Абараніць свае правы: як умацаваць ролю петыцый?

Актывісты праекта «Зручны горад» прапануюць змяніць Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Яны хочуць спрасціць працу і сабе, і дзяржслужачым і павысіць якасць апрацоўкі зваротаў. Абмеркаваць змены і падтрымаць петыцыю можна па спасылцы да канца лютага.

Зварот плануюць накіраваць у Адміністрацыю Прэзідэнта і ў Палату прадстаўнікоў. Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекта «Зручны горад. Petitions.by», тлумачыць, што цяперашні закон ужо састарэў і не адпавядае сучасным падыходам. Каманда праекта, абапіраючыся на ўласны вопыт з калектыўнымі электроннымі зваротамі, а таксама на сусветныя практыкі, абагульніла ўсе змены, якія прапануе ўнесці, у дзевяць пунктаў. Яны зробяць абарону правоў людзей больш эфектыўнай.

1. Стварэнне інстытута петыцый

Зараз у законе нават няма тэрміна «петыцыя». Для таго, каб з імі працаваць, неабходна ўвесці паняцце і адзначыць, што гэта калектыўны электронны зварот, які ўтрымлівае прапановы па ўдасканаленню заканадаўства і рашэнню актуальных эканамічных, палітычных і сацыяльных пытанняў грамадства і дзяржавы. Інакш некаторыя чыноўнікі адмаўляюцца прызнаваць такія звароты калектыўнымі, і спрабуюць адказаць аднаму заяўніку.

2. Выкарыстанне петыцый для ініцыяцыі зменаў у заканадаўстве

Беларусы маюць магчымасць прапаноўваць змены ў заканадаўства, але на практыцы зрабіць гэта складана: як мінімум, трэба сабраць 50 000 подпісаў. Каб спрасціць працэдуру, можна выкарыстоўваць інстытут петыцый. У такім выпадку Саветы дэпутатаў абавязкова разглядалі б петыцыю аб унясенні зменаў у заканадаўства пры ўмове, што яе падпісала пэўная колькасць грамадзян. Гэта добрая сусветная практыка. У еўрапейскіх краінах на сайце парламентаў ёсць раздзел петыцый, дзе грамадзяне могуць прапаноўваць змены ў заканадаўства. Яны праходзяць праверку, і калі ідэя мае сэнс і не супярэчыць існуючым законам, петыцыя разглядаецца дэпутатамі.

3. Больш дэталёва разглядаць петыцыі з вялікай колькасцю подпісаў

Сёння па законе дзяржорганы павінны разглядаць зварот з выездам на месца ў выпадку, калі яго падпісалі 30 і больш чалавек. Праект «Зручны горад» прапаноўвае пашырыць абавязкі дзяржорганаў у гэтым кірунку. Калі яны атрымаюць петыцыю з 1000 і болей подпісаў, то ім належыць разглядаць не толькі з выездам, але і з правядзеннем грамадскага абмеркавання, а таксама са стварэннем спецыяльнай камісіі. Відавочна, калі 1000 чалавек падпісаліся пад нечым, праблема мае вагу. І мае сэнс сустрэцца з людзьмі.

4. Абавязаць недзяржаўныя арганізацыі разглядаць звароты

Гэты пункт з’явіўся ў сувязі з тым, што ў нас ёсць недзяржаўныя арганізацыі, акцыі якіх усё адно належаць дзяржаве. Тым не менш зараз яны могуць ігнараваць звароты грамадзян. Аўтары петыцыі прапануюць абавязаць недзяржаўныя арганізацыі разглядаць звароты, якія сабралі не менш за 1000 подпісаў.

5. Зрабіць магчымасць адправіць зварот больш відавочнай

На сайтах дзяржорганаў абавязкова размяшчаецца форма для адпраўкі электронных зваротаў. Але ж часта знайсці яе няпроста — трэба шукаць мэтанакіравана і па розных раздзелах. Актывісты прапануюць зрабіць звароты больш даступнымі і абавязаць дзяржорганы размяшчаць адпаведную рубрыку на галоўнай старонцы сайта.

Як дадае кампэйнер і актывіст праекта Антон Матолька, такая ж сітуацыя з грамадскімі абмеркаваннямі, аб’явы пра якія, па законе, павінны загадзя вывешвацца на сайт. Фактычна яны ёсць. Але нават калі кожны дзень адкрываеце сайт райвыканкама, вы можаце гэтага не заўважыць, бо трэба заходзіць глыбей у розныя рубрыкі.

