Экадукі. Як абсталяваць бяспечныя пераходы для дзікіх жывёл?

Дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзікіх жывёл — хворая тэма для Беларусі. Кожны год у краіне фіксуецца больш за дзве сотні такіх выпадкаў, многія з якіх аказваюцца смяротнымі як для жывёл, так і для людзей. Адным з рашэнняў гэтай праблемы з’яўляюцца экадукі (экалагічныя віядукі) — бяспечныя пераходы для дзікіх жывёл, якія будуюцца на пэўных участках трас. У вялікай колькасці замежных краін дадзеная практыка паспяхова выкарыстоўваецца ўжо больш за 60 гадоў, а ў тым, як ідуць справы з экадукамі ў нас, разбіраецца «Багна» ў гэтым матэрыяле.

Экадукі — гэта адмысловыя прахадныя збудаванні, што служаць дзяля бяспечнага перасячэння дзікімі жывёламі магістраляў і аўтатрас. Найбольш распаўсюджаныя віды экадукаў прадстаўлены мастом (эстакадай) або падземным пераходам, але існуюць і іншыя іх варыяцыі, у залежнасці ад прызначэння і месцараспалажэння: тунэлі, водапрапускныя трубы, наземныя і падземныя пераходы.

Першыя экадукі ў звычным нам выглядзе з’явіліся ў Францыі ў 1950-х гадах. Ідэю хутка падхапілі суседзі і бяспечныя пераходы шырока распаўсюдзіліся і ў іншых еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Нідэрландах, Швейцарыі, Германіі.

Нягледзячы на дарагоўлю будаўніцтва, карысць ад экадукаў у шмат разоў пераўзыходзіць грашовыя выдаткі:

  • Экадукі дазваляюць дзікім жывёлам свабодна перасякаць дарогі ў месцах пралягання міграцыйных шляхоў, што мінімізуе рызыку аўтакатастроф як для жывёл, так і для чалавека;

  • Спрыяюць генетычнаму абнаўленню, аднаўленню і росту асобных папуляцый;

  • Дазваляюць змякчыць наступствы фрагментацыі натуральнага асяроддзя пражывання ў працэсе урбанізацыі, забяспечваючы свабоднае перамяшчэнне асобін паміж рэгіёнамі.

Эфектыўнасць выкарыстання бяспечных пераходаў для дзікіх жывёл пацвярджаецца шматгадовымі назіраннямі навукоўцаў. У якасці прыкладу можна прывесці паказальнае даследаванне, праведзенае адмыслоўцамі Нацыянальнага парка Банф ў Канадзе, на тэрыторыі якога размешчана 44 экадука.

За 15 гадоў назіранняў буйныя млекакормячыя прайшлі праз экадукі больш за 150 тысяч разоў.

Аднак навукоўцы адзначаюць, што для такіх асцярожных жывёл, як мядзведзі грызлі і ваўкі, можа спатрэбіцца да пяці гадоў, перш чым яны будуць адчуваць сябе ў бяспецы і пачнуць карыстацца пераходамі.

Праектаванне экадукаў — складаны працэс, які ўключае ў сябе даследаванне міграцыйных маршрутаў асобных відаў, вызначэнне іх паводніцкіх асаблівасцяў, выяўленне найбольш «праблемных» з пункту гледжання ДТЗ участкаў трас і вывучэнне ландшафту.

Якімі бываюць экадукі?

Каб экадукі паспяхова выконвалі сваю асноўную функцыю, неабходна ўлічваць відавыя адрозненні і асаблівасці жывёл. Вывучаючы звычкі асобных відаў, спецыялісты распрацоўваюць унікальныя праекты экадукаў, якія ўлічваюць асаблівыя перавагі прадстаўнікоў фауны.

Так, для вавёрак-палятух ў Амерыцы ўсталёўваюцца адмысловыя слупы з платформамі наверсе, каб дапамагчы вавёркам бяспечна перасякаць небяспечныя ўчасткі магістраляў і шашы.

Для сланоў выкарыстоўваюцца спецыяльныя праходы, якія ўяўляюць сабой вузкія калідоры пад дарогай. Адзін з першых такіх калідораў быў пабудаваны ў Кеніі.

А так выглядае экадук для кажаноў, які ўлічвае іх відавую асаблівасць – рэхалакацыю. Масты для кажаноў дапамагаюць арыентавацца ім у прасторы, выступаючы ў якасці замены жывым ўздоўж платоў. Дзякуючы ім лятучыя мышы ляцяць досыць высока і пазбягаюць сутыкнення з аўтамабілем або фурай.

