток Бярэзіны, мае даўжыню ўсяго 64 км. Яна цячэ па тэрыторыі Смалявічскага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці і зараз у небяспецы, бо моцна забруджана
Рака Пліса, правы прыток Бярэзіны, мае даўжыню ўсяго 64 км. Яна цячэ па тэрыторыі Смалявічскага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці і зараз у небяспецы, бо моцна забруджана © photocentra.ru
У правага прытоку Заходняй Дзвіны — Сар’янкі ў Верхнядзвінскім раёне натуральны ўхіл перавышае 1 м/км, што больш характэрна для горных рэк
У правага прытоку Заходняй Дзвіны — Сар’янкі ў Верхнядзвінскім раёне натуральны ўхіл перавышае 1 м/км, што больш характэрна для горных рэк© planetabelarus.by
Рака Нараўка
Рака Нараўка© commons.wikimedia.org
«Спраставанне (каналізаванне) моцна ўплывае на жыццё ракі. Змяняецца гідралагічны рэжым, а за ім — раслінны і жывёльны свет. Для Белавежскай пушчы спраставанне шматлікіх рэк стала адной з прычын моцнага падзення ўзроўню грунтовых вод. Такія рэкі ўжо не пояць лес, а сушаць яго», — тлумачыць Віктар Фянчук, каардынатар праграмы па Беларусі Франкфурцкага заалагічнага таварыства.
«Спраставанне (каналізаванне) моцна ўплывае на жыццё ракі. Змяняецца гідралагічны рэжым, а за ім — раслінны і жывёльны свет. Для Белавежскай пушчы спраставанне шматлікіх рэк стала адной з прычын моцнага падзення ўзроўню грунтовых вод. Такія рэкі ўжо не пояць лес, а сушаць яго», — тлумачыць Віктар Фянчук, каардынатар праграмы па Беларусі Франкфурцкага заалагічнага таварыства.© Daniel Rоsengren / FZS
Натуральнае рэчышча ракі Нараўкі
Натуральнае рэчышча ракі Нараўкі© Daniel Rоsengren / FZS
Так выглядае цяпер пойма Волмы пасля выпроствання меліяратарамі
Так выглядае цяпер пойма Волмы пасля выпроствання меліяратарамі© facebook.com/alexandre.vintchevski
Тартак — галоўны ласосевы ручай у Беларусі
Тартак — галоўны ласосевы ручай у Беларусі© wildlife.by
Рака Лясная ў Брэсцкай вобласці дзіўнага хараства!
Рака Лясная ў Брэсцкай вобласці дзіўнага хараства!© photocentra.ru