Кампраміс па Дакудаўскім заказніку: 292 га торфазаводу, каб захаваць астатняе

• Раздел: ООПТ
• Автор: Ihar Suvorau
• Дата: 14.06.2014, 05:00

22 мая 2014 году прэзідэнт падпісаў акт выбару ўчастка. Сітуацыю каментуюць спецыялісты.
“Мы працуем пост-фактум”
“Было б цынічна сказаць, што гэта добра, – кажа пра адвод тэрыторыі Дзмітры Грумо, намеснік дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі. – Але сітуацыя такая, што мы працуем пост-фактум: ёсць знакамітае 794 пастанаўленне Савета міністраў, і перад намі як навукоўцамі стаяла задача зрабіць мінімальнымі яго экалагічныя наступствы.”
Паводле пастанаўлення №796 500 гектар заказніка Дакудаўскага мусіць адысці да торфазавода. Балота заказніка – адно з тых, што аховаюцца дзяржавай і якія эколагі намагаліся захаваць некранутым у межах кампаніі “Без балот”.

Нягледзячы на унікальнасць тэрыторыі, на самую паўднёвую на Беларусі і ў Еўропе папуляцыю марошкі і адна з двух у Беларусі папуляцый сфагнума мяккага, больш за 80% заказніка ў крытычным ці парушаным стане праз пажары прылягаючых тэрыторый.

А пажары, паводле Дзмітрыя, акурат з’яўляюцца наступствамі торфаздабычы. Сёння толькі 5-6 з 900 гектар балота даюць уяўленне пра тое, што там было да яе.

“Балота асушанае амаль з усіх бакоў і па перыферыі моцна згарэўшае, – тлумачыць Аляксандр Казулін, кандыдат біялагічных навук з навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. – Перыферыя, нават там, дзе не здабывалі торф, атрымалася апушчанай нават у параўнанні з цэнтральнай часткай дзесьці на метр (паводле Дз. Грумо, 60-70 см – аўт.)
Адзін з экспертаў называе такое рашэнне кампрамісам, другі кажа, што быў не супраць. Чаму ж? А таму што такое рашэнне атрымаласся сапраўды кампрамісам: торфазавод займаецца распрацоўкамі адной часткі тэрыторыі і займаеццца аднаўленнем другой.

Вось умовы, на якіх навукоўцы перадаюць землі і якія мусяць дапамагчы папуляцыі ахоўваемых відаў раслінаў:

Будаўніцтва загароджваючых супрацьфільтрацыйных дамб. (частку тэрыторыі заказніка ўжо забалачваў ГЭФ);

Паэтапны ўвод у эксплуатацыю ўчасткаў торфаздабычы: адпрацавалі ўчастак – рэабілітавалі, то бок забалоцілі;

Правядзенне прац па экалагічным маніторынгу;

Кампенсацыйныя страты мусяць абавязкова сыходзіць з экасістэмных стратаў біялагічнай разнастайнасці.

Спаленую частку балота аддаюць, каб былі грошы ўратаваць астатняе

На думку Аляксандра Казуліна, перадаць перыферыю заказніка торфазаводу – “адзіны магчымы варыянт захаваць цэнтральную частку”:

“Там, дзе супрацьфільтрацыйная дамба, на поўначы, падняўся ўзровень вады, пачаў з’яўляцца сфагнум… Па перыферыі здабычы завод пабудуе такую ж, і мы адновім цэнтральную частку – у ёй таксама трэба падвышаць узровень вады. Калі яны сыйдуць, зробім каскад, верхавое і нізіннае балоты. Такі ў нас план. Бо глядзець, як хутка растае цэнтральная частка, не вельмі добра.”
Прынятае па Дакудаўскім рашэнне абмяркоўвалі на пасяджэнні Міжведамаснага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Рамсарскай канвенцыі з удзелам навукоўцаў, прадстаўнікоў грамадскасці, прадстаўнікоў Мінпрыроды, Мінэнергетыкі. На пытанне, што ж думаюць у самім сакратарыяце Рамсаарскай канвенцыі, Дзмітры Грумо адказаў “нічога”:
Гэтая тэрыторыя не можа разглядацца ў якасці перспектыўнай для Рамсаарскай тэрыторыі, яна не адпавядае крытэрам…

Канешне, будуць абвінавачваць, што мы парушылі [тэрыторыю заказніка], але… гэта ўзважаны кампраміс… Мы лічым, што галоўнае – зберагчы ядро.

“Выкарыстанне прыродаахоўных тэрыторый ненадоўга працягвае жыццё прадпрыемстваў”

У спіну 794 пастанаўленню выказваецца Ігар Чульба, каардынатар праектаў ПРААН (удзельнічаў ў забалачванні часткі Дакудаўскага):

“Мы не вітаем, калі прыродаахоўная тэрыторыя аддаецца для распрацоўкі торфа і лічым, што можна знайсці іншыя, больш экалагічныя шляхі выкарыстання торфу: напрыклад, вытворчасць біялагічна актыўных рэчываў. Выкарыстанне прыродаахоўных тэрыторый, як паказваюць даследванні, працягвае жыццё прадпрыемстваў год на 10-20,а пасля праблема вернецца.”
Ігар спадзяецца, што запэўніванню ў тым, што торфараспрацоўкі не паўплываюць на раней забалочаныя тэрыторыі, можна паверыць. Хаця, канешне, адваротны сыход можа адбіцца на стасунках Глабальнага экалагічнага фонду з Беларуссю.

“Гаспадарамі гэтых усіх рэсурсаў з’яўляюцца тарфяныя прадпрыемствы”

Сам дырэктар “Лідскага торфабрыкетнага заводу” Залескі Іван падчас прэс-туру 5 чэрвеня 2014 году запэўніў, што плаціна абазкова будзе пабудаваная:

“Працы адназначна будуць пачатыя з супраціфільтрацыйнай дамбы для захавання астатняй тэрыторыі. Мы будзем намагацца ні ў якім разе не прыносіць ніякага ўрону тэрыторыі Дакудаўскага заказніка.”

Адметная пазіцыя дырэктара наконт таго, належаць землі птушкам, эколагам ці прамыслоўцам: тарфянікі СССР былі замацаваныя за торфапрадпрыемствамі, але

“не маглі распрацоўвацца ўсе адначасова, і таму некаторыя з іх былі перададзеныя ў часовае карыстанне… Наш заказнік – ваенпраму пад палігон. А калі патрэба адпала, вырашылі – зробім заказнік рэспубліканскага значэння. Гаспадарамі гэтых усіх рэсурсаў з’яўляюцца тарфяныя прадпрыемствы.”
На фоне такога меркавання ўмовы эколагаў насамрэч падаюцца вырваным у завода кампрамісам ва ўмовах, калі для ўсіх актуальнае пытанне грошай, а абодва бакі дужаюцца за тэрыторыю.

Ганна Валынец, Greenbelarus.info