«Сасна ў нас як бульба»: нататкі пра лес, жывёл і ахову прыроды
- Тэма: Лясы
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 29.03.2019, 16:59
Кожны працоўны дзень на працягу трыццацi з лішнім год герой і аўтар аповяду праводзіў у лесе. Ён адзін з тых незаўважных супрацоўнікаў лясной гаспадаркі, якія ствараюць лічбы паказнікаў і выконваюць план. Але адначасова ён назіральнік, які ў кантакце з жывым асяроддзем, што іншыя бачаць толькі раз на год — калі ідуць па грыбы.
Пабочнае карыстанне лесам для многіх — чарніцы ці баравікі, для іншых — лаза для кошыкаў. Але толькі для некаторых гэта падсочванне дрэваў, што адведзеныя ў высечку. На працягу 5-10 гадоў такія дрэвы апрацоўваюць, каб атрымаць з іх смалу. Ці, дакладней, жывіцу – гаворка ідзе пра хваёвыя пароды.
Калі правесці больш за тры дзясяткі год на такой працы, то можна навучыцца вызначаць пароду дрэва без лісця ды чуць, якія гукі для лесу чужыя. Сваімі назіраннямі і ведамі дзеліцца Анатоль Валынец, які трапіў у лясную гаспадарку ў васьмідзясятых і застаўся там дагэтуль.
Насенне сабрана з нашых шышак
Дзве найбольшыя праблемы лесу — чалавек, які яго рэжа, і караед, які яго з’ядае.
Ці натуральны ў нас лес? Як тут сказаць… Яго пасадзілі з насення, што сабралі з нашых жа шышак леснікі. Дарэчы, гатункаў сосен шмат, дзясяткі чатыры. Яны розняцца між сабой, але асабліва яскравыя некалькі з іх.
У аднаго шышкі растуць проста са ствала, а ў другога — на хвосціку. Бываюць сосны, у якіх кара палосамі і таўстая, таўшчынёй сантыметраў сем у пні. А ёсць тыя, у якіх танкая, сантыметры два-тры, і аддзяляецца паўпразрыстымі слаямі. У Паставах сосны высокія, прамыя і наверсе тры галінкі, а ў нас, каля Вілейкі — разлапістыя і касматыя.
А што тычыцца таго, дзікі лес ці не — пры яго адводзе ў падсочку ці высечку заўсёды пакідаюць насеннікі, ці асобныя сосны, з якіх сеюцца новыя дрэвы. Калі вы лічыце, што ўвесь лес пасадзілі рукамі — звярніце ўвагу, колькі дрэваў між радамі. Усе яны самасейкі.
Вось на адным з маіх былых участкаў кволыя сосны растуць радамі, а дзе трактар зямлю адкідаў — самасейкі па паўметра.
Апроч таго, некаторыя ўчасткі лесу ніхто не саджаў. У мяне на падсочцы быў такі ўчастак плошчай 2,7 гектара [прыкладна 100 на 270 метраў — рэд.]. Я пачытаў у лясніцтве звесткі пра гэты ўчастак лесу — а там поўна хваробаў: і губа, і караед, і смолка [назвы хвароб па-руску – губка, короед и серянка — рэд.].
Леснікі там не саджалі нічога: ні сасны, ні елкі. І пайшла расці лаза, а за ёй — вольха, асіна, бяроза і маліннік. Маліны тады я назбіраў мора, адзін раз у жыцці бачыў, каб яе на кусце было чырвона і пад кустом — таксама. Зараз прайшло 20 гадоў, і там вырас прыгожы беразняк.
А то я працаваў на балоце ў іншым месцы, дзе потым зрабілі пасадку сасны. Праз 15 год сосны былі літаральна сантыметраў 10-15 у дыяметры, але з’явілася бяроза. Прайшло 25 год ці болей, і там такі беразняк! Бярозы высокія-высокія і ў пні 20-30 сантыметраў. А сосен амаль няма.
Дуб, што перажыў два лясы
—Якія самыя старыя лясы вы бачылі? Бо больш за палову з іх пасаджана пасля Другой сусветнай вайны.
Самая старая сасна — 110-150 гадоў, і гэта дрэва накшталт насенніка ці тых сосен, што часам стаяць каля вёсак. Самы стары лес, што я бачыў — 90-110 гадоў. Бо сасна ў нас як бульба: вырасцілі — зрэзалі.
Стары лес ёсць пад Мінскам, каля Рогава і Сёмкава гарадка. Там дубы перажылі па некалькі высечак, усе пранумараваныя і ў два-тры разы вышэй за сосны. Ім мусіць быць некалькі соцень гадоў.
Ну і яшчэ адзін дуб мы пакінулі ля вёскі Выглавічы ў Мядзельскім раёне, калі нам далі дзялянку пад высечку — яго б не пагрузілі. Дуб нашмат вышэй за астатні лес і ніжнія сукі па метру таўшчынёй. Сам таўшчынёй метры два і перажыў, як сказаў мясцовы чалавек, дзве высечкі лесу. То бок яму 200-300 гадоў.
