Еўразвяз не збіраецца фінансаваць будаўніцтва воднага шляху Е40
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 22.02.2019, 09:22
У канцы 2018 года стала вядома, што Еўразвяз збіраецца вылучыць 13 млрд еўра на мадэрнізацыю транспартнай сістэмы краін Усходняга партнёрства (trans -European Transport Network (TEN-T) Investment Action Plan), у тым ліку 1,2 млрд — на транспарт Беларусі. У план ўваходзіць будаўніцтва аўтамабільных дарог, чыгуначных шляхоў, марскіх і рачных партоў, аэрапортаў, лагістычных цэнтраў.
Міжнародная грамадская кампанія «Стоп Е40» зрабіла афіцыйны запыт у Еўракамісію, каб удакладніць, ці будзе фінансавацца Еўразвязам будаўніцтва воднага шляху Е40, як будзе ацэньвацца экалагічная ўстойлівасць праекта і як будуць забяспечвацца правы грамадзян на ўдзел у прыняцці рашэнняў. У лісце былі згаданыя унікальныя прыродныя асаблівасці палескага рэгіёну, небяспека праходжання шляху праз зону радыёактыўнага забруджвання і занепакоенасць грамадскіх арганізацый і экалагічных актывістаў.
18 лютага грамадская кампанія атрымала адказ. У ім сказана, што Еўразвяз фінансаваў распрацоўку тэхніка-эканамічнага абгрунтавання будаўніцтва воднага шляху Е40, але ніякія далейшыя дзеянні на падставе гэтага дакумента не фінансуюцца Еўразвязам. План па мадэрнізацыі воднай сістэмы, пра які гаварылася вышэй, не ўключае будаўніцтва Е40 на рэках Днепр ва Украіне і Прыпяць у Беларусі па экалагічных і эканамічных прычынах. Тым не менш, у плане пазначана магчымасць інвестыцый у мадэрнізацыю рачных партоў ўздоўж Дняпра.
Грамадская кампанія «Стоп Е40» выступае супраць будаўніцтва воднага шляху, які пагражае каштоўным прыродным тэрыторыям Польшчы, Беларусі і Украіны.