Асвейшчына. Ад першых згадак да сучаснага ландшафта. Vol 2

  • Раздел: Болота
  • Автор: Ihar Suvorau
  • Дата: 08.06.2018, 07:00

Асвея — другое па велічыні возера на Беларусі. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім (былым Асвейскім) раёне Віцебскай вобласці. Яго плошча 52,8 км², даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км. Найбольшая глыбіня да 7,5 м, але пераважаюць невялікія глыбіні — да 2 м. на 71% плошчы. Катлавіна акруглай формы. Берагавая лінія 33,4 км плаўная, бухт і заліваў не ўтварае. На беразе возера некалькі населеных месцаў: Асвея, Чапаеўскі, Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.

23_resize

Возера адносіцца да ліку слабапратокавых. У заходняй частцы ў яго упадае р. Зілупэ (Сінюха) і некалькі меліяратыўных каналаў. З поўдня і паўднёвага ўсходу — дзясятак невялікіх ручаін, якія перасыхаюць летам. На паўночным усходзе упадае рака Выдранка. Возера адносіцца да басейна Дзвіны, з якой злучаецца сістэмай рэк і азёр: канал «Дзегцяроўка» — возера Армея — возера Лісна — рака Свольна. Найбольшае напаўненне вадаёма адбываецца ў асенне-зімовы перыяд у выніку дажджоў і прытока грунтовых вод.

Берагі нізкія, на поўначы забалочаныя, на поўдні і ў вусці Выдранкі — сплавінныя. З захаду і паўночнага захаду падступае балотны масіў. Уздоўж усходняга і паўночных берагоў шырока распаўсюджаны пясчаныя водмелі. У паўднёвай і заходняй частках пясчаных адкладаў няма, тут пераважае сапрапель (каля 80% плошчы возера).

Возера зарасло амаль поўнасцю вышэйшай воднай расліннасцю. Незарослымі засталіся толькі плошчы з глыбінёй большай за 3 м.

25_resize

Асвея — улюблёнае месца птушак. Яно мелкаводнае, а значыць добра праграваецца. А значыць тут добрыя ўмовы для развіцця планктону, а адсюль – харчовай базы для рыбы і птушак. Тут выяўлена 73 віды фітапланктону. У зоопланктоне вызначана 28 відаў.Іхціяфаўна возера багатая. Тут сустракаюцца: шчупак звычайны (Esox lucius), плотка (Rutilus rutilus), лешч (Abramis brama), верхаводка (Alburnus alburnus), гусцяра (Blicca bjoerkna), краснапёрка (Scardinius erythrophthalmus), карась звычайны (Carassius carassius), карп (Cyprinus carpio carpio), лінь (Tinca tinca), язь (Leuciscus idus), жэрах (Aspius aspius), акунь звычайны (Perca fluviatilis), судак (Lucioperca lucioperca), сом (Silurus glanis), мянтуз (Lota lota), вугор (Anguilla anguilla), уюн звычайны (Misgurnus fossilis). Перыядычна праводзілася зарыбленне карасём срэбраным (Carassius auratus), амурскім сазанам (Cyprinus carpio haematopterus).

Тут буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак. Увосень і ўвесну адпачываюць і набіраюцца сіл чароды пералётных птушак. У сезон міграцыі штодзень іх збіраецца больш за 10 тысяч. Найбольш качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). На Асвеі самыя вялікія калоніі чаек (каля 3 тыс. пар). На сплавінах такуюць батальёны (турухтаны). На верхавых балотах, падыходзяць да возера гняздуюцца шэры жораў, чаплі, падвы, кулоны, верацейнікі, а па краях балота — дзербнік.

Апошнія дваццаць гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады, якая выцякае з возера па каналу Дзегцяроўка. Змены ва ўзроўні вады некалькі разоў дасягалі па 2 метры! Другой верагоднай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера ў 1920-я — 1970-я гг.

Востраў
Славутасць Асвейскага возера — востраў. Гэта самы вялікі востраў на Беларусі. Верагодна, гэта і самы высокі востраў. Ён мае марэннае паходжанне і вышыня яго берагоў пад 30 м. Плошча вострава 4,85 км².

14_resize

Паселішча тут было здаўна. Археолагі выявілі два гарадзішча. Пазней на выспе жылі стараверы. У сярэдзіне ХІХ ст. — тут ужо вёска з 14 дварамі. З часам колькасць двароў павялічылася да 65, была нават царква Раства Багародзіцы. У савецкі час не абышлося без калгасу, які называўся «Прыазёрны». Меліся крама, клуб, пачатковая школа, дызельная падстанцыя і іншыя аб’екты інфраструктуры. На востраў завозілі сена і дровы, а статак кароў перапраўлялі на «вялікі» бераг наўпрост уплаў.

