Рэканструкцыя лясоў — рудымент альбо перспектыва лясной гаспадаркі?

  • Тэма: Лясы
  • Аўтар: Багна
  • Час публікацыі: 07.08.2019, 18:43

Галоўныя ляснічыя Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання вучыліся праводзіць так званыя рэканструкцыі так званых малакаштоўных лесанасаджэнняў на адмысловым семінары, арганізаваным 25 ліпеня Інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Слонімскім і Дзятлаўскім лясгасах. Сярод удзельнікаў былі і прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Багна».

Паколькі арганізоўвалі мерапрыемства навукоўцы, дык і назва ягоная была кшталту назваў навуковых працаў — ажно на тры радкі: «Аднаўленне шырокалістоўных лясоў шляхам рэканструкцыі малакаштоўных лясных насаджэнняў у падзоне грабава-дубова-цёмнахваёвых лясоў Беларусі». Тэма аказалася дастаткова цікавай ды неадназначнай не толькі для прыродаахоўнікаў, але і для саміх лесагаспадарнікаў.

Ці мусіць існаваць паняцце «малакаштоўнае насаджэнне»?

У звычайным паняцці слова «рэканструкцыя» — гэта аднаўленне чагосьці. Менавіта аднаўленню ласных супольнасцяў з гаспадарча-каштоўнымі пародамі дрэваў і мусяць спрыяць так званыя рэканструкцыі. Апошнія, дарэчы, выконваюцца рознымі спосабамі, але асноўныя з іх — высечка. Высякаюцца лесанасаджэнні, якія лясная гаспадарка лічыць малакаштоўнымі. Хаця…

На гродзенскім семінары неаднаразова нават з вуснаў яго арганізатараў гучала думка, што такога паняцця, як «малакаштоўнае насаджэнне» ўжо не мусіць быць, ад яго трэба сыходзіць. Праўда, як аказваецца, яно яшчэ досыць трывала трымае лесаводаў у сваіх абдымках і сысці ад яго не дужа проста. Сведчанне таму — сама назва семінара і назва тых мерапрыемстваў, якія на ім абмяркоўваліся.

Асноўная мэта рэканструкцыі — увод насаджэнняў у катэгорыю гаспадарча-каштоўных. І зноў жа ўсплывае нейкая «дыскрымінацыйная» для пэўных дрэваў фармулёўка. Тым не менш, пакуль лясная гаспадарка працуе паводле гэткай схемы і гэты пункт звычайна ёсць у планавых паказчыках дзейнасці любога беларускага лясгаса.

Якія дрэўныя пароды пакуль яшчэ стэрэатыпна лічацца малакаштоўнымі? Гэта, найперш, граб. Сапраўды — акрамя як на дровы ягоную драўніну больш пакуль нікуды не купляюць. Кажуць, яе яшчэ выкарыстоўваюць падчас вырабу піянінаў — маўляў, дазваляе атрымліваць нейкі гук, які немагчыма атрымаць з драўніны іншых пародаў. Але аб’ёмы яго выкарыстання ў «піянінабудаванні» сціплыя, і мала знойдзецца работнікаў лясной гападаркі, якім выпадала выпісваць дзелавы граб на піянінавую фабрыку.

Рэканструкцыя на практыцы

Тым не менш, менавіта грабнякі лічацца лесаводамі сапраўднымі зараснікамі дрэўнага пустазелля. Менавіта былы грабняк кіслічнага тыпу і стаў першай ахвярай рэканструкцыі ў Сенькаўшчынскім лясніцтве Слонімскага лясгаса, які наведалі ўдзельнікі семінара ў якасці дэманстрацыйнага аб’екта. З яго мяркуюць зрабіць кляноўнік мяшаны з елкаю. Пакуль, праўда, атрымліваецца асіннік мяшаны з грабняком. Але сенькаўшчынскія лесаводы не губляюць аптымізму і апантана косяць двухмятровыя парасткі асіны і граба, пад якімі хаваюцца дваццацісантымятровыя клёнікі і елачкі, пасаджаныя сёлетняй вясной на высечцы.

Прадстаўляючы аб’ект, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенна парушаных лясных земляў Інстытуту лесу НАН Беларусі Антон Патапенка звярнуў увагу на тое, што клён тут быў высаджаны вымушана — сёлета адчуваўся дэфіцыт пасадачнага матэрылу дуба, які першапачаткова меркавалася пасадзіць на гэтым участку. Але ж і клён лічыцца цвёрдалістовай пародай, запатрабаванай айчыннымі і замежнымі меблярамі.

За больш як палову вегетацыйнага перыяду на ўчастку праведзеная адна высечка асвятлення, калі кустарэзам «пакасілі» асінава-грабавы гушчар, таму пакуль прырост дрэўцаў клёна і елкі не надта ўражвае. Калі б гэты від догляду тут ужылі трохкроць, магчыма вынікі былі б больш істотныя.

