Разліў — гэта калі вакол цябе выспы, а не лужыны

  • Тэма: Рэкі і азёры
  • Аўтар: Kanstancin Chykalau
  • Час публікацыі: 07.06.2017, 22:03

Увесну лягчэй за ўсё адчуць на сабе галоўную адметнасць Палесся. Бо Палессе — гэта вада. Вялікія нізінныя балоты і Прыпяць з яе змяістымі меандрамі. У час веснавога разліву вада наогул паўсюль — у гарадах і вёсках, замест дарог і сцежак, у старых дубровах і ў новых, не там збудаваных дамах. А дзе вада, там і прыгоды, цікавыя гісторыі і самое жыццё.

У сярэдзіне красавіка «Багна» з’ездзіла ў чарговую экспедыцыю ў Тураў, каб акунуцца ў водны сусвет і прыкінуць магчымыя наступствы пабудовы воднага шляху Е40. Пазнаёміцца з прыпяцкім разлівам дапамагалі крылы ў выглядзе квадракоптара з відэакамерай, высокія гумовыя боты, джып-уседарожнік і чаўны арнітолагаў.

Зноў аб Е40

Водны шлях Е40 — гэта міжнародны праект воднага шляху для перавозкі грузаў ад Балтыйскага мора да Чорнага — праз Гданьск, Варшаву, Брэст і Кіеў. Паўз дзясяткі каштоўных прыродных тэрыторый. Толькі ў Беларусі яго ўздзеянне могуць адчуць нацпарк «Прыпяцкі», Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, рэспубліканскія заказнікі «Сярэдняя Прыпяць», «Званец», «Стрэльскі» і «Мазырскія яры», мясцовыя біялагічныя заказнікі «Ізін», «Брэсцкі»  і «Непакойчыцы».

12_resizeМесцы, у якiх плануецца пабудаваць шлюзы

Пасля Е40 яны могуць змяніцца да непазнавальнасці. Бо каб зрабіць Прыпяць прыдатнай для перавозкі грузаў, трэба выпраміць і паглыбіць яе рэчышча. Туды сцячэцца вада з навакольных тэрыторый, што зменіць суседнія экасістэмы і ўмовы пражывання для шматлікіх відаў жывых істот. Узровень вады ў паглыбленным рэчышчы будзе дастатковым для таго, каб пусціць па Прыпяці цяжкагрузы. Толькі гэтая вада будзе біцца ў спрамленным рэчышчы з вялікай сілай, падмываць берагі і расцякацца лужынай па наваколлі. І ўсё гэта Прыпяць — адна з апошнiх з малакранутых рэк Еўропы.

Усё гэта верагодная будучыня — наступствы магчымай рэалізацыі праекта Е40. А пакуль Прыпяць жыве сваім жыццём.

Птушкі на лузе і іхні спакой

Тураў не з’яўляецца нечакана. Паабапал магістралі наколькі хапае зроку стаіць вада, у ёй растуць кусты і дрэвы. Гэта веснавы разліў Прыпяці. Дарога паступова пераходзіць у доўгі, на некалькі соцен метраў, мост. Навакольны краявід дзівіць сваёй прыгажосцю. Можа, нагадвае Нідэрланды: дамбы, мора, зграі чаек. Але не, усе трохі іншае: дамбачкі, Прыпяць, кулікі. Шмат кулікоў — сотні тысяч птушак.

Тураўскі луг — птушыны санаторый

Менавіта птушкамі і знакаміты Тураўскі луг у свеце. Прыпяць залівае велізарныя тэрыторыі, і толькі дзе-нідзе тырчаць невялікія выспы. Да выспаў не могуць дабрацца ні звяры, ні людзі. Акрамя крылаў, дапамагчы можа толькі човен. Гэта складае ідэальныя ўмовы для мігруючых птушак — хапае і ежы, і бяспечных месцаў для адпачынку.

Тураўскі луг з’яўляецца біялагічным заказнікам і мае статус тэрыторыі важнай для птушак. Гэты пойменны луг — стратэгічны аб’ект, санаторый на доўгім шляху, без якога птушкі папросту не даляцяць да поўначы, не выведуць птушанят. Для нешматлікіх відаў гэта катастрофа.

Станцыя кальцавання і ўлік птушак

У Тураве мы найперш кіруем да арнітолагаў, на станцыю кальцавання. Трэба даведацца, як адбываецца міграцыя птушак у гэтым годзе. Бо ў апошнія два гады вады было мала, і птушак таму было мала таксама. Сёлета вады многа, але ці прыляцелі птушкі?

