Што будзе адбывацца з Прыпяццю і як з гэтым звязаны Е40? Прайшла першая сустрэча па абмеркаваньні Пляну кіравання басейнам ракі
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 20.01.2020, 08:17
Што зараз адбываецца з басейнам ракі Прыпяць і якія праблемы трэба вырашаць? Гэта абмеркавалі на першай сустрэчы па абмеркаванні Плана кіравання басейнам ракі. Аб праблемах, якія адзначаюць самі праекціроўшчыкі, заўвагах «Багны» і магчымасцях з’яўлення Е40 — у нашым рэпартажы. Сам праект Плана кіравання басейнам Прыпяці можна вывучыць да снежня і выслаць заўвагі ў РУП «ЦНДІККВР».
Што такое Плян кіраваньня і навошта ён патрэбны Прыпяці?
Рака Прыпяць — адна з пяці трансгранічных рэк, якія цякуць па тэрыторыі Беларусі і патрабуюць комплекснага, сумеснага з суседзямі кіравання воднымі рэсурсамі ў межах іх басейнаў. У выпадку Прыпяці гаворка толькі пра Беларусь і Украіну. Такое кіраванне прадугледжана еўрапейскай Воднай рамачнай дырэктывай, а падыход ўключае не толькі экалогію, але таксама эканоміку, сацыяльную ды іншыя сферы. У ЕС планы распрацоўваюць на шэсць гадоў і пасля іх пераглядаюць.
Водная рамачная дырэктыва — адна з водных дырэктываў ЕС, накіраваных на гарманізацыю і ўдасканаленне кіравання воднымі рэсурсамі. Выкананне яе патрабаванняў абавязкова для краінамі-членаў ЕС і з’яўляецца добраахвотным для ўсіх іншых, улічваючы Беларусь як адну з краін Усходняга партнёрства.
План кіравання ў Беларусі распрацоўваюць на 2020-2030 гады. Выкананне дырэктывы не з’яўляецца абавязковым для Беларусі, таму План кіравання будзе мець рэкамендацыйны характар. У той жа час яго існаванне прадугледжана нацыянальным заканадаўствам. План кіравання рэкамі павінен распрацоўваць басейнавы савет — орган, які з’явіўся пасля ўступлення ў сілу змяненняў у Водным кодэксе ў маі 2015 года. Першым стаў Дняпроўскі басейнавы савет ў 2016 годзе. Прыпяцкі — трэцім.
Басейнавы савет — гэта аб’яднанне зацікаўленых бакоў, якія ствараюць план кіравання басейнам ракі, вызначаюць праблемы і шляхі іх вырашэння. У парады ўключаюць прадстаўнікоў улады, навукі, суб’ектаў гаспадарання і грамадскія арганізацій.
План кіравання абмяркоўваюць, каб «максімальна ўлічыць меркаванні»
Абмеркаванне праекта Плана кіравання рачным басейнам Прыпяці прайшло ў Мінску 1 лістапада на кансультацыі з грамадскасцю па стварэнні першага драфта Плана кіравання. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута геалогіі, Мінпрыроды і яго органаў, грамадскіх арганізацый «Багна» і АСДЗІМО, РУП «ЦНДІККВР».
Прыехалі таксама прадстаўнікі Французскага офіса па вадзе, партнёры праекта EUWI+ — «Водная ініцыятыва Еўрапейскага саюза для краін Усходняга партнёрства». Распрацоўка дакумента ідзе ў рамках гэтага праекта, і ёй займаюцца спецыялісты РУП «ЦНДІККВР».
«Нездарма ў еўрапейскіх краінах кіраванне рачнымі басейнамі заснавана ў тым ліку на абмеркаваннях і рашэннях басейнавых саветаў. Менавіта такі калегіяльны орган дазваляе максімальна ўлічыць меркаванні ўсіх зацікаўленых» — кажа адзін з распрацоўшчыкаў дакумента для Прыпяці, Уладзімір Карнееў, начальнік аддзела маніторынгу і дзяржаўнага воднага кадастру ЦНДІККВР. У «Багне» згаджаюцца: пры распрацоўцы плана кіравання меркаванне грамадскасці і праўда гучыць.
Адна з галоўных мэтаў дакумента — зафіксаваць, у якім зараз стане рака і якія праблемы трэба вырашаць.
Пасля аналізу прапаноў і дадзеных усіх бакоў будзе гатовы дакумент, на падставе якога можна будзе вызначыць крыніцы фінансавання і атрымаць грошы на працу. Крыніц некалькі — дзяржаўны бюджэт, мясцовы бюджэт альбо грантавая дапамога.
