Летнік на Жадах – паехалі рамантаваць плаціны на балотах!

  • Тэма: Балоты
  • Аўтары: Kanstancin Chykalau
  • Час публікацыі: 02.08.2018, 16:41

Прагнеш актыўнага адпачынку і гатовы папрацаваць рукамі? Дзікая прырода чакае цябе – запісвайся валанцёрам і выпраўляйся ратаваць балоты разам з намі!

Па матэрыялам АПБ

Рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Жада», плошчай 7118 га месціцца ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Жада – частка вялікай балотнай сістэмы, куды ўваходзіць і знакамітае балота Ельня. У свой час гэтую Жаду актыўна асушалі, палова балота была перакапаная каналамі. У 2011 годзе АПБ узялася за аднаўленне балота Жады. Для гэтага на каналах паставілі каля 100 плацін. Але з гадамі яны прыходзяць у кепскі стан і ўжо не ўтрымліваюць ваду як след. Іх трэба рамантаваць.

Хочаш дапамагчы балотам? Запісвайся ў валанцёрскі летнік!

Як гэта будзе і што з сабой браць?

Жыць будзем у намётах. Калі ў цябе няма свайго, у нас знойдуцца. Галоўнае абавязкова вазьмі свой дыванок і спальнік. Палявую ежу мы забяспечым! Але ж не забудзь захапіць свой асабісты посуд.

Праца такая: трэба будзе пілаваць дрэвы, з якіх мы наробім калоў, а з тых калоў паставім тын. А яшчэ будзем капаць торф, якім трэба будзе шчыльна набіваць прамежкі паміж тынамі. Апранайся адпаведна, таксама спатрэбяцца балотныя боты!

Працаваць будзем увесь дзень на балоце ў таварыстве камароў і сляпнёў, таму вазьмі з сабой сродкі ад кусучых насякомых. На балоце можа быць горача, таму прыхапі пляшку для пітной вады і галаўны ўбор.

Можа надарыцца дождж, таму вазьмі з сабой плашч ці дажджавік. Для дзённых выхадаў на балота лепш мець невялікі заплечнік.

Як дабірацца?

Мы выязджаем з Мінска на мікрааўтобусе 17 жніўня і вяртаемся назад 26 жніўня. У гэтыя даты можаш ехаць разам з намі. Калі ты едзеш у іншыя даты ці з іншых мясцін, то даязджай да Шаркаўшчыны: мы зможам адтуль цябе забраць. Але папярэдне, вядома, паведамі нам пра гэта.

Ты можаш прыехаць на ўвесь перыяд летніка або на некалькі дзён. Любая дапамога істотная і важная.

Калі ахвочых збярэцца зашмат, то перавагу мы будзем аддаваць моцным людзям, тым, хто едзе на ўвесь тэрмін і тым, хто зможа прыехаць самастойна і дапамагчы з гэтым камусьці.

Каб запісацца, запоўні гэтую форму. Калі паўсталі пытанні, звані на тэлефоны (+375 17) 369-76-13, (+375 29) 223-06-13 ці (+375 29) 101-68-87 або пішы каардынатару летніка Максіму Нямчынаву: nemtchinov@ptushki.org.

Важна! Запоўніць форму можна да 3 жніўня, а ўжо 6 жніўня вы атрымаеце адказ на e-mail.

Да сустрэчы на балоце!