Для кажаноў прадугледжаны і іншы варыянт канструкцыі экадука: цалкам закрыты тунэль над дарогай.

Для бяспечнага перамяшчэння чарапах і земнаводных звычайна выкарыстоўваюцца водапрапускныя трубы.

Экадукі будуюць нават для крабаў. Напрыклад, у перыяд размнажэння земляныя крабы з востава Каляд масава гінуць пад коламі машын. Каб зберагчы папуляцыю, мясцовыя спецыялісты распрацавалі адмысловыя масты і пераходы, якія дапамагаюць крабам пераадолець доўгую дарогу да берага акіяна.

Аднак найбольш частай варыяцыяй з’яўляецца універсальны шырокі экадук, які падыходзіць адразу мноству відаў.

Як пабудаваць экадук?

Для будаўніцтва экадукаў у сусветнай практыцы выкарыстоўваюцца самыя розныя матэрыялы: клеены брус, сталь, бетон, шклапластык і драўнянае валакно, жалезабетон. Архітэктура збудаванняў у зарубежных праектах таксама разнастайная і прымае пад увагу выгоду не толькі жывёл, але і чалавека. Напрыклад, экадук ў форме перавернутай дугі, які не толькі стварае адчуванне натуральнага асяроддзя для жывёл (суцэльнага ўчастка лесу), але і забяспечвае большую асветленасць праезнай часткі для кіроўцаў.

Замежныя адмыслоўцы таксама распрацоўваюць праекты экадукаў з назіральнымі пляцоўкамі. Так можна праводзіць назіранні дзікай прыроды ў навуковых мэтах або проста наглядаць за прыродай ўсім жадаючым.

Найбольшы эфект назіраецца ад комплексаў экадукаў, якія размяшчаюцца на адлегласці ад 1 да 15 кіламетраў адзін ад аднаго і дапаўняюцца загараджальнымі збудаваннямі. Асаблівае значэнне для экадукаў мае адмыслова пасаджаная расліннасць, якая адпавядае ўсталяваная экасістэме і стварае звычнае для дзікіх жывёл асяроддзе.

У рамках праекта LIFE + OZON ў Саніянскім лесе дзеля забеспячэння бяспечнага перасячэння дарогі жывёламі быў пабудаваны Ecoduct Groenendaal. Гэта першы экадук на кальцавой дарозе Бруселя, размешчаны побач з былой гоначнай трасай Грэнендаля. Экадук быў пабудаваны ў перыяд з мая 2016 года па май 2018 году ад імя Агенцтва дарог і дарожнага руху і Агенцтва па прыродзе і лясах.

Лідэрам па колькасці экадукаў у ЕС з’яўляюцца Нідэрланды, дзе іх налічваецца больш за 600 па ўсёй краіне. Самы доўгі экадук ў Нідэрландах распасціраецца на 800 метраў і ахоплівае шашу, чыгунку і нават поле для гольфа. Менавіта экадукам прыпісваюць поспех у захаванні папуляцыі еўрапейскага барсука, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Экадук «Харм ван дэ Він» (Нідэрланды) © Apdency / wikipedia.org
Экадук «Харм ван дэ Він» (Нідэрланды) © Apdency / wikipedia.org

Экадукі ў Беларусі

Пасля падпісання Бернскай канвенцыі ў 2013 годзе Беларусь стала адной з краін-удзельніц рэалізацыі праграмы Смарадавай сеткі — адзінай экалагічнай сеткі прыродаахоўных тэрыторый. Для выканання ўмоваў канвенцыі у 2018 годзе быў падпісаны Указ Прэзідэнта Беларусі № 108, які сцвярджае Схему Нацыянальнай экалагічнай сеткі. Схема была распрацавана, каб падтрымаць натуральныя міграцыйныя працэсы руху і бесперапыннасць асяроддзя пражывання жывых арганізмаў на ААПТ, а таксама для захавання натуральных экалагічных сістэм і ландшафтнай разнастайнасці.

