Кантактныя заапаркі: як спыніць жорсткасць і навучыцца этычнаму абыходжанню з жывёламі?
- Тэма: Флора і фаўна
- Аўтар: Багна
- Час публікацыі: 29.04.2020, 03:28
Якая сітуацыя зараз у Беларусі з кантактнымі заапаркамі, чаму закона аб іх забароне пакуль няма і як можна назіраць за жывёламі этычна? «Багна» паспрабавала грунтоўна адказаць на гэтыя пытанні.
Калі з’явіліся кантактныя заапаркі?
Першыя кантактныя заапаркі з’явіліся ў Лондане і Філадэльфіі ў 1938-м годзе. Яны называліся дзіцячымі, бо для іх на тэрыторыі звычайных заапаркаў вылучылі месца, каб хлопцы і дзяўчаты змаглі пазнаёміцца са свойскімі жывёламі, пакарміць іх, пагладзіць. Ідэя была класная — зрабіць паход у заапарк для сям’і больш цікавым і паказаць малым, як клапаціцца пра жывёл. Але ж за гэтыя гады ўсё ператварылася ў крыху іншы пярфоманс. Зараз большасць кантактных заапаркаў пераехалі ў гандлёвыя цэнтры і для ажыятажу набылі дзікіх жывёл.
У Беларусі першы такі кантактны заапарк адкрылі ў 2015-м у бізнес-цэнтры «Тытан». Завезлі туды не толькі свойскіх коз і трусікаў, але і янотаў, і аленяня. Натуральна, што за тым, каб пакарміць і пагладзіць сапраўднага Бэмбі выстраілася чарга. Спачатку гэта выглядала, як цікавая забава, але ў хуткім часе зоаабаронцы пачалі біць трывогу. Праз 2,5 месяцы пасля адкрыцця аленянё кудысьці знік. Па версіі зоаахоўнікаў, ён загінуў з-за празмернага харчавання. Па версіі прадстаўнікоў заапарку, яго проста вярнулі заводчыкам, бо ён вырас і ўвогуле з самага пачатку ніхто не збіраўся яго тут доўга трымаць.
На дадзены момант у нашай краіне ахова жывёл прайграе жаданню іх паціскаць. Кантактныя заапаркі адкрыліся ўжо не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах. Летась адзін з іх закрыўся ў Брэсце і частку жывёл выкупіў цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын». Яго дырэктарка Ірына Траяноўская расказвала onlinebrest.by, што ўсе жывёлы, якія да іх прыехалі, былі з парушанай псіхікай.
Ліса паўтары месяцы проста ляжала, выла і агрызалася на людзей. Двое янотаў былі сляпыя, аднаму з іх прыйшлося ампутаваць лапу.
Яноты пасля харчавання ў кантактным заапарку ўвогуле не разумелі, што рабіць з жывым кормам. Яны ўжо ніяк не змогуць адаптавацца ў дзікай прыродзе.
Чаму закону аб забароне дагэтуль няма?
Многія заканадаўства прызнаюць, што такое абыходжанне з жывёламі жорсткае і яго трэба спыніць. У выніку больш за 50 краін забаранілі кантактныя заапаркі. Першы крок у гэтым напрамку нядаўна зрабіла і Расія: у новым законе «Аб адказным абыходжаннем з жывёламі» прапісалі, што браць на рукі і кантактаваць наўпрост са звярамі нельга і што ў кожнага з іх павінна быць месца, дзе ён зможа схавацца ад чалавека. Гэта пастанова ўступіла ў сілу з 1 студзеня гэтага года. З-за яе сэнс кантактных заапаркаў згубіўся, і частка іх закрылася ў канцы 2019-га. Але ж засталіся тыя, хто хоча па-максімуму выжаць са свайго бізнесу. У некаторых заапарках вырашылі паставіць клеткі — і такім чынам як бы прытрымлівацца новага закону. У такім стане яны змогуць прапрацаваць да 2022 года, пакуль не ўступіць у сілу правіла аб абавязковай ліцэнзіі на гэту дзейнасць. Тады, хутчэй за ўсё, адваліцца яшчэ частка бізнесоўцаў.
