Калі ў нагах праўда ёсць

  • Раздел: ООПТ
  • Авторы: Ihar Suvorau
  • Дата: 16.02.2017, 20:20

Беларускія ваўкі — вялікія дыпламаты. Ведаючы несамавітую рэакцыю людзей на сваё з’яўленне ў наваколлі, ваўкі прыстасаваліся выходзіць з леса пераважна ў медыя–прастору. І там, самымі мірнымі сродкамі — уласнымі лапамі — ваўкі даводзяць, што з’яўляюцца куды лепшымі эколагамі і гаспадарамі, чым паляўнічыя і людзі наогул. Прабягаючы ў сярэднім па 20 кіламетраў у дзень з GPS-перадатчыкам на шыі, ваўкі распавядаюць свае гісторыі з дапамогай фактаў у воўчым блогу Vouk.by.

Навошта аленю рогі
Воўчы блог з’явіўся ў снежні мінулага года дзякуючы добраахвотным высілкам каманды EPAM і ініцыятыве АПБ. Частка кантэнту там сапраўды генеруецца самімі ваўкамі — на інтэрактыўнай мапе можна пабачыць каардынаты іхніх перасоўванняў, лініі паслядоўных перабежак і тэрытарыяльныя межы асобных ваўкоў і іхніх зграяў. Гэтыя дадзеныя збіраюцца ў межах прыродаахоўнага праекта ў Белавежскай пушчы, які сумесна вядуць нацпарк, АПБ і Франкфурцкае заалагічнае таварыства. Даследчыкаў цікавіць, як павелічэнне запаведнай зоны нацпарка ўплывае на ягоную экасістэму.

vouk-map

Чаму ж быў створаны менавіта воўчы блог? Пра гэта варта распавесці. У Беларусі засталося толькі два месцы, дзе прыродныя экасістэмы маюць шанец развівацца па ўласных законах. Першае — гэта Бярэзінскі біясферны запаведнік, дзе забаронена любое ўмяшальніцтва чалавека ў прыроду. А другое — запаведная зона нацпарка «Белавежская пушча», дзе ўжо некалькі гадоў дзейнічае мараторый на паляванне на воўка. І менавіта воўк дае пушчанскай экасістэме шанец на будучыню.

Вядома, ваўкі не адзіныя стварэнні, якія ўплываюць на экасістэму. Але яны адносяцца да галоўных відаў, якія яе фармуюць. Як, напрыклад, дзятлы, што робяць дуплы, у якіх могуць сяліцца іншыя птушкі. Ці як бабры, якія будуюць плаціны і тым самым забалочваюць навакольныя тэрыторыі, уплываючы на віды істотаў, якія там жывуць. І ўсе гэтыя ўзаемадзеянні адбываюцца пры захаванні экалагічнай раўнавагі. Акрамя асобных выпадкаў, калі мае месца канфлікт інтарэсаў.

[supullquote align=“right”] Волчьи норы. Ученый с мировым именем жалуется на браконьерство в заказнике[/supullquote]

Справа ў тым, што ваўкі — адзіныя ў Беларусі стварэнні, якія вымушаныя канкурыраваць з чалавекам за здабычу. Кропкай перапоны з’яўляюцца алені. Згодна з даследваннямі, алень складае тры чвэрці рацыёна пушчанскага воўка. І алень жа з’яўляецца асноўнай дзічынай у Беларусі. На адным толькі самцы з дастаткова вялікімі рогамі паляўнічая гаспадарка можа зарабіць да 3.5 тысяч эўра. Таму паляванне на ваўкоў дазволенае цягам усяго года, а аленяў паляўнічыя гаспадаркі яшчэ і разводзяць спецыяльна.

Але калі з пункту гледжання некаторых людзей паляванне ваўкоў на аленяў — гэта марнаванне грошаў, то з пункту гледжання экалогіі, паляванне чалавека на аленя — гэта мардаванне ўсёй экасістэмы. Нельга па-бухгалтарску падлічыць колькі аленяў з’ядае за год воўк і пасля з лёгкім сэрцам забіць і ваўка і аленяў, як быццам бы ўсе роўна так і адбылося б. Экасістэмы куды болей складаныя, чым харчовы ланцужок, дзе алені жывяцца парасткамі дрэў, а потым пападаюць ваўкам на зуб. І тут вельмі важна, хто забівае каго і як гэта адбываецца.

[caption id=“attachment14758” align=“alignnone” width=“1288”]02 Здымак з фотапасткi “<a href=“http://www.ptushki.org/fotolovushki/index.html" target=”blank”>Канала дзікай прыроды з Белавежскай пушчы“[/caption]

Бяжы, воўк, бяжы
Вернемся да пушчанскага прыродаахоўчага праекта. Каб узяць удзел у даследванні, пушчанскі воўк мусіць трапіць у спецыяльны капкан і атрымаць ашыйнік — або просты каляровы, або з GPS–перадатчыкам. Каляровыя ашыйнікі дапамагаюць навукоўцам ідэнтыфікаваць «сваіх» ваўкоў, калі тыя праходзяць перад аб’ектывамі фотапастак. Ашыйнікі з GPS–перадатчыкамі больш дакладныя. Яны рэгулярна адсылаюць каардынаты ваўкоў даследчыкам, каб тыя маглі адсочваць іх перасоўванні і наведваць кропкі, дзе ваўкі праводзілі досыць доўгі час.