Міграцыйныя калідоры па якіх перамяшчаюцца жывёламі паміж ядрамі © НПЦ НАН РБ
Міграцыйныя калідоры па якіх перамяшчаюцца жывёламі паміж ядрамі © НПЦ НАН РБ

Вольга Каскевіч, інжынер-эколаг ГА «Багна»:

У 2017 годзе ў нашай краіне была прынята пастанова Саўміна №699 ад 2017/09/18, якая зацвердзіла праграму па развіцці і ўтрыманню аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017 -2020 гады. У гэтай праграме з’явілася некалькі важных прыродаахоўных пунктаў. Пры праектаванні, рэканструкцыі і ўзвядзенні ўсіх аўтамабільных дарог сёння неабходна выкарыстоўваць сучасныя інжынерныя тэхналогіі абароны навакольнага асяроддзя ад шкодных уздзеянняў, у тым ліку для зніжэння ўзроўню шумавога забруджвання прылеглых тэрыторый, ўстаноўку накіравальных сетак у спалучэнні з адмысловымі праходамі, што прадухіляюць выхад жывёл на праезную частку. Усе гэтыя меры маюць добрую мэту — зніжэнне шкоднага ўздзеяння на аб’екты расліннага і жывёльнага свету і захаванне іх асяроддзя пражывання, у тым ліку, што забяспечваюць цэласнасць арэалаў дзікіх жывёл і шляхоў іх міграцыі. Экадукі ўключаюць у сябе і падземныя тунэлі, і эстакады, і масты, і пераходы для амфібій, і марскія трапы для руху рыбы, і зялёныя дахі. Для чалавека ж — гэта добрая прафілактыка ад сутыкненняў з дзікімі жывёламі, якая ратуе ад смерці, калецтва і нанясення шкоды маёмасці.

Першы экадук ў Беларусі быў уведзены ў выкарыстанне з пачатку мінулага года. Ён размешчаны на ўчастку трасы М6 Мінск-Гродна і ўяўляе сабой скразную трубу з гафрыраванага металу 4,5 метраў вышынёй і даўжынёй каля 40 метраў. Рашэнне пабудаваць экадук з гафрыраванага металу было прадыктавана эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі матэрыялу: у адрозненне ад бетону, яго не трэба тынкаваць і рамантаваць.

Тунэль для жывёл на ўчастку трасы М6 Мінск-Гродна © grodno.greenbelarus.info
Тунэль для жывёл на ўчастку трасы М6 Мінск-Гродна © grodno.greenbelarus.info

Пры ўсім наватарстве праекта для нашай краіны, у прадстаўнікоў грамадскасці і эколагаў маецца да яго шэраг пытанняў і крытычных заўваг:

Што ўяўляе сабой экадук на трасе Мінск-Гродна? Цёмны тунель, 4,5 метра ў вышыню і 3 метра ў шырыню, даўжынёй у 40 метраў. Для любога жывёльнага ён выглядае вельмі страшным. Ім наўрад ці калі-небудзь стане карыстацца звер, асабліва капытныя. Падобныя канструкцыі не спрыяюць перасоўванню, а перакрываюць натуральную міграцыю віду, а разам з гэтым і натуральнае генетычнае абнаўленне папуляцый, — лічыць Вольга Каскевіч.

Будаўніцтва экадука на трасе М6 абышлося РУП «Гродноавтодор» у 600 тысяч беларускіх рублёў. Відавочна, праблема фінансавання грае не апошнюю ролю ў пытанні будаўніцтва бяспечных пераходаў для жывёл у Беларусі. Вядучы інжынер аддзела прадпрыемства «Белгипродор» Аляксандр Звоннікаў у сваім камэнтары для рэсурсу 1prof.by выказаў наступную думку:

Мы можам прапанаваць і па 20 экадукаў для кожнай дарогі, але ці пацягнуць іх ўласнікі?

Пытанне застаецца адкрытым, аднак будаўніцтва пяці новых экадукаў ужо запланавана ў рамках рэканструкцыі Магістралі М7 (Мінск-Ашмяны-мяжа з Літоўскай Рэспублікай), сцвярджае «Зялёны партал». Пераходы будуць размяшчацца ад 57 кіламетра трасы на працягу 90 кіламетраў, аж да памежнага пераходу «Каменны Лог». Рэканструкцыя магістралі таксама прадугледжвае ўстаноўку металічных сеткаватых агароджаў, якія ўжо выкарыстоўваюцца на асобных участках дарог.

