Сёмае пяро. Чаму ўсе думалі, што ў Беларусі няма вялікага арляца і як жывуць гэтыя птушкі цяпер?
- Тэма: Флора і фаўна
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 27.02.2020, 12:57
Навукоўцы доўга былі ўпэўнены, што ў Беларусі амаль няма вялікага арляца.
Але выявілася, што яны недастаткова ўважліва яго шукалі: стэпавы птах прыжыўся ў беларускіх балотах, і на Палессі яго называюць «балотны арол».
Расказваем, як навукоўцы шукалі і знайшлі арляца — і што незвычайнага ў жыцці гэтай скрытнай птушкі.
Вялікі арлец належыць да глабальна ўразлівых відаў. У 1999 годзе на тэрыторыі Беларусі налічвалі ўсяго 20-25 пар, але на самай справе гэта колькасць птушак толькі на Альманскіх балотах. Прычына ў тым, што вялікага арляца блыталі з малым.
Іх адрозненне ў форме сёмага махавага пяра, крыху — у афарбоўцы, тлумачыць адзін з лепшых спецыялістаў у Беларусі па драпежных птушках Валерый Дамброўскі.
Ён з’яўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах і кандыдатам біялагічных навук. Валерый Дамброўскі вывучае вялікага арляца ўжо 20 гадоў і выступіў у рамках серыі Дзікіх лекцый «Аховы птушак Бацькаўшчыны» 31 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук.
Справа ў тым, што доўгі час навукоўцы арыентаваліся на відавыя прыкметы аднаго з арляцоў, што жыве каля Урала. А выявілася, што ад месца да месца птушкі могуць крыху адрознівацца, бо даўжыня арэалу пражывання вялікага арляца — 8 000 кіламетраў, або ўся ўмераная зона ажно да Ціхага акіяна.
«У 1999 годзе было дадзена заданне знайсці вялікага арляца ў краіне, дзе яго няма. І паколькі усё роўна, дзе шукаць, я выбраў для пошуку месца, дзе ніхто не быў да нас — Альманскія балоты», — гаворыць Валерый Дамброўскі. Гэта было ў 1999 годзе. Альманскія балоты доўгі час былі для арнітолагаў белай плямай на мапе, таму што раней з’яўляліся авіяцыйным ваенным палігонам і там выпрабоўвалі ракеты. Здавалася, што балоты не падыходзілі птушкам па тыпе расліннасці — яны ж жыхары стэпаў.
А ў выніку стала зразумела, што самі вялікія арляцы аддаюць перавагу менавіта балотам, прычым некранутым — такім, дзе амаль не бывае чалавек.
На Альманах птушак сапраўды знайшлі, зазірнулі ў гнёзды, каб убачыць яйкі… І з-за гэтага птушкі не вярнуліся да кладкі. Ужо ў ліпені, прыехаўшы кальцаваць птушанят, арнітолагі выявілі ў кінутым гняздзе цэлыя яйкі, не кранутыя нават варонамі.
Па словах навукоўца, гэты від птушак надзвычай адчувальны да прысутнасці чалавека.
Падлікам арляцоў на тэрыторыі Беларусі навукоўцы займаліся 3-4 гады і даследавалі амаль усю тэрыторыю Беларусі. Дадзеныя агульнага маніторынгу адносяцца да 2010 года, на цяперашні момант вядуцца толькі лакальныя назіранні, без ацэнкі агульнага змянення колькасці.
Цікавыя факты
Дзе жыве вялікі арлец?
Гняздо звычайна знаходзіцца на дрэве і можа быць за метр ад вады. Калі людзей няма, птушцы хопіць невялікіх дрэваў, але калі ёсць – яна выбера чорнаальховыя нетры, як гаворыць Валерый Дамброўскі.
Любімая ежа — чарнакніжнік
Вялікі арлец есць усё, што тыпова для драпежніка, але любімы ласунак — вадзяны пацук, якога, па словах Валерыя Дамброўскага, ужо можна заносіць у Чырвоную кнігу. Пры гэтым у савецкі час яго вынішчалі, лічачы разносчыкам хвароб.
Максімальная вага здабычы вялікага арляца складае звычайна не больш за паўтара кілаграма. Калі ежы мала, арляцы харчуюцца тым, што засталося ад здабычы паляўнічых ці іншых жывёл: казуляй, якую злавіў воўк, ці буслом, які застаўся ад арлана. Восенню арляцы могуць адлятаць далёка ад гнязда, каб паляваць на птушак, але птушанятам пры гэтым прыносіць жаб — нізкакаларыйны корм.
