На Альманскіх балотах пабудавалі больш за 100 км дарог з парушэньнямі закону. Абяцаюць яшчэ
- Тэма: Балоты
- Аўтары: svaboda.org (RFE/RL)
- Час публікацыі: 12.02.2019, 07:00
Памятаеце, мы пісалі, як праз заказьнік «Альманскія балоты» на Палесьсі пракладаюць дарогу? Гісторыя яшчэ ня скончылася. За чатыры гады ў заказьніку пабудавалі больш за 100 км дарог. І хоць пракуратура знайшла парушэньні, нікога не пакаралі. Радыё Свабода сабрала апошнія звесткі па Альманскім балотам у сваёй публікацыі.
Сьцісла
Альманскія балоты — адзін з найвялікшых комплексаў непарушаных балот. З 2014 году тут будуюць насыпныя дарогі для цяжкай тэхнікі.
У 2017 годзе пракуратура завяла крымінальную справу, бо тры кар’еры для будаўніцтва дарог выдзяляліся незаконна.
Але лясгасы працягвалі працы, як і раней.
Пракуратура бачыць парушэньні, але лічыць, што тут няма падставы для новых крымінальных спраў.
Ужо сёлета можа пачацца будаўніцтва новых дарог. Адну зь іх лясгас прапануе пракласьці па сярэдзіне аднаго з найвялікшых непарушаных балот Эўропы.
За будаўніцтва дарог завялі крымінальную справу
З 2014 году праз увесь рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогі. Яны патрэбныя лясгасу, каб вывозіць сьпілаваны лес зь цяжкадаступных месцаў і каб тушыць пажары летам. Таксама дарогі будуюць памежнікі, каб патруляваць мяжу з Украінай.
У 2017 годзе Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за будаўніцтва ў заказьніку. Дакладней — за тое, што пясчаныя кар’еры для будаўніцтва дарог незаконна распрацоўваліся.
У чым было парушэньне закону? У 2017 годзе выйшла Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя № 5-Т. Яна забараняе, каб адзін землекарыстальнік адначасова распрацоўваў больш за два кар’еры. І плошча любога кар’еру ня можа быць большай за 1 гектар.
«Бо чым меншая плошча кар’еру, тым меншая трансфармацыя ляндшафту, — тлумачыць Свабодзе Андрэй Абрамчук, кіраўнік Лясной працоўнай групы грамадзкай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — Калі кар’ер правільна рэкультываваць, ён зь цягам часу зарасьце і сьлядоў ад яго не застанецца».
Раз кар’еры закапалі, то парушэньня няма
Крымінальную справу завялі за незаконную распрацоўку трох кар’ераў. У суд яе дагэтуль не перадалі.
Аднак у заказьніку і вакол яго адначасова распрацоўвалі ня тры, а прынамсі 15 кар’ераў. Гэта тое, што выявіў Андрэй Абрамчук. Ён займаецца справай дарог ад 2018 году.
Андрэй Абрамчук. Фота: svaboda.org (RFE/RL)
Эколяг лічыць, што большасьць парушэньняў засталіся па-за ўвагай. Хаця Столінская пракуратура прызнала парушэньні ў 7 выпадках, яна лічыць, што караць няма каго і за што. Бо тыя кар’еры ўжо рэкультывавалі. Гэта значыць — закапалі і зааралі.
Як мінімум тут парушана пастанова Мінпрыроды і палажэньне аб заказьніку.
«Гэта павялічвае суму штрафу ў разы. Разумееце, парушылі палажэньне аб тэрыторыі пад асаблівай аховай — ляндшафтным заказьніку. Там мільярдныя штрафы павінны быць і крымінальныя справы ў любым выпадку», — кажа Андрэй Абрамчук.
Яшчэ два кар’еры незаконна распрацоўвалі ў суседнім Лельчыцкім раёне, празь які таксама праходзіць адна з новых дарог. Лельчыцкая пракуратура ў сваім адказе падрабязна апісала парушэньні, але зрабіла высновы, што кар’еры капалі законна.
Цяпер эколягі зьбіраюцца абскарджваць тыя адказы пракуратуры.
«Магчыма, лясгас адмовіцца ад ідэі будаваць наступныя дарогі. А таксама ёсьць спадзяваньні, што ўдасца ўратаваць ад зьнішчэньня іншыя заказьнікі», — кажа Андрэй Абрамчук.
«Каб змагацца з пажарамі, варта аднаўляць балоты, а не будаваць там дарогі»
За чатыры гады ў Альманах пабудавалі больш за 100 км дарог. І лесьнікі плянуюць пабудаваць яшчэ больш. Праект новай 19-кілямэтровай дарогі № 4 гатовы. Неўзабаве будзе яго грамадзкае абмеркаваньне. А яшчэ адна дарога мае прайсьці па сярэдзіне ўсяго заказьніку.
«Гэта проста абсурд», — кажа Андрэй Абрамчук.
Віктар Фянчук. Фота: svaboda.org (RFE/RL)
Як пісала Свабода, будаўніцтва дарог парушае асноўную каштоўнасьць ляндшафтнага заказьніку «Альманскія балоты» — цэласнасьць ляндшафту.
«Альманскія балоты — адзін з найбольш важных прыродных комплексаў у нашай краіне, — распавядаў Свабодзе Віктар Фянчук з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — А пабудаваная дарога цалкам трансфармуе ляндшафт, зьнішчае дзюны, праходзіць празь некранутыя балоты. Дарога ўжо нанесла страту ляндшафтным вартасьцям».
У палажэньні напісана, што ў заказьніку забараняецца «правядзеньне работ, зьвязаных са зьмяненьнем натуральнага ляндшафту і існага гідралягічнага рэжыму».
Будаўніцтва дарогі № 3 фінансуецца за кошт дзяржаўнай праграмы Міністэрства лясной гаспадаркі. Толькі на будаўніцтва апошняй 23-кілямэтровай дарогі зь бюджэту выдзелены 1 мільён даляраў.
Аргумэнты за дарогі
каб лесьнікі маглі вывозіць сьпілаваны ў цяжкадаступных месцах лес
каб лесьнікі маглі хутчэй тушыць пажары, якія здараюцца летам на балоце
каб мясцовыя жыхары маглі прасьцей трапіць у ягадныя мясьціны
каб памежнікі маглі патруляваць мяжу з Украінай
будаўніцтва дарог і пілаваньне лесу дае Столінскаму раёну працоўныя месцы
Аргумэнты супраць дарог
для будаўніцтва дарогі раскопваюць ледавіковыя дзюны і парушаюць ляндшафт заказьніку
дарога ператвараецца ў дамбу і парушае гідралягічны рэжым заказьніку: частка балота зь цягам часу высыхае, а частка — назапашвае ваду. Гэта зьнішчае ўнікальную экасыстэму балота, дзеля якой тут і зрабілі заказьнік
калі балота будзе больш даступнае для людзей, рызыка пажараў толькі ўзрасьце
з наплывам людзей і тэхнікі будзе парушаная дзікасьць балота, дзякуючы якой тут жывуць рэдкія для Эўропы птушкі — вялікія арляцы
каб было менш пажараў, варта перакрыць мэліярацыйныя каналы на балоце, каб падняць узровень вады.