1 з 10: колькі суслікаў у нас засталося

Дзе ў Беларусі самая буйная калонія суслікаў, як дзейнасць чалавека адначасова і паляпшае, і пагаршае іх жыццё і ці можа суслік стаць нагодай для экатурызму — распавядаем пра важную частку біяразнастайнасці Беларусі.

Калі спрабаваць вылавіць гэтага звярка ў бінокль, можа прыйсці думка, што гэта нейкі суслік Шрёдзінгера. Ён з’яўляецца — і праз імгненне знікае ў траве. Суслік сапраўды падобны на сурыкатаў, якіх паказваюць па тэлевізару, толькі нейкі больш родны. Праз некаторы час ты прызвычаішся да яго паводзін, да і ён ўжо глядзіць на цябе і быццам бы цікавіцца. Тады ўжо паспяваеш разглядзець яго рабую спінку, як ён носіцца з месца на месца і дзе стаяць вартавыя, якія ахоўваць цэлую калонію.

За апошнія 60 гадоў колькасць суслікаў і хамякоў у Беларусі знізілася на 90 %. Іх дакладныя месцы жыхарства і колькасць дагэтуль не вядомы.

АПБ вырашыла выправіць гэты недахоп. Іх экалагічная ініцыятыва «Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!» накіравана на ахову гэтых відаў і праводзіцца ў межах праекта «Экаманіторынг», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Суслік — звярок памерам з вавёрку. Жыве ён на лугах з невысокай травой. Упадае ў спячку з кастрычніка па сакавік. І, як глабальна пагражальны від, уключаны ў Міжнародную Чырвоную кнігу.

Эксперты «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Шакала, Юрый Янкевіч і Андрэй Абрамчук з дапамогай мясцовага насельніцтва ў выніках пошукаў змаглі знайсці дзесяць калоній суслікаў. Асноўная іх частка сканцэнтравана вакол Нясвіжа, але ёсць суслікі і ў Стаўбцоўскім, і ў Капыльскім раёнах.

Мясцовыя жыхары, вядома ж, ведаюць, з кім жывуць па суседству. Але, як прызнаўся намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балценкоў, вочы ў вочы ён пабачыў рабога сусліка толькі гэтым летам. І гэта ўражанне можна параўнаць з тым, калі дзеці бачаць Дзеда Мароза: «Я ўбачыў упершыню і загарэўся гэтай ідэяй. Узрадаваўся, што ў нас у Нясвіжскім раёне з’явіўся такі аб’ект, якім магчыма зацікавіць людзей», — кажа намеснік старшыні. Ён запэўніў, што гэту калонію, дарэчы, самую вялікую ў Беларусі, у далейшым будуць захоўваць.

Сяргей Шакала, эксперт ініцыятывы, расказаў, чым яго зацікавіў гэты від. Упершыню тры невялікія калоніі былі знойдзены ў Карэліцкім раёне ў 2011 годзе. Але тады пабачыць сусліка Сяргею не пашчасціла, а праз некаторы час яны ўвогуле адтуль зніклі.

«Тады я пачаў збіраць інфармацыю па сусліках. Капыльская града і Навагрудскае ўзвышша — гэта асноўныя месцы жыхарства сусліка, — тлумачыць эксперт. — Іх тут было неверагодна шмат у канцы мінулага стагоддзя. На жаль, першыя спробы пошуку не далі ніякага выніку. І першую калонію ў 2017 годзе я знайшоў недалёка ад Баранавічаў».

У наваколлі Нясвіжа знаходзяцца сем з дзесяці калоній, якія ў прынцыпе былі знойдзены ў нашай краіне. Гэта кажа пра тое, што менавіта тут былі асноўныя месцы жыхарства суслікаў. Дакладней, быў заняты ўвесь гэты арэал, але з-за чалавечай дзейнасці суслікі пачалі знікаць і аддзяляцца. Чаму яны сталі гэтакай рэдкасцю? Уплыў чалавека і пагаршае, і паляпшае жыццё гэтых грызуноў.

Суслікам патрэбна нізкая расліннасць, таму, калі буйная рагатая скаціна высокую траву паядае, звяркам гэта падабаецца. Але зараз уводзяцца сучасныя формы ўтрымання буйных жывёл, у тых жа стойлах, напрыклад. Гэта ўплывае на тэрыторыі жыхарства — і суслікі больш не могуць жыць на пашах, дзе няма выпасу. Другі момант — ідзе інтэнсіўнае ворыва зямель. Для грызуна не застаецца неапрацаванай глебы. А гэта важна, каб яны змаглі пабудаваць свае норы. Трэцяя праблема — выкарыстоўванне розных хімічных рэчываў, якімі травяць шкоднікаў. На жаль, суслік таксама імі травіцца.

