Што адбываецца з малымі рэкамі ў Беларусі? Частка другая

Жывёлагадоўчыя комплексы і сельскагаспадарчая дзейнасць — асноўныя, хоць і не адзіныя пагрозы для існавання малых рэк у Беларусі. Праблемы нашых водацёкаў мы пачалі разбіраць у першай частцы матэрыяла. Зараз раскажам пра ўплыў глабальных зменаў клімату, лекаў, нітратаў, а таксама пра тое, як можна змяніць сітуацыю.

5 асноўных пагроз

Адмыслоўцы ў шэрагу найбольш актуальных для малых беларускіх рэк рызык асобна вылучаюць жывёлагадоўчыя комплексы і сельскую гаспадарку. Сцёкі гною з першых рэгулярна трапляюць у паверхневыя водныя крыніцы. А выкарыстанне мінеральных і арганічных угнаенняў пры вырошчванні сельскагаспадарчых раслін прыводзіць да вынасу біягенных рэчываў — азотных і фосфарных — у малыя рэкі.

У выніку чаго адбываюцца працэсы эўтрафікацыі. І гэта — нетыпова, паколькі звычайна рэкам уласцівы высокі біяабмен рэчываў. Але з-за зніжэння колькасці аб’ёму і руху вады разрастаюцца расліны-макрафіты, водарасці, прасцейшыя арганізмы, і пагаршаецца агульны стан ракі. І чым вадацёк драбнейшы, тым горшая там сітуацыя.

Яшчэ ў 2018 годзе спецыялісты фіксавалі пагаршэнне гідрахімічнага і гідрабіялагічнага стану такіх рэк, як Уза (5 км на паўднёвы захад ад Гомеля) ды Свіслач (каля п. Каралішчавічы).

«У нашым рэгіёне гэта рэкі басейна Шчары. Нават у летні перыяд на іх адбываецца зніжэнне аб’ёмаў растворанага кіслароду ў вадзе. Мы фіксавалі падобную сітуацыю ў вяр’хоўях Шчары ў Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнах, на рацэ Мышанка ў Баранавіцкім раёне ўлетку. Прычына менавіта ў зніжэнні стокаў і паступленні біягенаў», — расказвае Уладзімір Зуеў, старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш», дэпутат Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў.

Кепскі стан крыніц — вытокаў рэчак — трэцяя праблема, якую ён называе. Тыя рэкі, што сілкуюцца з грунтовых вод — верхаводкаў, маюць скачкападобнае паступленне вады, прычым не толькі ў межах аднаго года, але нават сезона. У выніку ўздзеяння ўсіх фактараў крыніцы слабеюць, а ў рэкі трапляе яшчэ менш вады.

Чацвёртая бяда — наступствы меліярацыі. Горш за ўсё рэкам, чый басейн быў асушаны і былі пракладзены меліярацыйныя каналы. Басейн некаторых вадацёкаў ужо сам ўяўляе з сябе меліярацыйную сетку.

«У гэтым годзе мы шукалі вытокі ракі Моўчадзь, — адзначае Уладзімір Зуеў. — Праглядзелі старыя мапы сто- ды пяцідзесяцігадовай даўніны і параўналі сітуацыю з сённяшняй. І, па сутнасці, цяпер Моўчадзь наогул пачынаецца з меліярацыйнага канала. Тое ж назіраецца на шматлікіх іншых рэках Беларусі, і гэта насцярожвае. Праблемы са станам меліярацыйных сетак і іх уплывам на рэкі пагаршае і радыкальнае змяншэнне колькасці спецыялістаў у аграгаспадарках, а часам і ігнараванне неабходнасці рэгулярнага правядзення пэўных тэхнічных мерапрыемстваў у гэтай сферы. На шматлікіх шлюзавых камерах нават звонку заўважна, што адпаведныя рэгулятары пакрытыя іржой. Бачна, што з імі не працавалі не тое што шмат год — дзесяцігоддзямі!»

Невыкарыстаныя плаціны — яшчэ адзін боль.

Шматлікія з іх непраходныя для рыб, і ў выніку рака «разрываецца» на некалькі арэалаў, не звязаных міжсобку.

