Зубры паедуць у Чэрыкаў

Гэты праект «Багна» пачала рыхтаваць яшчэ некалькі гадоў таму, ужо тады падымалася пытанне: наколькі правільна весці паляванне на зуброў, калі яны чырвонакніжнікі? У выніку абмеркаванняў працы з гэтым відам у «Багны», Мінпрыроды і Нацыянальнай акадэміі навук нарадзіўся праект — стварэнне новай мікрапапуляцыі зубра ў Чэрыкаўскім раёне. Распавядаем, чаму важна стварыць мікрапапуляцыю, чаму быў абраны менавіта гэты раён і як гэта можа паспрыяць экатурызму.

Зубр — наш набытак і сімвал. Ён ахоўваецца Чырвонай кнігай — гэта ведаюць усе. Але ў той жа час статус гэтага віду дазваляе паляўнічым дабываць «адбракаваных» асобін. Пытанне дыскусійнае, таму гэтую тэму пастаянна абмяркоўваюць навукоўцы і грамадскасць. На погляд Канстанціна Чыкалава, старшыні ГА «Багна», спецыяліста ў галіне аховы прыроды, даволі верагодна, што з часам зубр дасягне той колькасці, што яго будуць вымушаныя вывесці з-пад аховы Чырвонай кнігі.

Зараз колькасць зуброў даволі вялікая — больш за 1900 асобін. Але глабальная мэта яшчэ не дасягнута: трэба аднавіць від так, каб зубр сапраўды стаў дзікім зверам, жыў самастойна, не меў абмежаванняў у перамяшчэнні і нейкім дадатковым доглядзе. Так з’явілася прапанова ад аднаго з членаў «Багны» стварыць новую мікрапапуляцыю зуброў у Чэрыкаўскім раёне, дзе частка тэрыторыі забруджана радыяцыяй і абмежавана гаспадарчая дзейнасць чалавека. Вопыт засялення зуброў у Палескі радыяцыйны-экалагічны запаведнік паказвае, што жывёлы добра сабе адчуваюць у сапраўды дзікай прыродзе.

Калі паглядзець на карту, зараз амаль усе зубры жывуць у заходняй частцы Беларусі. Стварэнне новых папуляцый неабходна для таго, каб жывёлы больш-менш раўнамерна распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Па гэтаму праекту ўжо ёсць дамоўленасць з Асіповіцкім лясгасам, дзе перанасяленне зуброў. Адтуль 15 жывёл пераедуць у Чэрыкаўскі лясгас. Атрымліваецца, жывёлы пашыраць сваю «жылплошчу».

У Чэрыкаве зацікаўлены перспектывай стварыць у сабе мікрапапуляцыю зубра. Улічваючы, што тэрыторыя часткова забруджана радыёнуклідамі і месцамі выведзена з гаспадарчай дзейнасці, мэтазгодна заводзіць тут капытных, якія натуральным чанам будуць ачышчаць участкі поймы, якія зарастаюць. Левабярэжжа Сожа – мясцовая каштоўнасць з пункту погляду біятопаў, таму добра выкарыстаць устойлівыя падыходы для догляду яе.

Калісьці зубр жыў практычна па ўсёй Еўропе, нават да Сібіры. Выжыў ён толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, ды і ў некаторых заапарках. Зараз сітуацыя змянілася, арэал зубра павялічыўся, і мікрапапуляцыі ёсць у многіх еўрапейскіх краінах (але гэта не значыць, што віду нічога не пагражае).

Калі жывёлы асядуць у Чэрыкаўскім раёне, гэта дазволіць аб’яднаць частку беларускай папуляцыі з тымі зубрамі, што жывуць у Смаленскай і Арлоўскай абласцях Расіі. Гэта важна, каб гены жывёлы пачалі натуральным чынам змешвацца, бо адна з праблем, з якімі зараз сутыкаюцца зубры, — генетычная беднасць. Адбываецца блізкароднаснае скрыжаванне і з-за гэтага ўзнікаюць хваробы. Натуральнае абнаўленне крыві пойдзе папуляцыям на карысць.

