Асвейшчына. Ад першых згадак да сучаснага ландшафта. Vol1

  • Раздел: Болота
  • Автор: Ihar Suvorau
  • Дата: 07.06.2018, 06:00

Віцебшчына — Асвея — самы паўночны рэгіён Беларусі. Калі паглядзець на мапу краіны, то «макаўка» Беларусі. Памежжа трох краін, культур, народаў, рэлігій. Ад Асвеі да мяжы з Латвіяй —18 км. Амаль столькі ж да мяжы з Расіяй. Тут сустракаюцца Латвія, Расія і Беларусь, каталіцтва, праваслаўе, пратэстантызм.  Калісьці гэта быў багацейшы край, скарбы якога засноўвалася на спалучэнні і ўзаемаўплыве розных культур, моў, традыцый. Цяпер гэта адзін з самых эканамічна адсталых рэгіёнаў краіны. Галоўныя прычыны — вайна і ўрбанізацыя. Калі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі загінуў кожны чацвёрты, на Асвейшчыне кожны другі. «Асвейская трагедыя» — вядомы ў савецкі час эпізод палітыкі генацыду, калі ў лютым–сакавіку 1943 г. лёс Хатыні паўтарылі адразу больш за сотню вёсак. Ад той страшнай навалы край не адрадзіўся і цяпер. Але чаго на Асвейшчыне хапае і цяпер, гэта багатай прыроды. Тут знаходзіцца Асвейскае возера, другое па велічыні ў краіне з самым вялікім востравам на Беларусі і ландшафтным заказнікам, самы паўночны храм у краіне.

Гісторыя Асвеі
Вялікае возера — шмат рыбы. Здаўна на яго берагах пасяліліся людзі. Каля Асвеі 6 гарадзішчаў ранняга жалезнага веку. Толькі на востраве іх два — Гарадок і Пяруноўка. Упершыню мястэчка згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1503 г. Было маёмасцю Глябовічаў, Кішкаў. Ад Івана Кішкі з каралеўскага дазволу ў 1585 г. Асвея стала ўласнасцю езуітаў. Яны заснавалі тут кляштар і школу пры ім. У 1600 г. Асвею з воласцю набыў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Сапегі валодалі Асвеяй амаль 150 гадоў. З ХVІ ст. — Асвея цэнтр воласці, з 1695 г. — горад у складзе Полацкага ваяводства.

У 1749 г. мястэчка стала маёмасцю мінскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена. Найбольшы росквіт мястэчка звязваюць з яго іменем. Ён пабудаваў у 1782 г. тут каменны палац, касцёл, зафундаваў кляштар місіянарыяў (міласэрдных сясцёр) са шпіталем (1759). Ягоны бяздзетны сын перапісаў Асвею Іосіфу Шадурскаму разам з 13 тыс. прыгонных сялян.

З 1772 г. — у складзе Расійскай імперыі, з 1879 г. — цэнтр воласці ў Дрысенскім павеце. Вясной 1847 г. у Асвеі і навакольных вёсках адбыліся хваляванні прыгонных сялян, што падштурхнула мясцовых памешчыкаў распрацаваць план адмены прыгоннага ладу яшчэ ў 1850 г. За 7 гадоў да таго, як Аляксандр ІІ абвясціў аб пачатку падрыхтоўкі да рэформы.

Паводле перапісу 1897 г. у Асвеі пражывала 2830 чалавек, у 1905  ужо 3700. Тут дзейнічалі царква, касцёл, 4 іудзейскіх малельных дома, народнае вучылішча, паштовая станцыя, 85 лавак, 3 карчмы.

Асвея займала выгаднае геаграфічнае становішча. Тут праходзіў шлях з Расіі ў Ліфляндыю, Літву, Прусію. Двойчы на год (2 траўня і 28 чэрвеня) праводзіўся буйны кірмаш, які лічыўся адным з буйнейшых на Беларускіх землях. З 1924 г. па 1959 г. Асвея была цэнтрам раёну.

Нацыянальны склад насельніцтва Асвеі да вайны быў вельмі стракаты. Зараз аб гэтым нагадваюць могілкі — стараверскія, праваслаўныя, каталіцкія і, зусім зарослыя, — яўрэйскія. Больш паловы насельніцтва (58,6%) складалі яўрэі. У часы Першай сусветнай вайны значную частку яўрэяў выселілі з Асвеі як магчымых шпіёнаў і памагатых немцам. У 1925 г. тут быў створаны яўрэйскі нацыянальны савет. У гады Другой сусветнай вайны ў школе немцы стварылі гета, а 8 сакавіка 1942 года усіх асвейскіх яўрэяў і тых, каго прывезлі з навакольных вёсак, растралялі ў парку. Па дакументах, іх было 650.