Яны часта не абслугоўваюцца і нават не выкарыстоўваюцца. Гэта датычна старых плацінаў, былых млыноў ці малых ГЭС. У выніку маніторынгу эколагі аб’яднання «Неруш» выявілі ў Баранавіцкім раёне ў басейне адной толькі Сваротвы ажно 5 такіх аб’ектаў. А гэтая рака вядомая сваёй папуляцыяй стронгі ручаёвай, для якой гэтыя перашкоды маюць вельмі негатыўнае ўздзеянне.

Глабальныя змены клімату: Беларусь не адстае

Усё больш адчувальнымі для прыроды Беларусі становяцца глабальныя змены клімату. Рэкі і вадаёмы краіны адчуваюць недахоп ападкаў, зімы становяцца ўсё больш сухімі, а летам нярэдкімі сталі перыяды экстрэмальнай спёкі і нават засухі. Змяняецца і характар дажджоў: усё часцей здараюцца кароткатэрміновыя навальніцы, калі за лічаныя гадзіны выпадае рэкордная колькасць ападкаў. Такі рэзкі перапад у паступленні вады ў глебу не садзейнічае яе захаванню і папаўненню водных рэсурсаў краіны.

Запас водных рэсурсаў у Беларусі за апошнія 5 год, уключна з дадзенымі за 2020 г. © ЦНДІККВР
Запас водных рэсурсаў у Беларусі за апошнія 5 год, уключна з дадзенымі за 2020 г. © ЦНДІККВР

У выніку змены клімату не з’яўляюцца галоўнай прычынай высыхання малых рэк краіны. Яны служаць пэўным драйверам пагаршэння сітуацыі, калі адзін негатыўны эфект памнажаецца і паскараецца іншым. Пры гэтым эксперты мяркуюць, што калі б сітуацыя з воднымі рэсурсамі ў Беларусі не пагоршылася ў ХХ стагоддзі, то нават высокія тэмпературы, выкліканыя зменамі клімату, суправаджаліся б павышэннем вільготнасці. Засух удалося б пазбягаць, а працягласць ападкаў вырасла б. Гэта стварыла б дадатковы стымул для развіцця сельскай гаспадаркі.

Прагноз зменаў паверхневага сцёку ў Беларусі да 2035 года (сярэднегадавы) © ЦНДІККВР
Прагноз зменаў паверхневага сцёку ў Беларусі да 2035 года (сярэднегадавы) © ЦНДІККВР

Экаманіторынг для дзяцей і не толькі

Для таго, каб навучыць дзяцей і моладзь асновам маніторынгу за станам рэк і ашчаднаму да іх стаўленню, спецыялісты распрацавалі адмысловую адукацыйную праграму «Назіранне за рэкамі». Яна ўключае набор розных педагагічных матэрыялаў, падыходаў, тлумачыць методыку назірання за вадацёкамі і дае вялікі пласт ведаў пра экаманіторынг. Праграма ўжо зацверджана для па-за школьных заняткаў у Віцебскай і Гродзенскай абласцях, а з 2020 года дзейнічае і ў Мінску. Не менш за 30-40 школ ужо выкарыстоўваюць метадычныя і педагагічныя напрацоўкі праграмы.

«Яна адрозніваецца ад школьнага курсу, бо там у нас звычайна больш вывучаюць вадацёкі з геаграфічнага пункту гледжання. А ў нашай праграме мы робім акцэнт на значэнне малых рэк і неабходнасць іх зберагаць, бо любая вялікая рака складаецца з шэрагу маленькіх. І ўсе забруджванні з малых рачулак рана ці позна трапяць ў вялікія, таму пра іх трэба дадаткова клапаціцца», — распавядае Наталля Парэчына, спецыялістка па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі, кіраўніца праграмы «Назіранне за рэкамі».

Шмат увагі ў праграме надаецца і вывучэнню антрапагеннага ўздзеяння на водныя рэсурсы. Дзецям прасцей вывучаць стан вады ў роднай мясцовасці з дапамогай канкрэтных метадаў назірання.

Пры гэтым напрацоўкамі экспертаў можа скарыстацца любы ахвотны — метады даступныя не толькі школьнікам, але і дарослым. Стваральнікі праграмы таксама ладзяць адукацыйныя семінары, лекцыі, таму ахвотным больш даведацца пра стан рэчак у сваёй мясцовасці і навучыцца іх вывучаць ды аберагаць дакладна варта праяўляць актыўнасць.