[supullquote align=“right”]Аўдыёаповесць «У воўчай скуры»[/supullquote]

Здаецца, аб чым могуць паведаміць каардынаты воўчых падарожжаў? Бегае сабе драпежнік па лесе, аленікаў спажывае. Але не. Воўк бяжыць, і ўся лясная прастора змяняецца адпаведна ягонаму шляху.

Палякі на сваім баку пушчы даследвалі тое, як паводзіць сябе алень, калі адчувае паблізу пах воўка. І па дадзеных з фотапастак бачна, што алень вельмі насцярожаны і з’ядае ў тры разы менш маладых дрэўцаў, чым у больш спакойных умовах. Калі ж да паха воўка далучаюцца іншыя ўмовы — стары лес з вялікай колькасцю карчоў — тэрыторыя не праглядаецца і цяжка заўважыць драпежніка ў засадзе, то алень амаль цалкам губляе апетыт і ідзе шукаць сабе іншай сталоўкі. То бок нават не прысутнасць, а толькі сляды воўка моцна ўплываюць на паводзіны аленя.

[caption id=“attachment14760” align=“alignnone” width=“1299”]Фото Никиты Бышнёва, киностудия "Aves" Фото Никиты Бышнёва, киностудия <a href=“http://aves.by/" target=”blank”>Aves[/caption]

Чаму ж так важна, каб алень дрэнна харчаваўся? Аленяў зашмат — іх разводзяць паляўнічыя гаспадаркі, а драпежнікаў наадварот адстрэльваюць, і гэта парушае экасістэмную раўнавагу. Напрыклад, алені аб’ядаюць амаль усе маладыя дрэўцы, перашкаджаючы лесу аднаўляцца. Ваўкі ж ганяюць аленяў, прымушаючы іх абмінаць воўчыя месцы і маршруты, і за некалькі гадоў маладыя дрэвы там паспяваюць перарасці «небяспечны ўзрост».

Гэта дарэчы добра не толькі для састарэлай пушчы, але і для чалавека, бо дазваляе яму ашчаджаць на штучнай лесапасадцы. Ды і алені пачынаюць выбіраць больш адкрытыя месцы для спажывы і, напрыклад, не даюць зарастаць пойменным лугам, захоўваючы месца пражывання многіх відаў жывых істотаў.

Воўчымі слядамі
Акрамя ўсведамлення доўгатэрміновых эфектаў для пушчы, за воўчымі падарожжамі проста цікава назіраць. Напрыклад, як пушчанскія ваўкі ставяцца да межаў, усталяваных чалавекам. На мапе ў блогу відаць, што ў Польшчу беларускія ваўкі не бегаюць, а вось польскія бывае наведваюць беларускіх «сваякоў». Даследчыкі лічаць, што ў Польшчы, дзе ўжо даўно не палююць на ваўкоў, зграі мацнейшыя, і таму нашыя ваўкі польскіх баяцца.

Затое беларускія ваўкі не баяцца гарматных стрэлаў, паляўнічых і вайскоўцаў. Нават у самой пушчы ваўкі палююць пераважна не ў запаведнай зоне, дзе ніхто не падкормлівае іх улюбёных аленяў, а ў гаспадарчай, дзе капытных нашмат больш, але затое і самога ваўка могуць падстрэліць.

А воўк па мянушцы Васіль наогул збягае з пушчы ад вачэй даследчыкаў на бярозаўскі палігон, дзе выдатна палюе на тых жа капытных падчас вайсковых вучэнняў з парашутамі, верталётамі і выбухамі. Паколькі паведамленні з каардынатамі адтуль даходзяць рэдка, навукоўцы нават вырашылі паставіць фотапасткі і там, каб не сумаваць па Васілю, калі ён знікае надоўга.

vouk-profil

Блог дазваляе пазнаёміцца і з самімі ваўкамі, іхнімі звычкамі і характарамі, а не толькі з іхняй роляй у экасістэме. Нездарма супрацоўнікі праекта далі кожнаму ваўку па мянушцы — яны ўсе розныя і ўсе цікавыя. Акрамя мапы з воўчымі маршрутамі даследчыкі стварылі профілі ўсіх ваўкоў з GPS-перадатчыкамі, размясцілі іх фота, памеры і нават біяграфіі. Да таго ж супрацоўнікі праекта стараюцца абходзіць усе дасланыя ваўкамі кропкі.

[supullquote align=“right”]Усё пра ваўкоў у навiнах Багны[/supullquote]

Часам на такіх кропках можна знайсці косткі з поўсцю – рэшткі воўчых абедаў, а іншым разам проста заўважыць прымятую траву — там воўк адпачываў. Аднойчы знайшлі загінулую ваўчыцу з ашыйнікам. А калі супрацоўнікі прайшліся шляхамі ваўка Васіля, то змаглі адчуць атмасферу, у якой ён жыве на палігоне — са стрэламі, выбухамі i вялікай колькасцю ваеннай тэхнікі. Такі абыход воўчых кропак дазваляе дапаўняць мапу фотаздымкамі і абмалёўкамі воўчых прыгодаў у канкрэтных месцах.

Спадзяемся, што блог будзе абнаўляцца, а пакуль — бяжы, воўчык, бяжы.

Марыя Аўхiмовiч для Багна