У Мінску пройдзе фестываль экалагічнага кіно «Планетарый»

З 6 па 11 лютага ў Мінску пройдзе міжнародны фестываль экалагічнага кіно «Планетарый». На ім будуць прадстаўлены фільмы з Францыі, ЗША, Швейцарыі, Канады, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, а таксама з Беларусі.

«Кіно — гэта заўсёды нагода для дыскусій. З дапамогай экалагічнага кіно мы хочам пагаварыць на тэмы, звязаныя з абаронай навакольнага асяроддзя, — дзеляцца арганізатары кінафестывалю. — Для фестывалю мы адабралі тыя кінастужкі, якія паказваюць не толькі праблемы, але і іх рашэнні. У фільмах распавядаецца пра людзей і іх натхняльныя гісторыі. Ад такіх прыкладаў сапраўды хочацца дзейнічаць».
Адкрые фестываль кінастужка «Поры года» («Les Saisons») ад стваральнікаў знакамітых дакументальных фільмаў «Птушкі» і «Акіяны» Жака Перрэна і Жака Клюзо. У кінастужцы «Поры года» распавядаецца пра прыгажосць еўрапейскіх лясоў, у тым ліку аб унікальнай ролі Белавежскай пушчы як адзінага ацалелага старадаўняга ляснога масіву.

[suyoutubeadvanced url=“https://www.youtube.com/watch?v=ZJFXDiGtwn0" width=“920” autohide=“yes” showinfo=“no” rel=“no”]Video with subtitles[/suyoutubeadvanced]

 

Акрамя кінапаказаў, на фестывалі будуць арганізаваны пляцоўкі для дыскусій і абмеркаванняў.

Паказы фестывалю пройдуць у кінатэатры “Піянер” (вул. Энгельса 20, ст. м. Кастрычніцкая / Купалаўская), прасторы .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а, ст. м. Першамайская).

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны, квіткі на кінастужкі ў «Піянеры» можна атрымаць у фае кінатэатра з 12.00 у дзень іх паказу.

Старонка кінафестывалю ў Facebook, Вконтакте.

[su_slider source=“media: 14809,14810,14811,14812,14813,14814” limit=“27” width=“920” height=“613” centered=“no” pages=“no” mousewheel=“no” autoplay=“6600”]

 

Праграма кінафестывалю
 

Поры года (2016, рэж. Жак Перрэн, Жак Клюзо, Францыя, 97 хв.)

6 лютага (панядзелак) 19.00.

кінатэатр “Піянер” (вул. Энгельса, 20).

Ад стваральнікаў дакументальных фільмаў «Птушкі» і «Акіяны» Жака Перрэна і Жака Клюзо. Тысячу гадоў таму Еўропа была пакрыта бясконцымі лясамі, дзе непадзельна кіравалі зубры, лісы, ваўкі, ласі і алені. Іх каралеўствам быў першабытны непралазны гушчар, які распасціраўся праз увесь кантынент. Сэрца яго знаходзілася ў Белавежскай пушчы — зараз, мабыць, адзіны захаваны яе фрагмент. У гэтым таямнічым лесе разгортваецца неверагодная гісторыя самай дзікай і яшчэ некранутай рукой чалавека прыроды.

 

Анёл Азуль (2014, рэж. Марсі Крават, ЗША, 74 хв.)

7 лютага (аўторак) 19.00.

кінатэатр “Піянер” (вул. Энгельса, 20).

Гэта дзіўная і прыгожая гісторыя працы брытанскага мастака і эколага Джэйсана дэКайрыс Тэйлара. Джэйсан стварае не проста штучны каралавы рыф, гэта першы ў свеце падводны парк скульптур. Яго крохкія далікатныя статуі, кожная з якіх зроблена з чалавечых мадэляў, ствараюць новы марскі рэльеф, які стане каралавым рыфам.

Але гэта не толькі фільм пра вядомага скульптара. Што адбываецца на дне мора, чаму каралы знікаюць, няўжо штучны рыф — гэта адзінае, што нам засталося? Як мы звязаны з морам і што будзе з намі, калі яно працягне змяняцца? Марсі Крават запрашае разам даведацца адказы на гэтыя пытанні.

 

Чалавек (2015, рэж. Ян Арцюс Бертран, Францыя, 191 хв.)

8 лютага (серада), 18.00.

кінатэатр “Піянер” (вул. Энгельса, 20).

“Чалавек” — трэці грандыёзны дакументальны фільм Яна Арцюса Бертрана. Прэм’ера фільма адбылася на Генеральнай асамблеі ААН. У дзень прэм’еры фільм выклалі на шасці каналах YouTube з субтытрамі на арабскай, англійскай, французскай, партугальскай, гішпанскай і рускай мовах. Велізарнае кінопалатно, што сабрала аповеды 2 тысяч людзей з 60 краін свету, магчыма, не адкажа на пытанне “Што робіць нас людзьмі?”, але стане адпраўной кропкай для дыялогу на гэтую тэму.

 

Публічная лекцыя “Як правесці экапрыязнае мерапрыемства”

9 лютага (чацвер), 19.00.

Прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).

Што ўлічыць падчас падрыхтоўкі мерапрыемства? Якія простыя дзеянні пры яго правядзенні дапамогуць не нашкодзіць прыродзе і як не стаць ахвярай “грынвошынга”? Проста, зразумела  і з гісторыямі з уласнай практыкі эксперт Цэнтра экалагічных рашэнняў раскажа пра тое, як правесці экапрыязнае мерапрыемства на любую тэму і атрымаць ад гэтага задавальненне.

 

“Экалагічнае кіно ў беларускім клімаце”. Паказ кароткаметражных фільмаў ад беларускіх аўтараў і дыскусія

10 лютага (пятніца), 19.00.

Прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).

Паказ работ маладых беларускіх рэжысёраў, пераможцаў праекта Kinosprint. Трагікамедыя пра тыповых беларусаў у стылі роўд-муві, прытча ў стылі пост-апакаліпсіс, фільм-напамін пра трагедыю ў савецкім мінулым, кароткі метр аб браканьерстве. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам аўтараў карцін і іншых беларускіх рэжысёраў, каб разам адказаць на пытанні: што такое экалагічнае кіно, як яго глядзець, ці цікавы такі напрамак нашым рэжысёрам, на якія тэмы можна здымаць экалагічнае кіно сёння.

 

Праграма кароткаметражных фільмаў (90 хв.)

11 лютага (субота), 19.00.

Прастора .PUNKT (вул. Кастрычніцкая 23а).

Самыя яскравыя кароткаметражныя фільмы на тэму аховы навакольнага асяроддзя з усяго свету. За адзін вечар вы ўбачыце анімацыю і дакументальнае кіно з Швейцарыі, Нарвегіі, Канады, Вялікабрытаніі, Ганконга, Іспаніі, Германіі, ЗША, Італіі.

Праграмы дэманструюцца на мовах арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

A3_blue_curves_cafes