Лес ці чалавек: пытанне аб тым, хто важней
- Раздел: Остальное
- Авторы: Ihar Suvorau
- Дата: 06.05.2015, 23:31
Ёсць не толькі гісторыя Белавежскай пушчы, але і гісторыя людзей, што жывуць побач. Як ім зрабіцца пачутымі, чым дапаможа сертыфікацыя запаведніка і што рабіць, калі сертыфікат не дадуць, расказалі прадстаўнікі грамадскасці на прэзентацыі фільма “Чорны бусел, Белы бусел”, арганiзаванага 3 траўня ў Каменюках, што побач з Белавежскай пушчай.
Фільм аб сацыяльнай гісторыі Белавежскай пушчы
“Я зрабіла гэты фільм, каб звярнуцца да канфлікту: тыя, хто любіць прыроду і трапляе ў пушчу, шукаюць гэтую жывую прыроду. Але пушча мае і сацыяльную гісторыю”, – пачынае расповед Юніс Блаваскунас, прафесар антрапалогіі і дацэнт дэпартамента экалогіі і навакольнага асяроддзя Вітманского каледжа (Whitman College, Уола-Уола, штата Вашынгтон (ЗША).

Яна, рыхтуючы доктарскую дысертацыю на факультэце Aнтрапалёгii i Экалёгii Каліфарнійскага ўніверсітэту, стварыла этнаграфічны дакументальны фільм пра жыхароў польскай вёскі ля самай Белавежскай пушчы. Фільм выйшаў у 2014 годзе пад назвай “Чорны бусел, Белы бусел” ( “Black stork, White stork”).
Першую ў Беларусі прэзентацыю з перакладам зладзілі працоная група “Ахова дзікай прыроды Беларусi” у асобе ГА “Багна”, таварыства “Зялёная сетка” і ГА “Брэсцкае абласное аддзяленне Ахова птушак Бацькаўшчыны” i мясцовы дабрачынны фонд «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці». Магчыма, будзе прэзентацыя ў Мінску.
Лесаўпарадкаванне як спосаб успрымання
Тое, што называецца лесаўпарадкаваннем, вельмі моцна ўплывае на жыццё людзей, – так лічыць арганізатарка прэзентацыі Марыя Аўхімовіч, сяброўка ГА “Багна”:“У фільме паказана, як змяняюцца адносіны да прыроды ў людзей, які выраслі побач з пушчай, калі ёй кіравалі па розных стратэгіях: высякалі і саджалі – гаспадарчыя адносіны, прыйшлі экалагічныя праграмы – пушчу пачалі ўспрымаць як векавы лес, які трэба абараняць”