Палавая сталасць наступае ў 5 гадоў
Максімальная працягласць жыцця ў вялікага арляца 35 гадоў, але якая сярэдняя — ніхто дакладна не ведае. Валерый Дамброўскі мяркуе, што яны жывуць гадоў па 20, бо палавая сталасць у птушак наступае толькі ў 5 гадоў — тады апярэнне набывае выгляд, як у дарослых птушак.
Самцы і самкі зімуюць у розных месцах
Самкі ляцяць на зіму на Балканы, а амаль усе самцы — у Афрыку, як даведаліся навукоўцы з дапамогай GPS-перадатчыкаў.
«Даўжыня міграцыйнага шляху адрознівалася ў 3-5 разоў. І адразу ўзнікла пытанне: навошта самцы кудысьці адлятаюць ад самак? Які рэзон, калі зіму можна правесці на Балканах, якія бліжэй? Там многа вадаплаўных птушак, [у запаведніку ў Грэцыі ўвогуле] кормяць. Але самцы ляцяць у найвялікшую пустыню свету на мяжы Ізраіля і Егіпта, перасякаюць тысячы кіламетраў, дзе няма чаго есці, і рызыкуюць застацца там назаўсёды. У выніку трапляюць у Судан, які непараўнальны з Грэцыяй, і толькі некаторыя ляцяць у Эфіопію, [дзе настолькі ж добра]».
136 кіламетраў за гадзіну пралятае самы хуткі вялікі арлецМаксімальная хуткасць птушкі, якую зафіксаваў перадатчык — 136 кіламетраў у гадзіну, вышыня — 3641 метр. Самы доўгі маршрут у самца — каля 7 000 кіламетраў. Але і самы кароткі таксама — каля 1 300 кіламетраў. А рэкорд па даўжыні дзённага пералёту ў самкі — 567 кіламетраў. «Гэта не максімальная вышыня для птушак, але вялікі арлец звычайна лётае на вышыні 200-300 метраў», — каментуе Валерый Дамброўскі.
Хто руплівы, ў таго высокае гняздо
Вялікія арляцы будуюць гняздо, але ўсе з рознай ступенню стараннасці. Хтосьці дабудоўвае яго кожны год, і ў выніку высокае збудаванне можа нават упасці. А ў кагосьці і праз гады застаюцца невысокія сценкі, таму што да іх дадаюць літаральна па некалькі галінак.
Калі адно птушаня памерла, яго скормяць жывому
Калі ў гняздзе два птушаняты, то бывае, што адзін перашкаджае другому харчавацца і забівае яго — гэта па-біблейску называюць каінізмам.
Так адбываецца ў 97% гнёздаў у Беларусі і толькі ў 50% ва ўсходняй частцы арэала. У адрозненне ад іншых відаў, прычына не ў недахопе корму. А ў чым? Невядома. Саму з’яву ўпершыню назіралі літаральна 2 гады назад у фотапастках. Старэйшае птушаня не дае падняць галаву малодшаму, і маці думае, што той сыты. Калі птушаня гіне, яго адкладваюць убок, на край гнязда. У выніку цельца скармліваюць таму, што выжыў, але толькі калі скончыцца астатняя ежа. «Усё ж да яго ёсць нейкія асаблівыя адносіны», — незразумела, жартам ці сур’ёзна адзначае Валерый Дамброўскі.
Партнёру, які спазніўся з зімоўкі, знаходзяць замену. Але ўсіх гэта задавальняе
Паколькі самцы і самкі лётаюць рознымі шляхамі, то і тэрмін прыбыцця ў іх адрозніваецца. Калі адзін з партнёраў затрымліваецца на пару дзён і болей, то яму можа знайсціся замена: а раптам загінуў? І яны жывуць як сям’я, але, праўда, па вяртанні партнёра чужак адлятае.
Вялікі арлец з’яўляецца глабальна ўразлівым відам. Калі вы хочаце паўдзельнічаць у яго выратаванні, то можаце ахвяраваць грошы на навуковыя экспедыцыі ці нават паўдзельнічаць у іх (залежыць ад сумы). Падрабязней даведацца пра акцыю «Выратуй арляня» можна па спасылцы.
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».