Арнітолаг Дзяніс Кіцель: як вывучаць птушак?

Антрапалогія — навука, што ўдзяляе ўвагу ўсяго аднаму віду — чалавеку. Арніталогія ж ахоплівае мноства, відавую сукупнасць, дзе кожная асобіна адрозніваецца сваімі паводзінамі, ладам жыцця. У некаторым сэнсе пазнанне свету птушак можна параўнаць з даследаваннем іншых планет, дзе кожная з іх унікальная, упэўнены арнітолаг Дзяніс Кіцель.

На спецыяльнасць аргнітолага ў нашай краіне адразу не вывучышся. Спачатку неабходна атрымаць біялагічную адукацыю. Затым аддаць перавагу гэтаму невялікаму накірунку і знайсці ў ім улюбёную справу. З улікам, што ў Беларусі зафіксавана больш за 320 відаў птушак зрабіць гэта будзе не складана, а больш таго — цікава.

Арнітолагі вывучаюць птушак з розных бакоў. Хтосьці можа займацца выключна адным відам, іншыя працэсамі міграцыі, гнездавання, экалогіяй ці біялогіяй відаў, — распавядае Дзяніс.

І таму адразу варта адзначыць, што нельга блытаць арніталагію з bird watching — хобі, што набывае ўсё большую папулярнасць сярод аматараў жывой прыроды. Нягледзячы на тое, што па сутнасці і арнітолагі, і bird wachers займаюцца адным і тым жа — назіраннем за птушкамі, уся розніцца крыецца ў прафесійных узроўнях гэтага працэсу. Праўда ніхто не адмаўляе, што людзі без спецыяльнай адукацыі, кіруючыся выключна сваім захапленнем, здольныя зрабіць цікавыя адкрыцці ў плане фаўністыкі відаў, адзначаць месцы зімовак ці змяненні ў звыклых працэсах для таго ці іншага віду крылатых.

У самаго Дзяніса ёсць некалькі любімых спраў, якімі ён пераважна і займаецца.

Адна з іх — кальцаванне птушак. Невыпадкова на сядзібе ў Сасновым бары ужо чатыры гады існуе лакальная станцыя па кальцаванні. Пачалося ўсё з размовы за абедзенным сталом, аднак сёння  можна казаць і пра некаторыя тэндэнцыі, што ўдалося праназіраць дзякуючы адлову і кальцаванню птушак.

Асаблівую ўвагу арнітолаг аддае рабоце з драпежнымі птушкамі, як дзённымі, так і начнымі. У гэтым кірунку, па словах Дзяніса, бывае шмат розных занятасцяў. Напрыклад, у Чырвоным бары апошняй з тэм сталі ахоўваемыя віды драпежных птушак. Спецыялісты стараюцца вынайсці ўсе гнёзды ў лакацыі Асвейскага заказніка, Чырвонага бору, пракальцаваць птушанят і дарослых асобін. У перспектыве, спадзяецца Дзяніс, на птушак удасца навесіць спецыяльныя перадатчыкі, але з улікам, што задавальненне гэта не таннае, без спонсарскай дапамогі абысціся не атрымаецца.

Яшчэ адным захапленнем Дзяніса з’яўляецца пабудова штучных гнёздаў для соў і іншых драпежнікаў. Арнітолагі ўсталёўваюць спецыяльныя платформы з мэтай прывабіць від да пэўнай тэрыторыі: да той, што па ўмовах падыходзіць для пражывання, ці дзеля таго, каб «перасяліць» птушку з небяспечнага для яе месца.

«Платформы пад гнёзды мы будуем на ўчастках, дзе захаваўся стары лес. Затым падаем дакументы, каб лесгазы не вялі на дадзеных тэрыторыях высечкі, — кажа Дзяніс Кіцель. — Увогуле, працуючы з птушкамі, шмат часу даводзіцца прысвячаць ахове іх месцаў пражывання і саміх відаў. А таксама думаць на перспектыву. Так, у Чырвоным бары на ўсе месцы пражывання, якія ўдаецца вынайсці, складаюцца пашпарты месца пражывання чырвонакніжнага віда. Далей іх перадаюць у інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, каб у будучым гэтыя месцы былі захаваныя».

Нельга адмаўляць важнасці візуальнага назірання за птушкамі. Дзякуючы гэтаму, на першы погляд, немудрагелістаму дзеянню можна сабраць шмат карыснай інфармацыі, разумець відавы склад тэрыторыі, статус птушак: гнездавальныя ці пралётныя, або ўвогуле выпадкова патрапіўшыя сюды. Такога кшталту матэрыял неабходны для састаўлення зводак з пэўнага ўчастка — апісанне тэрыторыі і жывёльнага свету на ёй.

«У будучым магчыма атрымаецца штосьці падобнае стварыць і з гэтых месцаў (тэрыторыі Сасновага бору, Чырвонага бору і Асвейскага заказніка). Пакуль жа збіраецца матэрыял і ў цэлым ён не дрэнны, а для Беларусі нават даволі ўнікальны. З той прычыны, што ўсё радзей людзі звяртаюць увагу на феналогію віда: калі ён з’яўляецца, калі пачынаецца міграцыя і г.д.», — дзеліцца планамі арнітолаг.