Разам з вадой — нітраты, фасфаты ды шкодныя лекі

Яшчэ ў школе мы вывучалі кругазварот вады ў прыродзе. Гэта азначае, што забруджванне рэк і азёр, а таксама грунтовых вод рана ці позна прывядзе да пагаршэння стану вады ў калодзежах альбо крыніцах.

У праграме «Назіранне за рэкамі» асобны раздзел прысвечаны тэме нітратаў у пітной вадзе. Апошнія дзесяцігоддзі гэта сапраўды стала вялікай праблемай: нітраты трапляюць з жывёлагадоўчых комплексаў у рэкі, калі там парушаны правілы перапрацоўкі гною, альбо з дажджамі ці талым снегам увесну з сельскагаспадарчых палёў.

У выніку грамадскага маніторынгу выяўлена, што каля 70% усіх калодзежаў у Беларусі ужо маюць падвышаную канцэнтрацыю нітратаў. А гэта — прамая небяспека для здароўя чалавека.

Лічыцца, што вада ў калодзежах крыштальная, салодзенькая і чысцюткая. Але праблема нітратаў у тым, што іх не адрозніш па знешнім выглядзе, па смаку ці паху. Выявіць іх канцэнтрацыю можна толькі з дапамогай адмысловых аналізаў.

Раней невялікія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы мелі магчымасць раўнамерна размеркаваць наяўны гной на сваіх плошчах ці прадаць мясцоваму насельніцтву. Але цяпер у краіне будуюць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы на 100 тыс. галоў свіней ці на некалькі тысяч галоў кароў. Утвораны гной немагчыма цалкам размеркаваць і нават прадаць: яго невыгодна перавозіць, бо кошт на паліва перавысіць даход ад продажу.

У выніку шкодныя рэчывы трапляюць у рэчкі, і ў тых пачынаюць актыўна расці сіне-зялёныя водарасці, вада «цвіце», бо прыродныя механізмы яе самаачышчэння парушаюцца.

Але не толькі гной з’яўляецца прычынай эўтрафікацыі вадаёмаў. Яшчэ адны рэчывы — фасфаты — моцна уплываюць на колькасць шкодных сіне-зялёных водарасцяў. Адкуль яны бяруцца ў вадзе? Прычына простая: іх дадаюць у мыючыя сродкі для зніжэння жорсткасці вады.

У Еўрапейскім саюзе з 2012 года забаронена выкарыстанне фасфатаў у мыючых сродках, але ў Беларусі забароны няма. Галоўнае, каб іх канцэнтрацыя была не вышэй за 17%.

У выніку фасфаты з мыючых сродкаў трапляюць у сцёкавыя воды, а потым і на ачышчальныя збудаванні. Магчымасцяў тэхнічна вылучыць з водаў фасфаты, аддзяліць іх ды нейтралізаваць на айчынных прадпрыемствах пакуль няма.

Яшчэ адной крыніцай забруджання вады ў нашых рэках і вадаёмах сталі рэчывы з медыцынскіх прэпаратаў. Пасля іх выкарыстання праз фізічныя спаражненні яны трапляюць у каналізацыю. Шмат якія складнікі з лекаў негатыўна ўздзейнічаюць не толькі на стан вады, але і на яе насельнікаў. Тыя ж гарманальныя прэпараты і іх рэшткі негатыўна ўплываюць на рыб. З 1 верасня 2020 года Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі выдала тэхнічны кодэкс, у адпаведнасці з якім адыходы лекаў маюць трэці клас небяспекі. І ў 20 паліклініках сталіцы з’явіліся адмысловыя кантэйнеры для іх утылізацыі. У іншых гарадах краіны ўсталяваныя яшчэ 18, але з большага выключна высілкамі актывістаў.

Ці выратуюць дрэвы нашы рэкі?

Адной з мераў па паляпшэнні стану малых рэк у Беларусі магло б быць аднаўленне ў іх поймах зялёных насаджэнняў.

«Я перакананы, што неабходна прымаць праграму па пашырэнні паласы леса ўздоўж такіх рэк, — кажа Аляксандр Дарашэвіч, каардынатар ініцыятывы «Зялёны дазор» па Астравецкім раёне. — Варта вылучыць тыя ж 50 метраў ад вадацёка, калі ён праходзіць праз сельскагаспадарчыя зоны, і пасадзіць там дрэвы і іншыя віды расліннасці».

