91 км Прыпяці могуць здаць у арэнду за тысячу еўра. Рыбакі пратэстуюць
- Тэма: Рэкі і азёры
- Аўтары: А. Раевская
- Час публікацыі: 04.05.2017, 12:11
— Вы разумееце, што для многіх людзей гэта стане катастрофай? Мы тут жывем Прыпяццю, ― эмацыйна расказвае Еўрарадыё мазыранін Дзмітрый Багачоў. У Дзмітрыя ў горадзе крама рыбалоўных тавараў. Ён спрабуе дамагчыся адмены аукцыёну, нават пачаў збіраць подпісы. Расказвае, што гараджане падпісваюцца супраць здачы участка ракі ў арэнду цэлымі прадпрыемствамі.
— Мае матывы вельмі простыя. Яны там акрамя платнага аматарскага лову збіраюцца арганізаваць прамысловы. У нас ужо гэта было некалькі гадоў таму. Тады дзейнічалі 22 брыгады. І нічога добрага з гэтага не выйшла… Людзі лавілі рыбу, а легальна здавалі ў асноўным неліквід, драбязу. Куды дзявалася нармальная рыба ― невядома. Яны і цяпер тут усё могуць вылавіць, гэта экалагічная катастрофа можа быць. Пасля засухі апошніх гадоў, у Прыпяці і так праблемы з рыбай, ― абураецца Дзмітрый.
Мазырскія рыбакі таксама непакояцца, што ў патрабаваннях да удзельнікаў аукцыёну нічога не сказана пра кошты, якія будуць вызначаныя для рыбакоў-аматараў, калі участак Прыпяці насамрэч здадуць у арэнду. У тым жа суседнім Прыпяцкім запаведніку адзін дзень рыбалкі з берага каштуе 40 рублёў, з чаўна ― 70. Улічваючы мазырскія заробкі, сумы непад’ёмныя.
— Рака для нас, гэта адзінае месца адпачынку. А шмат для каго і дадатковая крыніца харчавання. І уцёмную вырашаць такія пытанні нельга, ― расказвае Дзмітрый.
Подпісы мазыране збіраюць у электронным выглядзе і на паперы.
— Цяпер запусцілі на Petitions.by Там ужо таксама 1200 подпісаў, яны будуць дасланыя ўладам. На гэтыя подпісы улады абавязаныя адказаць. Уручную таксама збіраем. Ужо каля 4000 сабралі. Заўтра панясем у Мазырскі выканкам. У Мінску таксама збіралі подпісы, там 2000 дадаткова. Іх перададуць у Міністэрства сельскай гаспадаркі, Гомельскі аблвыканкам, Адміністрацыю кіраўніка краіны. Усе падпісваюцца. Прадпрыемствы ў поўным складзе. “Гаргаз”, “Энергазбыт”, усе. Нумары тэлефонаў, адрас прапіскі, усё ёсць, ― расказвае Дзмітрый Багачоў.
Цікавы нюанс ― стартавы кошт аукцыёну на арэнду 91 км Прыпяці ― 2100 рублёў за год.
— Гэта нават не смешна. Я за год падаткаў і заробкаў выплачваю 20 тысяч. А ў мяне крама 35 квадратаў. Гэтая сума непараўнальная з той шкодай, якую можна нанесці рацэ прамысловым ловам. Тут не ўлічаныя ні інтарэсы дзяржавы, ні людзей, ― перакананы Дзмітрый.
Як расказала Еўрарадыё адказная за правядзенне аукцыёну мазырская чыноўніца Наталля Комель, на дадзены момант пададзеная толькі адна заяўка на удзел у ім ― ад мясцовага аддзялення “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Мазырскія рыбакі кажуць, што ў арганізацыі фінансавыя проблемы. Маўляў, магчыма, такім чынам збіраецца атрымаць дадатковае фінансаванне.
Аукцыён па здачы 91 км Прыпяці ў арэнду прызначаны на 22 траўня. Заяўкі прымаюцца да 16.
галоўнае фота@wildlife.by
Еўрарадыё