У Беларусі забароны на кантактныя заапаркі няма, як і закона «Аб абыходжанні з жывёламі», які распрацоўваецца ўжо амаль 20 год.
Летась у сакавіку, пасля «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», Савет Міністраў прапанаваў уключыць праект гэтага закона ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год. Але ў выніку план быў падпісаны без яго, таму ў хуткім часе прыняцца закона чакаць не варта.
Тым не менш Мінпрыроды час ад часу спасылаецца на падрыхтоўку гэтага закону і прапануе ўнесці туды даволі цікавыя пункты. Як то было ў 2018-м, калі некалькі жыхароў Мазыра і Мінску звярнуліся ў кантралюючыя органы з просьбай праверыць перасовачны дэльфінарый на прадмет жорсткага абыходжання з жывёламі. Гэта гісторыя скончылася нічым, бо, калі прыехалі на праверку, жывёлы ўжо з’ехалі. Але ж у афіцыйным адказе Мінпрыроды праінфарміравала, што яшчэ ў 2017-м накіравала ліст у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадарцы з прапановамі па праекту закона «Аб абыходжанні з жывёламі», у тым ліку па забароне выкарыстання перасовачных і кантактных заапаркаў, перасовачных звярынцаў і выстаў для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў з дзікімі жывёламі.
Тады дырэктарка ўстановы «Цэнтр этычных адносін да прыроды» Людміла Лагіноўская пракаментавала sputnik.by сітуацыю і ўдакладніла, што гэтыя змяненні можна было б цалкам унесці ў дзеючае заканадаўства. У нас ёсць закон «Аб жывёльным свеце», ёсць пастанова Мінпрыроды ад 27 лютага 2007 года № 16 па ўтрыманні дзікіх жывёл у няволі — і папраўкі можна ўнесці туды, каб яны хутчэй запрацавалі.
Зноў пытанне пра кантактныя заапаркі падымалася сёлета ў сувязі з петыцыяй пра забарону цыркаў з жывёламі. У афіцыйным адказе Мінпрыроды яшчэ раз спасылаецца на закон «Аб абыходжанні з жывёламі», які павінны калісьці прыняць і куды гэтую забарону можна было б упісаць. Але юрыстка і дырэктарка цэнтра па ахове жывёл «Анімалекс» Настасся Жаўрыд зноў нагадвае, што становішча дзікіх жывёл у цырку рэгулюецца пастановай Мінпрыроды ад 27 лютага 2007 года № 16. І чаму бы забарону на цыркі і кантактныя заапаркі не ўнесці туды? Сапраўды, не ўсе жывёлы знаходзяцца пад кантролем Мінпрыроды, напрыклад, сельскагаспадарчыя да гэтага міністэрства не адносяцца. Але калі паставіць пытанне пра забарону эксплуатацыі дзікіх жывёл у забаўляльных і культурных мэтах, то яго можна цалкам аднесці да гэтага ведамства.
Вольга Каскевіч, інжынер-эколаг і каардынатарка прыродаахоўных праектаў «Багны», адказвае, што лепш стварыць новы закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Закон «Аб жывёльным свеце» мае на ўвазе дзікае асяроддзе, натуральныя экасістэмы. А кантактныя і перасовачныя заапаркі адносяцца ў тым ліку да заканадаўства аб культурна-відовішчных мерапрыемствах, якое рэгулюецца іншымі ведамствамі. У новым законе будзе магчымасць прадбачыць усе пункты разам: наконт дзікіх, наконт сельскагаспадарчых і іншых жывёл.