Асвейская трагедыя
У часы вайны квітнеючы край стаў выпаленай пустыняй. З мэтай барацьбы супраць партызан нацысты правялі некалькі карных экспедыцый. Самай жудаснай стала “Зімовая чараўніцтва”, калі была спалена сама Асвея і 158 (183) навакольных вёсак, забіты і спалены зажыва 11 383 чалавека (з іх 2 118 дзяцей). Больш за 14 тысяч жыхароў Асвейскага раёна было вывезена. Дарослыя — на прымусовыя працы ў Германію, дзеці — ў канцлагер Саласпілс. Там у іх бралі кроў для нямецкіх салдат. Выжылі толькі адзінкі. Асаблівай лютасцю пры правядзенні карных акцый вызначыліся латышскія паліцэйскія батальёны. Інфармацыя пра жудасныя катаванні трапіла на Вялікую зямлю і ў “Праўдзе” з’явіўся артыкул А. Талстога «Асвейская трагедыя». Усяго ў раёне загінуў кожны другі з тых, хто пражываў да вайны. Не засталося ніводнага цэлага будынку.

Asviejskaja trahiedyja 02

У Росіцы, у памяць аб спаленых жыхарах вёскі два разы на год праводзіцца пілігрымка і жалобнае набажэнства.

Вяртанне жыцця
Пасля вайны Асвея адрадзілася, але былога не дасягнула. Адноўлена МТС, пабудаваны крухмальна-патачны, хлебны, торфабрыкетны і цагельны заводы, ткацкі і вышывальныя цэхі Верхнядзвінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, філіял Полацкага рыбзавода, лясніцтва. Меліся рэстаран, гасцініца, дом Быту, сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат.

На 1969 г. у Асвеі пражывала 3,8 тыс. чалавек.  Аднак, працэсы ўрбанізацыі негатыўна адбіліся на стане горпасёлка. Людзі пачалі з’яжджаць у буйныя гарады. У 1960–1970-я тут была арганізавана «хімія» на якой заключонныя адбывалі павіннасць на торфанарыхтоўках. Адмоўна паўплывала і паніжэнне статуса мястэчка, калі ў 1959 г. быў ліквідаваны Асвейскі раён.

Палац Гільзенаў
[supullquote align=“right”] Подводим итоги Мастерской ландшафтной архитектуры на острове Ду[/supullquote]Палац у Асвеі быў збудаваны Янам Аўгустам Гільзенам у трэцяй чвэрці ХVІІІ ст. Сядзіба не мела сабе роўні ў краі.  Уфундаваў кляштар і семінарыю айцоў місіянарыяў, пансіянат для дзяўчат, школу, шпіталь, аптэку. Палац называлі будынкам з «дзесяццю крыламі і дзесяццю дзядзінцамі». У шэрагу крыніц згадваецца аб ста пакоях ці нават аб тым, што вокнаў было па колькасці дзён у годзе. Гэта яўныя перабольшанні. Пры ўсёй велічыні будынкаў, такой колькасці іх ён не меў. Аналіз выяў палаца дазваляе казаць пра яго досыць сціплае знешняе аздабленне. Да нашага часу палац не дайшоў, а як ён выглядаў можам уяўляць па двух карцінах Напалеона Орды, некалькіх здымках і ўспамінах асоб, якія наведвалі яго.
Парк ля возера
Вялікі і маляўнічы парк знаходзіўся з тыльнага боку палаца, які падыходзіў непасрэдна да возера. У свой час ён лічыўся адным з лепшых паркаў эпохі рамантызму. Займаў плошчу больш 30 га. Закладзены пры Гільзене, ён і надалей даглядаўся Шадурскімі.

