Як дапамагчы кажанам перазімаваць?

  • Тэма: Флора і фаўна
  • Аўтар: Ахова птушак Бацькаўшчыны
  • Час публікацыі: 13.12.2019, 04:59

Знайшлі кажана на падлозе? Кажан заляцеў у памяшканне? Яму трэба дапамагчы. Гэта зробяць у Мінскім цэнтры рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс».

У рукакрылых пачаўся сезон гібернацыі (зімовага сну). Яны зніжаюць тэмпературу цела да тэмпературы навакольнага асяроддзя і засынаюць. Пры маразах ніжэй за -20⁰С кажаны могуць загінуць, таму стараюцца знаходзіць месцы з больш высокай тэмпературай: скляпенні, шчыліны будынкаў, пад’езды, балконы. Пры пацяпленні ці ад таго, што нехта яго патурбуе, кажан будзе вымушаны прачнуцца і палятаць, то патраціць шмат энергіі. Аднавіць іх яму не будзе чым: ён не знойдзе зімой дастаткова насякомых пажывіцца. А значыць, да вясны ўжо не дажыве.

Калі вы знайшлі кажана, адразу тэлефануйце ў «Кажанаполіс»: +375 29 213 92 57 (МТС, Viber, WhatsApp). Звярка забяруць, узважаць, пакормяць і адправяць зімаваць у лядоўню «Кажанаполіса». Гэта надзейнае месца для зімоўкі нашых кажаноў: тэмпература прыдатная і стабільная. Летась у «Кажанаполісе» перазімавала тры дзясяткі кажаноў, а ў канцы сакавіка іх урачыста адпусцілі на волю. Таксама «Кажанаполісу» можна дапамагчы ў якасці валанцёра.

Ратаваць кажаноў важна, бо рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год). На аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі.

З 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўсе знаходзяцца пад строгай аховай дзяржавы.

Першы кажан у гэтым сезоне ўжо спіць у лядоўні. «Гэта двухколерны кажан, яго знайшлі пад паліклінікай у Малінаўцы ў Мінску. — расказаў хіраптэролаг «Кажанаполіса» Аляксей Шпак. — Раней гэты від быў мігрантам. У 1970-я гады ўзімку фіксаваліся адловы беларускіх акальцаваных двухколерных кажаноў у Аўстрыі. А цяпер у сувязі з пацяпленнем клімату і урбанізацыяй гэты від пачаў заставацца на зімоўку ў нас. Нашыя гарады ён успрымае як горы з пячорамі, расколінамі. Цяпер 90-95 % усіх выпадкаў зваротаў да нас тычацца менавіта двухколернага кажана. Гэта самы масавы від, які сустракаецца на зімоўцы ў беларускіх гарадах». На 9 снежня ў «Кажанаполісе» ужо пасялілася 30 рукакрылых.

Вялікі рэпартаж пра працу «Кажанаполіса».

Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс» створаны дзякуючы ініцыятыве Мінскага аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і працуе ў партнёрстве з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) і Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

«Кажанаполіс» працуе па адрасе Мінск, вуліца Макаёнка, 8, на базе РЦЭК. Кантактная асоба — Аляксей Шпак, +375 29 213 92 57.


Паводле прэс-рэлізу АПБ

© Александра Сергеевич
Навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, хіраптэролаг Аляксей Шпак.
Навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, хіраптэролаг Аляксей Шпак.© Александра Сергеевич
© Александра Сергеевич