Аднак сярод спецыялістаў погляды на такую меру пакуль адрозніваюцца.

«Справа ў тым, што ў выніку зніжэння хуткасці ракі адбываецца накапленне арганікі, і на змену макрафітам водным прыходзяць хмызнякі — тая ж вярба ці альшына, — заўважае Уладзімір Зуеў. — Сваімі каранямі яны яшчэ больш запавольваюць хуткасць плыні. І ў выніку будзе назапашвацца яшчэ больш арганікі, якую рака не ў стане перапрацаваць. Гэта і прыводзіць да яе хутчэйшага памірання».

Вока не бачыць — душа не баліць

Уплываюць на стан малых рэчак і смеццевыя звалкі. Некаторыя кропкі збору адкідаў утвараюцца стыхійна, іншыя становяцца месцамі рэгулярнага забруджвання. Такая сітуацыя асабліва актуальная для сельскай мясцовасці, і не толькі праз недобрасумленнасць асобных грамадзян, але і з прычыны адсутнасці ў вёсках сістэмнага падыходу да сартавання смецця. Звычайна шмат хто з вясковых жыхароў пры яго назапашванні проста вывозіць куды падалей і пакідае. Эксперты мяркуюць, што з’яўленне ў сельскай мясцовасці сістэмы сартавання адкідаў пасадзейнічае ачышчэнню берагоў нашых рэчак і вады ў іх.

Неабходныя таксама рэгулярны кантроль і абсталяванне кропкамі збору смецця месцаў адпачынку ў летні перыяд. Асабліва актуальна гэта для «дзікіх» пляжаў ды берагоў рэчак. Але праяўляць пільнасць варта і экалагічна свядомым жыхарам краіны. Спецыялісты ўзгадвалі выпадкі, калі мясцовыя ўлады выкапвалі ў такіх месцах адпачынку яму для скідвання смецця, а потым, замест ачышчэння, перыядычна яе засыпалі і рабілі новую.

Хто адказны за перамены?

Як вядома, чым менш бескантрольна мы ўздзейнічаем на прыроду, тым менш негатыўных наступстваў мы атрымліваем. Але асновай пры выбары таго або іншага дзеяння мае быць якасны аналіз і маніторынг існай сітуацыі. Яго вынікі павінны быць даступныя для грамадства і экспертнай супольнасці.

Адмыслоўцы адзначаюць, што прыняцце новай Стратэгіі кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах зменаў клімату на перыяд да 2030 года не гарантуе якаснага выканання пастаўленых мэтаў на месцы. На думку Ігара Куталоўскага, спецыяліста ў галіне ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці, неабходна распрацоўваць лакальныя праграмы па вырашэнні пытанняў водных рэсурсаў. І ў ідэале гэтым павінна займацца кожнае сельгаспрадпрыемства асобна. Неабходна значна паляпшыць эфектыўнасць ачышчэння сцёкаў, а таксама кантраляваць зліў біягенных рэчываў з палёў. Апошняй мэты можна дасягнуць, абмежаваўшы выкарыстанне ўгнаенняў або стварыўшы эфектыўныя зоны, якія «вылоўліваюць» забруджванні, што зліваюцца з вадазборнага басейну.

«Я лічу, што ў воднай палітыцы Беларусі перашкодай з’яўляецца раз’яднанасць розных ведамстваў і адсутнасць рэгулярнага ўзаемадзеяння паміж імі. У выніку шмат праграм не дастасуюцца адна адной. Напрыклад, у нас, з аднаго боку, рэалізуюцца праграмы па рэнатуралізацыі балот, а з іншага — па аднаўленні асушаных раней меліяратыўных сетак», — адзначае Уладзімір Зуеў.

«Так, у Баранавіцкім раёне пару год таму ўклалі шмат грошай на аднаўленне меліяратыўнай сеткі каля вёскі Моўчадзь на аднайменнай рэчцы. Нягледзячы на пярэчанні мясцовых жыхароў, запланаваныя мерапрыемствы ажыццявілі, але грошы ў выніку проста «закапалі» ў зямлю. Назіранне за рэканструяванымі меліяратыўнымі сеткамі паказала, што там цяпер не вядзецца актыўная сельскагаспадарчая дзейнасць», — дадае ён.

