Дзе бачылі вугра ў Беларусі? Запусцілася новая анлайн-карта

  • Тэма: Флора і фаўна
  • Аўтар: Ахова птушак Бацькаўшчыны
  • Час публікацыі: 22.11.2019, 05:19

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запусціла анлайн-карту распаўсюду вугра ў Беларусі, как сабраць інфармацыю, дзе жыве і дзе сустракалася раней гэтая рэдкая рыба.

Калі вам вядома пра вугровыя месцы, занясіце іх на карту. Усе назіранні фільтруюцца па перыядах: да 1955 года, з 1956 па 2008 год і з 2009 года па цяперашні час.

Еўрапейскі вугор — адзіны від з 19 відаў рачных вугроў, вядомых навуцы, які жыве ў дарослым стане ў прэсных вадаёмах Еўропы. У 2008 годзе Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў уключыў вугра ў Чырвоны спіс як від, што знаходзіцца на крытычнай мяжы знікнення.

У Беларусі гэта адзіны від жывёл, які мае такі высокі пагражальны статус. Гэтыя рыбы прыплываюць у Еўропу яшчэ лічынкамі з Саргасавага мора, жывуць тут 5-20 гадоў, а потым плывуць на сваю радзіму нерасціцца першы і апошні раз у сваім жыцці.

Каб даплыць да Беларусі, вугор пераадольвае 9000 кіламетраў!

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Іхтыёлагі — спецыялісты па рыбах — ведаюць, што вугор быў пашыраны ў Беларусі ў рэках і азёрах басейна Балтыйскага мора. Частка бяссцёкавых азёраў была зарыбленая з 1956 па 2008 год, пакуль Беларусь мела магчымасць купляць лічынак вугроў у краінах Еўрапейскага саюза. Але і раней вугры сустракаліся ў палескіх вадаёмах і засялялі бяссцёкавыя вадаёмы дзякуючы магчымасці перамяшчацца па вільготнай траве. Пра такую сустрэчу на беразе мне расказваў калісьці мой дзед. Таму для захавання гэтага віду нам цікава сабраць інфармацыю пра тое, дзе і калі жылі вугры ў Беларусі, дзе яны жывуць цяпер. Спытайце сваіх бацькоў і дзядоў. Старэйшыя пакаленні беларусаў былі больш звязаныя з прыродай і добра ведалі вугра”.

Вугроў дагэтуль ловяць і ўжываюць ў ежу. У Беларусі для гэтага патрэбны спецыяльны дазвол, але сустракаюцца выпадкі незаконнага лову. Тым не менш, нават законная здабыча вугра можа вельмі негатыўна ўплываць на стан папуляцыі віду.

Што рабіць чалавеку, каб захаваць еўрапейскага вугра ў нашых водах? Расказаць як мага большай колькасці людзей пра рэальную пагрозу страціць гэты від назаўжды. Не купляць вугра ні ў якім выглядзе, каб не падтрымліваць браканьерства. Заклікаць спыніць прамысловы вылаў ў Беларусі.


Паводле прэс-рэлізу АПБ

Еўрапейскі вугор
Еўрапейскі вугор© ptushki.org
Карта распаўсюджвання вугра ў Беларусі
Карта распаўсюджвання вугра ў Беларусі© Багна