Дзе на Беларусі жыве Балотны Цмок і дзе ляжыць Камень Кахання

  • Раздел: Болота
  • Авторы: Ihar Suvorau
  • Дата: 06.10.2016, 00:11

Згодна легендам і паданням беларусаў у балотах, лясах, цяжкадасягальных гушчарах жывуць розныя нячысцікі: багнавікі, лясуны, мары. Шмат міфічных істотаў звязаныя «лёсам» з азёрамі, валунамі, урочышчамі. Некаторыя з цяперашніх ахоўных прыродных аб’ектаў як раз прывязаныя да ўнікальных мясцінаў, некранутых чалавекам.

Разам з непралазнымі пушчамі, дрыгвой, вялізнымі валунамі ахоўныя тэрыторыі атрымалі ў падпарадкаванне вянок з легендаў і паданняў, якія людзі пра іх распавядалі. Рэдкі помнік прыроды не ўпісаны ў фальклор мясцовых жыхароў.

Вобраз цмока, ці дракона, — адзін з самых моцных і знакавых вобразаў у сусветным і у тым ліку беларускім фальклоры. У міфалогіі кожнага народа ёсць легенды пра злых істот, якія перашкаджалі людзям мірна жыць. Былі такія і ў старажытных жыхароў Беларусі. Называлі іх цмокамі. Асабліва страшэнныя мелі па некалькі галоў. Найбольш знакамітым праціўнікам асілкаў ва ўсходнеславянскім эпасе з’яўляецца менавіта Змей Гарыныч.

Незвычайная для цяперашніх людзей назва цмок, паходзіць ад дзеяслова «смактаць», «цмактаць». Параўнайце — беларускае «цмок», рускае «смок», польскае «smok», «cmok», чэшскае «zmok», «zmek». Чаму менавіта «смактаць»? Лічылася, што змяя — гэта ахоўнік і заступнік жытла, а таксама ўсёй сям’і. Беларусы, літоўцы, чэхі, палякі лічылі што, каб пазбегнуць няшчасця, гаспадар павінен гадаваць свайго змея і паіць яго малаком, якое змеі «смакталі».

Пра помнікі прыроды захавалася шмат паданняў, звязаных з тэмай паўзуноў. Адно з іх распавядае пра Змяёвы камень, што знаходзіцца каля вёскі Гогалеўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Людзі кажуць, што вельмі даўно каля гэтай вёскі жыў Змей, альбо Цмок. Знешне ён быў вельмі падобны да чалавека, а таксама быў добрым краўцом. У змея кравец перакідваўся тады, калі хацеў палётаць над Лукомскім возерам.

Як прыйшоў час, хлопцу захацелася ажаніцца. Пасватаўся ён да дзяўчыны і бацькі аддалі яе за цмока, бо баяліся адмовіць. Новаспечаны муж вельмі любіў пакласці галаву на калені дзяўчыне, каб яна гладзіла яму валасы. А чаго ён баяўся, дык гэта навальніцы і ў непагадзь хаваўся пад вялізным каменем, дзе і жыў.

Аднойчы, калі цмок спаў на каленях у дзяўчыны, тая забылася разбудзіць мужа пры набліжэнні навальніцы. Цмок прачнуўся сам ад блізкага грому, усхапіўся і паляцеў у схованку. Але не паспеў. Маланка забіла яго каля берага возера. А камень, пад якім ён жыў, з тых часоў так і называюць — Змееў.

[caption id=“attachment_13475” align=“alignnone” width=“360”]Змееў камень Змееў камень[/caption]

Не будзе перабольшваннем сказаць, што ў наш край вобраз цмока вярнуўся, дзякуючы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Больш распавядаць пра мясціны, звязаныя з гэтай істотай, няма сэнсу, прасцей азнаёміцца з тымі 73 кропкамі, якія ўжо пазначаныя на адмысловай мапе

Брэнд даўно выйшаў за межы грамадскай кампаніі. Ёсць там і балотны персанаж. Бармэн Васіль Сапункоў стварыў кактэйль з назвай «Балотны цмок». Па ягоным меркаванні дрыгвяны ці балотны цмок адрозніваўся мудрасцю, бо не пускаў туды, куды чалавеку хадзіць і так не варта.