Не замінаць і не быць абыякавым

Вялікія праекты па захаванні і выратаванні малых рэк Беларусі вымагаюць высілкаў дзяржавы. Але прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці просяць аб адным: не замінайце. Пераслед актывістаў і ліквідацыя экалагічных НДА ставяць пад пагрозу рэалізацыю шматлікіх праектаў, якія здольныя без удзелу дзяржавы вырашаць многія пытанні. Экспертны патэнцыял па ацэнцы сітуацыі на рэках Беларусі і ў іншых сферах аховы навакольнага асяроддзя праз гэта падае ў разы.

Шмат залежыць і ад простых грамадзян, і тут заклік экспертаў адзіны: не будзьце абыякавымі і не маўчыце! Кожны можа стаць мясцовым грамадскім і экалагічным актывістам і выяўляць крыніцы забруджвання рэчак: выпадкі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, фіксаваць сцёкі з дарог, на якіх актыўна прымяняюць солевыя сумесі, і шмат чаго яшчэ. Варта неадкладна паведамляць мясцовым інспекцыям прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя пра з’яўленне тых жа звалак смецця. Гэта важна для дзяржаўных структур, паколькі пасля аптымізацыі кадраў у іх часам не хапае сілаў для рэгулярнага маніторынгу сітуацыі. Пра выяўленыя праблемы неабходна інфармаваць экалагічных актывістаў і НДА, прыцягваць увагу СМІ і пашыраць звесткі праз сацыяльныя сеткі.

«Калі і надалей рабіць выгляд, што гэта вас не датычыцца, то перамены хутка не прыйдуць. Дзейснае заканадаўства не ідэальнае, але магчымасці па ўздзеянні на парушальнікаў у ім ёсць. Калі рэгіянальныя ўлады бачаць, што жыхарам усё адно, то яны і самі смела парушаюць заканадаўства», — дадае Аляксандр Дарашэвіч.

Пачатак — у першай частцы артыкула


Галоўнае фота — 2questions.be

Перадрук матэрыялаў Bahna магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Сцёкі брудных рэчываў
Сцёкі брудных рэчываў© grozny-news.net
Уза — правы прыток Сожа
Уза — правы прыток Сожа© wikimedia.org
Смеццевы палігон пад Гомелем каля Узы, якая заўжды трапляе ў ТОП самых забруджаных рэк
Смеццевы палігон пад Гомелем каля Узы, якая заўжды трапляе ў ТОП самых забруджаных рэк© anonimusi.livejournal.com
Вытокі ракі Моўчадзь каля в. Катмінаўцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яна пачынаецца фактычна з меліяратыўнай сеткі
Вытокі ракі Моўчадзь каля в. Катмінаўцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Яна пачынаецца фактычна з меліяратыўнай сеткі© google.maps
Рака Моўчадзь
Рака Моўчадзь© google.maps
Не рака, а сапраўдны канал!
Не рака, а сапраўдны канал!© google.maps
Яна ж
Яна ж© google.maps
Малая гідраэлектрастанцыя ў в. Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці на рацэ Моўчадзь
Малая гідраэлектрастанцыя ў в. Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці на рацэ Моўчадзь© be.wikipedia.org
Рака Крэчэт у межах горада Бяроза
Рака Крэчэт у межах горада Бяроза© Cуполка ЭКГА «Неруш» у VKontakte
Нітраты ў калодзежах Беларусі
Нітраты ў калодзежах Беларусі© zautra.by
Хто, калі не мы самі?! Валанцёры — асноўная рухаючая сіла ў маніторынгу за рэкамі і іх ачышчэнні ад смецця
Хто, калі не мы самі?! Валанцёры — асноўная рухаючая сіла ў маніторынгу за рэкамі і іх ачышчэнні ад смецця© Cуполка ЭКГА «Неруш» у VKontakte
© Cуполка ЭКГА «Неруш» у VKontakte
© Cуполка ЭКГА «Неруш» у VKontakte
© Cуполка ЭКГА «Неруш» у VKontakte
І тады рака скажа: «Дзякуй!»
І тады рака скажа: «Дзякуй!»© pibig.info