У Мінпрыродзе таксама занепакоены будаўніцтвам воднага шляху Е40
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтары: Ihar Suvorau
- Час публікацыі: 08.10.2017, 23:02
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя салідарнае з прадстаўнікамі грамадскасці, якія выказвалі апасенні з прычыны будаўніцтва воднай магістралі Е40, якая, як мяркуецца, пройдзе праз тэрыторыю Беларусі.
Начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Сяргей Заўялаў на прэс-канферэнцыі 3 кастрычніка паведаміў, што ў міністэрства пакуль недастаткова інфармацыі аб праекце, каб ацаніць наступствы будаўніцтва гэтага аб’екта для краіны.
Паводле яго слоў, Марскі інстытут у Гданьску праводзіў папярэднюю ацэнку ўздзеяння гэтага праекта на навакольнае асяроддзе, але яна тычылася пераважна тэрыторыі Польшчы.
Мы ж увесь час казалі, што для Беларусі трэба правесці асобную і вельмі дэталёвую ацэнку магчымых наступстваў, — сказаў чыноўнік. — Прыпяць даволі доўгая, яна схільная да паводак. Акрамя таго, там дастаткова шмат ахоўных тэрыторый, таму рашэнне [аб будаўніцтве ўчастка шляху Е40 на беларускай тэрыторыі] павінна быць прынята толькі пасля вельмі сур’ёзнай ацэнкі.
„Мы згодныя з апасеннямі грамадскасці. Пакуль што мы не ведаем усіх маштабаў праекта. Верагодна, працы пачнуцца на Вісле, а далей будзе разглядацца пытанне, чым будзе сілкавацца ўся гэтая сістэма. Калі яна будзе сілкавацца вадой з Буга, гэта закране і тэрыторыю Беларусі”, — падкрэсліў Заўялаў.
Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аднаўлення воднага шляху Е40 на ўчастку Днепр — Вісла 3 кастрычніка 2016 года падпісалі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, міністр інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы Анджэй Адамчык і міністр марской гаспадаркі і рачнога суднаходства краіны Марэк Грубарчык.
Водная магістраль Е40 — праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш за 2.000 кіламетраў. Ён павінен злучыць парты польскага Гданьска і ўкраінскага Херсона па рэках Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр і ўтварыць транспартны шлях паміж Балтыйскім і Чорным морам. Прадстаўнікі беларускіх экалагічных супольнасцяў ўспрынялі гэты праект негатыўна. Яны перакананыя, што рэгуляваныя вадаёмы, будаўніцтва якіх прадугледжвае магістраль Е40, цалкам зменяць экасістэму Палесся. Маштабныя працы на беларускіх рэках, якія былі задзейнічаныя ў праекце, могуць прывесці да знікнення розных відаў жывёл, рыб, насякомых і птушак, а таксама аслабіць здольнасць рэк самаачышчацца. Акрамя гэтага эколагі занепакоеныя тым, што Е40 пройдзе праз заражаныя радыяцыяй тэрыторыі, у прыватнасці Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
У ліпені мінулага года грамадскія арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны”, „Багна”, „Час Зямлі”, „Экадом”, таварыства „Зялёная сетка”, Цэнтр экалагічных рашэнняў і фонд „За чыстую Прыпяць” запусцілі кампанію „Стоп Е40! Захаваем рэкі Беларусі ў натуральным стане”.
Belapan.by