Прыязджалі туды праз год — а там ужо параснік пайшоў вакол, маліннік… І дуб стаіць. Адзін.
— Што ў старым лесе ёсць такога, чаго няма ў маладзейшым? Акопы, напрыклад?
Акопы — гэта засталося ад вайны. У лясах узростам 50-70 гадоў звычайна шмат бруснічніка, чарнічніка, а ў маладняках — толькі мох. Таксама ў старым-старым лесе, асабліва калі гэта бор [хваёвы лес — рэд]: пад дрэвамі нічога, апроч ігліцы. Усё заглушана, адно высокія сосны стаяць. Такі я бачыў у вайсковым гарадку каля Жыткавіч: годныя сосны па 100 год і пад імі — нічога.
— Якія вы бачылі цікавыя ці незвычайныя дрэвы па пародах?
На Палессі мора вяза, а ў нас у лесе я бачыў яго адзін-адзіны раз.
Бачыў пад’яловец [можжевельник — рус.] дыяметрам сантыметраў 20-30 у пні, вышынёй метраў пяць. Такі расце, напрыклад, ля вайсковага шпіталя ў Барысаве, а ў Крыме з яго ўвогуле робяць дошкі з прыгожай тэкстурай. У нас пад’ялоўца шмат, але болей маленькі, кустамі. І расце ён павольна: сасна ўжо будзе высокая, а ён — зусім не.
Ці вінаватыя дзікі — дагэтуль толкам не ведаюць
— А куды сыходзяць жывёлы, калі іх лес высеклі?
У пасадкі. Уласна, жывёлы ў лесе і не жывуць, а толькі праходзяць, асабліва калі лес стары і хваёвы. А жывуць каля рэчак і азёр, ля балоцін, дзе вада і трава. Бо яно як?
Траваедныя жывуць каля травы, лугоў, ласі ядуць маладыя парасткі лазы і аб’ядаюць маладыя пасадкі.
А ў сасонніку толькі грушцы і рабцы [глухари и рябчики — рус.], яны ўсю зіму харчуюцца сасновай ігліцай.
— Ці многа ў лесе жывёл? Вось прыходзіш у лес і бачыш сосны, мох …
І сляды бачыш. Справа ў тым, што ўдзень жывёлы спяць, асноўнае жыццё леса — уночы, калі не лічыць Чарнобыльскую зону. Колькі разоў я быў у лесе ў ночы — там бегаюць, чмыхаюць, шапацяць. Пасядзі ў любым лесе ноччу — і пачуеш. Агулам калі ў лес прыходзіць чалавек, то ён амаль нікога там не бачыць. Але калі чалавек з сабакам, то сабака абавязкова знойдзе некага.
Зараз у лесе шмат казуль і лісаў. Лісы ледзьве не па дарозе ходзяць, па вёсках, і машын не баяцца. Іх не б’юць — мех зрабіўся нямодны.
Дзікоў моцна паменела, амаль няма. У мінулым годзе не было відаць, толькі ў гэтым з’явіліся нейкія залётныя. Бо ўперад стралялі ўсіх падрад, трэба ці не, і нехта нажыўся на гэтай чуме. Ці вінаватыя дзікі — дагэтуль толкам не ведаюць ні леснікі, ні егеры.
Ваўкоў у лесе мала, а дзікіх сабак — многа
Але ні разу не бачыў, каб стралялі ваўкоў. Ды і слядоў ваўкоў не надта ёсць, а вось слядоў дзікіх сабак у лесе многа. Можа, метысы паляўнічых сабак? Бо іх след розніцца з ваўчыным: у сабакі гэта пяць падушачак блізка адна да адной.
Воўк становіцца — два пярэднія пальцы асобна ад трох задніх падушачак і між імі можна пакласці саломінку.
Калі гавораць, што ваўкі пакусалі ці пацягалі жывёл — мне здаецца, гэта не ваўкі, а дзікія сабакі. Ці чуў, каб ваўкі пакралі скаціну ці напалі на чалавека ў лесе? За 30 гадоў — ні разу. Сам бачыў ваўкоў і нават размінаўся з імі на дарозе, але я ім не быў цікавы.
Мне здаецца, для чалавека ў лесе небяспечны лось. На працы казалі і ў газетах пры Саветах пісалі, што аднойчы ішоў чалавек з працы, і да яго выйшаў лось. Абышоў пару разоў вакол — і нагой у плечы, заплечнік праз грудзі прагнаў. Нашто? Проста стукнуў, ласі такія.
Ці я з цясцём ехаў на машыне ЗІЛ, а проста з ляску выйшаў лось і давай гарцаваць перад машынай, не прапускаючы. І толькі пасля таго, як разы тры ўваліў заднімі нагамі па бамперы — відаць, адбіў ногі — толькі тады сышоў у лес. І нават не кульгаў. А калі б я ехаў на легкавой машыне?
