Цяжкі шлях да ідэй
- Раздел: Остальное
- Автор: Ihar Suvorau
- Дата: 08.04.2013, 07:24
На працоўнай сустрэчы абаронцаў балот высвятлялі, як з дапамогай культуры і медыя павысіць увагу да праблемы.
Некаторым з нас вельмі цяжка прызнацца ў недахопе свежых ідэй, натхненняў, папрасіць дапамогі звонку. Смеласць, якую асоба недзе ўсё ж такі адшукала, каб пайсці да памагатых на “вуліцы”, вартая павагі. Калі з просьбай выступае не чалавек, а цэлая супольнасць, гэта таксама выклікае разуменне, а добрая ініцыятыва заўсёды знойдзе тых, хто адгукнецца.
На покліч грамадскай кампаніі “У абарону беларускіх балот” (http://bezbolot.net) адгукнуўся дзясятак паважаных журналістаў і творцаў, якія 4-га красавіка сабраліся у менскім Музеі Заіра Азгура. Паводле прэс-рэліза, арганізатары кампаніі звярталіся да крэатыўнага класу з досыць яснай просьбай: каб тыя прапанавалі культурныя і медыйныя мадэлі, з дапамогай якіх можна прабіцца да розума і сэрца беларускага абывацеля. Прабіцца з вельмі невялікай але важнай мэтай — прымусіць яго цаніць беларускія балоты. Звышыдэя “прабівону” — зыніцыяваць спажыўца выступіць супраць знішчэння балот.
Пасля прэзентацыі праекта ў абарону балотаў, які ідзе на Беларусі больш за паўгады, высветлілася, што лёгкага абмеркавання не будзе, і спачатку трэба прабіцца да самога крэатыўнага класу.

Прысутным не хапіла беглага агляду кампаніі, агучанага каардынатарам Вольгай Каскевіч. Больш за гадзіну ўдзельнікі працоўнай сустрэчы высвятлялі павільнасць мэты, адпаведнасць задачаў, рэлевантнасць рэсурсаў, моц метадалогій. Вакол стратэгіі балотнай кампаніі разгарнулася такая дыскусія, што нават мадэратару не заўсёды ставала энэргіі, каб завярнуць сустрэчу ў патрэбнае “балотнікам” рэчышча.
Трэба аддаць належнае, пад час “пральні” было выказана немала каштоўных ідэй. Фатограф і мастак Ігар Корзун заклікаў каардынатараў да больш празрыстай дэманстрацыі сваіх мэтаў. Як дадаў вядомы артыст Алег Хаменка, складваецца ўражанне, што прадстаўнікі кампаніі “нешта не дагаворваюць”.

Музыка прапанаваў больш глабальна падысці да абароны балот і паказаць іх ахову, як частку стратэгіі нацыянальнай бяспекі. Алег Хаменка нагадаў, што асушэнне балотных тэрыторый наўпрост вядзе да паніжэння ўзроўню грунтовых водаў. Гэта значыць, што звычайнай пітной вады, якой з кожным годам у свеце менее, на Беларусі таксама становіцца менш, бо сваю ваду мы бярэм з гэтага самага грунту. У падобным вымярэнні балотнай праблемай беларуская дзяржава мусіць займацца на самым высокім узроўні.
Каштоўныя заўвагі былі зробленыя па пытаннях развіцця працы з мясцовымі саветамі і дэпутацкім корпусам.
Фатограф і дырэктар выдавецтва “Рыфтур” Сяргей Плыткевіч папрасіў не забывацца пра канфлікты інтарэсаў, якія могуць паўстаць нават паміж прыхільнікамі балотаў. Гэтак, сайт “Дзікая прырода Беларусі” (http://www.wildlife.by) надае ўвагу паляванню, у тым ліку і на балотах, а гэта не можа станоўча ўспрымацца грамадскай кампаніяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
А 16:23 Вольга Каскевіч рэзюмавала, што, здаецца, дыскусія падыйшла да заяўленай мэты — абмеркаванню медыйных і культурных спосабаў па ўцягненню жыхароў у “балотную” арбіту.
У гэтай частцы сустрэчы у дыскутантаў засталося заўважна менш імпэту. Але і тут былі свежыя погляды і карысныя заўвагі. Журналістка Марына Загорская разгледзела праблему інфармацыйных нагодаў, якія б маглі трымаць градус увагі грамадства да балотаў.
Былі выказаныя ідэі пра выкарыстанне балотнай тэмы ў выставах, інтэрактыўных інтэрнэт-праектах, турыстычных публікацыяйх, экскурсійных выданнях і іншых формах.
Як заўважылі каардынатары напрыканцы, нягледзячы на ўсю скаладанасць дыскусіі, для іх было важна сустрэцца з аднадумцамі, пабачыць людзей, якія зацікаўленыя у “балотнай” тэме, выслухаць крытыку і паразважаць пра будучыя супольныя дзеянні.
Тэкст і фота: Раман Воранаў