Другі аб’ект быў у гэтым жа лясніцтве ў суседнім квартале. Тут пытанняў ва ўдзельнікаў з’явілася яшчэ больш, чым на першым, бо высветлілася, што падчас догляду разам з асінай і грабам пазразалі і верхавінкі клёнікаў — паспрабуй заўваж сярод двухмятровага асінавага шчыцця з шырокімі лістамі той кволенькі клёнік і тым больш ягоны яшчэ не «апераны» шчычок! Але ўсе пагадзіліся, што, калі добра паднапружыцца, дык нейкі лес з клёнам і елкай у складзе больш за 5 адзінак (гэта значыць — больш за 50% ад агульнай колькасці дрэваў розных пародаў), тут выгадаваць магчыма.

Далей дарога семінара ляжала ў Дзятлаўскі лясгас і ягонае Раготнаўскае лясніцтва. На першым прэзентаваным тут участку рэканструявалі адзінаццацігадовы асіннік кіслічнага тыпу. Асіна лесагаспадарнікамі таксама лічыцца малакаштоўнай пародай. Чаму — сказаць цяжка нават самім «крэпкім хазяйсцвеннікам» з лясгасаў. Аўтар гэтых радкоў у сярэдзіне «нулявых» гадоў сам працаваў ляснічым і цудоўна памятае, як замежжа перастала купляць сасновы баланс, вымусіўшы многія ласгасы пераключыцца на экспарт асінавай тэхсыравіны — фактычна дрывяной драўніны, за кошт якой многія лясгасы тады фінансава і выплылі. Ды і з гледзішча сыравінавай базы для вытворчасці той жа цэлюлозы, хуткарастучая асіна мае лепшыя перспектывы, чым хваёвыя пароды. Карыстаецца трывалым попытам аздабленчы матэрыял з драўніны асіны. Тым не менш, асіннікі таксама ў лясной гаспадарцы Беларусі прынята рэканструяваць.

У Раготнаўскім лясніцтве з асінніка спрабуюць зрабіць дубова-елкавы лес. Спосаб рэканструкцыі тут іншы, ніж на Слонімшчыне — калідорны. Дзялянку не высякалі цалкам, а ў асінніку прасеклі калідоры, шырынёй 15 метраў, у іх нааралі разоры і пасадзілі аднагадовыя сеянцы дуба і двухгадовыя саджанцы елкі, і… забыліся пра іх. Было гэта ў 2010-м годзе. У 2014-м узгадалі, ды пачалі праводзіць штогадовыя догляды, высякаючы зноў жа «непажаданыя» асіну і граб. Цяпер на ўчастку вырасла 5Д5Е. Так, прынамсі, сведчыла шыльда перад дэманстрацыйным аб’ектам. Праўда, лічбы гэтыя хутчэй не ў адсотках складу, а ў штуках. Ну можа шэсць елак і пяць дубоў, можа сем ці восем. Больш нічога ў тым гушчары адкапаць перад семінарам не ўдалося. Так і стаяць тыя адзінокія 9-гадовыя дубочкі і елачкі на тых калідорах, вызваленых ад іншых дрэваў. Ці атрымаецца там больш «каштоўнае» насаджэнне, чым тое, якое рэканструявалі — пытанне вельмі дыскусійнае.

Яшчэ адзін дэманстрацыйны аб’ект быў у тым жа квартале, толькі ў яго паўночна-заходняй частцы. Тут на месцы грабава-дубовага лесу са складам 7Г2Д1Е (што азначае, што там было 70% граба, 20% дуба і 10% елкі) у 2012 годзе паспрабавалі стварыць дубова-елкавыя культуры, высекшы цалкам «малакаштоўны» лес і пасадзіўшы адналетнія дубкі ды двухлетнія елкі з адсоткавым складам 30 на 70. У выніку артымаўся курцінавы кляноўнік парасткавага паходжання. Аказваецца, клён быў там у другім ярусе і пусціў парасткі з пнёў. Што больш каштоўнае — зноў жа пытанне!

У чым сапраўдная каштоўнасць насаджэнняў?

Для прыродаахоўнай грамадскасці, вядома ж, найбольш каштоўнымі насаджэннямі з’яўляюцца тыя, якія ў канкрэтных умовах фармуе сама прырода. Але не факт, што такі ж падыход падзяляюць лесагаспадарнікі. У іх свае цікавасці.

— Калі за савецкім часам задачай лесніка было расціць і ахоўваць лес, дык цяпер мы мусім думаць, як зарабіць на сваім рэсурсе, — сказаў прысутны на семінары начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Гродзенскага ДВЛГА Андрэй Буй. І, магчыма, з гледзішча лясной гаспадаркі гэты падыход мае рацыю. Вось толькі падыходы з падзелам на каштоўныя і не вельмі пароды і напорыстае імкненне ісці супраць прыроды, супраць натуральнага працэсу змены парод нават сярод прысутных работнікаў лясной галіны выклікалі спрэчкі.

