Палессе пад крылом АПБ
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтар: Kanstancin Chykalau
- Час публікацыі: 09.06.2018, 22:39
«Бязмежная некранутая прырода». Гэта магло б стаць дэвізам Палесся, нізіннай тэрыторыі ва Усходняй Еўропе, зарослай лясамі і пакрытай балотамі.
Уражвае сам маштаб гэтага рэгіёна — больш за 186 000 км2 , — што адпавядае амаль палове плошчы Германіі. Палессе ў літаральным сэнсе не ведае межаў, бо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. У сэрцы Палесся цячэ рака Прыпяць даўжынёй 650 км. Безліч яе лукавінаў, прытокаў і старыц надаюць вельмі адметную форму гэтаму рэгіёну, пераўтвараючы краявіды ў сапраўдныя лабірынты, утвораныя вадаёмамі, выспамі, балотамі і поймавымі лясамі.
Нягледзячы на моцнае ўздзеянне чалавека на прыроду ў савецкія часы, тут захаваліся вялізныя плошчы некранутай прыроды. Абшары лясоў даюць прытулак буйным сысунам: бураму мядзведзю, ваўку, рысі і зубру. Пойма Прыпяці — важнае месца адпачынку вадаплаўнай птушкі, чые міграцыйныя шляхі ўвесну і ўвосень праходзяць праз Палессе.
На балотах жывуць шматлікія віды птушак, у тым ліку і тыя, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка і вялікі арлец. Многія мясціны на Палессі маюць важнае значэнне для аховы прыроды на міжнародным узроўні і ўжо атрымалі статус біясфернага запаведніка альбо тэрыторыі, якая падпадае пад дзеянне Рамсарскай канвенцыі.
Разам з тым, існуюць пагрозы гэтаму прыроднаму цуду. Найбольшая з іх — асушэнне балот, фрагментацыя прыроднага асяроддзя праз пашырэнне аб’ектаў інфраструктуры і лясных гаспадарак. У дадатак, разбуральныя наступствы можа мець пабудова воднага шляху Е40 з Чорнага да Балтыйскага мора даўжынёй 2 000 км. Каб пусціць па Прыпяці грузавыя караблі, якія б хадзілі на працягу ўсяго года, хочуць правесці маштабныя будаўнічыя работы: паглыбіць і выраўнаваць рэчышча, пабудаваць плаціны і дамбы. У выніку рэзка зменіцца рэжым паводкі, некалькі старыцаў будуць знішчаны.
Зважаючы на імавернасць такіх трывожных зменаў, Франкфурцкае заалагічнае таварыства (FZS) у 2015 годзе распачало працу ў Цэнтральным Палессі — Прыпяцкім нацыянальным парку — Альманы — Стары Жадзен, у самым сэрцы беларускага Палесся.
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» як партнёр FZS праводзіць навуковыя даследаванні жывёльнага і расліннага свету Палесся і ўплыву на яго дзейнасці чалавека.
Гэта ўтварае базіс для развіцця канцэпцыі захавання прыроднага асяроддзя ў гэтым унікальным рэгіёне і для рэалізацыі гэтай канцэпцыі на палітычным і сацыяльным узроўнях.
Што менавіта мы робім?
- Узмацняем адміністрацыйнае кіраванне тэрыторыямі цэнтральнага Палесся, якія знаходзяцца пад аховай;
- Прымаем меры па ахове яшчэ 140 000 гектар некранутай прыроды;
- Паляпшаем узаемасувязі паміж жывёламі з высокімі прасторавымі патрабаваннямі (воўк, рысь, зубр, буры мядзведзь);
- Праводзім паўторнае забалочванне асушаных балот і пойменных лясоў;
- Змагаемся супраць пабудовы судаходнага шляху;
- Сочым за выкананнем дзейных прыродаахоўных законаў;
- Развіваем новыя магчымасці для павышэння дабрабыту мясцовага насельніцтва, якія б не супярэчылі прынцыпам аховы прыроды;
- Прапануем уключыць частку Палесся ў спіс аб’ектаў усясветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Мэта праекта
Ахова некранутай прыроды ў цэнтральных раёнах Палесся і прадухіленне непасрэдных пагроз прыроднаму свету гэтага рэгіёна.
ФЗТ і АПБ рэалізуюць сумесныя працы ў Палессі ўжо шмат гадоў, але раней гэта тычылася працы з фокусам на асобныя віды. Новы праект па Палессі дазваляе пачаць комплексныя працы па захаванні дзікай прыроды гэтага ўнікальнага рэгіёна,— каментуе Віктар Фянчук, кіраўнік праекта.
Факты
Палескі рэгіён знаходзіцца на памежжы Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Яго працягласць з захаду на ўсход складае амаль 900 км, а ў шырыню дасягае 300 км. Агульная плошча складае прыблізна 186 000 км2 (на тэрыторыі Украіны 94 000 км2, Беларусі — 62 000 км2, Польшчы — 7 000 км2, Расіі —23 000 км2).
Партнёры праекта
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»Украінскае таварыства аховы птушакФонд Клаўса і Таслімаваці Шмідт-Лупрыян «Ахова птушак на водна-балотных угоддзях»
Паводле fzs.org