Дадзеныя пра грызуноў Беларусі збіраюць для інтэрактыўнай карты

  • Тэма: Флора і фаўна
  • Аўтар: Ахова птушак Бацькаўшчыны
  • Час публікацыі: 22.03.2020, 15:32

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) стварыла інтэрактыўную анлайн-карту, на якой збірае дадзеныя аб месцах супергрызуноў у Беларусі. Прыродаахоўнікі просяць заносіць на карту месцы назіранняў дзікіх хамякоў, рабых суслікаў і палятух.

Усе гэтыя грызуны ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Летась удалося знайсці месцы пражывання суслікаў і палятух, але не хамякоў.

Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каментуе:

Збор інфармацыі ад мясцовых жыхароў пра сустрэчы з хамяком, суслікам або вавёркай-палятухай — гэта вельмі важная частка нашай экаініцыятывы. На сёння мы атрымалі некалькі дзясяткаў паведамленняў пра ўсе тры праектныя віды. Некаторыя з іх пацвердзіліся і істотна змянілі ўяўленне спецыялістаў пра сучасны арэал. Частку інфармацыі яшчэ трэба будзе праверыць гэтай вясной. А інтэрактыўная карта — гэта яшчэ адзін спосаб паведаміць заолагам аб сустрэчах рэдкіх звяркоў і дапамагчы ў справе захавання відаў, якія знікаюць.

На карце пазначаныя гістарычныя арэалы пражывання супергрызуноў, але гэтыя віды могуць быць выяўленыя і ў іншых раёнах.

Так, у АПБ ужо паступілі паведамленні з факталагічным матэрыялам, які пацвярджае прысутнасць палятухі ў Аршанскім раёне, сусліка ў Стаўбцоўскім раёне, хамяка ў Бярозаўскім раёне. Пры даданні на анлайн-карту свайго назірання неабходна пазначыць сваё імя і тэлефон, каб з вамі мог звязацца спецыяліст і ўдакладніць дэталі. Таксама ёсць опцыя дадаць фота да свайго паведамлення.

Як знайсці месцы пражывання супергрызуноў?

У 2020 годзе фокус на хамяка!

Хамяк звычайны — адносна буйны грызун, даўжынёй у траціну метра і масай да паўкіло. Жыве на сельгаспалях, ля дарог, на ўзлесках, у садах, агародах у норах з некалькімі выхадамі на паверхню. Вядзе адзіночны лад жыцця, актыўны на змярканні і ноччу, таму ўбачыць хамяка складана. З лістапада па сакавік-красавік у хамякоў спячка. Знайсці хамяка можна па характэрных норах з дыяметрам уваходу да 10 см. Перад спадзістым уваходам хамяк выкідвае шмат зямлі. У вертыкальных нор выкідаў зямлі звычайна няма.

Рабы суслік — жыве калоніямі на лугах з невысокай травой. Актыўны ў светлы час, але асабліва раніцай і бліжэй да вечара. Упадае ў спячку звычайна з кастрычніка па сакавік. Месца паселішча суслікаў знаходзяць па характэрных норах. Каля часовых нор (дыяметр 5,5 см) заўсёды ёсць пагорак выкінутай зямлі, пакуль суслік іх паглыбляе. Ад нары разыходзяцца добра прыкметныя сцяжынкі. На калоніі вартаўнікі, устаўшы слупком, пільна аглядаюць наваколле. Каля калоніі днём часам чутны ціхі свіст звяркоў.

Палятухі — начныя асцярожныя звяркі, таму ўбачыць іх складана. Яны жывуць у асноўным у старых яловых лясах з асінай, вольхай і бярозай. Лягчэй за ўсё знайсці месца, дзе жыве палятуха, па характэрным памёце ярка-жоўтага колеру, даўжынёй 5-7 мм. Памёт трэба шукаць ля камлёў дрэў ранняй вясной, пакуль не з’явілася трава.

Заносіць свае назіранні можна на анлайн-карту.

Кантактная асоба — Сямён Левы, +375291016887, levy@ptushki.org.


Загалоўнае фота © Аляксандр Вінчэўскі

Па інфармацыі прэс-рэлізу АПБ

Карта супергрызуноў
Карта супергрызуноў© АПБ
 Хамяк звычайны  (Cricetus cricetus)
Хамяк звычайны (Cricetus cricetus)© Shutterstock
Рабы суслік (Spermophilus suslicus)
Рабы суслік (Spermophilus suslicus)© Shutterstock
Палятуха (Pteromys volans) з фотапасткі
Палятуха (Pteromys volans) з фотапасткі© Денис Китель