Беларусь і Украіна да канца года правядуць сустрэчу для абмеркавання воднага шляху Е40
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 23.01.2020, 06:28
Беларусь і Украіна да канца года правядуць канферэнцыю для абмеркавання воднага шляху Е40. Пра гэта дамовіліся прэм’ер-міністры дзвюх краін, паведаміў кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас.
«Мы дамовіліся, што да канца года збярэцца беларуска-ўкраінская міжурадавая камісія, каб адпрацаваць пытанне будаўніцтва воднага шляху Е40 — [гэта] буйны інфраструктурны праект, які мы павінны разам з Украінай рэалізаваць», — сказаў ён.
Канферэнцыя па транспарце ва Украіне
Міністэрства інфраструктуры Украіны ініцыюе правядзенне міжнароднай канферэнцыі па транспарце і лагістыцы ўнутраных водных шляхоў з удзелам Нідэрландаў, Польшчы і Беларусі, а таксама міжнародных фінансавых устаноў і іншых патэнцыйных партнёраў. Мэта канферэнцыі — абмеркаваць развіццё міжнароднага воднага шляху E40 з удзелам прадстаўнікоў адпаведных міністэрстваў і ведамстваў краін-удзельніц, зацікаўленых дзелавых колаў, эколагаў, прадстаўнікоў грамадскасці і вызначыць кірункі ўзаемадзеяння ў гэтым праекце.
Міністр інфраструктуры Украіны запрасіў польскага калегу падтрымаць гэтую ініцыятыву і паўдзельнічаць у канферэнцыі, а таксама заявіў, што Украіна актыўна супрацоўнічае з Еўрапейскай камісіяй і міжнароднымі кампаніямі, каб распрацаваць выразны механізм гарманізацыі заканадаўчай базы ў сферы ўнутраных водных шляхоў.
Украіна зацікаўлена ў супрацоўніцтве і абмене досведам з Польшчай, каб удасканаліць адпаведнасць міжнародным патрабаванням і стандартам у галіне воднага транспарту. Пры гэтым у самой Польшчы быў прэцэдэнт, калі не ўдалося рэвіталізаваць буйны рачны порт праз канфлікт інвестара і чыгункі. Украіне для рэалізацыі праекта Е40 неабходна прыняць новы закон аб унутраных водных шляхах.
Нагадаем, што на запыт «Багны» прадстаўнікі еўрапейскіх банкаў адказалі, што не плануюць фінансаваць Е40. У прыватнасці, праект не ўвайшоў у Індыкатыўны план дзеянняў па трансеўрапейскай транспартнай сетцы.
Е40 і еўрапейскія банкі
Прэм’ер Сяргей Румас правёў канец мінулага тыдня ў Лондане, дзе сустрэўся з членам брытанскай каралеўскай сям’і прынцам Кентам і прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Сумой Чакрабарці. У гэтыя ж дні прадстаўнікі ўрадаў паўдзельнічалі ў першым інвестыцыйным саміце Усходняга партнёрства ЕБРР, дзе на асобнай сустрэчы падпісалі з кіраўніцтвам ЕБРР і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка пагадненне аб супрацоўніцтве — гэта азначае, што банкі будуць інвеставаць у абмеркаваныя праекты.
У праграму рабочага візіту таксама ўвайшлі перамовы Румаса з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы добрасуседства Ёханэсам Ханам і прэм’ер-міністрам Украіны Аляксеем Ганчаруком.
Пазіцыя кааліцыі «Стоп Е40»
Экалагічная кааліцыя «Стоп Е40» мае намер паўдзельнічаць у абмеркаванні пытання на канферэнцыі ва Украіне ў снежні:
«Мы плануем групай экспертаў кампаніі прадставіць нашу крытычную аргументацыю да гэтага праекта. На дадзены момант праведзеныя намі даследаванні паказалі, што для рэалізацыі Е40 ёсць шэраг важкіх перашкод з гледзішча гідралогіі, аховы важных прыродных аб’ектаў, эканамічнай выгады, пагрозы тэхнагенных забруджанняў і радыяцыі. Гэты праект будзе працягам самага вялікага парушэння правоў чалавецтва ва ўсёй гісторыі. Праведзенае незалежнай Лабараторыяй па маніторынгу радыеактыўных забруджанняў ACRO для нас даследаванне паказала, што тэма распаўсюджання радыяцыі дагэтуль павінна востра стаяць на парадку дня дзяржаў Беларусі і Украіны, аднак яна наўмысна замоўчваецца перад грамадскасцю, што парушае правы каласальнай колькасці людзей (20 млн. толькі ва Украіне). Спадзяемся, што, лабіруючы гэты праект, прадстаўнікі ўладаў паспеюць гэта своечасова ўсвядоміць», — каментуе падзею нацыянальная каардынатарка кампаніі «Стоп Е40» Вольга Каскевіч.
