Мінпрыроды падтрымала ідэю мараторыя на адстрэл гусей і качак увесну

Мінпрыроды гатовае ініцыяваць мараторый на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак: АПБ атрымала адказ на петыцыю, якую апублікавала ў траўні.

Цягам месяца ішоў збор подпісаў за ўвядзенне гэтага мараторыя, а таксама за забарону выкарыстання паўаўтаматычнай зброі і электронных вабікаў.

У сакавіку быў падпісаны ўказ, які змяніў правілы палявання. У выніку рэальны тэрмін палявання павялічыўся: замест 28 каляндарных дзён дазволілі страляць па птушках 28 паляўнічых дзён, то бок практычна ўсе выходныя з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня, а для пакупнікоў паляўнічых тураў зрабілі магчымасць паляваць неабмежаваную колькасць дзён цягам двух месяцаў.

Да таго ж, да паляўнічых відаў дадалі два віды, якія нейкі час таму былі чырвонакніжнымі: качку-свіцьву і гогаля. Што да спосабаў палявання, то суперэфектыўныя электронныя вабікі, якія транслююць запісы галасоў птушак, і паўаўтаматычная зброя нашмат яго спрашчаюць. Сапраўды, цяпер паляўнічаму нашмат лягчэй давесці, што ён мацнейшы і разумнейшы за гусь ці качара.

АПБ паслядоўна выступае супраць вясновага палявання на вадаплаўных птушак. Памылковы адстрэл самак качак і забароненых відаў, турбаванне водных і каляводных птушак падчас гнездавання, знішчэнне наймацнейшых асобінаў, якія перажылі зімоўку ці доўгі пералёт, — усё гэта ўдар па папуляцыях птушак. У Еўропе няма іншай краіны, дзе б увесну птушкі так пераследваліся паляўнічымі.

Пяцігадовая забарона на веснавы адстрэл вадаплаўных птушак дазволіць вучоным і практыкам вывучыць сітуацыю, якая склалася. З 1997 г. практычна ніхто не ведае, колькі ў нас качак і гусей. Без уплыву палявання можна будзе вясной дакладна вызначыць усе месцы, важныя для гнездавання шэрай гусі, белавокага нырка і іншых качак з Чырвонай кнігі, каб потым увесці заканадаўча абмежаванні для палявання ў гэтых раёнах. Нарэшце паляванне ўвосень для аматараў пастраляць будзе больш паспяховым і з меншай рызыкай для захавання нашых птушак, — кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Кампанію па зборы подпісаў падтрымалі вядомыя людзі Беларусі, і ў выніку петыцыя сабрала амаль 2000 подпісаў.

aleksievich

11 чэрвеня АПБ атрымала адказ на калектыўны зварот ад Мінпрыроды Беларусі, дзе гаворыцца, што міністэрства цалкам падзяляе занепакоенасць грамадзян і выступала супраць павелічэння тэрмінаў вясновага палявання на вадаплаўных, але гэтыя пярэчанні прынятыя не былі.

answer-vp

Мінпрыроды выказала гатоўнасць ініцыяваць увядзенне пяцігадовага мараторыя, калі атрымае падтрымку і адпаведнае навуковае заключэнне ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» дзякуе Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь за падтрымку.

«Наступным лагічным крокам будзе звяртанне Ў НАН Беларусі, як і прапанавала Мінпрыроды, — кажа Аляксандр Вінчэўскі. — Калі вучоныя падтрымаюць нашу пазіцыю, справа варухнецца з мёртвай кропкі».

Ахова птушак Бацькаўшчыны