25_resize

Станцыя кальцавання — гэта невялікі вясковы дамок, дзе асноўнае дзеянне адбываецца на вярандзе. Туды звозяць злоўленых птушак у маленькіх торбачках і развешваюць па сценках. Потым па адной іх узважваюць, вымяраюць, аглядаюць, дзьмухаюць пад крыло, каб пабачыць, ці ёсць тлушч — ці хапае ежы. Усе дадзеныя занатоўваюцца.

І нарэшце кальцаванне. Рознакаляровыя кольцы сціскаюць вакол птушынай лапкі пласкагубцамі. Глядзець на гэта немагчыма, здаецца, што жалезныя абцугі зараз перакусяць тонкую лапку. Але рухі супрацоўнікаў дакладныя, і птушкі паводзяць сябе спакойна, не крычаць і не б’юцца. Толькі калі нясеш птушку на двор выпускаць, адчуваеш, як калоціцца яе сэрца. Затое цяпер на гэтую птушку будуць звяртаць увагу назіральнікі па ўсім свеце, і па сабраных дадзеных можна будзе адсачыць шляхі яе міграцыі.

20_resize 21_resize

Мы бачым кальцаванне ўпершыню, яно захапляе, і мы ўвесь час фатаграфуем. Відаць, арнітолагі маюць жалезныя нервы, бо ніхто нам не кажа ні слова супраць. Волю і Машу нават бяруць з сабою ставіць пасткі і сеткі на наступных птушак. Астатнім не хапае месца ў чоўнах.

33_resize

А я разам з валанцёрамі еду на ўлікі. Гэта яшчэ не сапраўдныя ўлікі, а назіранне за тым, куды ляцяць зграі птушак на заходзе сонца і дзе яны збіраюцца ночыць. Нас разбіваюць па парах і развозяць па розных месцах. Наступныя некалькі гадзінаў мы праводзім на дамбе каля доўгага маста перад Туравам.

SAMSUNG CSC

Стаім, глядзім, мерзнем. Птушак з нашай кропкі відаць мала, ды й тыя лятуць вельмі далёка. Паблізу кружыць і ніяк не сядзе толькі адна невялікая зграя — асобін пяцьсот. Гэта вялікія грыцукі. Як паведамляе Андрэй, такое няспыннае кружэнне азначае, што паблізу лётае драпежная птушка. Драпежнік можа напасці, толькі калі сканцэнтруе сваю ўвагу на нейкай адной птушцы. Таму зграя рухаецца, птушкі ўвесь час змяняюць пазіцыі і такім чынам захоўваюць сваё жыццё. Па заходзе сонца мы вяртаемся ў Тураў і даведваемся, што каля сотні тысяч птушак назіралі валанцёры з іншай кропкі. Гэта добра, гэта шмат.

SAMSUNG CSC

Апаўночы надыходзіць час выбіраць з сетак наступных птушак для кальцавання. Мне даручаюць задакументаваць гэты момант. Даюць камеру з велізарным аб’ектывам, ліхтарык замест лайтбокса і гумовыя боты. Дабірацца трэба ў чоўне.

У цемры выспа нагадвае размоклую ў вадзе валейбольную пляцоўку з нацягнутай сеткай. Птушкі пазаблытваліся ў ёй так, што на іх балюча глядзець. І калі арнітолагі працуюць з імі хутка і па магчымасці без дадатковага нервавання, ад майго ліхтарыка ўсе шалеюць. Без ліхтарыка здымкі атрымліваюцца занадта таямнічымі, але затое бачна, якія вялікія над Прыпяццю зоркі.

52_resize 53_resize

Палессе і палешукі

Птушкам разліў спрыяе: утвараецца мноства недасягальных выспаў, дзе іх не турбуюць ні драпежныя звяры, ні выпадковыя людзі, і дзе шмат ежы. Але як жывецца ў такой недасягальнасці палешукам?

Птушак вакол сябе яны, дарэчы, не заўважаюць, як прыморскія жыхары не заўважаюць шуму мора. Палешукоў цікавіць выключна ўзровень вады ў Прыпяці і колькасць рыбы. Так было спрадвек.

Недасягальная рыба

Палессе ўспрымаецца як адасоблены, вельмі самабытны і традыцыйны рэгіён. Ведзьмары, балоты, паганства. Нехта нават хацеў зрабіць з гэтага месца жывы музей для турыстаў. Толькі вось ці пагодзяцца сучасныя палешукі жыць так, як іхнія прадзеды? Ды нават ці змогуць?