Але і без уплыву чалавека жыццё сусліка нельга назваць лёгкім.

«Маладыя суслікі значна ўразлівыя ў першую зімоўку. І статыстыка кажа, што каля 50-70% суслікаў гінуць пасля першай зімоўкі», — каментуе Сяргей Шакала.

Познія вывадкі не паспяваюць набраць тлушч на шэсць месяцаў сну. Ды і самае банальнае — надвор’е — можа ім нашкодзіць, калі глеба значна прамерзне ў глыбіню. Да таго ж у суслікаў шмат ворагаў: лісы, сабакі, луні, буслы, канюхі, вораны, арлы, каты. Кожны з іх можа забіць звярка.

Што датычыцца калоніі побач з вёскай Юшавічы, дзе мы за суслікамі і назіралі, шчыльнасць звяркоў тут неверагодная. Навукоўцы выбарачна бралі квадрат 50 на 50 метраў. У асобных пунктах колькасць нор дасягала 230! Магчыма, дадзеная папуляцыя адна з самых буйных у Еўропе.

Для некаторых месцічаў суслік — самы звычайны звярок. Як расказвае старшыня мясцовай сельскай гаспадаркі «Юшавічы» Алег Вінаград, ён назірае тут сусліка з 1991 года, але, як прызнаецца, ніколі не думаў, што яго трэба ахоўваць. «Учора я тут ехаў — мне каля 10-12 суслікаў дарогу перабегла», — кажа старшыня.

Пашы, на якой мы стаім і назіраем за перабегамі звяркоў, пашчасціла. Чатыры гады таму яе маглі пераараць, але ўсё ж такі вырашылі зрабіць шчылінны рамонт, пад’сеяць траву. Сёлета яна таксама патрабуе рамонту. Алег Вінаград кажа, што наконт гэтага можна дамовіцца, каб зрабіць і для гаспадаркі, і для сусліка нармальныя ўмовы.

На думку дырэктара АПБ Аляксандра Вінчэўскага, суслікі — гэта шыкоўны варыянт для экатурызму. І ў хуткім часе ён можа стаць такім жа брэндам раёна, як і Нясвіжскі замак. А гэта ўжо нагода для мясцовых жыхароў рабіць сувеніры, праводзіць экскурсіі… можа з’явіцца значная колькасць працоўных месцаў. Дарэчы, у раёнах, дзе можна знайсці хамяка, сусліка або палятуху, з’явяцца роставыя фігуры гэтых звяркоў з інфармацыяй пра віды. У Нясвіжы такую ўжо паставілі на аўтавакзале.

Кіраўнік АПБ звярнуў увагу, што пошук хамякоў, суслікаў і палятух працягваецца. Таму, калі вы ведаецца нешта пра месцы жыхарства гэтых звяркоў, можаце смела звяртацца ў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». Вам там будуць радыя.

Што датычыцца хамякоў, у трох раёнах знойдзена толькі шэсць нор, дзе, верагодна, яны жывуць. Паколькі хамяк, у адрозненні ад сусліка, вядзе начны спосаб жыцця, дагэтуль дакладна гаспадары нор не вядомы. Зараз у рамках ініцыятывы АПБ закупіла фотапасткі, таму ў хуткім часе адказ усё ж такі будзе знойдзены. На жаль, хамяка захаваць цяжэй, бо яны жывуць па аднаму.

Летась было вядома каля дзесяці тэрыторый на мяжы з Расіяй, дзе жыве палятуха. Увесну экспедыцыя знайшла яшчэ 73. І яны ўсе будуць ахоўвацца.

Прадстаўніца ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва звярнула ўвагу, што важна ўцягнуць жыхароў у грамадскі маніторынг. «Жыццё суслікаў — гэта важная частка біяразнастайнасці Беларусі. І мы назіраем, па дадзеных ААН, што ў глабальным маштабе усё большая колькасць відаў раслін і жывёл, на жаль, знікаюць. І будуць знікаць на працягу бліжэйшых 10 год, калі не будуць прынятыя меры». Калі казаць пра Мэты ўстойлівага развіцця, 80 % задач не будуць вырашаны, калі не захаваць біяразнастайнасць і здаровыя экасістэмы.


Перадрук матэрыялаў «Багны» магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

Публікацыя фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве «Сіда». «Сіда» неабавязкова падзяляе меркаванне, выказанае ў гэтым матэрыяле. Адказнасць за яго змест цалкам ускладаецца на ГА «Багна».

© Аляксандр Вінчэўскі
© Аляксандр Вінчэўскі
© Аляксандр Вінчэўскі
© ptushki.org
Эксперт «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Шакала
Эксперт «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Шакала© ptushki.org
© ptushki.org