Напрыклад, галоўны ляснічы Смаргонскага лясгаса Мікалай Юшко ўзняў пытанне пра дэпаніраванне вугляроду ў глебу, што павышае яе ўрадлівасць. На ягоную думку, дарослая асіна ці грабняк, запас якіх на высечаных плошчах дасягаў 300 кубаметраў на гектары, за свой абарот высечкі дэпаніравалі б гумусаўтваральных рэчываў значна болей, чым высаджаныя культуры, тым самым падвысіўшы глебавае багацце і стварыўшы ўмовы для наступнага росту там больш патрабавальных дуба ці елкі.

Галоўны ляснічы Смаргонскага лясгаса Мікалай Юшко (справа) і галоўны ляснічы Іўеўскага лясгасу Віталь Брэйво (злева) © Андрусь Гаёвы
Галоўны ляснічы Смаргонскага лясгаса Мікалай Юшко (справа) і галоўны ляснічы Іўеўскага лясгасу Віталь Брэйво (злева) © Андрусь Гаёвы

Ці варта марнаваць грошы на высечкі гэтых так званых малакаштоўных насаджэнняў і стварэнне там штучных лясных культур са шматкротнымі нятаннымі доглядамі, і ці не выгадней было б фармаваць каштоўныя насаджэнні высечкамі догляду за дрэвамі больш каштоўных парод, паступова выводзячы іх у пануючыя, цікавіўся галоўны ляснічы Іўеўскага лясгасу Віталь Брэйво. На жаль, адказу падчас семінара так і не атрымана.

Тым не менш, падводзячы вынік спрэчак і разважанняў, кансультант Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Сяргей Булах мусіў зрабіць выснову, што на агледжаных участках падставаў для ўводу ў катэгорыю так званых гаспадарча каштоўных насаджэнняў няма. Інакш кажучы, прырода бярэ сваё і перамагае высілкі чалавека ісці супраць яе натуральных працэсаў.

На пярэднім плане кансультант Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Сяргей Булах © Андрусь Гаёвы
На пярэднім плане кансультант Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Сяргей Булах © Андрусь Гаёвы

Супрацьстаяць натуральнай змене парод магчыма, як магчыма супрацьстаяць, напрыклад, натуральнаму адбору, штучна падтрымліваючы жыццё нежыццяздольных у натуральных умовах арганізмаў. Але гэтая справа не з танных. Пакуль жа няма грашовых разлікаў, што нават той жа лесагаспадарчай галіне будзе больш выгадна — гадаваць са шматкротнымі штогадовымі доглядамі лясныя культуры дуба, клёна ці елкі на месцы, дзе прырода «вырашыла» вырошчваць грабняк і асіну, ці даць прайсці цыклу натуральнай змены патрабавальных да глебавага багацця цвёрдалістоўных і хваёвых парод менш «каштоўнымі». На лясныя насаджэнні, як на кампанент біясферы, які мае права развівацца паводле ўласных законаў прыроды, лясная гаспадарка глядзець пакуль не дужа імкнецца.


Перадрук матэрыялаў Багны магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі

*Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»

© Андрусь Гаёвы
© Андрусь Гаёвы
© Андрусь Гаёвы
Шыльда першага участку ў Дзятлаўскім лясгасе (Раготнаўскае лясніцтва), дзе  рэканструявалі адзінаццацігадовы асіннік кіслічнага тыпу. З асінніка спрабуюць зрабіць дубова-елкавы лес. У выніку на ўчастку прыжылося недзе шэсць елак і пяць дубоў.
Шыльда першага участку ў Дзятлаўскім лясгасе (Раготнаўскае лясніцтва), дзе рэканструявалі адзінаццацігадовы асіннік кіслічнага тыпу. З асінніка спрабуюць зрабіць дубова-елкавы лес. У выніку на ўчастку прыжылося недзе шэсць елак і пяць дубоў.© Андрусь Гаёвы
© Андрусь Гаёвы
Яшчэ адзін дэманстрацыйны аб’ект Дзятлаўскага лясгаса (Раготнаўскае лясніцтва). Тут на месцы грабава-дубовага лесу са складам 7Г2Д1Е (што азначае, што там было 70% граба, 20% дуба і 10% елкі) у 2012 годзе паспрабавалі стварыць дубова-елкавыя культуры. Дзеля гэтага высекшы цалкам «малакаштоўны» лес і пасадзіўшы адналетнія дубкі ды двухлетнія елкі з адсоткавым складам 30 на 70. У выніку артымаўся курцінавы кляноўнік парасткавага паходжання. Як потым аказалася, клён быў там у другім ярусе і пусціў парасткі з пнёў.
Яшчэ адзін дэманстрацыйны аб’ект Дзятлаўскага лясгаса (Раготнаўскае лясніцтва). Тут на месцы грабава-дубовага лесу са складам 7Г2Д1Е (што азначае, што там было 70% граба, 20% дуба і 10% елкі) у 2012 годзе паспрабавалі стварыць дубова-елкавыя культуры. Дзеля гэтага высекшы цалкам «малакаштоўны» лес і пасадзіўшы адналетнія дубкі ды двухлетнія елкі з адсоткавым складам 30 на 70. У выніку артымаўся курцінавы кляноўнік парасткавага паходжання. Як потым аказалася, клён быў там у другім ярусе і пусціў парасткі з пнёў.© Андрусь Гаёвы