Незаконныя кар’еры на Альманскіх балотах: распачатая крымінальная справа

  • Раздел: ООПТ
  • Авторы: Kanstancin Chykalau
  • Дата: 02.12.2018, 02:37

Па факце незаконнай распрацоўкі кар’ераў у рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Альманскія балоты» распачатая крымінальная справа.

Як удакладнілі ў Брэсцкім абласным камітэце Мінпрыроды, крымінальную справу па незаконнай распрацоўцы трох кар’ераў распачалі яшчэ ў 2017 годзе – факты парушэння дзяржаўныя органы выявілі падчас планавай праверкі ў лістападзе мінулага года.

Валанцёры з Лясной рабочай групы АПБ знайшлі, што на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» незаконна вядзецца здабыча пяску яшчэ ў 5 кар’ерах. А іншыя 5 кар’ераў распрацоўваюцца з парушэннем заканадаўства.

Сабраны экспертамі матэрыял па незаконных кар’ерах на Альманскіх балотах быў накіраваны для праверкі ў Мінпрыроды, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

Несанкцыянаваная распрацоўка кар’ераў была заўважаная падчас маніторынгу месцаў пражывання ахоўных відаў жывёл, а спадарожнікавыя здымкі дапамаглі дадаткова выявіць некаторыя кар’еры і лакалізаваць дакладныя месцы размяшчэння ўсіх участкаў, якіх аказалася каля дзесяці. Для трох з іх упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ўжо пацверджаныя факты незаконнай дзейнасці.

Як паведаміў у лісце Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у лістападзе 2018 года абследаваць месца распрацоўкі кар’ераў выехалі тры інспекцыі: Столінская гарадская і раённая інспекцыя Мінпрыроды, а таксама Брэсцкая абласная і Столінская міжраённая інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Па пацверджаных фактах несанкцыянаванай распрацоўкі трох кар’ераў у Палескім лясгасе на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» Следчы камітэт Столінскага раёна распачаў крымінальную справу і цяпер вядзе расследаванне.

Працягваецца праверка астатніх фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку несанкцыянаванай здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў і несанкцыянаванага правядзення земляных работ на тэрыторыі «Альманскіх балотаў».

Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама сочыць за гэтым пытаннем.

Даведка Альманскія балоты разам з часткай украінскага Ровенскага запаведніка – гэта найбуйнейшае ў Еўропе лесабалотнае трансгранічнае Рамсарскае ўгоддзе, плошча якога складае больш за 100 000 га. Акрамя таго, Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі еўрапейскай «Ізумруднай сеткі» і Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП).

АПБ