6. Магчымасць працягнуць тэрмін разгляду зваротаў

Па сучасным заканадаўстве, у дзяржорганаў ёсць ад 15 дзён да месяца на разгляд звароту. Практыка паказвае, што часта гэтага тэрміна недастаткова. Спешка ў вырашэнні важных пытанняў з’яўляецца не самым лепшым памочнікам, лічаць актывісты і прапануюць, каб заяўнік сам мог вызначыць тэрмін для разгляду больш за месяц, калі ён палічыць, што гэта неабходна. Пры гэтым, калі дзяржорганы не спраўляюцца з разглядам, яны павінны пісьмова паведаміць пра гэта заяўніку і абазначыць рэальны тэрмін.

Антон Матолька лічыць, што грамадзянская супольнасць у Беларусі не настолькі развітая, наколькі магла б быць. На яго думку, людзей, якія хацелі б нешта мяняць, патэнцыяльна нашмат больш. Але ўжо зараз штодзённа прыходзяць дзясяткі ці сотні зваротаў на розных падставах. Актывіст адзначае, што самі дзяржслужачыя зацікаўлены ў змене фармату працы. Зараз няма ніякага прыярытэту ў зваротах: і петыцыя, і скарга на суседа разглядаецца аднолькава.

Уладзімір Кавалкін дадае, што часам грамадзяне атрымліваюць адпіскі, бо справу не паспяваюць разглядзець па сутнасці. На яго думку, гэта звязана з неэфектыўнай працай мясцовых Саветаў дэпутатаў і парламента. Дэпутаты павінны працаваць з грамадзянамі і ісці да чыноўнікаў з прапановамі, што трэба рабіць на месцах ці на іншым узроўні, дабівацца нечага для сваіх выбаршчыкаў. Людзей ніхто не слухае, таму ў іх застаецца адзіны выхад — пісаць. І пішуць яны шмат. І ў гэтым выпадку петыцыі дапамагаюць знізіць колькасць зваротаў, бо не трэба кожнаму звяртацца асабіста.

7. Дапрацоўка правілаў працы з масавымі зваротамі

Калі дзяржорган атрымаў больш за 10 зваротаў па адной і той жа праблеме, ён мае права не адказваць кожнаму асабіста, а размясціць адзін агульны адказ на сваім сайце. Аднак у законе не адзначана, за які перыяд трэба ўлічваць падобныя звароты. Неабходна ўсталяваць адпаведны тэрмін, напрыклад, адзін месяц. Акрамя таго, сёння заяўнік ніяк не можа даведацца, што яго заява масавая і адказ трэба шукаць на сайце. Трэба, каб дзяржорганы паведамлялі заяўніку пра тое, дзе шукаць адказ і зрабілі спецыяльную рубрыку для такіх пытанняў. Тэрмін захавання адказаў можна зрабіць такім жа, як захавання перапісцы па зваротах, — 5 год.

8. Ідэнтыфікацыйны нумар замест адраса

Каб подпіс пад калектыўным электронным зваротам меў юрыдычную сілу, грамадзянін павінен пазначыць сваё імя, прозвішча, хатні адрас і мэйл. Праект «Зручны горад» прапануе замест адраса ўказваць ідэнтыфікацыйны нумар. Гэта выключыць магчымасць таго, што хатні адрас трапіць у трэція рукі. І адначасова такім чынам практычна выключаецца магчымасць падпісаць петыцыю ад імя іншага чалавека.

9. Анлайн-прыём замест асабістых сустрэч

Дзяржслужачыя могуць весці анлайн-прыёмы. Гэта хутка, зручна, скарачае выдаткі і даступна ўсім. Пры гэтым заяўнікі могуць рабіць прамую трансляцыю з месца падзей. Сувязь анлайн важна для грамадзян, якія жывуць у сельскай мясцовасці, для маламабільных людзей — усіх тых, каму цяжка прыехаць на асабістую сустрэчу ў выканкам.

Як петыцыі дапамагаюць бараніць дзікую прыроду

«Багна» адна з першых пачала выкарыстоўваць петыцыі як інструмент у сваіх кампаніях. Канстанцін Чыкалаў, старшыня ГА «Багна», расказвае:

— Тады ў Беларусі петыцыі толькі з’яўляліся. Першы наш вопыт — выкарыстанне change.org, у якіх тады адкрыўся офіс па працы з Усходняй Еўропай. На той момант іншых платформаў для стварэння петыцый у Беларусі не было. І ў 2012-м мы сабралі 6 800 подпісаў супраць продажу на аўкцыёне пуцёвак на адстрэл ласёў. Дзякуючы гэтаму мы змаглі звярнуць увагу на нашу невялікую кампанію, раздрукавалі петыцыю і прынеслі яе на публічны аўкцыён — ён праходзіў тады ў рамках выставы «Паляванне і рыбалка». Усё гэта праходзіла ў прысутнасці СМІ. Атрымалася класічная карціна, якую часта можна бачыць на акцыях Greenpeace ці нейкіх іншых сусветнавядомых прыродаахоўных арганізацый.