Прыклад экадука на шляху міграцыйнага калідора Пранхорн, у дзесяці мілях на захад ад Пінедэйла, штат Ваёмінг (ЗША). Сетка ўздоўж дарогі дзейнічае дзяля скіроўвання жывёл да моста © Jeff Burrell, Wildlife Conservation Society
Прыклад экадука на шляху міграцыйнага калідора Пранхорн, у дзесяці мілях на захад ад Пінедэйла, штат Ваёмінг (ЗША). Сетка ўздоўж дарогі дзейнічае дзяля скіроўвання жывёл да моста © Jeff Burrell, Wildlife Conservation Society

Асноўная функцыя такіх агародж — накіраваць жывёлу да бяспечнага пераходу трасы. Вышыня накіравальных агародж павінна ўлічваць здольнасці мэтавых відаў і разлічана на тое, каб жывёлы не мелі магчымасці прапаўзці пад імі або пераскочыць. Карысць ад ўстаноўкі выключна накіравальнай сеткі, як гэта практыкуецца ў нашай краіне, вельмі сумнеўная. Да таго ж, ўстаноўка сеткаватых агароджаў — нятанная прыемнасць: кожны кіламетр абыходзіцца прыкладна ў 16 тысяч даляраў.

У Беларусі ўстаноўлена ў агульнай суме каля 330 кіламетраў ахоўных сеткаватых агароджаў уздоўж трас: Мінск – Гомель (166 км), Мінск – Магілёў (85 км), на МКАД-2 (51 м) і Мінск – Мікашэвічы (21 км). Аднак калі ўявіць агульную працягласць усіх магістраляў і дарог, становіцца зразумела, што гэтага відавочна недастаткова для прадухілення выпадкаў ДТЗ з дзікімі жывёламі. Акрамя таго, такія загароджаныя ўчасткі хаваюць у сабе дадатковую небяспеку (прыгадаць бы хоць нашумелы леташні выпадак з мядзведзем, які бег ўздоўж агароджы МКАД-2):

Мядзведзь апынуўся ў пастцы паміж дзвюма сеткамі край дарогі.

Усталяванне выключна толькі металічных сеткаватых канструкцый (без праходаў), як гэта цяпер практыкуецца, стварае яшчэ больш праблем. Яны лёгка пашкоджваюцца (часта гэта робяць, напрыклад, мясцовыя жыхары падчас збору грыбоў і ягад). У выніку праз гэтыя «прарывы» жывёлы трапляюць на трасу, але не могуць знайсці выйсце. Звяры палохаюцца, пачынаюць кідацца па дарозе і, адпаведна, правакуюць яшчэ больш аварый, — лічыць Руслан Навіцкі, загадчык сектара экалагічнай ацэнкі пераўтварэнняў навакольнага асяроддзя НПЦ НАН па біярэсурсах.

Адмысловы выхад, калі раптам жывёла апынецца на дарозе паміж двума сеткамі © N. Yoder
Адмысловы выхад, калі раптам жывёла апынецца на дарозе паміж двума сеткамі © N. Yoder

Пад дарогай зроблены тунэль для дробных жывёл © N. Yoder
Пад дарогай зроблены тунэль для дробных жывёл © N. Yoder

Аднак не толькі млекакормячыя маюць патрэбу ў бяспечных пераходах — не варта забываць і пра земнаводных, папуляцыя якіх істотна скарачаецца пад коламі машын у перыяд міграцыі. Дзяля вырашэння гэтай праблемы будуюцца адмысловыя экадукі, якія вонкава нагадваюць трубы з накіравальнымі да іх бардзюрамі вышынёй 30-40 сантыметраў. Першы падобны экадук ў Беларусі быў пабудаваны ў 2006 годзе на 122-м кіламетры трасы Мінск-Віцебск, на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Другі бяспечны пераход для амфібій быў пабудаваны на ўчастку аўтадарогі Р-83, які знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

У краіне налічваецца каля 500 месцаў, дзе земнаводныя могуць міграваць праз дарогі.

Адметна, што ў 2012 годзе на адной з экалагічных сцежак выспы ў Лельчыцкім раёне былі пабудаваныя тры адмысловыя пераходы для мурашак, якія павінны былі дазволіць насякомым бяспечна перамяшчацца згодна іх міграцыйным маршрутам.

Прыклад, калі пракладзеная пад дарогай труба стала перашкодай для міграцыі рыб © Ken Ayers, Lounsbury & Associates, Inc.
Прыклад, калі пракладзеная пад дарогай труба стала перашкодай для міграцыі рыб © Ken Ayers, Lounsbury & Associates, Inc.

Пасля рэканструкцыі гэтага ўчастка дарогі памер тунэлю павялічылі і ён стаў большым за рэчышча. У выніку гэта вырашыла праблему і цяпер не стварае перашкоды падчас міграцыі рыб і земнаводных © Ken Ayers, Lounsbury & Associates, Inc.
Пасля рэканструкцыі гэтага ўчастка дарогі памер тунэлю павялічылі і ён стаў большым за рэчышча. У выніку гэта вырашыла праблему і цяпер не стварае перашкоды падчас міграцыі рыб і земнаводных © Ken Ayers, Lounsbury & Associates, Inc.