Яшчэ сёння ў Тураве лёгка напаткаць маладых людзей, якіх прабабуля з маленства вучыла кіраваць чоўнам і лавіць рыбу. Ды і саміх гэтых ужо вельмі сталага веку жанчын пазнаць няцяжка. Запрасілі вас на гарбату, а стол упрыгожвае адмысловы карункавы абрус? Значыць, гаспадыня ўсё жыццё пляла сеткі на рыбу, кіравала чоўнам і ведала, дзе хаваюцца тоўстыя вусатыя самы. І гэта яе ўнукі маглі пайсці прыбраныя на школьны экзамен, а вярнуцца ў абдымку з толькі што злоўленай двухпудовай рыбінай. Раней. Цяпер пра самоў невядома, і дзеці вяртаюцца пасля ўрокаў без рыбы. Бо рыбы стала мала, бо яе больш нельга лавіць, бо адрэзкі Прыпяці цяпер аддадзеныя ў арэнду розным гаспадаркам.

Недасягальныя дубы

Наш другі дзень пачаўся на досвітку. Бо ўсім вядома, што прыроднае хараство прачынаецца разам з сонцам, а нам хацелася зняць знакамітыя Прыпяцкія дубровы як найпрыгажэй. І сапраўды, стракаціць квадракоптар з відэакамерай, галосяць вакол яго птушкі, і мы атрымліваем дзівосныя кадры разліва ў разліве — Прыпяць затапіла вёсачку, а сонечны свет заліў саму раку.

94_resize

Сонца імкліва рухаецца ўгору, на іншыя мясціны ў нас застаецца самае доўгае гадзіна, і мы спяшаемся. Каб зняць старыя вялізныя дубы ў вадзе, трэба праехаць праз кантрольна-прапускны пункт Прыпяцкага парка. Але гэта не адзіная перашкода — дарога месцамі нагадвае возера, таму ўсе сем чалавек і два тхорыкі ўціскваюцца ў джып, а другую машыну пакуль пакідаем на ўзбочыне. Далей — цяжэй. Вось ужо і джып стаў, і прайсці могуць толькі шчаслівыя ўладальнікі высачэзных гумовых ботаў. На траве іней, вада сцюдзёная — без абутку не пойдзеш. Пашанцавала аднаму толькі аператару — яго панеслі да дубоў на спіне.

99_resize

Недасягальныя палешукі: каб не было вайны і каб была вада

Пасля дубоў мы наведалі даволі вялікую вёску пад назвай Мардвін. Нам пашанцавала, бо прыехалі мы амаль адначасова з аўталаўкай, таму пабачылі ледзьве не ўсіх жыхароў Мардзвіна. Аўталаўка спынялася на розных вуліцах, мы ездзілі за ёй і размаўлялі з людзьмі, якія выходзілі па прадукты. Дарэчы, аўталаўку такім спосабам выкарыстоўвалі не толькі мы, мясцовыя жыхары таксама закупалі прадукты і ў кабіне аўталаўкі або на ровары ехалі на наступную стаянку — спаткаць знаёмых, пагутарыць, пакуль ужо тыя будуць стаяць у чарзе. Такі вось палескі шопінг.

SAMSUNG CSC

Перш за ўсё нас запрасілі на каву адразу ў некалькі хат. А пасля стаяння ў чарзе яшчэ і на абед. Але мы задаволіліся толькі хуткім аглядам адной мясцовай хаты — занадта нас было многа. З гасціннасцю тут усё добра, а са ўсім астатнім па-рознаму. Нехта плакаў па мінулым, нехта сварыўся на неахайнае гаспадаранне вакол Прыпяці, а нехта голасна даводзіў, што жывецца тут выдатна, бо няма вайны. Той самай, Другой сусветнай.

SAMSUNG CSC

Але як жывецца, мы і самі маглі здагадацца, бо месцамі было цяжка праехаць нават на джыпе. Значыць, і аўталаўка даязджае не заўсёды. Сядзяць людзі як рабінзоны на сваёй выспе і выдумляюць каву і цукар хто з чаго можа. А вось для хуткай дапамогі ім абяцаюць зрабіць верталётную службу. Да сваякоў жа ў суседнія вёскі дабірацца лёгка — тут кожны мае човен.

111_resize

Аб водным шляху Е40 тут не чулі. А калі пачулі пра магчымае паглыбленне ды выпрамленне Прыпяці, то першай жа рэакцыяй было — ой як дрэнна, вады ж не стане!

Не стане так усім патрэбнай на Палессі вады.

#STOP_E40

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Coalition Clean Baltic