Беларусы на балотах кахаюць, філасофствуюць, працуюць, змагаюцца з новай ўладай ды вызваляюцца ад пакут

  • Раздел: Болота
  • Авторы: Ihar Suvorau
  • Дата: 10.04.2013, 20:07

Здаўна балоты загартоўвалі беларусаў, прывучалі да складанасцей і цяжкасцей. Беларускія пісьменнікі ў сваіх творах трапна апісалі выпрабаванні, якія трапляліся жыхарам “балотнай краіны”.

Працуюць па размеркаванні і філасофствуюць

Малады Якуб Колас, поўны юнацкага рамантычнага запалу, скончыўшы настаўніцкія курсы, паехаў працаваць у палескія вёскі. Можна сказаць, своеасаблівае “размеркаванне” атрымаў – мясціны трапіліся закінутыя, глухія, забалочаныя. Аднак малады настаўнік прыняў свой крыж з годнасцю: Колас апісваў побыт палешукоў, іхнія звычкі, да таго ж – закахаўся ў мясцовую паненку, шмат філасофстваваў аб жыцці і нават заняўся антыўрадавай дзейнасцю. Праз дзесяцігоддзе  пісьменнік вырашыў апісаць свой досвед жыцця на забалочанай тэрыторыі ў эпасе “На ростанях”.

Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца

Выжываюць, кахаюць і змагаюцца з новай уладай

Інструкцыю па выжыванні на балотах ды інтымных стасунках пакінуў у “Палескай трылогіі” Іван Мележ. Пісьменнік, які сам паходзіў з гомельскага Палесся, добра ведаў побыт “людзей на балоце” і скласці “энцыклапедыю” іхняга жыцця  яму было няцяжка. Героі “хронікі” – адарваныя ад цывілізацыі палешукі, якія жывуць на “востраве”. Балота “адразала” людзей ад іншых тэрыторый. За “востравам” – цэлыя моры з багнаў і дрыгваў. Але і ў такіх умовах людзі навучыліся выжываць. Нездарма пра беларусаў кажуць – вытрывае якое заўгодна выпрабаванне. А чым гэта не заслуга балот?

Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў – аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.

На балотах было месца і для любоўных жарсцяў – чаго варты трохкутнік Ганна-Васіль-Яўхім? Далёка бразільскай “мыльнай оперы” да нашага мясцовага беларускага каларыту! Балотаў баяліся і пракліналі – менавіта за купінамі жыла знахарка, якая пазбаўляла дзяўчат ад нежаданых пладоў кахання.Савецкая ўлада, якая дабралася і да Палесся на пачатку 20-ых гадоў мінулага стагоддзя, актыўна пачала ўводзіць рэформы. Адной з іх стала асушэнне балот – гэты працэс таксама мае сваё адлюстраванне ў рамане.

У другіх сёлах, не сакрэт – унь ужэ даўно за балоты ўзяліся, асушаць пачалі. Не чэшуць патыліцу, а капаюць канавы і робяць лугі. І каноплі і ўсякія іншыя культуры сеюць! А ў нас – як бы і няма балота? Як бы ў нас лішне зямлі?

Вядуць расследаванне

Маёнтак Балотныя Яліны – месца дзеяння ў дэтэктыве “Дзікае паляванне караля Стаха”. Уладзімір Караткевіч лепшай за тарфянік “сцэны” для забойства сваіх герояў не знайшоў. Даволі трапна, каб схаваць “труп”: закінута, сумна, нецікава – толькі дурань палезе ў багну калупацца. Таксама як ніхто ,акрамя Андрэя Беларэцкага, не захацеў разбірацца з псеўдалегендарнай  групоўкай “Дзікае паляванне”, ахвяры якога адзін за адным гінулі ў балоце. Вось як апісвае тарфянікі Караткевіч:— Гэта не была звычайная раўніна, на якой коцяць рудыя рэдкія хвалі нашы жыты, гэта не была нават дрыгва – дрыгва ўсё ж не пазбаўлена разнастайнасці: там ёсць трава, ніцыя скарлючаныя дрэўцы, там можа бліснуць азярцо, – не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты. Трэба быць чалавеканенавіснікам, каб выдумаць такія мясціны, і ўяўленне пра іх можа з’явіцца толькі ў пячорным мазгу зласлівага ідыёта. Але гэта не было выдумкай, вось яны ляжалі перад намі

Выжываюць любой цаной

У балотнай экспедыцыі пабывалі героі прыгодніцкага рамана Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”. Двое маладых студэнтаў тэхнікума – Віктар і Мірон – адпраўляюцца ў турыстычную вандроўку ў “край балот”. Хлопцам даводзіцца не соладка: яны губляюць арыенцір і плыт, застаюцца без ежы (але ловяць зайца, якога з’ядаюць недасмажаным) і ў рэшце рэшт сутыкаюцца з браканьерамі. Карацей, атрымліваюць поўны набор прыгодаў.

А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку – дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.

Партызаняць і ратуюцца ад ворага

Пра ролю беларускіх балот у партызанскім руху сказана шмат, выдумана не менш. Якуб Колас, атрымаўшы сталінскі загад – напісаць пра “асобу ў гісторыі”, вырашыў расказаць аповед пра палескага партызана дзеда Талаша – чалавека асцярожнага, мудрага і хітрага. Так нарадзілася “Дрыгва”.

Натапырыў вушы паліцэйскі стражнік і да дзеда! Насілу адкараскаўся дзед Талаш ад гэтага ліха. I занатаваў сабе: на людзях трэба быць такім жа асцярожным, як і на балотнай дрыгве: ступіш не так – і правалішся. Не разгледзішся – на гадзіну насунешся.

Героі апавядання Змітрака Бядулі “На балоце” ратуюцца ад захопнікаў на недасяжнай тэрыторыі – на балоце. Цэлымі вёскамі пераязджае мірнае насельніцтва ў свой “другі дом”:— Месцамі агалялася зямля. Яна была чорная, тарфяная, тлустая, бы масла. Стаялі тут яміны з вадою, нібы хтосьці выкапаў студні. Вада была пакрыта перламутравым блескам. Навакол па мяккай зямлі былі адціснуты чотка сляды ваўкоў, буслоў і дробных птушак. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі – з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі.Грамада людзей была занята. Кожны пільна глядзеў за тым, каб жывёла не заблукалася ў лесе.

Вызваляюцца ад пакут

Васіль Быкаў часта ставіў пытанне гуманнасці і гульні лёсу ў сваіх творах. Так сталася і ў аповесці “Аблава” – раскулачаны беларускі селянін Хведар Роўба ўцякае з лагера ў родную вёску. Але, вярнуўшыся на радзіму, бачыць, што хата закінутая. Сын Хведара змагаецца супраць  кулакоў – да іх належыць ягоны бацька. Наступную аблаву сын праводзіць супраць класавага ворага, які даў яму жыццё. Не здолеўшы вытрымаць болю ад здрады і безвыходнасці, Хведар заканчвае жыццё самагубствам.

Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра – на астатні раз – і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах. Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці.Шукалі яго доўга, паролі шастамі з берага і з куп’я. Ды так і не знайшлі. Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы.


галоўнае фота @bahna.land

Перепечатка материалов Багны возможна только с письменного разрешения редакции

Публикация финансируется Шведским агентством по международному развитию и сотрудничеству «Сида». Сида не обязательно разделяет мнение, выраженное в этом материале. Ответственность за его содержание целиком возлагается на ОО «Багна»

© Ольга Каскевич
© Ольга Каскевич
© Ольга Каскевич
© Ольга Каскевич