Безумоўна, замежны досвед арганізацыі бяспечных пераходаў для прадстаўнікоў фауны шмат у чым пераўзыходзіць наш. Вольга Каскевіч, інжынер-эколаг ГА «Багна»:

Будаўніцтва зялёных пераходаў ўжо паўстагоддзя існуе ў многіх развітых краінах свету, гэта можа дапамагчы нам у выбары найбольш выгаднага і прымальнага рашэння для нашай краіны. Я згадала акурат развітыя краіны, так як правільны экадук — гэта часцяком нятаннае комплекснае рашэнне, хаця ўсё залежыць ад жадання будаваць магістраль праз прыродны аб’ект альбо ўжо ў існай інфраструктуры.

Цікавы прыклад тэхналагічнага рашэння абрала для сябе сёння Эстонія, адмовіўшыся ад будаўніцтва экадукаў праз іх высокія кошты: дэпартамент дарог зацвердзіў на шашы Талін-Тарту адмысловыя месцы пераходаў дзікіх жывёл праз дарогу. Выглядаюць такія пераходы як спецыяльна выдзеленыя прамежкі паміж агароджамі з усталяванай папераджальнай сістэмай з датчыкамі руху. Калі жывёла пачынае пераходзіць дарогу, на кіравальным табло змяншаецца дазволеная скорасць і з’яўляецца знак, што жывёла знаходзіцца на дарозе. Падобнай практыкай таксама карыстаюцца ў ЗША і Канадзе. Будаўніцтва месцаў для такога пераходу значна танней, чым будаўніцтва экадука. Акрамя таго, як вядома, не ўсім жывёлам экадукі падыходзяцца па душы, некаторыя іх проста баяцца.

Цяпер у Казахстане, напрыклад, ідзе гарачая барацьба супраць будаўніцтва новай магістралі і за захаванне сайгакаў, якія знаходзяцца на мяжы знікнення. Гэты від антылоп вельмі палахлівы, і ён не можа карыстацца экадуками праз гэтую асаблівасць. Часам варта ўвогуле адмовіцца ад будаўніцтва дарог, а не дапускаць узвядзенне збудаванняў, якімі не будуць карыстацца жывёлы, як змякчальную меру і кампраміс для інжынернага праекта. У гэтым справе важна выкарыстоўваць пермакультурны падыход — назіранне, перавага ў пракладанні дарог на месцы старых, якімі здаўна карысталіся людзі, выбар на карысць ўжо існых збудаванняў і якія выбылі з эксплуатацыі (былыя масты, прасторы пад мостам), а таксама выкарыстанне патэрнаў, што задзейнічаюць прыродны мясцовы ландшафт ці блізкіх да натуральнага асяроддзя.

Для тых, хто знае англійскую ёсць кароткі дакументальны фільм пра экадукі:


Загаловачны здымак: zja.nl

Перадрук матэрыялаў Багны магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». Сіда не абавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна»

Самыя небяспечныя месяцы, калі капытныя могуць з'явіцца на дарогах, - май-чэрвень (калі ідзе ацёл і рассяленне маладняку) і жнівень-кастрычнік (калі жывёлы спарваюцца і актыўна перамяшчаюцца па ўгоддзям)
Самыя небяспечныя месяцы, калі капытныя могуць з'явіцца на дарогах, - май-чэрвень (калі ідзе ацёл і рассяленне маладняку) і жнівень-кастрычнік (калі жывёлы спарваюцца і актыўна перамяшчаюцца па ўгоддзям)© JLS Photography - Alaska
Экадук на E6 на поўнач ад Кунгсбакі (Швецыя)
Экадук на E6 на поўнач ад Кунгсбакі (Швецыя)© Björn Larsson Rosvall / TT
Экадук для кажаноў — цалкам закрыты тунэль над дарогай
Экадук для кажаноў — цалкам закрыты тунэль над дарогай© n/a
Адмысловы мост для вавёрак і куніцавых ўяўляе сабой асаблівую канструкцыю з канатных мастоў
Адмысловы мост для вавёрак і куніцавых ўяўляе сабой асаблівую канструкцыю з канатных мастоў© Alexander P Kapp
Мост для міграцыі чырвоных крабаў, востраў Каляд
Мост для міграцыі чырвоных крабаў, востраў Каляд© pikabu.ru
© Earth.com