Філасофская аўдыяпрыпавесць пра ваўка
- Тэма: Флора і фаўна
- Аўтары: Багна
- Час публікацыі: 09.08.2018, 11:20
Вольга Каскевіч, старшыня балотнага фронту «Багна», з’ездзіла на самую поўнач Беларусі, у Расонскі раён, і прывезла адтуль філасофскую аўдыяпрыпавесць пра ваўка. Але, хутчэй, пра нас з вамі ды пра нашае стаўленне да навакольнага свету. Туліся вухам бліжэй!
—
Гэта перапляценне розных поглядаў: вучонага-заолага Дзмітрыя Шамовіча, кандыдата біялагічных навук, які стаў важаком воўчай зграі, з якою жыве ўжо некалькі гадоў на поўначы Беларусі; этолага з Грузіі Ясона Бадрыдзэ, які вядомы тым, што жыў з ваўкамі ў лесе; і паляўнічых, для якіх паляванне на ваўка – штодзённая праца і спорт. Сярод маналогаў маіх герояў прабіваюцца ўрыўкі з кнігі канадскага пісьменніка, біёлага і этнографа Фарлі Моўэта «Не крычы: “Ваўкі!”», якая моцна паўплывала на мой аповед.
Мая гісторыя пра ваўка, пра людзей, якія яго захоўваюць, пра людзей, якія яго забіваюць.
Воўк – драпежнік, якому ўжо даўно няма месца ў нашай краіне. У Беларусі сёння сур’ёзна не займаюцца даследаваннем ваўка, затое любяць яго адстрэльваць. У правілах палявання ён да сёння лічыцца непажаданым відам, а гэта фактычна азначае права на паўсюднае знішчэнне: воўка могуць забіць у любым месцы ў любы час без адмысловага дазволу. Гэты звер выжыў толькі з прычыны таго, што кемлівы і ў жыцці вельмі ўважлівы, з прычыны таго, што ўмее пазбягаць чалавека і хаваць сваё логавішча. У большасці выпадкаў стаўленне да ваўка традыцыйна негатыўнае. Ён успрымаецца як небяспечны драпежнік, які ўяўляе патэнцыйную пагрозу для людзей і хатніх жывёлінаў, а для паляўнічых ён галоўны канкурэнт у паляванні на дзікіх капытных жывёлінаў.
Дзесьці на ўсходзе завыў воўк, нягучна, запытальна… Голас звера казаў пра згублены свет, які калісьці быў і нашым, пакуль мы, людзі, не абралі іншы шлях, каб у канчатковым выніку быць выгнанымі самімі сабой». Мая гісторыя – эмацыйны шлях вяртання да сябе, да свету, у якім людзі і ваўкі – раўнапраўныя жыхары прыроды.