Лёс мясцовых жыхароў і ў Беларусі моцна звязаны са спосабам кіравання. Узяць хаця б Каменюкі: аграмястэчка на тысячу з нечым чалавек. З іх большасць працуе ў пушчы, а калі хто не паразумеўся з дырэктарам – іншую працу знайсці цяжка, бо яе амаль няма.
FSC: сертыфікат аб тым, што людзей пачулі
Стварыць зваротную сувязь, каб і людзі ўплывалі на лёс лесу, прапануюць грамадскія арганізацыі, можна выкарыстоўваючы такi iнструмент, напрыклад, як FSC (“Ляснога апякунскага савету”) – міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі, у якую ўваходзяць дзяржструктуры, грамадскія арганізацыі і прыватныя асобы. У Беларусі па гэтай схеме сертыфікавана 76% лясоў.Белавежская пушча зараз праходзіць яе (з 4 па 8 траўня 2015), і гэта азначае, што яна мае шанец атрымаць сертыфікат як прызнанне, што сумяшчае прынцыпы ўстойлівага развіцця, атрымання эканамічных выгодаў і ўлічвае сацыяльны аспект.
Гэта фактычна падштурхоўвае людзей да пытанняў узаемаадносiн – лес і чалавек. Эколагі акцэнтуюць на ўдзеле людзей у кіраванні:
“Важна тое, што вялікае значэнне маюць веды і пажаданні мясцовага насельніцтва, – падкрэслівае Андрэй Абрамчук з Брэсцкага аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. – Гэта дае магчымасць удзельнічаць у кіраванні любым зацікаўленым асобам і, канешне, для нашай краіны гэта новая з’ява”У розных краінах па-рознаму кіруюць запаведнымі тэрыторыямі, і Андрэй прывёў прыклад з фільму: калі ў Польшчы, каб пашырыць запаведную зону, трэба спытаць людзей, то ў Беларусі – не. Бываюць праблемы і нашмат больш вострыя, выяўна адмоўныя, дзе супрацоўнікі выконваюць, але не ўплываюць на рашэнні.
Адна з праблем пушчы звязаная са спадчынай запаведна-паляўнічай гаспадаркі, – так мяркуе Мікалай Чэркас з мінскага аддзялення “АПБ”, з 1992 па 2009 супрацоўнік Белавежскай пушчы.
“Паляўнічая і лясная гаспадарка несумяшчальныя. Калі мы захаваем пушчу для палявання, то страцім яе як лясны масіў”, – кажа Мікалай. І наадварот
Мясцовы жыхар: “Людзі хацелі б нешта сказаць! Але каму?”
Вырашэнню гэтай праблемы мог бы паспрыяць удзел людзей, як гэта было ў выпадку кампаніі “У абарону беларускіх балот”. У выніку яе некаторыя тэрыторыі пазбеглі асушэння:“Нашая мэта напрацягу двух год была ў тым, каб аб’яднаць жыхароў, грамадскасць, спецыялістаў і тых, хто прымае рашэнні. – кажа Вольга Каскевіч, старшыня ГА “Багна”. – Мы сутыкнуліся з тым, што мясцовыя жыхары розных вёсак не бачаць свайго месца ў працэсе кіравання і прыняцця рашэнняў”
“Разумееце, у нас няма такога органа, які змог бы ўдзельнічаць у гэтым, – кажа як пра відавочнасць Рыгор Краўчук. Ён мясцовы жыхар і 46 год працаваў у пушчы. – У Польшчы крыху прасцей, там у навуковы савет і з гміны могуць прыйсці людзі са сваёй праўдай. А ў нас кіраванне – праз нараду ў дырэктара. Навуковы савет можа нешта прапанаваць як дарадчы орган. Ці паслухае дырэктар, ці не? Грамадскасць гэтага абсалютна не датычыцца. Людзі тут хацелі б нешта сказаць, канешне! Але як сказаць, каму? Старшыні сельсавету? Ён не ўплывае ні на што, нават калі сходзіць да дырэктара”

Куды накіраваць заўвагі па Белавежскай пушчы
Адной з кропак уваходу для жыхароў мясцовасцi прадстаўнікі грамадскасці лiчаць сертыфікацыю FSC. Пушча пройдзiць сертыфікацыю – i кожны можа накіраваць заўвагі па парушэннях у ёй у FSC. Вынік аўдыту ў пушчы будзе вядомы праз 90 дзён пасля заканчэння (8 траўня). У такім разе праверкі зробяцца штогадовымі.“У лютым 2015 года мы зачынілі грамадскую кампанію “У абарону беларускіх балот” як праект і вырашылі пашырыць дзейнасць, – тлумачыць Вольга Каскевіч. – Мы ўбачылі, што сама сістэма кіравання тэрыторыямі мае мноства праблем, і вырашылі паглядзець комплексна на пытанне кіравання ўсёй лясной тэрыторыяй”З 2015 года ўтварылася працоўная група пад назвай “Ахова дзiкай прыроды”, якую курыруе “Багна” і таварыства “Зялёная сетка”.
Ганна Валынец
Матэрыял створаны ў рамках дзейнасці рабочай групы “Ахова дзікай прыроды Беларусі“