Што рабіць, калі ідзеш і бачыш лася? Хавацца за дрэвам, там ён не дастане. Дзікоў зараз мала, але пры патрэбе ад іх хаваюцца таксама.
— Ці праўда, што калі ляснік мае рэдкую жывёлу на ўчастку, то не скажа нікому, каб не было лішняй працы?
Залежыць ад чалавека. Адзін будзе ганарыцца і нават артыкул напіша, а другі будзе маўчаць.
Ці бачыў я мядзведзя? Адзін раз і надта даўно, гадоў 20 таму. Рысь — бачыў адзін раз і таксама даўно. Ляжыць на сонцы, грэецца. Як Багіра ў кіно: хвост у адзін бок, пярэднія лапы павярнуўшы ў другі.
Глядзіць на мяне, вушы прыціснула, шыпіць і нават не думае з дарогі сыходзіць — я падышоў на метраў 50. Спачатку не зразумеў, што гэта рысь, бо яна была не рудая, а нейкая шэрая. Думаў, кот такі вялікі, з паўметра. Потым гляджу — бясхвосты! Рысь!
Агонь патух, калі няма ні дыму, ні паху
— Нашто і калі людзі ходзяць у лес?
Людзей у лесе няма, яны ходзяць у асноўным па грыбы і ягады. Спачатку — едуць на роварах глядзець, дзе зацвітаюць ягады. Потым праходзіць збор — і нікога зноў няма. Шашлыкі не смажаць і з іншай нагоды не ездзяць, хіба толькі на кемпінгах каля дарог ці на берагах азёр. Там за апошнія 10 год з’явілася шмат адмысловых пляцовак, шмат сярод іх платных.
Людзі паддаюцца просьбам разводзіць вогнішчы толькі ў адмысловых месцах, і гэта добра. Канешне, магчымасць распаліць агонь у любым месцы прывабная, але многія і блізка не ўяўляюць наступстваў. Можна спаліць лес.
— Але ж калі паліш агонь, то потым тушыш?
Каб жа ён тух! Аднойчы я падпаліў сухі пад’яловец вышынёй з метр. Ён згарэў як факел, апала ігліца — і пачаў гарэць мох. Мы з жонкай пачалі таптаць, выціраць, прысыпаць зямлёй — а ён усё адно тлее. Ледзь патушылі за гадзіну латку паўметра на паўметра.
Патушыў — гэта калі няма ні дыму, ні паху. Самае надзейнае — абкапаць вогнішча і выліць каністру вады, гэта літраў 20.
Ідзе дождж, а дзялянку зацягвае дым
— Што не варта ў лесе рабіць вясной?
Паліць агонь і выпальваць траву — я бачыў, як ад яе гарыць лес.
— Ці праўда, што пажар можа ісці з хуткасцю да 60 кіламетраў на гадзіну?
Праўда, асабліва верхавінны, які гоніць вецер. Калі стаіш знізу, то да цябе ён не дастае, канешне. Але гарыць вакол, і дыму будзе — не прадыхнуць. А дрэвы паступова пачынаюць гарэць уніз.
Было, што я ехаў праз пажар — не самая прыемная рэч. Тым месцам людзі саджалі капусту ў полі каля леса, у нізіне. Адна бабка выпальвала ля поля траву, а вецер падхапіў і пагнаў у бок лесу. Выгарэла шмат, і змагаліся два тыдні: патушаць — ён зноў, і зноў, і зноў… Бо хоць і стаяла вада, але гэта балота.
Агулам пажар такая рэч: хто не бачыў — той не ведае. Гадоў 10 таму, у лістападзе, нас на працы адправілі паліць галлё, дзе павалілі лес. Мы мусілі сабраць усё чыста, каб потым зручна было ўзараць і пасадзіць новыя дрэвы.
Там выразалі сасну, вольху і бярозу на пляцоўцы, дзе ўсё заліта вадой, вакол канавы глыбінёй метры два. Засталіся высокія пні, між якіх мы сцягвалі галлё ў кучы і палілі.
Ідзе дождж, дыміцца — і ладна. Праз дні тры пачалі дыміцца ўсе пні вакол, уся дзялянка ў беспрасветным дыме.
Прыехаў ляснічы, кажа: «А што вы тут зрабілі?» — «Два вогнішчы палілі, адно з краю, другое ў цэнтры». І на дзялянцы плошчай гектараў пяць выгарэў торф пад пнямі, праваліўся каналамі [5 гектар — гэта прыкладна 100 на 500 метраў — рэд.]. Пні засталіся тырчаць на абгарэлых каранях. А калі б гэта былі жывыя сосны? Яны б цалкам пасохлі.
Хто не сутыкаўся з лясным пажарам — не можа ўявіць сабе наступствы. Асабліва гэта тычыцца гарадскіх людзей, якія мала што ведаюць пра пажарную бяспеку ў лесе. Ім толькі здаецца, што ў тэлевізары ды камп’ютары ўсё растлумачылі.
Перадрук матэрыялаў Багны магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»