«Перасовачныя заапаркі і цыркі з дзікімі жывёламі — гэта састарэлая рэч. Амаль па ўсёй Еўропе яны забароненыя. Кантактныя і перасовачныя заапаркі карысталіся прабеламі ў заканадаўстве па ўтрыманню дзікіх жывёл у няволі. Калі мы паглядзім на правілы па належнаму догляду, то ўбачым, што ні адна дзікая жывёла ў кантактных заапарках не жыве ў нармальных умовах, — падкрэслівае Вольга Каскевіч. — Калі б у нас перагледзелі нормы па ўтрыманні дзікіх жывёл у больш гуманны бок і ўвялі ліцэнзію на дзейнасць, яе б ніякі кантактны заапарк не атрымаў. Умовы павінны быць набліжаны да натуральнага асяроддзя, улічваць ментальныя і фізічныя патрэбнасці жывёлы. Больш за тое: паказ жывёл, якія выконваюць трукі і жывуць у неадпаведных умовах, не нясе інфармацыі пра іх натуральныя паводзіны, прыродныя ўмовы пражывання і развіцця, пра іх каштоўнасць».
Зараз закон «Аб абыходжанні з жывёламі» знаходзіцца на дапрацоўцы ў Міністэрстве ЖКГ, і Мінпрыроды можа на яго ўплываць толькі лістамі з прапановамі. Аднак нядаўна Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачало разглядаць іншыя варыянты ўнясення забароны на кантактныя заапаркі ў заканадаўства.
«Багна» прааналізавала, як можна адаптаваць лепшыя замежныя заканадаўчыя практыкі пад нашы ўмовы. Такі падыход дасць магчымасць засцерагчы дзікіх жывёл ад негуманнага абыходжання і палепшыць іх жыццё ў няволі.
Што не так з кантактнымі звярынцамі?
Вядома ж, чалавеку, які адзін раз быў у кантактным заапарку, можа падацца, што не ўсё так страшна: ну, пагладзіла дзіцё янота, ну і што? Але ж для жывёлы гэта ўжо можа быць соты хлопец ці дзяўчына за дзень. Галоўны заолаг Кіеўскага заапарка и каардынатар прытулку для мядзведзяў «Белая скала» Марыны Шквыря расказала, што насамрэч адбываецца з жывёламі ў гэтых установах і чаму іх трэба забараніць:
«Я супраць таго, каб кантактныя звярынцы называлі заапаркамі, таму што заапарк прадугледжвае племянную, навуковую і прыродаахоўную працу. А кантактны звярынец — гэта камерцыйны заработак, і іншых мэт у яго не бывае і быць не можа. Калі гэтая ўстанова захоча для той разнастайнасці відаў, якую звычайна выкарыстоўваюць, стварыць нармальныя ўмовы, яна хутка ператварыцца ў нерэнтабельную. Так працуе бізнес. Для таго каб стварыць нармальныя вальеры, падабраць рацыён харчавання і набраць кампетэнтны персанал, патрэбны грошы. А для таго, каб гэта ўсё падтрымліваць, патрэбны або вялікі капітал, або дапамога з бюджэту. Таму тое, што могуць сабе дазволіць сапраўдныя заапаркі, вядома, чалавеку, які арэндуе некалькі дзесяткаў квадратных метраў у гандлёвым цэнтры, стане нявыгадна.
Вельмі смешна казаць пра нейкія магчымасці кантролю ці паляпшэння такіх звярынцаў — у адносінах да дзікіх жывёл іх трэба проста забараняць.
Для абсалютна ўсіх дзікіх жывёл не нармальна кантактаваць з чалавекам, тым больш у такім канвеерным варыянце. Гэта стрэс, парушэнне нармальных паводзін і сутачнага рэжыму. Лемуры не з’яўляюцца актыўнымі днём, і ненармальна, каб дзеці іх цягалі ці краналі. Магчымы ўзаемныя траўмы. Жывёлы, якіх могуць схапіць людзі, вельмі часта і лёгка траўміруюцца. Калі жывёла можа даць здачы, тады траўміруецца дзіцё. І ёсць шмат юрыдычных складанасцей, каму потым прад’яўляць прэтэнзіі.