Зрэшты, «ёсць такія меры, якія ніколі не акупяцца — але настолькі вяліка іх прыродаахоўнае і сацыяльнае значэнне для будучых пакаленняў, што аб акупнасці няма і гаворкі», — кажа Уладзімір Карнееў.
Эканамічная частка праекта Плана пакуль не распрацавана, і яе абмеркаванне не праходзіць
Праблема ў ачышчальных збудаваннях ці ў водакарыстальніках?
Якія праблемы ёсць у басейне Прыпяці? Калі коратка — лакальныя, якія за кошт колькасці набываюць сістэмны характар.
«Часцей за ўсё рэкі ў нас не ў парадку з-за кропкавых крыніцаў забруджвання, не будзем хаваць, — кажа Канстанцін Цітоў, старэйшы навуковы супрацоўнік «ЦНДІККВР» з аддзела маніторынгу і дзяржаўнага воднага кадастру. — Нам цяжка зразумець, чаму: ачышчальні дрэнна працуюць з-за тэхнічных характарыстык ці водакарыстальнікі не жадаюць займацца ачысткай? Але тыя аб’екты, якія пакутуюць з-за гэтага, пералічаныя ў плане, як і меры для іх. Хоць праграма мер пакуль неструктураваная».
У цэлым аўтары праекту вылучаюць пяць груп праблем, якія апісаныя ў 116-старонкавым праекце Плана кіравання на сайце распрацоўнікаў. На сустрэчы 1 кастрычніка прадстаўнік арганізацыі-распрацоўніка пералічыў цэлы спіс прыкладаў з гэтых груп.
Асаблівасць басейна, па словах дакладчыка, у тым, што антрапагенная нагрузка на яго фармуецца на тэрыторыі дзвюх дзяржаваў. «Гэта звязана з унікальнасцю ракі Прыпяць, якая двойчы перасякае дзяржаўную мяжу дзвюх суседніх дзяржаваў — Украіны і Рэспублікі Беларусь — у вярхоўі і ў ніжнім цячэнні», — пішуць аўтары праекту.
Што не так з басейнам ракі? Прыклады ад праекціроўшчыкаў
• Менш за 15% водных аб’ектаў басейна знаходзіцца ў натуральным стане.
Але пры гэтым у басейне ёсць вялікая колькасць ахоўных і каштоўных для біяразнастайнасці экасістэм, уключаючы аб’екты Ізумруднай сеткі і Рамсарскай тэрыторыі.
• Засухі і паводкі
Захоўваецца верагоднасць паводак і навадненняў, якія могуць затапіць інфраструктуру, жыллё і нанесці іншыя страты. Пакуль не зроблена праца па картаграфаваньню — улічана толькі трэць тэрыторый, якія могуць быць затопленыя. Ніжэй Турава карты рызыку няма. З іншага боку, воднасць аб’ектаў зніжаецца, і калі на Палессе не паводка, то засуха. І да 2035 года сукупная колькасць ападкаў за год будзе скарачацца. 20-40% скарачэння прыйдзецца на вясну.
• Рака і басейн забруджаныя радыяцыяй.
З якасцю паверхневых вод усё нармальна, але пры паводках або інжынерных мерапрыемствах радыеактыўныя рэчывы могуць быць змытыя ў ваду.
• Людзі ў басейне ракі недастаткова добра забяспечаны пітной вадой.
Асабліва ў весках.
• Палі фільтрацыі і іншыя крыніцы забруджвання.
Яны з’яўляюцца сур’ёзным крыніцай забруджвання, і іх паступова выводзяць з выкарыстання. Ўплыў ЖКГ у цэлым хочуць знізіць і прадугледзелі рэканструкцыю цэлага спісу ачышчальных збудаванняў і сістэм каналізацыі, і не толькі. Пералічаны цэлы спіс гарадоў, дзе дажджавой сцёк забруджвае прыроду: Столін, Петрыкаў, Калінкавічы і іншыя.
• Прамысловасьць.
Хочуць знізіць яе ўплыў, напрыклад, у Бярозе ў філіяле «Савушкін прадукт». На жывёлагадоўчых комплексах — пабудаваць біягазавыя комплексы. Збіраюцца пабудаваць ачышчальныя збудаванні на Тураўскім малочным камбінаце і ўзмацніць маніторынг яго сцёкаў. Больш уважліва вывучаць і «Беларуськалій».
• вадацёкі з зоны, забруджанай пасля аварыі на ЧАЭС, хочуць пераразмеркаваць сумесна з Украінай.
• Прыбярэжную паласу ракі Піны хочуць ачысціць і добраўпарадкаваць.
• Плануюць аптымізаваць рэжым водакарыстання водных гаспадарак, каб у рацэ заўсёды было дастаткова вады. Поўны спіс работ, даследаванняў і мерапрыемстваў можна знайсці ў праекце Плана.