Яшчэ адзін плюс, што дакладна іграе на руку гэтай навуцы — вывучаючы птушак вам рэдка давядзецца сядзець на адным месцы. Напрыклад з досведу Дзяніса, яму ўжо ўдалося пабываць, бадай, на ўсіх буйнейшых водна-балотных тэрыторыях Беларусі.

Вядома, што ў залежнасці ад геаграфічнага становішча і ландшафтных умоў балотныя тэрыторыі будуць розніцца па свайму відавому складу. Бо адным птушкам патрэбны адкрытыя прасторы, з наяўнасцю азёр, лясным масівам і багатай кармавой базай. Іншыя ж могуць туліцца на невялікіх балацінках, паблізу якіх існуе вадацёк, рачулка ці возера, паросшыя расліннасцю і багатыя на разнастайную рыбу.

«Ёсць віды, як напрыклад, кулікі, што цалкам залежаць ад воднага балансу тэрыторыі. Як толькі вада сыходзіць, птушкі вымушаны шукаць новае месца для пражывання. Аднак на новым месцы ім трэба асвоіцца і адаптавацца да ўмоў. Часта здараецца, што праз гэта яны вымушаны прапусціць год на вывядзенне птушанят», — тлумачыць арнітолаг.

Таму важна максімальна захоўваць балоты ў іх натуральным дзікім выглядзе, што ў наш час, на жаль, асабліва залежыць ад чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці. І з улікам, што ў Беларусі некаторыя віды ўжо знаходзяцца пад пагрозай знікнення, напрыклад, беркуты — гэта на сённяшні дзень становіцца асабліва актуальным пытаннем. Праўда, не заўсёды змяншэнне колькасных паказнікаў віду наўпрост звязана з асваеннем чалавекам канкрэтнай тэрыторыі. Прычынамі знікнення белай курапаткі з’яўляюцца бясснежныя цёплыя зімы. Так птушка светлай афарбоўкі становіцца лёгкай здабычай для драпежнікаў.

Аднак захапленне наваколлем для Дзяніса не заканчваецца аднымі птушкамі. Новым заняткам хлопца стала вывучэнне стракоз.

Такая незвычайная справа прыйшлася да душы выпадкова. Будучы суправаджаючым групы bird watchers, Дзяніс пазнаёміўся з удзельнікам, які акрамя птушак праяўляў асаблівы інтарэс да стракоз. Ён та і адкрыў для маладога чалавека іх разнастайнасць.

Стракозы — гэта тыя ж птушкі, яны маюць свой біятоп, месца пражывання ў залежнасці ад якога розняцца віды. Ды й несумнеўным плюсам з'яўляецца тое, што іх усё ж значна меней, чым птушак. Па апошніх дадзеных у Беларусі зафіксавана 68 відаў, — кажа Дзяніс.

Магчыма простаму чалавеку стракозы могуць падацца занадта банальнымі, але і сярод іх ёсць рэдкія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Хаця тут таксама не ўсё адназначна. Праблема заключаецца ў адсутнасці спецыялістаў, праз што некаторыя віды проста застаюцца без увагі. З улікам таго, што Дзянісу разам з калегам за чатыры гады ўжо ўдалося назбіраць актуальных дадзеных па пэўных стракозах, відавочна, у новай рэдакцыі Чырвонай кнігі адбудуцца некаторыя змены. Ва ўсякім выпадку спецыяліст спадзяецца, што ў спіс ахоўваемых можна будзе ўключыць віды рэдкія не толькі для Беларусі, але і еўрапейскіх краін.

«Калі назіраеш за птушкамі, стракозамі, разумееш наколькі каштоўнымі з’яўляюцца некаторыя месцы. Калі яшчэ паразмаўляць з батанікамі, то высветліцца, што на адным балоце можа суіснаваць больш 10 чырвонакніжных відаў. У цэлым для Беларусі верхавыя, нізінныя балоты, пойменныя экасістэмы—месцы, дзе біяразнастайнасць зашкальвае. Асабліва, калі параўноўваць з сельскагаспадарчымі палеткамі ці штучнапасаджанымі лясамі»,— зазначае ён.

Аднак, нягледзячы на ўвесь рамантызм выбраных заняткаў ці казытлівую надзею стаць вынаходнікам новага віду для нашага рэгіёну, як сцвярджае Дзяніс, трэба быць гатовым і да некаторых мінусаў прафесіі.

«Працуючы на прыродзе даводзіцца адмаўляцца ад пэўнага камфорту, бо ты корміш камароў, знаходзішся там, дзе ёсць кляшчы, не заўсёды сухім вяртаешся з балот, не зусім чыстым. Але калі ты гэта любіш, застаецца прытрымлівацца прынцыпа «не нашкодзь!».

Таму перад тым, як пачаць займацца вывучэннем жывой прыроды, важна ацаніць усю рызыку і разлічыць свае сілы: наколькі доўга ты здольны быць адказным і спакойным, — рэзюмуе Дзяніс.

Перадрук матэрыялаў Багны магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

© Denis Kitel
© Denis Kitel