А ёсць яшчэ канцэпцыя, што ўсё гэта круціць адну баранку вялікага заабізнесу, які падхарчоўваецца браканьерствам, кантрабандай, нелегальным утрыманнем і расплоджваннем, то бок жорсткасцю. Звярынцам патрэбны пастаянна новыя маладыя жывёлы, таму што паціскаць дарослага янота крыху складана. Асабліва, калі размова ідзе пра прыматаў, папугаяў, рэптылій — там не бывае «чыстых» жывёл з «чыстымі» дакументамі. Яны ці іх сваякі былі калісьці завезены нелегальна ці паўлегальна па фальшывых дакументах. А тут іх распладзілі, у тым ліку праз інбрыдынг, — і гэта не тое, што трэба падтрымліваць. Гэта заўсёды шкода для прыродных папуляцый і няправільнае фарміраванне іміджу віду ў людзей, якія думаюць, што жывёла — цацка.
Калі казаць пра папугаяў і асабліва пра прыматаў, у свеце апошніх падзей нядрэнна бы памятаць, што можна раптам захварэць — і ні адзін чалавек ва Украіне ці Беларусі не зможа дыягнаставаць, на што.
Інкубацыйны перыяд можа быць вельмі доўгім і бессімптомным. Калі жывёл ці, па меншай меры, іх бацькоў прыцягнулі з прыродных умоў, вы можаце вельмі лёгка нешта падхапіць, а ва ўрачоў не будзе магчымасці зразумець, што гэта і як лячыць. Я ўжо не кажу пра тое, што некаторыя з гэтых хвароб могуць быць смяротнымі. Ці варта ў гэта гуляцца ў прынцыпе?
Што датычыцца хатніх жывёл, з імі таксама ёсць свае складанасці. Для хатніх жывёл кантакт з чалавекам ужо не з’яўляецца такім стрэсам і зразумела, што калі вы выпусціце буйнога асла ці авечку і дзіцё, то хутчэй за ўсё яны самі ў малога штосьці адбяруць. Але і тут магчымы выпадкі перакорму, калі няправільна арганізаваць ратацыю гэтых жывёл і кантакт. Нельга дапускаць, каб дзіцё схапіла трусіка і незнарок задушыла яго ці, наадварот, каб поні ўдарыў маленькае дзіця. З хатнімі жывёламі мець зносіны можна, але ў межах здаровага сэнсу. Калі яны будуць проста стаяць і іх будуць закормліваць, у іх вельмі хутка пачнуцца колікі і яны загінуць. Жывёла павінна быць у трэнінгу, адпачываць і мець магчымасць сысці ад кантакту.
Ёсць даволі вядомае даследаванне апошніх гадоў пра тое, што жывёлы ад людзей таксама атрымліваюць хваробы. Паколькі жывёлы кантактуюць з вялікай колькасцю наведвальнікаў, то ў выніку людзям яны вяртаюць тое ж самае, толькі ўжо рэзісцентнае да антыбіётыкаў па многіх параметрах.
Вельмі часта бяруць у арэнду сезоннікаў, напрыклад, дзіцянёў буйных драпежнікаў, у асноўным вялікіх кошак: ільвянят, маленькіх гепардаў. Зразумела, што, прасядзеўшы некалькі месяцаў без дастатковага сонечнага святла, руху, у стрэсе і на дрэнным харчаванні, яны не жыльцы. І кожны год бяруцца новыя сезоннікі. Ува ўсіх дакладна выяўлены дысплазія суставаў, рахіт, праблемы з поўсцю, кан’юнктывіт. У прынцыпе здаровых жывёл не бывае пасля некампетэнтнага ўтрымання.