У плане парк меў форму прамавугольніка без дакладна вызначанай восі. У аснову кампазіцыі пакладзена складаная водная сістэма. Сажалкі, каналы, пратокі колам ахоплівалі тэрыторыю парка і стваралі ілюзію астравоў. На сажалках былі ўтвораны штучныя выспачкі на якіх высаджаны дрэвы. Праз каналы былі перакінуты масткі, якія акрамя ўтылітарнага, мелі дэкаратыўнае значэння. У сувязі з раўніннасцю тэрыторыі, відавыя кропкі з альтанкамі рабіліся на штучных узвышэннях. Насыпных узгоркаў захавалася два: дальні — на востраве ў паўднёва-усходняй частцы парка і бліжні, на паўднёвай ускраіне. Адзін з іх называюць Сабачымі Могілкамі. Адпаведна паданню, тут стаяў вялікі камень з надпісам на польскай мове прысвечаны сабаку, што выратавала дзіця, якое ўвалілася ў ваду і амаль не патанула. Другую горку называюць Лыска і кажуць, што яе насыпалі жанчыны, якія насілі зямлю ў падолах.

Asvieja park 03 Schiema sa Zboru pomnikau historyi i kultury Bielarusi

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Асвейскі»
З мэтай аховы водаплаваючых птушак і развіцця паляўнічай гаспадаркі, пастановай Савета Міністраў БССР у 1977 г. на Асвеі быў створаны паляўнічы заказнік плошчай 22,6 га3. У 1998 г. ён атрымаў статус «тэрыторыі важнай для птушак». У 2000 г. пастановай Савета Міністраў РБ стаў ландшафтным заказнікам. З 2002 г. тэрыторыя мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння. Не так даўно заказнік «Асвейскі» быў аб’яднаны з заказнікам «Чырвоны бор» і нацыянальным паркам «Себежскі» (РФ) у транспамежны біясферны рэзерват, які ў выніку стаў адной з самых вялікіх ахоўных тэрыторый у Еўропе.

Asvieja zakaznik002

На сённяшні дзень плошча заказніка складае больш за 27,7 тыс. га. Тэрыторыя — гэта спалучэнне азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот, нізінных балот, апошніх адносна мала. Ядром заказніка з’яўляецца возера Асвейскае. Галоўная водная артэрыя тэрыторыі — рака Свольна. Ёсць і іншыя рэкі, азёры (Белае, Лісна) і шматлікія меліяратыўныя каналы. Верхавыя і пераходныя балоты пакрыты хвойнікамі, бярэзнікамі і алешнікамі. Лясы займаюць каля 30 % агульнай плошчы заказніка, лугі — 6 %, хмызнякамі пакрыта 4 % тэрыторыі. Сярод балот ёсць нешматлікія мінеральныя астравы.

На тэрыторыі заказніка гняздуецца 204 віды птушак, з якіх 44 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку вялікі бугай (Botaurus stellaris), беркут (Aquila chrysaetos), скапа (Pandion haliaetus). У паўночнай частцы возера гняздуюцца рэдкія птушкі — змеяед (Circaetus gallicus) і арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla).

З млекакормячых, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі сустракаюцца буры мядзведзь (Ursus arctos), барсук (Meles meles), рысь звычайная (Lynx lynx).

На тэрыторыі заказніка вырастаюць 16 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Тут можна ўбачыць гібрыдныя формы вольхі чорнай і шэрай, высокаствольныя формы бярозы карэльскай, буйныя папуляцыі гарлачыка малога, а таксама рэліктавую насякомаядную расліну — альдраванду пухіраватую (Aldrovanda vesiculosa).

На Востраве адзінае месца вырастання кізільніка чорнаплоднага (Cotoneaster melanocarpus), які звычайна расце ў гарах Еўропы.

Photo Du_2

Ёсць некалькі версій адносна паходжання назвы возера і мястэчка.

  1. Ад слова свей, свеяны — не замацаваны расліннасцю пясок. Звычайна каля берага ракі ці возера.

  2. Свея — ад свеваў. Так завывалі жыхароў Швецыі. Такім чынам, Асвея — паселішча, заснаванае свевамі — шведамі.

  3. Раней называлі мястэчка Асвей з націскам на першы склад. Мясцовыя жыхары і цяпер так кажуць Васвея, прычым у сярэднім родзе. Быццам бы, у перакладзе з фіна-вугорскай мовы гэта азначае свяшчэнны мыс, ці свяшчэннае вусце. Такім чынам, месца, дзе знаходзілася паселішча — мыс. Аднак законы тапанімікі кажуць адваротнае. Ад назвы возера ці ракі звычайна паходзяць назвы паселішчаў, а не наадварот.

Багна

Заглавное фото Тани Капитоновой

Перепечатка материалов Багны возможна только с письменного разрешения редакции

Публикация финансируется Шведским агентством по международному развитию и сотрудничеству «Сида». Сида не обязательно разделяет мнение, выраженное в этом материале. Ответственность за его содержание целиком возлагается на ОО «Багна»