Унікальнае балота на Лідчыне знішчаць дзеля торфу

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Багна
  • Час публікацыі: 24.07.2018, 03:47

Лідскі торфабрыкетны завод плануе асушыць пойму Дзітвы, памерам у тысячу гектараў, дзе жывуць чырвонакніжныя віды птушак. Незалежнае медыя распавядае, як мясцовыя жыхары спрабуюць абараніць багністую тэрыторыю, якую цудам абмінула савецкая меліярацыя, але закранула на жаль прэзідэнцкая праграма торфараспрацовак.

Калі паглядзець на Дзітву з вышыні птушынага палёту, яе воды больш нагадваюць набрынялыя вены, што няспынна нясуць кроў у сэрца Лідчыны. У пэўны момант гэты прыток Нёмна раздвойваецца, фармуючы рукаў з некалькімі выспамі ў сярэдзіне. У народзе гэты кавалак зямлі людзі так і называюць — Міжрэчча.

Гэта амаль тысяча гектараў багністай тэрыторыі, якая стала прытулкам для многіх дзікіх жывёлаў. У савецкі час гэтаму кутку пашчасціла і яго не закранула меліярацыя. Аднак у 2016 годзе 982 га Міжрэчча ўключылі ў распрацоўны фонд Стратэгіі захавання і рацыянальнага выкарыстання тарфянікаў. Гэта азначае, што ў хуткім часе Лідскі торфабрыкетны завод тут пачне распрацоўваць торф, а ўнікальная, адзіная не кранутая гаспадаркай мясціна на Лідчыне бясследна знікне.

Зрабіць экскурсію па Міжрэччы для нас пагадзіўся былы егер Лідскага лясгаса Аляксей Якімчык, які шмат гадоў ахоўваў гэтыя мясціны ад браканьераў. Спадар Аляксей быў адным з актывістаў па зборы подпісаў, каб захаваць Міжрэчча. У мінулым годзе амаль 400 чалавек выказалі сваё «супраць» торфараспрацоўкам на пойме Дзітвы, аднак іх галасы, не былі пачутымі.

«Гэта такая мясціна, дзе фактар трывогі для жывёлаў зусім мінімальны. Каля Ліды больш такіх месцаў проста няма. Я шмат гадоў папрацаваў егерам і ўвесь час хадзіў тут па загонках, пралазіў паўсюды, таму ведаю, хто тут водзіцца. Вясной тут столькі жураўлёў злятаецца, столькі птушак вадаплаўных. З самага ранку дзясяткі козачак выходзяць. Ласёў колькі, дзікоў. Рысь тут бачылі, барсукоў. Як падумаю, што гэта ўсё пад нож пойдзе, проста сэрца баліць», — кажа спадар Аляксей.

Па дарозе да поймы ён паказвае лес, дзе ёсць гнёзды арланаў-белахвостаў, якія харчуюцца рыбай і вадаплаўнымі птушкамі. Калі міжрэчча Дзітвы будзе знішчана, знікне з гэтых мясцін і арлан-белахвост, адна з самых вялікіх і рэдкіх драпежных птушак Беларусі. Падчас падрыхтоўкі тэрыторыі да торфараспрацовак, увесь верхні слой разам з дрэвамі будзе выкарчоўвацца і звальвацца ў кучы. Птушкам пашчасціць, калі гэта адбудзецца яшчэ да вясны, бо тады яны змогуць знайсці іншы дом. Аднак, калі руйнаванне лесу прыпадзе на перыяд гнездавання, птушаняты проста загінуць.

Дзікія насельнікі Міжрэчча

Вандроўка па балотах Дзітвы аказалася зусім не шпацырам па пратаптаных людзьмі сцяжынках. Пад’ехаўшы да ракі, спадар Аляксей проста развёў трохметровыя зараснікі чароту рукамі і ўпэўнена рушыў наперад. Асцярожна прабіраючыся праз балотныя джунглі, якія з галавой накрываюць чалавека, знаходзім ляжанку. «Гэта лось тут адпачываў», — тлумачыць была егер.

Праз хвілін 15 выходзім на поплаў, на якім віецца некалькі сцяжынак. Няўжо тут хадзілі людзі? Ізноў здзіўляемся: акуратныя сцежкі праклалі пузатыя бабры. А вось і іх хатка, больш падобная да вігвама паўночна-амерыканскіх індзейцаў. Паўкруглы шалаш з выхадам у раку аказаўся пусты. Працавітыя бабры не збіраліся, відаць, вітацца з няпрошанымі гасцямі.

Пасля паўтары гадзіны змагання з гушчаром і трыснягам, урэшце выходзім на луг з шэрагам паляўнічых вышак. Гэтыя мясціны наведваюць толькі аматары палявання і зрэдку навукоўцы. Нават самыя зацятыя рыбакі не адважваюцца лезці ў гэтыя зараслі. Месца сапраўды ўнікальнае сваёй шчыльнасцю дзікіх жывёлаў, якіх амаль не трывожыць чалавек. Тут няма гораў пластыкавых бутэлек і фанцікаў. Тут спакойна блукаюць дзікі, рысі, бабры, ласі і касулі, якія праз пару гадоў могуць канчаткова страціць свой дом.

Акрамя таго ў пойме Дзітвы водзіцца 67 гатункаў птушак, 5 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а 18 іншых знаходзяцца ў неспрыяльным статусе пагрозы. Апошнюю і самую каштоўную яшчэ ў 2017 годзе выявіла група арнітолагаў, якім удалося зафіксаваць самца вяртлявай чаротаўкі. Гэтая птушка рэдкая не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. У нашай краіне водзіцца 60 адсоткаў яе агульнаеўрапейскай папуляцыі. Апроч таго сюды прылятае чырвоны бугай, вядуцца шэрыя гусі і зімародкі. У самой рацэ ёсць ямы, дзе рыбы становяцца на зімоўку, а потым вясной з Нёмна прыплывае некалькі відаў на нераст.