Шанцу ў іх вярнуцца ў прыроду няма. У прыроду трэба вяртаць каштоўных жывёл адпаведнай генетычнай якасці. Нельга проста ўзяць і выкінуць звера ў папуляцыю. Калі гэта інбрыдынг (часта ў такіх выпадках змешваюць брата з сястрой), якая каштоўнасць гэтай жывёлы ў прыродзе… Яна ўжо вырасла з чалавекам і мае шмат псіхічных парушэнняў. Яна не пражыве асобна ні дня. У такіх жывёл адзіная магчымасць — даць ім дажыць у рэабілітацыйным цэнтры, прытулку ці заапарку пры ўмовах стэрылізацыі і ўтрымання толькі дзеля экспазіцыі.Нават калі раптам усе жывёлы ў кантактным звярынцы будуць эўтанізаваныя, як бы цынічна ні гучала, гэта ўсё адно добра, бо гэта захавае тысячы новых. Таму што попыт пастаянны. Яны ўсё адно ідуць канвеерам на смерць. Проста новыя тады не з’явяцца».
Ці ёсць этычныя варыянты назірання за жывёламі?
У Беларусі з дапамогай дзікім жывёлам складана. Паглядзець на выратаваных звяроў можна ў прыватным заапарку «Сірын», які знаходзіцца ў вёсцы Піяніна Дзяржынскага раёна. Дапамагчы цэнтру можна, прыехаўшы туды на экскурсію або стаўшы апекуном аднаго з пастаяльцаў. Таксама жывёлы заўсёды маюць патрэбу ў корме і прадметах догляду, якія можна перадаць ім у Мінску, Дзяржынску або Віцебску. Ёсць варыянт і грашовай падтрымкі — падрабязней пра гэта можна даведацца на іх сайце.
Гэта амаль што адзінае месца ў Беларусі, дзе дзікім жывёлам могуць дапамагчы. Сталічны заапарк жывёл на рэабілітацыю не прымае, бо не мае для іх каранціну. Але вось Гродзенскі заапарк часам ідзе на сустрэчу і забірае звяроў, якія трапілі ў бяду. Сама гісторыя гэтага заапарку 90 год таму пачалася з ратавання раненага рачнога бабра.
У Еўропе і ЗША ствараць цэнтры рэабілітацыі — гэта добрая практыка, каб заапарк прадстаўляў ні проста калекцыю звяроў, але і меў нейкі сэнс і ідэю. Напрыклад, такі цэнтр ёсць у Арызоне — Southwest Wildlife Conservation Center. Яны дапамагаюць раненым жывёлам, а таксама тым, каго ратавалі з кантактных заапаркаў, шоу ці ад жорсткіх гаспадароў. Большасць з іх вяртаецца ў прыроду, але ж частка застаецца ў вальерах на ПМЖ. Напрыклад, леапард з шоу ў Лас-Вегасе. Для выступаў яму вырвалі клыкі, а калі мерапрыемства стала нерэнтабельным, проста выкінулі. Натуральна, што ў прыродзе ён ужо паляваць не зможа. У цэнтр можна прыйсці на экскурсію, паглядзець і падтрымаць звяроў. Ёсць магчымасць стаць камусьці апекуном. Напрыклад, у цэнтры жыве каёт, якога гаспадар сам туды аддаў, зразумеўшы, што жывёле ў хаце не месца. Цяпер ён прыходзіць яго праведаць, аплачвае яму ўтрыманне і догляд.
Марыня Шквыря кажа, што хадзіць з дзецьмі ў такія цэнтры будзе больш карысна, бо трэба прывіваць не проста любоў да прыроды, а павагу да яе. «Павінна быць нейкая ідэя ва ўстанове, каб цэнтр нёс нейкую карысць. Дарагі і добры варыянт для экзатычных жывёл — гэта сафары ў Афрыцы. Больш даступны і добры для нашых відаў — бёрдвотчынг у Белавежскай пушчы. Калі вы ідзяце ў нейкі заапарк, патрацьце пяць хвілін і пашукайце інфармацыю ў інтэрнэце, што вы падтрымліваеце грашыма.