Што не ўлічылі у праекце? Заўвагі «Багны»
• Тэрмін абмеркавання праекта.
Для вывучэння і каментавання больш чым 100-старонкавага дакумента мала чатырох працоўных дзён. Гэта тэрмін ад моманту, калі дакумент выслалі, да сустрэчы 1 лістапада. «Наша нацыянальнае заканадаўства прапануе на азнаямленне высылаць ўсе дакументы за 30 дзён», — каментуе Вольга Каскевіч, інжынер-эколаг ГА «Багна».
• У праекце не пазначаныя мэты і задачы Плана кіравання.
• У тэксце праекта не зафіксаваны мета-статус дакумента — як ім будуць карыстацца дзяржорганы і грамадзяне.
Распрацоўшчыкі вусна ўдакладнілі, што гэта рэкамендацыйны дакумент, але, тым не менш, на частку мерапрыемстваў мяркуецца атрымаць фінансаванне з бюджэту.
• Фармат дакумента.
Добра, каб ён быў выкладзены ў машыначытэльным выглядзе і мог бы быць вельмі зручным для аналізу ў працы з дадзенымі і картаграфічным матэрыялам.
• Не вызначаны статус вадаёма для Прыпяці.
У дакуменце вельмі шмат тэксту аб парушэнні ракі, але нідзе не згадваюцца дасылкі да класіфікацыі згодна з Воднай рамачнай дырэктывай.
«Багна» настойвае на статусе Прыпяці як натуральнага вадацёку з вялікім экапатэнцыялам.
Па-ангельску гэта гучыць як «natural water bodies with good ecological potential». Акрамя таго, ёсць варыянты modified (зменены) і artificial (штучны). Сама рака Прыпяць застаецца адной з нямногіх буйных раўнінных рэк Еўропы, якія захаваліся ў амаль прыродным стане. Ад гэтага залежыць план мерапрыемстваў, якія будуць у далейшым распрацаваныя для ракі. У выпадку вызначэння Прыпяці як змененай ракі можа ісці гаворка пра кампенсацыйныя мерапрыемствы і меры па зніжэнні ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што, на думку «Багны», толькі нязначна кампенсуе парушэнні ў найкаштоўнейшых прыродных аб’ектах.
• Не хапае карт забруджвання радыяцыяй.
У праекце ёсць толькі карты размеркавання цэзія, але няма карт размеркавання стронцыю-90, істотнага для аналізу Прыпяці. «Думаю, у вас таксама ёсць карты Гідрамета з нагоды забруджвання стронцыем-90, які ўтрымліваецца ў радыеактыўным глеі і з’яўляецца цяпер адной з асноўных пагроз забруджвання Кіеўскага вадасховішча пры правядзенні інжынерных работ», — кажа распрацоўнікам Вольга Каскевіч.Яна спасылаецца на адказы МНС, Міністэрства аховы здароўя і Палескага радыяцыйнага запаведніка, дзе пацвярджаецца важнасць пытання: гэтыя ападкавыя адклады ўсё яшчэ вельмі небяспечныя.
• Недастатковы аналіз уздзеяння на ўражлівыя тэрыторыі з натуральнымі экасістэмамі.
• Не хапае спасылкі на крыніцы інфармацыі ў высновах ў тэксце.
Е40 — пакуль не праблема, а перспектыва
Асобная ўвага «Багна» надала воднаму шляху Е40. У праекце не ўлічана ўплыву шляху на прыродныя экасістэмы, ня апісана і тое, што з-за змены клімату ў Прыпяці магчыма зніжэнне хуткасці плыні на чвэрць або палову. Няма нічога і пра тое, што калі Е40 ўсё ж запрацуе, то магчыма тэхнагеннае забруджванне нафтай і калійнымі ўгнаеннямі.
Чаму? І што вядома аб тым, ці будзе рэалізаваны праект? «На падставе якіх рашэнняў і дакументаў у плане фігуруе праект Е40? Мы атрымалі адказы ад усіх дзяржорганаў пра тое, што такога праекта няма і абмяркоўваць і ўносіць у дакумент згадкі пра яго няма чаго», — пытаецца Вольга Каскевіч.
«Мы не маглі не згадаць Е40. Але гаворым пра яго ня як аб праблеме, а як аб перспектыве, — кажа Уладзімір Карнееў. — Ён не ўключаны ў мерапрыемствы, але ў адмысловым раздзеле разгледжаныя і карысць, і пагрозы [ад з’яўлення гэтага шляху]».
