292 гектары Дакудаўскага заказніка могуць перайсці да «Лідскага торфабрыкетнага заводу»
- Раздел: Болота
- Автор: Ihar Suvorau
- Дата: 09.06.2014, 05:00
Новага ўчастка чакаць яшчэ каля году, а торфазавод тым часам шукае спосабы павялічыць рэнтабельнасць.
Яшчэ 292 гектары тэрыторый, дзе можна здабываць торф, неўзабаве могуць перайсці з Дакудаўскага заказніка да ААТ “Лідскі торфабрыкетны завод”. Межы заказніка будуць змяняцца.Аб гэтым падчас прэс-тура, арганізаванага Міністэрствам энергетыкі 5 чэрвеня, расказаў дырэктар завода Залескі Іван Пятровіч. 22 мая 2014 году прэзідэнт падпісаў акт выбару ўчастка. Але, паводле дырэктара, пытанне адводу земляў да канца пакуль не вырашанае:
“Наколькі я ведаю, вырашалася пытанне аб змяненні межаў заказніка… Мы мусім знайсці кампраміс між вытворчасцю і аховай наваколля”.
Казановіч Андрэй Генрыхавіч, галоўны інжынер на новазбудаваным міні-торфазаводзе ў межах старой вытворчасці, падцвердзіў, што супрацоўнікі чакаюць новыя землі ў карыстанне.
“Працэс адводу плошчаў для тарфянікаў мусіць быць безупынны, – дзеліцца стратэгічным меркаваннем Іван Залескі. – Таму што ад зварота па акт выбару ўчастку да будоўлі і пачатку здабычы можа прайсці 5-6 год”.
Міні-торфазавод для бедных радовішчаў
Дазваляе працаваць на адносна бедных радовішчах, якія раней не прымаліся ў разлік – з запасамі торфу да 1 мільёна тон. Падобныя заводы ўжо ёсць у Расіі (увогуле лідскі завод за час існавання, з 1973 г., здабыў 24, 5 мільёны тон торфу, з іх 21 мільён на Дакудаўскім радовішчы).
На старым заводзе можна атрымліваць 110 тысячаў торфабрыкетаў на год, а міні-завод вырабляе 20,4 тысячы тон торфабрыкетаў на год і акупіцца за 5,2 гады. Пакуль ён працуе непадалёк ад старой часткі вытворчасці.
Торф ужо не біяпаліва
І вылучэнне новых тэрыторый, і міні-завод коштам 21,6 мільярдаў беларускіх рублёў – спроба адаптавацца да сітуацыі, у якой прыбыткі завода могуць хутка-хутка зменшыцца.У мінулым годзе ён атрымаў чысты прыбытак 2,129 мільярдаў рублёў, у гэтым пакуль прыбытку няма (мінус 120 мільёнаў, якія патлумачылі выдаткамі на капрамонт і зніжэннем продажаў праз цёплае надвор’е).
Каля 47% прадукцыі ў мінулым годзе пайшло на экспарт у Літву, Швецыю, Польшчу, Латвію, але ў гэтым годзе попыт можа зменшыцца: з 1 студзеня 2014 году, паводле зменаў у закаданаўстве Еўразвязу, торфабрыкеты ўжо не адносяцца да біяпаліва, а торф – да ўмоўна-аднаўляльных рэсурсаў. Да таго ж знізіўся кошт на вугаль, асноўную канкуруючую прадукцыю.
Таму на “Лідскім” засвойваюць вытворчасць торфабрыкетаў часткова з біямасы. Таксама ўжо даўно вядзецца гаворка пра вытворчасць пелетаў з хуткарастучай біямасы (івы, напрыклад) сумесна з Сахараўскім універсітэтам. Паводле Івана Залескага, магчыма (але не дакладна) гэтая вытворчасць запусціцца ўвёсну 2015 году.
Дарэчы, кошт беларускіх торфабрыкетаў у 2011 годзе быў ніжэйшы за рынкавы ў Еўразвязе –60 супраць рынкавых 200. Зараз ён складае 51,5 – 52 еўра за тону (для Літвы).
Ганна Валынец, Greenbelarus.info