«Багна» нагадвае, што інфраструктурныя праекты па развіцці ўнутранага воднага транспарту, у тым ліку воднага шляху Е40, павінны планавацца і рэалізоўвацца ў адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам, у прыватнасці, Канвенцыяй Эспа (работы будуць мець трансгранічнае ўздзеянне), Воднымі кодэксамі Украіны і Беларусі, нацыянальнымі Законамі «Аб ацэнцы ўздзеяння па навакольнае асяроддзе», іншымі актамі заканадаўства па пытаннях аховы прыроды.
Расчыстка і паглыбленне рэчышча і дна рэк, будаўніцтва глыбакаводных суднавых хадоў, неабходных для будаўніцтва Е40, адносяцца да катэгорыі відаў планавай дзейнасці і аб’ектаў, якія могуць істотна ўплываць на навакольнае асяроддзе і падлягаюць абавязковай ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Прыпяць, Днепр, радыяцыя і Е40
Вусцевы ўчастак Прыпяці ў межах Кіеўскай вобласці, па якой мяркуецца правесці транспартны шлях Е40, знаходзіцца ў межах зон адчужэння і безумоўнага (абавязковага) адсялення — тэрыторыі, моцна забруджанай радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасля аварыі значная частка радыеактыўных рэчываў асела на дне ракі Прыпяць і ў Кіеўскім вадасховішчы. Для абароны Прыпяці ўздоўж яе берагоў пабудавалі абарончыя дамбы, якія дазваляюць пазбегнуць значнага радыеактыўнага забруджання ў перыяд паўнаводдзя і паводак. Акрамя таго, Прыпяць зведала значныя марфалагічныя змены праз выпрамленне і перанос рэчышча падчас стварэння Кіеўскага вадасховішча, будаўніцтва вадаёма-ахаладжальніка Чарнобыльскай АЭС, узвядзенне гідратэхнічных ахоўных збудаванняў ўздоўж ракі пасля аварыі.
Рака Днепр у межах Украіны з’яўляецца суднаходнай ад Чорнага мора да мяжы з Беларуссю, аднак праблемнымі ўчасткамі застаюцца перакаты на верхніх участках ўсіх шасці дняпроўскіх вадасховішчаў; беларускі ўчастак — не суднаходны для класа караблёў рака-мора.
Забеспячэнне эксплуатацыі воднага транспартнага шляху запатрабуе паглыблення дна ракі для падтрымання неабходных глыбінь суднавага ходу, у сувязі з чым існуе вялікая пагроза пагаршэння якасці вады праз уздым радыеактыўных адкладаў, асабліва на ўчастку ракі Прыпяць у межах зон адчужэння і безумоўнага (абавязковага) адсялення і ў вярхоўі Кіеўскага вадасховішча. Таму пытанне пра рэалізацыю праекта воднага транспартнага шляху Е40 патрабуе першачарговага грунтоўнага навуковага вывучэння актуальнага стану донных адкладаў на участках рэк, якія пацярпелі ад негатыўнага ўплыву, і Кіеўскім вадасховішчы.
Асобнага даследавання патрабуе аналіз ўплыву рэалізацыі Е40 на прыродныя экасістэмы, якія маюць асаблівае прыродаахоўнае значэнне, паколькі частка праектаванага воднага транспартнага шляху праходзіць або ў межах аб’ектаў прыродна-запаведнага фонду Украіны і Беларусі, або на некаторых участках у непасрэднай блізкасці ад гэтых тэрыторый.
Рашэнне аб рэалізацыі такога праекта мусіць прымацца з улікам усіх патэнцыйных рызык і пагроз, а магчымыя эканамічныя выгады не павінны пераважыць патэнцыйныя экалагічныя страты.
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».