У Беларусі шукаюць супергрызуноў: дзікіх хамякоў, суслікаў і палятух
- Тэма: Флора і фаўна
- Аўтар: Ахова птушак Бацькаўшчыны
- Час публікацыі: 07.06.2019, 10:07
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» распачала экалагічную ініцыятыву па захаванні рэліктавай тэрыафаўны Беларусі, якой пагражае знікненне.
Спецыялісты шукаюць калоніі рабых суслікаў і звычайных хамякоў, а таксама месцы жыцця палятух у межах ініцыятывы «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!» праекта «Экаманіторынг», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Асноўная мэта праекта — знайсці і захаваць рэдкія віды грызуноў Беларусі і іх месцы жыцця. Рабы суслік і хамяк — стэпавыя віды, якія ў Беларусі заўсёды жылі побач с сельскагаспадарчымі палеткамі, палятуха — гэта індыкатар натуральных і малапарушаных экасістэм. Усе яны — у Чырвонай кнізе Беларусі. Праз скрытны лад жыцця знайсці іх нялёгка. З дапамогай грамадзян і сучасных прыбораў для пошуку спецыялісты спадзяюцца знайсці новыя месцы, населеныя гэтымі відамі.
Рабы суслік жыў калоніямі ў норках на сухіх лугах цэнтральнай Беларусі, актыўны днём. Яго колькасць з 1960 года скарацілася на 98 %. Хамякі жылі на ўскрайках палёў на паўднёвым захадзе краіны, сустракаліся і на паўднёвым усходзе. Цяперашні стан папуляцый невядомы. Узімку суслікі і хамякі кладуцца ў спячку. Галоўныя пагрозы гэтым відам у Беларусі, калі яны яшчэ засталіся, — пашырэнне сельскагаспадарчых палёў, знішчэнне нор і пасадка лесу ў месцах іх жыцця.
Палятуха — начны лясны звярок, які лічыўся пасля 1996 года зніклым на тэрыторыі Беларусі, пакуль не быў зноўку знойдзены ў 2017 годзе спецыялістамі АПБ. Пакуль вядома толькі некалькі тэрыторый на паўночным усходзе краіны, дзе жыве палятуха. Для яе галоўная пагроза – суцэльныя высечкі ў стараўзроставых лясах, фрагментацыя лясоў, высечка дуплістых дрэваў.
Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:
— На сённяшні дзень мы зусім мала ведаем пра сучасны распаўсюд вавёркі- палятухі, звычайнага хамяка і рабога сусліка ў Беларусі. Ініцыятыва дазволіць сабраць дадзеныя і тым самым дазволіць прыняць меры па захаванні гэтых грызуноў, якія аказаліся на мяжы знікнення. Падчас ініцыятывы мы зробім апрабацыю сучаснай апаратуры для пошуку і маніторынгу грызуноў. Усе яны вядуць ўтойлівы лад жыцця, а палятуха і хамяк актыўныя на змярканні і ноччу. Але мы спадзяемся, што людзі якія ведаюць, дзе яшчэ засталіся калоніі суслікаў і хамякоў, паведамяць нам, і апошні іх прытулак будзе ўратаваны. Калісьці яны лічыліся шкоднікамі сельскай гападаркі, але цяпер гаворка ідзе аб выжыванні нашых грызуноў-супергерояў. Трэба іх выратаваць.
Ініцыятыва «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!» ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем «Неруш» і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.
Па матэрыялах прэс-реліза АПБ