Пілы і секатары: валанцёры зноў выйшлі на ачыстку Тураўскага лугу
- Тэма: Адукацыя
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 30.10.2019, 06:00
Валанцёрства — выдатны спосаб уласнымі рукамі зрабіць нешта на карысць прыроды. Можно з’ехаць дапамагаць у Ісландыю ці Танзанію, а можна зрабіць нешта і ў Беларусі. Распавядаем, як уладкавана валанцёрства для захавання біяразнастайнасці на Тураўскім лузе.
На палявыя работы на Тураўскім лузе сабраліся больш за 20 чалавек.. За тры дні на талаку выйшлі і валанцёры, і мясцовыя жыхары. Разам яны рубілі хмызняк, прыбіралі смецце і рамантавалі вышку для назірання за птушкамі. «Летнік» на кастрычніцкіх выходных арганізавала «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ў рамках вялікага праекта па захаванню Палесся, які сёлета распачаўся ў Беларусі і Украіне.
Частка Тураўскага лугу ўжо ўключаная ў іншы праект — «Ветландс». Ён таксама накіраваны на тое, каб не дапусціць зарастання тэрыторыі і аднавіць месцы гнездавання птушак. Дырэктар Беларускага цэнтра кальцавання птушак Павел Пінчук кажа, што зараз гэтая частка лугу ў ідэальным стане:
— Частку там вырубілі валанцёры, калі два-тры гады таму былі лагеры. Да таго ж каровы з’елі астатні хмызняк і зрабілі зараз проста супер. Галоўнае, каб увесну была вада высокая — і ўсё будзе добра. У заходняй частцы, дзе мы зараз вырубаем, была вельмі добрая калонія кулікоў, чаек, крачак, качак. Мы пастаянна з імі працавалі. Там усё пачало зарастаць літаральна тры-чатыры гады таму. Мы зрубілі вялікае дрэва — і палічылі па кольцах: яму шэсць гадоў. Там бачна, што магчыма сіламі аднаго валанцёрскага лагера амаль усю гэту праблему вырашыць. Галоўнае на наступны год дамовіцца, каб там таксама быў выпас.
Разам з валанцёрамі ў гэтыя выходныя расчышчалі луг і мясцовыя жыхары. Многія з іх — супрацоўнікі тураўскай нафтаперапампавальнай станцыі. Выходзілі папрацаваць у вольны час, дапамагчы прыродзе, побач з якой жывуць. Некаторыя з валанцёраў не першы раз прыязджаюць на Тураўскі луг. Любоў Дударэвіч ужо пяты:
— Праца фізічна нескладаная. Мне падабаецца, што можна расслабіцца у думках і нешта парабіць фізічна. Адпачыць у нейкім сэнсе. Плюс гэта на карысць прыродзе — дае дадатковае задавальненне.
Я ўсім рэкамендую паспрабаваць і прыехаць сюды як-небудзь на летнік, асабліва тым, каго цікавіць захаванне біяразнастайнасці. Да таго ж у Тураве можна ўбачыць шмат птушак.
Я тут бачыла і марадунку, якая ўваходзіць у спіс пяці відаў, дзеля якіх ездзяць у Беларусь, і вялікага арляца. Плюс падчас міграцыі можна ўбачыць розных кулікоў. Для гэтага трэба прыязджаць у траўні. Тады ж можна паваланцёрыць на станцыі кальцавання птушак. Тут заўсёды добра.
Акрамя працы ў полі, хлопцы і дзяўчаты назіралі за птушкамі і наведалі станцыю кальцавання. Ім пашчасціла нават паглядзець на вушастую саву, якія трапіла ўвечары навукоўцам у сетку.
Пётр Пушкароў упершыню ўдзельнічаў у такім выездзе:
— У цэлым адчуваеш дачыненне да прыроды. Зразумела, што толькі намаганнямі дзяржаўных органаў і законамі мала што можна змяніць. Каб рухаць справу на карысць, неабходны такія праекты і грамадскія арганізацыі.