«У нас столькі ж інфармацыі, колькі ў вас — у нас яе няма. Але ёсць канцэпцыя развіцця патэнцыялу ракі Прыпяць і гутаркі … Мы адразу ж хацелі б распрацаваць дарожную карту з абмежаваннямі, каб тыя, хто будзе працаваць пасля, не наступалі на граблі», — кажа Канстанцін Цітоў з «ЦНДІККВР».
Поўны спіс заўваг, дзе ёсць іншыя ўдакладненні па водным шляху Е40, можна ўбачыць па спасылцы ў фармаце pdf.
Што пішуць у праекце аб Е40?
Водны шлях Е40 у праекце згадваецца ў трох месцах.
Першы раз — пры апісанні геаграфічных умоваў басейна, так як Прыпяць «ўваходзіць у склад унутраных водных шляхоў Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца суднаходнай» ад Пінска да мяжы з Украінай. І гэты ўчастак адначасова адносіцца да магістральнага воднага шляху Е40 і ўваходзіць у пералік ўнутраных водных шляхоў міжнароднага значэння.
Другі і трэці — у раздзеле аб суднаходстве і пры апісанні перспектыў водна-транспартнага выкарыстання Днепра-Бугскага канала і ракі Прыпяць: «Рака Прыпяць сярод ўнутраных водных шляхоў Беларусі павінна разглядацца ў якасці прыярытэтнай для забеспячэння спрыяльных умоваў суднаходства, паколькі яна мае міжнароднае значэнне, выступаючы складовай часткай воднага шляху Е40».
Аўтары апісваюць праект шляху і пасля ўдакладняюць, што Прыпяць — не самая лепшая рака для суднаходства і такога праекту: трэба правесці шмат работ, якія значна зменяць характар ракі, уключаючы хуткасць плыні і тое, якая рыба там жыве. Да таго ж рака праходзіць праз прыродныя тэрыторыі, дзе яна важная як частка экасістэмы: праз нацпарк «Прыпяцкі», заказнік «Сярэдняя Прыпяць» і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Наступны этап — анкетаванне жыхароў і грамадскае абмеркаванне
«Гэта першы, уступны праект плана, і мы будзем удзячныя, калі вы прапануеце новыя [мерапрыемствы] і ўнясеце карэктывы ва існуючыя», — удакладняе Уладзімір Карнееў.
«Давайце пагаворым аб далейшых перспектывах. Была вельмі цікавая сустрэча і ідэі. Хацела сказаць, што для нас і для вас гэта першая спроба сумесна абмеркаваць план кіравання і правесці кансультацыі. І [я лічу], што ёсць вельмі каштоўныя прапановы па дапрацоўцы праекта, якія можна ўлічыць ўжо цяпер. Прынамсі, у частцы характэрызацыі басейна. Але што тычыцца вызначэння асноўных праблем — тут трэба яшчэ трохі падумаць», — кажа Юнона Відзеніна з Французскага офіса па вадзе.
Яна мяркуе, што ў будучыні для такіх сустрэч больш падышоў бы кароткі тэматычны агляд асноўных праблем басейна (як ужо ёсць згодна з Планам кіравання басейнам Дняпра). Юнона Відзеніна лічыць таксама, што было б карысна падрыхтаваць онлайн-анкеты для жыхароў басейна па праблематыцы і запусціць апытанне. У выніку да моманту грамадскага абмеркавання, якое павінен будзе прайсці План перад сцвярджэннем, будзе ўлічана і меркаванне спецыялістаў, і жыхароў. Само абмеркаванне Юнона прапанавала правесці ў Гомелі — бліжэй да ракі. Удзельнікі ўхвалілі гэтыя ідэі.
Філіп Сеген, прадстаўнік Французскага офіса па вадзе, падсумоўвае: цяпер трэба ўлічыць усе каментары, зрабіць прыкладную ацэнку мерапрыемстваў у праграме. «Важна быць рэалістычнымі, мы ж пішам ня спіс падарункаў на Каляды. Трэба распрацаваць дашборд (нешта накшталт дарожнай карты – рэд.) Таму што добра планаваць, але яшчэ лепш — выконваць», — кажа ён.
Заўвагі і прапановы па праекце можна прадстаўляць у РУП «ЦНДІККВР» у тэрміне да 1 снежня 2019 года поштай ў пісьмовым выглядзе або па электроннай пошце на адрас mail@cricuwr.by. Праект Плана размешчаны на сайце РУП «ЦНДІККВР» па спасылцы. Пасля дапрацоўкі праекта Плана пасьля паступіўшых заўвагаў у 2020 годзе ён будзе прадстаўлены для адабрэння на пасяджэнні Прыпяцкага басейнавага савету.
Галоўнае фота © zapovednytur.by
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».