Ці можна выключаць рысь з Чырвонай кнігі?

У жніўні ў сеціве з’явілася фота ліста з перапіскі Мінлясгаса і Савета Міністраў, у якім ідзе размова пра тое, каб выключыць рысь з Чырвонай кнігі і дазволіць на яе паляванне. Петыцыю супраць гэтага падпісалі ўжо некалькі тысяч чалавек.

Гэта пытанне не новае. Рысь спрабуюць вывесці з-пад аховы ўжо каля дзесяці гадоў. Пры гэтым звычайна яшчэ вядуць размову і пра мядзведзя з барсуком, якія таксама чырвонакніжнікі. Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі патлумачыў пазіцыю прыродаахоўнай арганізацыі наконт рысі.

Гэты від быў уключаны ў першае выданне Чырвонай кнігі і дагэтуль там знаходзіцца. У 1980-я папуляцыя рысі ацэньвалася ў 400 асобін, на пачатку нулявых — 200, у 2015-м — 850. Аднак дакладнасць даследаванняў спрэчная. Падлікі рабіліся паляўнічакарыстальнікамі, але палячыць сляды рысі няпроста і недастаткова. Як правіла, падлікі па метаду ЗМУ завышаны. Неабходна ўлічваць сезонную рухавасць жывёлы і адаптаваць пад гэта ўсю методыку. Зараз існуе больш надзейны метад, калі праграма аналізуе даныя з фотапастак, ідэнтыфікуе і лічыць кожную рысь асобна. На жаль, гэта тэхналогія даволі дарагая, і нашы навукоўцы дазволіць яе сабе не могуць. Шчыра кажучы, ніхто зараз не ведае, колькі дакладна рысяў жыве ў Беларусі.

Экалагічная ёмістасць рысі для нашай краіне складае 1500 асобінаў.Тэарэтычна столькі жывёл магло бы ў нас жыць. На сёння самая вялікая шчыльнасць гэтай кошкі ацэньваецца ў тры асобіны на 100 квадратных кіламетраў на некаторых участках.

«Паляўнічыя скардзяцца, што рысь з’яўляецца ім канкурэнтам — знішчае цецерукоў, казуль, зайца-беляка. Але рысь знішчае яшчэ і янотападобнага сабаку, і лісу, якія нашымі ляснымі гаспадаркамі вызначаны як непажаданыя віды. Згодна з навукоўцамі і планам кіравання відам, толькі тыя лісы і янотападобныя сабакі, якіх дабывае рысь, за год знішчаюць у тры-чатыры разы больш, чым з’ядае адна рысь. То-бок шкоды паляўнічай гаспадарцы фактычна няма. Акрамя таго, гэта той драпежнік, колькасць якога не можа быць празмернай, — кажа Аляксандр Вінчэўскі. — Наша пазіцыя, як АПБ: нават калі ў нас будзе 1500 ці 1600 рысяў, гэта не той від, на які трэба адкрываць паляванне. Есці яе людзі ўсё адно не будуць — мяса драпежнікаў мае больш паразітаў, чым траваедных. А трафейны від… Тая колькасць, якую могуць дазволіць дабываць, эканоміку лясной гаспадаркі не выратуе. Тое ж самае і з мядзведзем, і з барсуком».

АПБ накіравала ліст у Міністэрства лясной гаспадаркі наконт сітуацыі па рысі. Мінлясгас адказаў, што, сапраўды, зараз прыняць рашэнне аб змяненні статусу немагчыма, бо няма аб’ектыўнай інфармацыі па ўліках.

Аляксандр Чайкоўскі, генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, нагадаў, што да 2020 года дзейнічае стары план кіравання па рысі, які трэба будзе ў найбліжэйшы час абнаўляць. Пры гэтым мерапрыемствы, якія былі закладзены ў дзеючы дакумент, дзяржавай амаль не фінансаваліся, і фактычна план не выконваўся.

Ён прывёў прыклад, як у суседніх дзяржавах адносяцца да рысі. На тэрыторыі Польшчы, Украіны і Літвы гэты від мае нацыянальны статус абароны, як і ў нас. У Латвіі і Эстоніі на рысь вядзецца паляванне. Яно рэгламентавана па выніках улікаў. Колькасць асобін, якіх магчыма здабыць, вызначаецца камісіяй. Пры гэтым кантроль вядзецца навуковымі супрацоўнікамі сумесна з паляўнічакарыстальнікамі. Але, для параўнання, плошча Эстоніі ў 4,5 разы менш, чым Беларусі, а жывуць там тыя ж 800 рысяў.

НПЦ па біярэсурсах прапаноўвае правесці маніторынг колькасці і распаўсюджвання рысі напрацягу 3-5 гадоў. А таксама лічыць, пакуль не будзе дасягнута аптымальная колькасць у 1500 асобін, пытанне аб перагляду статусу і рэгуляванні колькасці не актуальнае.

Вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ганна Сідаровіч ўдзельнічала ў распрацоўцы плана кіравання рыссю, які дзейнічае зараз. Сама тэрыёлаг кажа, што знайсці рысь надзвычай складана. Нават пры ўсім жаданні ў яе атрымалася пабачыць гэтую вялікую кошку толькі тры разы. Да людзей яна не выходзіць. Вядомы толькі адзін выпадак, калі маладая рысь залезла ў куратнік. На жаль, яе за гэта пабілі і праз некалькі дзён яна загінула.

Як правіла, рысь нараджае толькі аднаго або двух кацянят. Гэта вельмі мала, таму яна не можа хутка аднаўляць сваю папуляцыю. Тым больш, што па правілах пад ахову аддаецца не ўся тэрыторыя, дзе яна жыве, а толькі месцы пастаяннага акоту.

На ўсю рэспубліку такіх месцаў знайшлі толькі дзевяць. Гэта мікраскапічныя тэрыторыі, якія фактычна ніяк не абмяжоўваюць дзейнасць чалавека.

Як кажа Ганна Сідаровіч, буйныя драпежнікі з’яўляюцца вельмі важнымі звеннямі ў натуральных экалагічных суполках. Яны іграюць ключавую ролю ў рэгуляцыі сярэднепамерных драпежнікаў. Калі гэта звяно выняць, то ў след пацягнуцца сур’ёзныя змены ва ўсёй экасістэме. Прычым уплыў будзе не толькі на жывёл, але і на расліны, і структуру лесу.

© Tambako The Jaguar
© Tambako The Jaguar

Напрыклад, барсук у Чырвонай кнізе з’явіўся з-за янотападобнага сабаку. Яны, як правіла, займаюць адны і тыя ж норы. Калі янотка зімуе з барсуком, бывае, што яна яго закопвае. Барсук проста падчас зімовак задыхаецца. Па меркаванні эксперта, зніжэнне глушца і цецерука часткова таксама звязана з драпежніцтвам янотападобнага сабака. Кантраляваць гэты від надзвычай неабходна. Але зараз попыт на пушніну спаў, і янотка ў паляўнічых не карыстаецца папулярнасцю. Тым больш дабываць яе цяжка. І як раз рысь і воўк могуць іх эфектыўна кантраляваць. Рысь дабывае столькі ж янотак, як і паляўнічыя. Калі ўявіць, што рысь будзе выведзена з Чырвонай кнігі, то паляванне на янотак неабходна павялічыць як мінімум у два разы. Інакш мы будзем мець значныя праблемы з цецеруковымі, качынымі, барсукамі… Таксама можна прагназаваць павелічэнне ўспышак шаленства сярод янотападобных сабакаў, бо гэта хвароба хутчэй распаўсюджваецца пры павелічэнні папуляцыі.

Падводзячы вынік, Аляксандр Вінчэўскі заўважыў, што больш прыбыткова і для эканомікі, і для іміджу будзе захаваць рысь не для паляўнічых, а для экатурыстаў. Ён расказаў, як англійскія вандроўцы былі ў захапленні, калі выпадкова сустрэлі побач з дарогай гэтага звера ў Белавежскай пушчы. Месцаў, дзе можна пабачыць такога драпежніка, у Еўропе засталося вельмі мала. І для прыроды Беларусі важна рысь захаваць. «Багна» таксама падтрымлівае пазіцыю па неабходнасці захавання рысі ў Чырвонай кнізе.

Петыцыя супраць палявання на рысь у Беларусі.


Галоўныя фота © Tambako The Jaguar і © Steffen Zahn

Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

У Беларусі на 1995 г. колькасць рысі ў паляўнічых гаспадарках складала 191 асобіну. У 2002 г. — 271 жывёл, акрамя таго, 85 звяроў жыве ў нацыянальных парках і запаведніках. На 2013 г. у паляўнічых угоддзях было 821 асобін. Дадзеныя аб колькасці рысі вельмі адрозніваюцца. У 2007 г. паказвалася 560 і вось у 2013 ужо 821. Такая розная колькасць асобін гаворыць аб  памылках, альбо прыпісцы. Няясна толькі раней ці цяпер?
У Беларусі на 1995 г. колькасць рысі ў паляўнічых гаспадарках складала 191 асобіну. У 2002 г. — 271 жывёл, акрамя таго, 85 звяроў жыве ў нацыянальных парках і запаведніках. На 2013 г. у паляўнічых угоддзях было 821 асобін. Дадзеныя аб колькасці рысі вельмі адрозніваюцца. У 2007 г. паказвалася 560 і вось у 2013 ужо 821. Такая розная колькасць асобін гаворыць аб памылках, альбо прыпісцы. Няясна толькі раней ці цяпер?© FotografieDanielZiegler
Адстрэл рысі афіцыйна забаронены з 1981 г., што абумовіла рост яе колькасці ў асобных рэгіёнах. У цяперашні час ахоўваецца і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі па III катэгорыі.
Адстрэл рысі афіцыйна забаронены з 1981 г., што абумовіла рост яе колькасці ў асобных рэгіёнах. У цяперашні час ахоўваецца і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі па III катэгорыі.© Tambako The Jaguar