09_resize

Цяпер на востраве людзей няма. Апошнія з’ехалі у канцы 1960-х г. Але палеткі аралі і пазней. Праўда, збіраць ураджай прывозілі студэнтаў Бігосаўскага зооветэрынарнага тэхнікума. Потым завозілі на лета табун каней амаль у 60 галоў, якіх перавозілі на пантонах. Распавядаюць, што коні баяліся заходзіць на пантон, але ахвотна ішлі за казлом. Так і дапамагаў барадаты «паромшчык», пакуль не здох. Потым яго замяніў малады. Але ў 2009 г. пантоны прыйшлі ў нягоднасць і больш на востраў коні не трапляюць. Затое летам тут шмат ласёў, кабаноў і, з’яўляюцца нават алені. Ваўкі сюды прыходзяць толькі ўзімку, па лёдзе. Але галоўны вораг жывёл не воўк, а чалавек. У сезон дазволу на паляванне, сюды прыязджаюць жадаючыя, у асноўным беларусы. Раней любілі расіяне, але стала менш.

Зараз толькі некаторыя зарослыя рэшткі былой фермы і металічная вышка нагадвае, што тут калісьці жылі людзі. Пакуль стаяць помнікі на мясцовых могілках, на якіх спачываюць тыя, хто ведаў назвы ўсіх куткоў вострава: Біруліна (усходняя частка вострава), Васькаўшчына (заходняя), Ласькова (паўночная), гара Піліпаўка (амаль у цэнтры вострава), гара Перуноўка (паўночная частка), гара Гарадок (паўднёвай частцы), Лыска (каля былога паромнага прычала), балота Верацеі, якое амаль роўнай, доўгай лініяй працягнулася праз востраў. Хутка і назвы забудуцца.

57_resize

Берагі вострава ўзвышаюцца над вадой не некалькі дзесяткаў метраў. Адсюль вельмі прыгожы і маляўнічы выгляд на возера і наваколлі.

Востраў «Гаспадар»
На возеры ёсць яшчэ адзін востраў. Але не з цвердзі зямной, а створаны шматгадовымі зараснікамі водных і балотных траў сплавіна. Яе памер прыкладна 100 на 200 метраў. На ёй ужо выраслі бярозы і асіны. Згадкі пра плаваючыя астравы можна знайсці ў сусветнай міфалогіі. Прыгадаем Сіндбада-марахода, які трапіў на востраў, што аказаўся спіной вялізнай рыбіны. Ці Івана з «Канька-Гарбунка», які выратаваў кіта, у якога на спіне вырас лес, а жыхары некалькіх вёсак нават аралі зямлю.

Востраў «Гаспадар» (так яго называюць мясцовыя жыхары) не такі вялікі. Раней яго насіла па возеры ў залежнасці ад кірунку ветру. Але ўжо некалькі год, як ён прыстаў да берага. Гэткі «пляменнік» водарасцевым выспам у Саргасавым моры.

Турызм
Галоўныя славутасці Асвеі, якія могуць прыцягнуць увагу госцяў, гэта возера і заказнік. Глядзець на руіны (рэшткі палаца, шпіталя) жадаючых нешмат. Ёсць колькі помнікаў, звязаных з падзеямі апошняй вайны. Але варта прыехаць сюды зарадзі таго, каб наведаць царкву Святога Георгія, якая з’яўляецца самым паўночным храмам на Беларусі. За возерам, у вёсцы Прошкі — самы паўночны дом у краіне. Ад яго да мяжы з Расіяй 300 метраў.

3_Ostrov Du

Непадалёк ад Прошак знаходзіцца курган Сяброўства, насыпаны ў 1959 г. у знак баявога сяброўства латышскіх, рускіх і беларускіх партызан. На вяршыні кургана вырастае дуб. У бок беларускай мяжы ідзе бярозавая алея, у бок Латвіі — ліпавая, у бок Расіі — кляновая. Раней штогод тут ладзіліся шматтысячныя святы. Цяпер доступ у памежную зону складаны, дый партызанскае сяброўства перажывае крызіс адносін.

У Асвеі на кургане Бессмяротнасці ўсталяваны помнік у выглядзе стэлы. Мясцовыя кажуць, што гэты помнік прывезлі з Германіі як частку рэпарацый.

Багна

Фото: Таня Капитонова

Перепечатка материалов Багны возможна только с письменного разрешения редакции

Публикация финансируется Шведским агентством по международному развитию и сотрудничеству «Сида». Сида не обязательно разделяет мнение, выраженное в этом материале. Ответственность за его содержание целиком возлагается на ОО «Багна»