Навукоўцы Беларусі падтрымалі мараторый на вясновае паляванне на птушак

9 сакавіка ў Беларусі пачаўся сезон вясновага палявання. Летась змены ў заканадаўстве зрабілі правілы палявання яшчэ больш жорсткімі ў дачыненні птушак.

Пад стрэл лёгка могуць трапіць нават тыя віды гусей і качак, паляванне на якіх забаронена, бо паляўнічыя не вельмі добра ведаюць птушак, а ў запале палявання вызначыць птушку часта не хапае часу. Стрэлы і людзі зганяюць водных і каляводных птушак з гнёздаў, і часцяком тыя проста кідаюць кладкі, альбо іх з’ядаюць вароны.

Чытайце таксама: Что изменилось в правилах охоты?

Летась грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) запусціла петыцыю за ўвядзенне пяцігадовага мараторыя на паляванне на вадаплаўных птушак у Беларусі, якую падпісалі 1923 чалавек. Кампанію супраць вясновага палявання падтрымалі выбітныя людзі Беларусі: пісьменнікі, музыкі, спартоўцы ды іншыя.

І калі Мінлясгас адказаў на петыцыю негатыўна, то Мінпрыроды выказалась за ідэю ўвядзення мараторыя на вясновае паляванне пры ўмове падтрымкі Акадэміі навук і яе адпаведнага заключэння.

АПБ звярнулася ў Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах з просьбай падтрымаць увядзенне мараторыя на 5 гадоў на вясновае паляванне і даць адпаведнае навуковае заключэнне.

У сваім адказе НПЦ па біярэсурсах выступіў у падтрымку мараторыя і выказаў занепакоенасць апошнімі зменамі ў правілах палявання

(падаўжэннем тэрмінаў вясновага палявання, лібералізацыяй правілаў палявання, пашырэннем спісу паляўнічых відаў птушак, адсутнасцю нармавання здабычы ўвесну) і адзначае, што некаторыя з іх не маюць навуковага абгрунтавання і не ўзгадняліся з Мінпрыроды і НАН Беларусі.

НПЦ па біярэсурсах адзначае, што навуковыя дадзеныя пацвярджаюць, што паляванне негатыўна ўплывае як на пралётных водна-балотных птушак, так і на мясцовых, што гняздуюцца ў нас: у прыватнасці, вясновае паляванне з прымяненнем чучалаў і электронных вабікаў, а таксама дазвол на стральбу па птушках у паветры. У тым ліку адстрэльваюцца рэдкія гусі, такія як гусь-піскулька (Чырвоная кніга Беларусі) і таёжная гуменніца (рэдкі падвід, паляванне на які пакуль дазволена). Амаль палова гусей, адстрэляных на тэрыторыі Беларусі, самкі, што сведчыць пра адмоўны ўплыў вясновага палявання на стан папуляцый шэрых гусей, якія гняздуюцца ў нас. НПЦ адзначае, што ў асноўнага рэсурснага віду качкавых птушак — крыжанкі — тэрміны палявання на 74 % (!) перакрываюцца з тэрмінамі наседжвання кладак і нават закранае перыяд з’яўлення першых птушанятаў у пачатку траўня.

Ёсць і дадзеныя па трэндах колькасці вадаплаўных птушак — яны негатыўныя. Напрыклад, у параўнанні з канцом ХХ ст. колькасць качкі-чыркі ў Беларусі знізілася больш чым напалову, колькасць іншых відаў качак таксама зменшылася, — гаворыцца ў лісце НПЦ па біярэсурсах.

Сітуацыя з вясновым паляваннем можа таксама прывесці да страты пазітыўнага міжнароднага іміджу Беларусі і магчымасці атрымліваць міжнародную фінансавую дапамогу на захаванне рэдкіх відаў, папярэджвае НПЦ па біярэсурсах. Паводле папярэдніх ацэнак, гэтая дапамога можа быць шматкроць большая за чаканыя выгады ад палявання на качак і гусей. Каб атрымаць дакладныя дадзеныя, патрэбная незалежная экспертыза эканамічнай эфектыўнасці вясновага палявання на тэрыторыі Беларусі.

НПЦ па біярэсурсах у межах навуковых даследаванняў распрацаваў шэраг рэкамендацый па зменах у правілы палявання. Сярод іх — усталяванне нормаў здабычы птушак і забарона палявання на пастаянных вадаёмах, якія забяспечваюць птушкам адпачынак і кармёжку, дзе гняздуюцца іншыя віды водна-балотных птушак, у тым ліку рэдкіх відаў.

Мяне радуе, што нягледзячы на амаль поўную беспрынцыпнасць у пазіцыі Мінлясгаса ў адносінах да веснавога палявання — паляванне з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня, пяць відаў гусей і дзевяць відаў качак, страляй хоць 100 птушак у дзень — паляўнічыя Беларусі выпрацоўваюць этыку для сябе самі: хтосьці ўвогуле не палюе ўвесну, хтосьці прынцыпова не страляе рэдкія віды, такія як шэрая гусь. Асобныя паляўнічыя гаспадаркі таксама часцяком закрываюць паляванне ўвесну: некалькі гадоў назад так рабіў нацыянальны парк «Белавежская пушча», з гэтай вясны — Бярэзінскі запаведнік. Веснавое паляванне ў тым выглядзе, у якім дазволена ў Беларусі, з’яўляецца няўстойлівым і павінна быць больш абмежавана, а з часам і закрыцца, — каментуе дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.

Чытайце таксама: Рубки растут, охота процветает, кабанов уничтожают: как лесная отрасль Беларуси отработала в 2018 году

Старонка фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»Галоўнае фота: Alexander Muse

© n/a
© n/a