Рэцэпт кактэйлю не вельмі складаны і робіцца з даступных беларусам складнікаў.

Размінаем у шэйкеры 2–3 кавалкі жоўтага перцу, 2 кавалкі агурка, дадаем 40 мл настойкі «Журавінавая», 15 мл лімоннага соку, 15 мл цукровага сіропу, узбіваем 10 секунд і працэджваем у астуджаны кактэйльны келіх. Упрыгожваем журавінамі.
Але не толькі з цмокамі атаясамлялі беларусы адметныя прыродныя аб’екты. Цікавую гісторыю распавядаюць пра самы вялікі валун у Беларусі — Чортаў камень, які знаходзіцца каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна. Людзі лічаць, што ён блытае вандроўнікаў у дарозе. Калі ідзеш каля яго ў адно месца, напрыклад, у вёску Данілова, абавязкова прыйдзеш у іншае, напрыклад у вёску Дабея. Каб трапіць у патрэбнае месца, трэба, праходзячы міма каменя, гучна ў голас сказаць іншую вёску. У такім разе нячысты блытае і не дае вам прыйсці туды, куды вам і так не трэба.

[caption id=“attachment_13476” align=“alignnone” width=“920”]Чортаў камень Чортаў камень[/caption]

Пра Камень Кахання каля вёскі Доўжа Віцебскага раёна кажуць, што ля яго сустракаліся дзяўчына, якую аддалі за нелюбімага пана, і яе каханак-каваль. Даведаўшыся пра гэта, пан загадаў забіць закаханых наўпрост на тым камяні. Наяўнасць такой легенды сведчыць, што верагодна ў старажытнасці гэтая камлыга абагаўлялася і на ёй здзяйснялі чалавечыя ахвяраванні.

[caption id=“attachment_13477” align=“alignnone” width=“920”]Камень Кахання каля вёскi Доўжа Камень Кахання каля вёскi Доўжа[/caption]

Легендарнае возера на захадзе Беларусі у стагоддзях уславіў Адам Міцкевіч, напісаўшы славутыя балады «Свіцязь», «Свіцязянка» і «Рыбка». Творча апрацаванае паданне кажа аб тым, што на месцы вадаёма ў часы кіравання князя Міндоўга стаяў горад Свіцязь, у якім княжыў Туран. У час вайны дружына з князем пайшла на дапамогу Міндоўгу ў Наваградак, а ў горадзе засталіся толькі старыя, жанчыны і дзеці. Нечакана да Свіцязя падышло варожае войска. Не маючы сілаў абараніць горад, жыхары ўзмаліліся аб паратунку, каб пазбегнуць ганьбы няволі. Раптоўна горад праваліўся пад зямлю, на ягоным месцы ўтварылася возера, а жыхары сталі лілеямі, ад датыкання да якіх ворагі паміралі.

У заказніку «Сіньша» у Расонскім раёне Віцебскай вобласці ёсць гара Рагвалода і Рагнеды, ці Рагнедзін курган. Знаходзіцца ён паблізу вёскі Перавоз, на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрысы, між вусцем ракі Ушача і вытокам ракі Дрыса. Гара ў даўжыню мае 50 метраў, а вышыню — 12. Упершыню яна згадваецца яшчэ ў 1867 годзе ў даследаваннях А.М. Семянтоўскага. Мясцовыя жыхары лічаць, што ў кургане пахаваны полацкі князь Рагвалод, які быў забіты ў бітве каменным молатам. Іншае паданне ёсць пра Рагнеду, якая завяшчала пахаваць яе пасля смерці ў тым кургане, у якім быў пахаваны яе бацька Рагвалод. Спалучэнне некалькіх паданняў адбілася і на двайной назве аб’екта.

Багна

Материал подготовлен при поддержке Coalition Clean Baltic

Першая iлюстрацыя — гравюра Андруся Скiдана