У сваім калектыўным звароце мясцовыя жыхары выступілі з прапановай зрабіць на тэрыторыі Міжрэчча заказнік. Аднак з Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь прыйшоў адказ, што аб’яўленне поймы ракі Дзітва заказнікам не прадугледжана ў зацверджанай раней схеме ахоўных прыродных тэрыторый Гарадзенскай вобласці. Апроч таго не можа не здзіўляць заключэнне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасля даследаванняў у чэрвені 2017 года, якое не выявіла ў Міжрэччы жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Улічваючы ранейшыя заключэнні іншых навукоўцаў, выклікае пытанне якасць праведзеных даследаванняў Акадэміяй навук.

Торф больш каштоўны за прыроду?

У сваім звароце да мясцовых уладаў, жыхары Лідчыны адзначаюць, што ў выніку асушэння поймы Дзітвы, панізіцца ўзровень грунтовых водаў, што ў сваю чаргу зменіць глебавае покрыва, выклікае крытычны недахоп вады ў вёсках, знішчыць раслінны і жывёльны свет і можа прывесці да прыроднай катастрофы і дэградацыі навакольных земляў.

«Разумееце, гэта лёгкія Ліды і раёну і, калі гэта пойдзе пад торфараспрацоўкі, то горад будуць накрываць пясчаныя буры. Нават у гэтым годзе, калі не было дажджу, то пясок так падымаўся, што машыны на дарозе спыняліся. Могуць пачацца пажары, як гэта было на тарфяніках Дакудава, калі ўся дарога М6 каля Ліды ў дыме стаяла. Апроч таго, калі ўсё раскарчуюць, упадзе вада ў суседніх вёсках. Мы пісалі і мясцовым уладам, і ў Акадэмію навук, каб зрабіць на гэтай тэрыторыі заказнік, у адказ толькі адпіскі — прэзідэнцкая праграма торфараспрацовак. Думаю, тут усё ўпіраецца ў тое, што, калі людзям не будзе дзе працаваць, на торфазаводзе будуць скарачэнні», — кажа спадар Аляксей.

З рашэннем уладаў аддаць Міжрэчча пад торфараспрацоўкі не пагаджаецца таксама кіраўнік ГА «Багна» Канстанцін Чыкалаў:

«Хачу нагадаць, што ў 2011 годзе па Лідскаму раёну ўжо ўзнікала канфліктная сітуацыя з асушэннем балота Дакудаўскае на тэрыторыі аднайменнага заказніка. Тады мы ініцыявалі кампанію «У абарону беларускіх балотаў», але ўсё ж такі заказнік быў рэарганізаваны і частку балота аддалі торфазаводу. Гэта азначае, што ў прадпрыемства з’явіліся новыя плошчы, дзе яны ў бліжэйшай перспектыве будуць здабываць торф. Узнікае пытанне: навошта зараз ім лезці ў натуральную пойму і сеяць канфліктную сітуацыю з мясцовымі жыхарамі?».

Апроч таго Канстанцін Чыкалаў звяртае ўвагу на тое, што згодна з «Правіламі і парадкам вызначэння кірункаў выкарыстання тарфяных радовішчаў і балот», апісанымі ў Тэхнічным кодэксе ўсталяванай практыкі Аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, у выпадку выяўлення чырвонакніжных відаў і рэдкіх біятопаў, балота не павінна паддавацца торфаздабычы. У тым жа самым дакуменце гаворыцца пра тое, што тэрыторыі балотаў у водаахоўнай зоне і прыбярэжнай паласе рэк падлягаюць асаблівай ахове.

«У 2017 годзе ў пойме Дзітвы былі знойдзены чырвонакніжныя віды і ўнікальныя біятопы, сярод якіх ёсць від пад глабальнай пагрозай — вяртлявая чарацянка. Навукоўцамі былі падрыхтаваны ахоўныя пашпарты, якія аднак дагэтуль не былі зацверджаны», — дадае спадар Канстанцін.

Як выратаваць Міжрэчча?

«Я лічу, што неабходна вярнуцца да планаў па стварэнні з гэтай тэрыторыі заказніка. Але дзеля гэтага трэба спыніць працэс па вывядзенні зямлі і асушэнню поймы. Сітуацыя складаная. Вырашаць праблему трэба з раённымі ўладамі і торфазаводам. Магчыма незалежная ацэнка экалагічных паслуг, якія дае пойма ў тым выглядзе, як яна ёсць, таксама паказала б эканамічную немэтазгоднасць распрацоўкі і здабычы торфу, але гэта дастаткова дарагое даследаванне. Без намаганняў мясцовых жыхароў, цяжка чаго-небудзь дабівацца, таму важна, каб людзі працягвалі патрабаваць захавання прыроднай тэрыторыі Дзітвы. Мы і яшчэ некалькі экалагічных арганізацыяў Беларусі таксама падтрымліваем пазіцыю захаваць тэрыторыю і робім усё магчымае з нашага боку», — кажа Канстанцін Чыкалаў.


Тэкст — Паўліна Валіш.

Здымак Дзітвы з дрона
Здымак Дзітвы з дрона© Фотография Каролины Поляковой
Месца адпачынку на Дзітве
Месца адпачынку на Дзітве© Фотография Каролины Поляковой
© Фотография Ольги Каскевич