У сапраўднага заапарку павінны быць нейкія племянныя праграмы, прыродаахоўныя праекты, асветніцкая дзейнасць. Інакш гэта проста калекцыя жывёл, на якой зарабляюць, — кажа экспертка.
— Рэабілітацыйныя цэнтры і прытулкі заўсёды маюць патрэбу ў падтрымцы. Я працую з некалькімі прытулкамі. У адзін з іх забіралі сезоннага ільва з кантактнага звярынца. Зараз гэта ільвяня крыху прыйшло ў сабе, і яго адна з нашых НДА вывезла ў Афрыку ў вялікі рэабілітацыйны цэнтр. Цяпер яно разам з яшчэ некалькімі львіцамі бегае па вялікаму вальеру ў Паўднёвай Афрыцы і выдатна сабе адчувае. Гэта ўсё існуе ў той ці іншай меры ў кожнай краіне. І наведванне такіх цэнтраў — выдатны спосаб падтрымаць ідэю».
Адна з найбольш вядомых міжнародная арганізацый, якая стварае цэнтры па рэвайлдынгу ў розных краінах Еўропы, называецца «Чатыры лапы». У кнізе польскага рэпарцёра Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў» яскрава апісваецца тое, як мішкі пасля многіх гадоў няволі спрабуюць прызвычаіцца да новага жыцця. Гэта кніга пра тое, як постсавецкія краіны адаптаваліся пасля распаду СССР. І першая частка прысвечана мядзведзям з Балгарыі. Там у ромскіх абшчын аж да ўступлення краіны ў Еўрапейскі саюз у 2007-ым была старая традыцыя трымаць мядзведзяў для забаў і заробку на вулічных танцах. На той час заставалася каля 30 мішак у няволі па ўсёй краіне. Іх вырашылі ратаваць, бо балгарскія законы ўжо забаранялі трымаць дзікіх жывёл дома. Мядзведзяў выкупалі і перасялялі ў рэабілітацыйны цэнтр.
Традыцыйна мішкам у Балгарыі пракалывалі нос і засоўвалі туды кальцо. Нос у мядзведзя — адзін з самых важных і чуллівых органаў, і так яго вучылі добра слухацца, калі цягнулі за кальцо. Адно з першых рэчаў, якія зрабілі ў цэнтры, — знялі ім гэтыя кольца. Мішкі сядзелі і краналі нос сваімі лапкамі — не маглі паверыць, што яны цяпер свабодныя. Касалапых у цэнтры вучаць усяму з самага пачатку: будзяць іх інстынкты пошука ежы, прывучаюць нагульваць тлушч і ўпадаць у спячку. На жаль, у прыроду іх вярнуць усё адно не атрымаецца. Нават калі мядзведзь жыве некалькі год у вальеры і ўжо здорава да яго адаптаваўся, пры сустрэчы з былым гаспадаром ён зноў пачынае танцаваць. Настолькі моцна гэта ў ім укаранілася. І абудзіць натуральныя інстынкты бывае цяжка.
У карані змяніць сітуацыю зараз спрабуюць юрысты з The Nonhuman Rights Project. Гэта амерыканская НДА, якая займаецца правамі жывёл і актыўна абараняе іх у судзе. Яны хочуць змяніць статус жывёл, каб яны ў праваахоўным плане перасталі быць рэччу і сталі асобай. Тады яны аўтаматычна набудуць асноўныя правы, як, напрыклад, недатыкальнасць. Пазнаёміцца з іх дзейнасцю можна ў дакументальным фільме Unlocking the Cage пра рэабілітацыйныя цэнтры для прыматаў.
Галоўнае фота © ranak.me
Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.
Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».