Як мы выратавалі птушаня драпежнай птушкі

У канцы траўня ў Мінску спрабавалі незаконна прадаць птушаня шуляка-галубятніка. Спроба засталася спробай: нелегальных гандляроў злавілі на гарачым учынку, распачаты адміністратыўны працэс. Чым пагражае такі «бізнес» і што рабіць, калі вы ўбачылі ў сеціве аб’яву аб продажы дзікай жывёлы?

Напрыканцы красавіка супрацоўніца «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пабачыла ў сацсетках аб’яву аб продажы птушанятаў шуляка. Удаўшы з сябе патэнцыйнага пакупніка, наша супрацоўніца пачала перапіску з прадаўцом.

Вельмі хутка высветлілася, што купіць прапаноўваюць птушанятаў шуляка-галубятніка і шуляка-карагольчыка, што яны пакуль не вылупіліся, а дакументаў на іх няма. У канцы траўня, калі птушаняты вылупіліся і крыху падраслі, прадавец прапанаваў выкупіць шуляка-галубятніка і дамовіўся на сустрэчу. Супрацоўніца прыехала туды разам з трыма інспектарамі Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

На месцы выявілася, што двое людзей узялі з гнязда пад Мінскам птушаня і сапраўды папрабавалі яго прадаць. Узрост шулячка на той момант быў усяго каля двух тыдняў, і яно мусіла б яшчэ тыдні тры гадавацца ў гняздзе. Птушаня канфіскавалі, яно вернецца ў дзікую прыроду, але ўжо да іншых бацькоў: яго новы дом будзе ў заказніку «Чырвоны Бор». А «бізнесменаў» чакае разбіральніцтва: супраць старэйшага з іх пачаты адміністратыўны працэс.

[caption id=“attachment_20882” align=“alignnone” width=“800”]Птушаня ў найлепшым выпадку павінна была чакаць вечная няволя Птушаня ў найлепшым выпадку павінна была чакаць вечная няволя[/caption]

Дырэктар Міжнароднага фонда падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны Бор» Сяргей Плыткевіч даставіў шуляка на месца выпуску, у заказнік «Чырвоны Бор».

Ігар Башкіраў, егер паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор», паведаміў, што птушаня акальцуюць і хутка падсадзяць у вядомае гняздо пары шулякоў-галубятнікаў. Ён запэўніў, што новыя бацькі прымуць «пасынка». Спадзяемся, што так і будзе: на выгляд птушаня здаровае і моцнае, а ў Чырвоным Бары для драпежных птушак розных відаў ёсць добрыя ўмовы.

sulacok2

Вымаць дзікіх звяроў і птушак з прыроды забаронена законам, але часам людзі ідуць на гэта дзеля нажывы ці проста праз глупства. Штрафы за гэта прадугледжаныя немалыя. Напрыклад, толькі шкода ад незаконнага выняцця з дзікай прыроды шуляка ацэньваецца ў 70 базавых велічынь. Прычым няважна, яйка, птушаня гэта ці дарослая птушка.

Як дзейнічаць, калі вы ўбачылі аб’яву аб продажы дзікай жывёлы?
Калі вы ўбачылі абвестку пра продаж дзікай жывёлы, найперш трэба запатрабаваць у яе аўтара копію пасведчання аб рэгістрацыі гэтай жывёлы. Згодна з Законам аб жывёльным свеце, усе дзікія жывёлы мусяць быць зарэгістраваныя цягам аднаго месяца з моманту іх набыцця. Калі дзікая жывёла ўвезеная з іншай краіны і ўключаная ў дадаткі да Вашынгтонскай канвенцыі (СІТЭС), а туды занесеныя, напрыклад, усе начныя і дзённыя драпежныя птушкі, амаль усе віды папугаяў, то спытайце яшчэ і копію сертыфіката СІТЭС. У адпаведнасці з артыкулам 45 Закона аб жывёльным свеце здзелкі з незарэгістраванымі жывёламі забароненыя. Калі прадавец адмаўляецца прад’яўляць адпаведныя дакументы, звяртайцеся ў тэрытарыяльны орган Мінпрыроды, — кажа Таццяна Жалязнова, кансультант аддзела біяразнастайнасці Мінпрыроды.
У студзені на з’ездзе АПБ пра праблему продажу жывых дзікіх птушак і іх чучалаў расказвала ў сваім дакладзе спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях Украінскага таварыства аховы птушак («ТОП Украіна») Таццяна Кузьменка. Яна адмыслова адсочвае і блакуе такія абвесткі ў інтэрнэце — а за год іх збіраецца каля тысячы! Сярод 99 відаў птушак, якіх прапаноўвалі ва Украіне да продажу, 17 відаў былі чырвонакніжнымі, а 51 від быў ўключаны ў дадаткі да Бернскай канвенцыі.

Мы папрасілі Таццяну расказаць пра маштабы праблемы ў яе краіне і пра тое, як «ТОП Украіна» дамагаецца ўзмацнення кантролю нелегальнага продажу дзікіх птушак.

Я пішу артыкулы, уздымаю праблему на канферэнцыях. Наша таварыства вядзе асветніцкую працу з насельніцтвам, тлумачыць людзям, што адлоў дзікіх птушак забаронены. Раз на сезон я пераглядаю абвесткі, блакую нелегальныя. Мы супрацоўнічаем з сайтамі абвестак, і тыя блакуюць незаконныя аб’явы па продажы дзікіх птушак. Гэта ўжо дало вельмі добрыя вынікі па драпежных птушках, абвесткі аб іх продажы сталі адзінкавымі. Цяпер ёсць праблема з нелегальным масавым адловам і вывазам за мяжу тысяч шчыгелаў — мы паднялі гэтую праблему ў Мінпрыроды. Самі мы не можам рабіць рэйдаў і канфіскоўваць птушак, у нас такіх паўнамоцтваў няма. Мы выяўляем правапарушэнне, звяртаемся ў паліцыю або экаінспекцыю, а яны ўжо рэагуюць, — Таццяна Кузьменка, супрацоўнік «ТОП Украіна».
Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч расказала, што ў Беларусі рэгіструюцца адзінкавыя спробы нелегальнага продажу дзікіх жывёл, і гэтыя выпадкі без кантролю не застаюцца і служаць важным прэцэдэнтам для будучых разбіральніцтваў.

Заўважым, што Дзяржінспекцыя пры Прэзідэнце займаецца толькі выпадкамі, якія датычацца драпежных птушак і паляўнічых жывёл.

Усе драпежныя птушкі — і дзённыя, і начныя — знаходзяцца пад аховай закона ў Беларусі. Вельмі добра, што інспекцыя аператыўна і эфектыўна зрэагавала ў дадзеным выпадку. Гэтыя птушкі маюць цяжкае жыццё, нездарма восенню нават у Мінску знаходзяць мноства галодных, хворых і раненых соваў, ястрабоў і асаедаў. Але іх роля ў прыродзе незаменная. Гэтыя птушкі шмат пакутавалі ад пераследу чалавека і дзеяння ДДТ у ХХ стагоддзі, некаторыя віды амаль вымерлі. Спадзяюся, што гэтае беднае птушаня, вернутае ў дзікую прыроду, пражыве доўгае шчаслівае жыццё і пакіне шматлікае патомства, — кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
АПБ выказвае падзяку Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за аператыўнае рэагаванне, а таксама Міжнароднаму фонду падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны Бор» за тое, што адгукнуліся і знайшлі новую сям’ю для птушаняці ў дзікай прыродзе.

Ахова птушак Бацькаўшчыны