Беларускае мінулае хаваецца па балотах

  • Раздел: Болота
  • Авторы: Ihar Suvorau
  • Дата: 18.02.2013, 07:06

Усебеларуская грамадская кампанія “У ахову беларускіх балотаў” працягвае сваю асветніцкую дзейнасць. У пятніцу 15-га лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ арганізатары віталі ўсіх зацікаўленых у гістарычным мінулым Беларусі.

Мерапрыемства пад шыльдай “Балотная археалогія” сабрала больш за дваццаць аматараў даўніны, эколагаў, журналістаў, архітэктараў, гісторыкаў. Спачатку перад прысутнымі выступілі надзвычай рэдкія ў нашай краіне прафесіяналы — археолагі палеаліту.

Балоты — унікальная зона для археалогіі

Мікола Крывальцэвіч, кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ, распавёў слухачам, чаму шмат старажытных паселішчаў сёння прыходзіцца шукаць менавіта па балотах. Тэрыторыі, якія раней былі прыазёрнымі і актыўна засяляліся нашымі продкамі з-за доступу да вады, сёння з’яўляюцца забагненымі берагамі тых самых азёраў альбо балотнымі абшарамі. Цяпер на поўначы Беларусі толькі ў такіх мясцінах і можна знайсці прыкметы жыцця з часоў каменнага веку. Пакуль спецыялісты не здагадаліся шукаць старажытныя артэфакты ў багне, шэраг даследчыкаў увогуле лічылі, што ў Паазер’і “каменныя” людзі не жылі. У звыклых “сухіх” мясцінах папросту не засталося слядоў іх дзейнасці.

Сучасная “мокрая” археалогія, як яе называюць самі даследчыкі, часам адмыслова чакае, пакуль возера канчаткова пераўтворыцца ў балаціну. Рабіць раскопкі на балоце, канешне, цяжэй, чым у полі, але прасцей, чым на дне возера.

Кандыдат гістарычных навук, археолаг Максім Чарняўскі распавёў пра непараўнальныя магчымасці торфу ў захаванні старажытных артэфактаў.

Затарфяненыя глебы не прапускаюць кісларод і ўтрымліваюць дубільныя рэчывы. На балотах добра захоўваюцца не толькі вырабы з косткі, рогу, бурштыну але і дрэва, а часам скуры і тканіны.

На вядомым помніку археалогіі Крывінскім тарфяніку знаходзяць драўляныя канструкцыі ўзростам па 4,5 тыс. гадоў.

Дзякуючы “балотнай кансервацыі” археолагам удавалася рабіць небывалыя для іншых тэрыторый знаходкі. Гэта не толькі упрыгожанні з дрэва, але і, напрыклад, цэлыя сістэмы тэрмападушак, на якіх нашыя продкі будавалі сваё жытло. Выявіць нешта падобнае ў глебе іншага тыпу немагчыма.

Духоўная каштоўнасць балотных тэрыторый

Адмыслоўцы па сакральнай геаграфіі кандыдат гістарычных навук Людміла Дучыц і публіцыст Ірына Клімковіч распавялі пра каштоўнасць балотных тэрыторый для культуры і міфалогіі. Для беларускага народа балота з’яўлялася памежнай зонай між светам жывых і светам памерлых. Пра яго складалі легенды, з ім звязваліся розныя павер’і, казачныя істоты, яму нават прыносіліся ахвяры.

Шэраг добра вядомых сёння на Беларусі культавых камянёў знаходзяцца менавіта на балотах. Шмат дзе побач з такімі месцамі пазней ставіліся цэрквы і капліцы. У некаторых вёсках людзі па сёння спраўляюць на балотах рэлігійныя святы. Гэтак жыхары вёскі Хутар Светлагорскага раёну штогод на Тройцу ходзяць за пяць кіламетраў у шанаваныя мясціны пасярод багны, каб ставіць там крыжы.

Наступствы меліярацыі

Адказваючы на пытанні журналістаў, выступоўцам было цяжка знайсці апраўданні для правядзення меліяратыўных прац на балотных землях. Пад час іх знішчаюцца культурныя слаі, у тарфяную глебу трапляе кісларод, які разбурае арганіку, а значыць і ўнікальныя артэфакты.

Змена ландшафта, знішчэнне дрэваў і азёраў падчас меліярацыі робіць немагчымай візуальную ацэнку тэрыторыі: ці варта тут распачынаць раскопкі для пошуку старажытных паселішчаў?

Разам з балотнымі ландшафтамі знікаюць шанаваныя мясцовым насельніцтвам крыніцы і ўрочышчы, разбіваюцца на будаўнічы друз свяшчэнныя камяні. Такія мясціны часта не ахоўваюцца заканадаўствам па гісторыка-культурнай спадчыне і для іх распрацоўкі дастаткова дазволу Мінпрыроды. Нават вядомы на ўсю Еўропу Крывінскі тарфянік сёння знаходзіцца пад  пагрозай знішчэння. У выпадку, калі дамба для працы ГЭС будзе ўзведзена ніжэй ракі Крывінкі, яе рэчышча будзе затоплена. А разам з ёй пад ваду пойдзе і помнік археалогіі.


галоўнае фота @bahna.land

Перепечатка материалов Багны возможна только с письменного разрешения редакции

Публикация финансируется Шведским агентством по международному развитию и сотрудничеству «Сида». Сида не обязательно разделяет мнение, выраженное в этом материале. Ответственность за его содержание целиком возлагается на ОО «Багна»

© tut.by
© 34travel.me