Зараз праект знаходзіцца на стадыі навуковага абгрунтавання. Пакуль што атрыманы папярэдні грант на падрыхтоўку неабходных для засялення зуброў дакументаў у рамках Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. «Багна» звярнулася да спецыялістаў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, каб яны правялі неабходныя даследаванні, і праект прайшоў дзяржэкспертызу. Плануецца, што дакументы будуць на руках на пачатку красавіка. То-бок, па плану, пераезд зуброў адбудзецца мінімум толькі праз год, бо перасяленне павінна праходзіць узімку.

Для Чэрыкаўскага раёна зубр — гэта яшчэ і магчымасць прыцягнуць больш турыстаў. Дзякуючы праекту супрацоўнікі лясгасу пройдуць навучанне: яны будуць ведаць, як даглядаць за зубрам, падтрымліваць яго, каб мікрапапуляцыя разрасталася да стабільнай колькасці. Ёсць такі станоўчы прыклад: у Чырвоны Бор — заказнік у Віцебскай вобласці — калісьці таксама былі завезены зубры і праз два гады колькасць асобін павялічылася ў 2,5 разы: з 60 да 155. Гэта вынік таго, што першапачаткова зубры былі падабраныя генетычна моцнымі і ўмовы цалкам ім падыходзілі.

Ёсць прыклады і няўдалых стварэнняў папуляцый — у Бярэзінскім біясферным запаведніку і ў нацпарку «Прыпяцкі». З часам гэтыя мікрапапуляцыя пачалі па розных прычынах дэградзіраваць, і зараз яны знаходзяцца на стадыі знікнення. Калі не будуць зроблены нейкія меры па іх аднаўленню, верагодна, мы іх згубім. На жаль, хоць зубр і лічыцца сімвалам краіны і ў яго раней даволі шмат укладалі грошай, зараз для рэалізацыі некаторых праектаў фінансавання недастаткова. Многія ідэі, якія абмяркоўваюцца ў міністэрствах ці ў Акадэміі навук, з-за гэтага далей не ідуць. Напрыклад, ёсць задумкі па больш глыбокаму даследаванню генетыкі зубра, стварэнні паўнавартаснай генетычнай лабараторыі.

Карта мікрапапуляцый зубра ў Беларусі, цёмным колерам адзначаны месцы запланаваных новых мікрапапуляцый © wildlife.by
Карта мікрапапуляцый зубра ў Беларусі, цёмным колерам адзначаны месцы запланаваных новых мікрапапуляцый © wildlife.by

Аўтарам праекта для Чэрыкаўскага раёна хацелася б знайсці зацікаўленыя аграсядзібы, каб атрымалася калабарацыя мясцовай супольнасці і лясгаса, якія маглі б у далейшым развіваць экатурызм. Напрыклад, для гэтага ў планах пабудаваць вышку, з якой можна будзе назіраць за зубрамі. Будуць падрыхтаваныя гіды, якія змогуць іх высочваць і паказваць тым, хто хоча пабачыць апошняга бізона Еўропы. Суседнія раёны таксама зацікавіліся гэтым праектам, бачаць перспектывы для рэгіянальнага ўзаемадзеяння ў вобласці экатурызму — назірання за дзікай прыродай. Таму ёсць надзея, што сумесныя дзеянні будуць мець добры вынік.

Адна з важных мэтаў праекта — прыцягнуць увагу беларусаў да зуброў, да іх гісторыі і праблем. У нашай краіне, на думку ахоўнікаў прыроды, магчыма было б стварыць фонд па іх падтрымцы, каб людзі маглі б ахвяраваць на ахову і даследаванне. Усё ж такі зубр — гэта наш сімвал.


Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

Канстанцін Чыкалаў, старшыня ГА «Багна»
Канстанцін Чыкалаў, старшыня ГА «Багна»© Bahna
© Jan Stefka
© Jan Stefka