У другі раз мы збіралі подпісы пад петыцыяй у кампаніі па абароне беларускіх балот. У нас з change.org наладзіліся працоўныя адносіны. Яны вельмі моцна дапамагалі ў прасоўванні петыцыі. І гэта адзін з парадаў для тых, хто збіраецца напісаць калектыўны зварот, — па магчымасці супрацоўнічайце з камандай платформы, каб яны пастаянна нагадвалі пра вашу петыцыю. Дапамагайце ім — стварайце інфанагоды, каб петыцыя свяцілася ў СМІ ці дзесьці ў сацсетках. У платформаў ёсць вялікая база падпісчыкаў, яны могуць паказаць ваш зварот праз рассылку. У нашым выпадку гэта вельмі моцна дапамагала. Гэтым разам мы сабралі больш за 20 000 подпісаў. На той момант гэта была адна з самых буйных петыцый. Яны яшчэ не прыеліся ў грамадстве. Людзі з вялікім задавальненнем падпісвалі і верылі ў тое, што яны змогуць паўплываць на рашэнне і нешта змяніць. Гэта вельмі моцна матывавала. Мы рабілі шмат інфармацыйных падстаў, спецыяльна здымалі ролік для кампаніі.

Акцыя па замарозцы пастановы ў межах кампаніі «У абарону беларускіх балот», 2014 год.
Акцыя па замарозцы пастановы ў межах кампаніі «У абарону беларускіх балот», 2014 год.

Але не заўсёды колькасць подпісаў мае значэнне. Прыгожа мець вялікую лічбу, каб заявіць пра сябе ў СМІ, але для Беларусі гэта пакуль складана. На маю думку, зараз не трэба ставіць вялікую мэту — сабраць 100 000 подпісаў, напрыклад. Як паказвае наш вопыт, не патрэбна іх так шмат. Самае галоўнае — разумець, для чаго ты запускаеш збор подпісаў. Мы выкарыстоўваем петыцыі як магчымасць прыцягнуць увагу да некаторых праблем.

У 2014-м у Беларусі з’явілася платформа zvarot.by, а ў 2015-м — petitions.by. Яны сталі ствараць канкурэнцыю change.org. Апошні на той момант быў папулярны, але там не было ўсіх неабходных радкоў для запаўнення, каб гэты зварот адпавядаў патрабаванням нашага заканадаўства. Але зноў жа ў нашым выпадку для прыцягнення ўвагі, стварэння суполкі людзей, якія занепакоеныя той ці іншай праблемай, аўдыторыі і функцыяналу change.org нам хапала на сто адсоткаў.

Я рады, што ў Беларусі з’явіліся свае платформы, бо яны адпавядаюць заканадаўству і крыху па-іншаму працуюць. Яны аблягчаюць задачу па збору калектыўных подпісаў. У кампаніі па абароне рысі нашы прыхільнікі як раз выкарыстоўвалі petitions.by і сабралі больш за 4500 подпісаў. Гэта было правільна, бо наша задача стаяла ў тым, каб дагрукацца да Савета Міністраў, Мінлясгаса і запэўніць іх пераглядзець свае планы па выключэнні рысі з Чырвонай кнігі. Трэба ацэньваць, які вынік вы хочаце дасягнуць, і, зыходзячы з гэтага, абіраць платформу.

У 2017 годзе накіравалі ў Мінлясгас петыцыю супраць выкарыстання пастак, бо яны лічацца невыбіральнымі прыладамі палявання: у пасткі трапляюць людзі, хатнія жывёлы (сабакі, коткі і інш.), рэдкія віды (рысі, барсукі і інш.) або віды, на якія забаронена паляванне. Многія ахвяры гэтых пастак атрымліваюць калецтвы, несумяшчальныя з жыццём.
У 2017 годзе накіравалі ў Мінлясгас петыцыю супраць выкарыстання пастак, бо яны лічацца невыбіральнымі прыладамі палявання: у пасткі трапляюць людзі, хатнія жывёлы (сабакі, коткі і інш.), рэдкія віды (рысі, барсукі і інш.) або віды, на якія забаронена паляванне. Многія ахвяры гэтых пастак атрымліваюць калецтвы, несумяшчальныя з жыццём.

