Беларусь — цуд некранутай прыроды!

  • Раздел: Болота
  • Авторы: Ihar Suvorau
  • Дата: 29.11.2012, 07:20

Беларусь — цуд некранутай прыроды. Так кажа застаўка на Першым нацыянальным канале, і гэтым разам ня хлусіць.

Беларуская прырода — значыць, Белавеская пушча, Бярэзінскі запаведнік, Блакітныя азёры й Нарач, журавінавыя заказьнікі й масівы ўнікальнага лесу, 1650 відаў расьлінаў, больш 1000 — грыбоў, 284 — птушак, 37 — зьвярэй і аж 30 тысячаў відаў насякомых. Беларуская прырода — гэта сотні рэдкіх цудаў тварэньня Божага, адныя назвы якіх гучаць, як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсьцістакветная. Гэта дзівосы кшталту лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай або шчырыцы жміндападобнай. Беларуская прырода — гэта 12% тэрыторыі Беларусі, занятыя балотамі, 16% пад лугавой расьліннасьцю й 7 мільёнаў гектараў, укрытыя лесам. Сёньня для эўрапейскага кантынэнту Беларусь — проста прастора зь невысокай шчыльнасьцю насельніцтва, поўная сьвежай зеляніны, жывой вады й чыстага паветру.

Дыхайце глыбей! Беларусь, што знаходзіцца ў зоне папераменнага ўплыву марскіх ветраў з Балтыкі й Чарнамор’я, на стыку глябальных ляндшафтаў, на ўзгорыстых вадападзелах Міжмор’я зь ледавіковым рэльефам і багацьцем водаў, выгодна адрозьніваецца разнаякасьцю ад аднастайных суседзкіх земляў — украінскага стэпу, прыбалтыйскіх нізінаў, расейскага поля ды тайгі: Госпад Бог даў нам усю поўню адметнасьці й харашыні.

Ва ўсіх асаблівасьцях прыроды Беларусі — яе простасьці й сьціпласьці, прыхаванай сіле й мілай прыгажосьці, натхнёнасьці, мяккасьці, ласкавай пяшчотнасьці — мы лёгка пазнаем беларускі нацыянальны характар.

Варта толькі зьміргнуць вейкамі іскры інею, што пабліскваюць на лапінках зімовага лесу, або акунуцца ў калыханьне сьвятла пад аграмадамі летняга лісьця, або прыслухацца да ўрачыстага сьцішанага канцэрту восеньскага дажджу, каб пачуць усе шэпты, рухі й гукі беларускае душы. Сярод нашай прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш. Уся істота пачынае дыхаць невымоўным захапленьнем перад Божай веліччу і любоўю, спалучанымі ўвадно з найвышэйшай гармоніяй — у краіне такой сьветлай і такой ціхай!..

Дотык лісьця. Цяпло ад зямлі, як ад цела. Вада чыстае сьлязы. Вочы сінія-сінія. І дыханьне каханьня. Беларусь. Ужо сёньня палову Беларусі можна аб’яўляць нацыянальным паркам сусьветнага значэньня. Разнастайныя краявіды, санаторныя зоны, заказьнікі й пушчы па меры ўкладаньня інвэстыцыяў і арганізацыі дагляду здольныя зрабіцца ўлюбёным месцам паломніцтва эўрапейскіх турыстаў.

Чарнобыль?

Чарнобыль зробіць частку Беларусі толькі яшчэ больш запаветнай. Так, і ў экалёгіі Беларусь нясе свой крыж: беларуская зямля паражаная радыяцыяй, беларуская вада паглынае ўсе сьцёкі Міжмор’я, беларускае паветра — кантынэнтальная атмасфэрная ростань. 80-85% забруджваньня тэрыторыі Беларусі злучэньнямі серы і азоту даюць замежныя краіны. Зноў белая, чыстая Беларусь прымае на сябе бруд паловы Эўропы!

Але і тады, калі гарадзкія мэгаполісы пашырацца да памераў цэлых краінаў, Беларусь застанецца суцэльным гіганцкім паркам дзеля адпачынку й духовага сузіраньня мільярдаў.

Беларуская прырода — лёгкія Эўропы. Эўропа дыхае Беларусьсю. Ты проста ўцягваеш у сябе водары чабору й язьміну, прахалоду ветру й гарачы пах садовае квецені, туманную пару рачных далінаў і глыбокія лясныя эфіры, усю духмянасьць беларускае прыроды да нясьцерпнае асалоды — і пачынаеш верыць, што нашая зямля створаная адмыслова для Духа.

Аўтар Павал Севярынец

Галоўнае фота © bahna.land

Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

© bahna.land
© bahna.land
© bahna.land