Балота дзевяці тысяч год знутры: у "Ельні" адкрылася экасцежка
- Раздел: Болота
- Автор: Ihar Suvorau
- Дата: 28.07.2014, 08:08
“Абавязкова дайдзіце да канца, таму што там самае прыгожае – азёраўкі з выспачкамі. Ні Нарач, ні возера Чырвонае – азёры на Ельні самае прыгожае, што ёсць у Беларусі, – кажа Аляксандр Вінчэўскі, праграмны каардынатар ЕЗ ПРААН па пытаннях біяразнастайнасці. – Гэта вельмі спецыфічны вадаём”.
“Мы спрабуем паказаць, што чалавек можна жыць побач з прыродай, не прыносячы ёй ніякай шкоды…”, – кажа галава ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка.
Балотныя дарогі, снегаступы, журавіны
Між бярозак, кустоўя і кветак да экасцежкі вядзе сухая адрога. Але так не заўсёды, і ўвёсну бывае да балота дабрацца цяжка.“Я спачатку нават падумаў, што сцежка мусіць пачынацца адсюль”, – паказвае аўтар праекта Юры Еўстратчык на пачатак жвіроўкі.
Паралельна з паўтаракіламетровым драўляным насцілам бачныя сляды колішняй сцежкі – па ёй мясцовыя раней хадзілі па журавіны, якіх у сезон можна назбіраць на даляраў 40 (мех ад бульбы за дзень, кілаграм па 12 тысяч). Бывае, у ягады ходзяць аж да 20 снежня.
У бакі адсцежкі разыходзяцца “праменьчыкі” балотных дарог. Сцежку будавалі каля году, але апошні ўчастак скончылі тыдзень таму. Каб прайсці па ёй, паліваць сябе рэпелентамі, насуперак стэрыятыпу, зусім не абавязкова. Камары сустракаюцца па дарозе і на ўваходзе ў балота, але ўнутры іх няма.
Першыя 100 метраў сцежкі абсталяваныя парэнчамі для людзей з аслабленым зрокам, уздоўж сцежкі ёсць стэнды з апісаннем і фота балотных раслін і насельнікаў. Пры ўваходзе ў балота ёсць альтанкі і назіральная вышка, у балоце таксама ёсць тры назіральныя пляцоўкі. Падчас экскурсій можна хадзіць у “балотаспупах” – тыя ж снегаступы. А таксама ў візіт-цэнтры заказніка ёсць ровары, лыжы, назіральныя трубы і біноклі.
Каардынатар ПРААН: “Сюды можна ўкладаць мільёны даляраў”
“Раней казалі, што балота Ельня для Міёрскага раёну няшчасце, бо яно падпітвае усё вадой, і ад гэтага праблемы. Апошнія два гады мы кажам наадварот”, – распавядае старшыня Міёрскага выканкаму Ігар Кузняцоў.
Праект заканчваецца ў жніўні, але, напрыклад, у працы з балотам зацікаўленая кампанія “Кока-кола”.
“Гэта гонар за сваю арганізацыю, гэта калі ты робіш больш, чым ад цябе чакаюць”, – кажуць яе прадстаўнікі. Сумы будучых укладанняў кампаніі мераюцца не адной тысячай даляраў.
Фота аўтара