Да нас час ад часу звяртаюцца людзі з просьбай дапамагчы ў рашэнні нейкіх праблем. Часцей за ўсё гэта датычыцца палявання. Летась да нас звярталіся з петыцыяй пра адстрэл зубра. Але нам падалося, што яна не зусім правільна складзеная, таму мы тую петыцыю не падтрымалі. Мы хутчэй за тое, каб калектыўна працаваць над зместам, прапрацоўваць план па кожнай кампаніі, і ўжо сыходзячы з гэтага плану, вырашаць, выкарыстоўваць петыцыі ці не. Я не бачу сэнсу ствараць петыцыю пад кожную праблему, з якой мы працуем. Да калектыўных зваротаў трэба таксама ставіцца сур’ёзна. Распрацоўваць асобна план прасоўвання, прыцягваць людзей, якія працуюць з медыя. Стварыць тэкст і спадзявацца, што хтосьці яго распаўсюдзіць праз сацсеткі недастаткова. Трэба ставіць больш глабальныя задачы, ісці да канца, бачыць, што ты хочаш змяніць.

Часта сустракаюцца бессэнсоўныя петыцыі, калі людзі эмацыянальна адносяцца да нейкай сітуацыі і проста пішуць пра гэта тэкст. Яны не раюцца з юрыстамі, не абгрунтоўваюць свае тэзісы афіцыйнымі звесткамі, статыстыкай, даследаваннямі… Робяць проста эмацыянальны ўкід. Але самае сумнае і цікавае, што такія петыцыі збіраюць больш за ўсё подпісаў. Як петыцыя пра тушонку з бабра, якая сабрала амаль 140 000 подпісаў.

«Багна» падыходзіць па-іншаму: для нас важны прафесіяналізм. Мы заўсёды працуем з юрыстамі. Калі гэта кампанія ці кейс, над якім працуе некалькі арганізацый, мы ўзгадняем план з іншымі партнёрамі, каб у нас была адзіная пазіцыя.

Ёсць і ў нас вопыт сбору подпісаў пад петыцыяй якую падтрымала больша за 100 тысяч чалавек. У 2017 годзе Мінлясгас уносіў змены ў закон аб паляванні, акурат тады ў СМІ з’явіўся жудасны рэпартаж з палявання на ваўка, дзе яго жорстка душылі вяроўкай. Гэта падштурхнула нас запусціць кампанію супраць капканаў з мэтай забараніць іх выкарыстанне пад час палявання, пакінуць магчымасць выкарыстання іх у навуковых даследаваннях пры ўмове, што звер застанецца жывы. У тым выпадку мы нават звярталіся да пракурора, але ён не выявіў жорсткага абыходжання з ваўком, таму паляўнічыя засталіся безпакараныя. Нажаль петыцыя не дапамагла нам дабіцца сваёй мэты, бо Мінлясгас вельмі прынцыпова ставіцца да меркаванняў іншых спецыялістаў і вучоных, тады нашых магчымасцяў было не дастаткова.

Зараз у нас ёсць петыцыя СТОП Е40. Мы яе запускалі як міжнародную і пераклалі на шэсць моў, у тым ліку на палескі дыялект. Гэта незвычайная фішка прыцягнула частку нашых падпісчыкаў. Нам важна людзей праінфармаваць і даць ім магчымасць выказаць сваё меркаванне. Сваім подпісам яны пагаджаюцца з нашай пазіцыяй: праект прадстаўляе вялікую пагрозу для прыроды. Мы за тое, каб захаваць Палессе, Прыпяць і іншыя рэкі.

Я думаю, што змены ў заканадаўстве, якія прапануе каманда «Зручнага горада», — важны крок да таго, каб петыцыі мелі большую вагу і лічыліся афіцыйным зваротам ад грамадзян.


Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

Паралельно са зборам пад петыцыяй мы арганізавалі збор жывых подпісаў мясцовых жыхароў, якія пражывалі побач з балотамі з пастановы № 794 у межах кампаніі «У абарону беларускіх балот», 2012 - 2013 гг.
Паралельно са зборам пад петыцыяй мы арганізавалі збор жывых подпісаў мясцовых жыхароў, якія пражывалі побач з балотамі з пастановы № 794 у межах кампаніі «У абарону беларускіх балот», 2012 - 2013 гг.© Bahna
© Bahna
Актыўныя дзеянні мясцовых жыхароў маюць важнае значэнне ў захаванні дзікай прыроды, так як яны першымі сутыкнуцца з экалагічнымі праблемамі і парушэннем іх правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Актыўныя дзеянні мясцовых жыхароў маюць важнае значэнне ў захаванні дзікай прыроды, так як яны першымі сутыкнуцца з экалагічнымі праблемамі і парушэннем іх правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.© Volha Kaskevich